Тысяча і адна ноч
Тысяча і адна ноч (па-пэрсыдзку: هزار و يك شب hezār o yek šab, па-арабску: كتاب ألف ليلة وليلة kitāb 'alf layla wa layla) — зборнік казак Блізкага Ўсходу і Паўднёвай Азіі, складзены ў часы залатога веку ісламскай культуры. Усе казкі былі напісаныя рознымі аўтарамі ў розныя часы і абапіраліся на арабскі, пэрсыдзкі, індыйскі і мэсапатамскі фальклёр і літаратуру. У прыватнасьці, многія казкі першапачаткова былі народнымі апавяданьнямі эпохі Халіфату Абасыдаў і Мамлюкаўскага султанату, а іншыя, асабліва апраўленыя гісторыі, хутчэй за ўсё, зыходзяць з пэрсыдзкага твору «Хэзар Афсан», які ў сваю чаргу часткова абапіраўся на індыйскую літаратуру[1].
Адзіным, што яднае ўсе варыянтаў выданьняў «Тысячы і адной ночы», ёсьць тое, што пачынаецца аповяд з апраўленай гісторыі шага Шагрыяра і ягонае жонкі Шагэразады, а таксама наяўнасьці апраўленых гісторыяў. Гэтыя гісторыі маюць дачыненьне да арыгінальнай казкі, некаторыя зьяўляюцца апраўленымі казкамі ў межах іншых казак, а іншыя ёсьць самадастатковымі. Некаторыя выданьні зьмяшчаюць усяго некалькі сотняў ночаў, а іншыя ўключаюць тысяча адну і больш ночаў. Асноўная частка тэксту празаічная, хоць вершы час ад часу выкарыстоўваюцца дзеля перадачы песьняў і загадак і дзеля выяўленьня ўзмоцненых эмоцыяў. Большасьць вершаў зьяўляюцца адзіночнымі куплетамі ці чатырохрадкоўямі, хоць некаторыя ёсьць і даўжэйшымі.
Некаторыя з гісторыяў, якія звычайна асацыююцца з «Тысяча і адной ноччу», у прыватнасьці, «Цудоўная лямпа Аладына», «Алі-Баба і сорак разбойнікаў» і «Сем плаваньняў Сындбад-марахода», ня былі часткай зборніка ў арыгінальнай арабскай вэрсіі, але былі дададзеныя да калекцыі Антуанам Гальянам ды іншымі эўрапейскімі перакладчыкамі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гісторыя «Тысячы і адной ночы» ёсьць досыць складанай, і сучасныя навукоўцы рабілі шмат спробаў разблытаць гісторыю аб тым, як узьнікла калекцыя, як яна зьмянялася на працягу свайго існаваньня.
Магчымы індыйскі ўплыў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Некаторыя навукоўцы маюць меркаваньне, што санскрыцкія літаратурныя тэхнікі, як то апраўленыя сюжэты і байкі пра жывёлаў, ляжаць у корані канцэпцыі «Тысячы і адной ночы»[2]. Матыў мудрай маладой жанчыны, якая стрымлівае і, нарэшце, ліквідуе хуткую небясьпеку для сябе, распавядаючы гісторыі, прасочваецца да індыйскіх крыніцаў[3]. Індыйскі фальклёр таксама прадстаўлены ў творы пэўнымі гісторыямі пра жывёлаў, якія адлюстроўваюць уплыў старажытных санскрыцкіх баек. Асабліва прыкметны ўплыў «Панчатантры» і «Байтал Пачысі»[4]. Гэтаксама ўплыў зрабілі ў казкі «Джатакі», то бок зборнік з 547 будысцкіх гісторыяў, якія ў большасьці сваёй складаюць маральныя гісторыі з этычнай мэтай. «Казка пра быка і асла» і зьвязаная зь ёй «Казка пра купца і ягоную жонку» можна знайсьці ў апраўленых казках як у «Джатакі», гэтак і ў «Тысячы і адной ночы»[5].
Магчыма, што ўплыў «Панчатантры» мае месца праз адаптацыю, зробленую на санскрыт пад назвай «Тантрапах’яна». Захавалыя толькі фрагмэнты санскрыцкай адаптацыі гэтага арыгінальнага твору, але пераклады альбо адаптацыі існуюць на тамільскай[6], лаоскай[7], тайскай[8] і старажытна яванскай мовах[9]. Апраўленая гісторыя асабліва цікавая, бо сюжэт складаецца з аповяду таго, як наложніцы распавядаюць гісторыі, каб падтрымліваць цікавасьць і прыхільнасьць да караля[10].
«Панчатантра» і розныя казкі «Джатакі» былі ўпершыню перакладзены на пэрсыдзкую мову сасанідзкім лекарам Борзуя ў 570 годзе[11]. Потым яны былі перакладзеныя на арабскую мову Ібн аль-Мукафа ў 750 годзе[12]. Арабская вэрсія празь нейкі час была перакладзеная на некалькі моваў, уключаючы сырыйскую, грэцкую, габрэйскую і гішпанскую мовы.
Пэрсыдзкі прататып
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Самыя першыя згадкі пра «Тысячу і адной ноччу» зьвязваюць з арабскім перакладам пэрсыдзкага твору «Хэзар Афсан», што азначае «Тысяча гісторыяў». У Х стагодзьдзі Ібн аль-Надым склаў у Багдадзе каталёг кнігаў. Ён адзначыў, што кіраўнікі сасанідзкага Ірану вельмі любілі вячэрнія казкі і байкі[13]. Затым Аль-Надым піша пра пэрсыдзкі твор «Хэзар Афсан», тлумачачы апраўленую гісторыю твору, дзе крыважэрны кароль забівае колькі сваіх жонак адразу пасьля іхнае шлюбнае ночы, але, у рэшце рэшт, знаходзіцца разумніца, якая здолела выратаваць сябе, распавядаючы каралю гісторыі кожны вечар, пакідаючы кожную казку незавершанай да наступнай ночы, каб кароль зацягнуў ейнае катаваньне[14]. Аднак, паводле словаў аль-Надыма, кніга зьмяшчае толькі 200 казак. Ён таксама грэбліва піша пра літаратурную якасьць зборніка, заўважаючы, што твор вельмі грубы і не выклікае аніякае цеплыні[15]. У тым жа стагодзьдзі Аль-Масудзі таксама спасылаўся на «Хэзар Афсан», кажучы, што арабскі пераклад называецца «Альф Хурафа» («Тысяча забаўляльных казак»), але звычайна вядомы як «Альф Лайла» («Тысяча ночаў»). Ён згадвае наяўнасьць у творы герояў Шыразд (Шагэразада) і Дыназад[16].
Нажаль, «Хэзар Афсан» да сёньняшняга часу не захаваўся[2], таму ягоная дакладная сувязь з існуючымі пазьнейшымі арабскімі вэрсіямі застаецца загадкавай[17]. Акрамя апраўленага аповяду пра Шагэразаду, некалькі іншых казак маюць пэрсыдзкае паходжаньне, хаця незразумела, як яны ўвайшлі ў зборнік[18]. Гэтыя гісторыі ўключаюць цыклі «Шаг Джаліяд і ягоны вазір Шымас» і «Дзесяць вазіраў ці гісторыя шага Азадбахта і ягонага сына», што паходзяць з пэрсыдзкага твору VII стагодзьдзя «Бахтыярнама»[19].
У 1950-х гадох ірацкі навуковец Сафа Хулусі выказаў здагадку, што паводле ягоных меркаваньняў і без гістарычных доказаў, пэрсыдзкі пісьменьнік Ібн аль-Мукафа, магчыма, быў першым хто зрабіў пераклад на арабскую мову апраўленае гісторыі, а некаторыя з пэрсыдзкіх сюжэтаў пазьней былі далучаны ў твор. Паводле гэтае здагадкі, твор можа адносіцца да VIII стагодзьдзя[20].
Арабскія вэрсіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сярэдзіне XX стагодзьдзя навуковец Набія Эбат знайшла дакумэнт зь некалькімі радкамі арабскага твору «Кніга аповесьці тысячы ночаў», які датуецца IX стагодзьдзем. Гэта самы раньні вядомы ацалелы фрагмэнт твору[17]. Першая спасылка на арабскую вэрсію пад поўнай назвай «Тысяча і адна ноч» зьявілася ў Каіры ў XII стагодзьдзі[21]. Прафэсар Дўайт Рэйналдс мае меркаваньне, што некаторыя ранейшыя пэрсыдзкія казкі, магчыма, захаваліся ў арабскае традыцыі, зьмяніўшыся так, што арабскія мусульманскія імёны і новыя месцы замянілі даісламскія пэрсыдзкія, але таксама ясна, што цэлыя цыклі арабскіх казак былі дададзены ў зборнік і, мабыць, замянілі большасьць пэрсыдзкіх матэрыялаў. Адзін такі цыкль арабскіх казак абмяжоўваецца невялікай групай гістарычных асобаў Багдаду IX стагодзьдзя, сярод якіх халіф Гарун аль-Рашыд, ягоны візыр Джафар аль-Бармакі і вядомы паэт Абу Нувас. Яшчэ адзін цыкль датычыць сюжэтаў, якія згадваюць асобаў і мясьціны Каіру XIII і XIV стагодзьдзяў[22].
Вядомы дзьве асноўныя арабскія рукапісныя традыцыйныя вэрсіі «Тысячы і адной ночы», як то сырыйская і эгіпецкая. Сырыйская традыцыя ўключае ў сябе найстарэйшыя рукапісы, ейныя вэрсіі таксама значна карацейшыя і ўключаюць у сябе меншую колькасьць казак. У друку гэта традыцыя прадстаўлена празь «Лейдэнскую рэдакцыю» (1984), якая грунтуецца найперш на рукапісу Антуана Гальяна[23][24]. «Лейдэнская рэдакцыя», падрыхтаваная Мугсынам Магдзі, зьяўляецца адзіным на сёньня выданьнем твору[25], які лічыцца самым стылістычна верным прадстаўленьнем сярэднявечных арабскіх вэрсіяў, якія існуюць у цяперашні час[23][24].
Тэксты эгіпецкай традыцыі зьявіліся пазьней, і яны ўтрымліваюць шмат іншых казак са значна больш разнастайным зьместа. Значна больш першапачаткова незалежных адна ад адной казак былі ўключаны ў зборнік на працягу стагодзьдзяў; большасьць зь іх пасьля напісаньня рукапісу Гальяна[26] былі ўключаны яшчэ ў XVIII і XIX стагодзьдзях, магчыма, дзеля дасягненьня колькасьці ў 1001 ночаў. Канчатковы прадукт гэтае традыцыі, гэтак званая эгіпецкая рэзэнцыя Гэрмана Цотэнбэрга, налічвае 1001 ноч.
На сёньня дакладна невядома, якая з гэтых дзьвюх традыцыяў больш аўтэнтычная і бліжэйшая да арыгіналу. Лічыцца, што эгіпецкія тэксты зьведалі больш зьменаў, а такія навукоўцы, як то Мугсын Магдзі, падазраюць, што гэта часткова было выклікана эўрапейскім попытам на поўную вэрсію, але, здаецца, мадыфікацыі твору мелі распасюд на працягу ўсёй гісторыі існаваньня зборніку, і да яго заўсёды дадаваліся незалежныя казкі[26][27].
Цікавыя факты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адным з пэрсанажаў казак зьяўляецца старажытнаарабскі паэт Абу Нувас. У 2006 годзе Нацыянальны банк Беларусі выпусьціў памятную манэту «Тысяча і адна ноч». Па матывах казак у 1979 годзе быў пастаўлены балет на музыку азэрбайджанскага кампазытара Фікрэта Амірава[28].
Беларускія пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аладзін і чарадзейная лямпа: Арабская казка: Пераклад з рускай. — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1939.
- Аладзін і чарадзейная лямпа: Арабская казка: Для малодшага ўзросту / Пераклад С. Драздоўскага. — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі. Рэдакцыя дзіцячай і юнацтвай літаратуры, 1961.
- Сіндбад-мараход: Арабская казка: Для малодшага ўзросту / Мастак І. Някрасаў. — Мінск: Беларусь, 1963.
- Тысяча і адна ноч: Арабскія народныя казкі: Выбранае: Для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту / Укладальнік, каментарыі, пасляслоўе, пераклад на беларускую мову А. Канапелькі. — Мінск: Беларуская навука, 1998.
- Усходнія казкі: для малодшага школьнага ўзросту / літаратурная апрацоўка і пераклад з рускай мовы Н. В. Бабінай. — Мінск: Харвест, 2017.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Marzolphpa (2007), «Arabian Nights», Encyclopaedia of Islam, I, Leiden: Brill.
- ^ а б Reynolds 2006. С. 271.
- ^ Hamori, A. (2012). «S̲h̲ahrazād». In P. Bearman; Th. Bianquis; C.E. Bosworth; E. van Donzel; W.P. Heinrichs (eds.). Encyclopaedia of Islam (2nd ed.). Brill. DOI:doi:10.1163/1573-3912.
- ^ Burton, Richard F. (2002). «Vikram and the Vampire Or Tales of Hindu Devilry». Adamant Media Corporation. — С. 11
- ^ Irwin, Robert (2003), «The Arabian Nights: A Companion», Tauris Parke Paperbacks. — С. 65. — ISBN 1-86064-983-1.
- ^ Artola, George (1957). «Pancatantra Manuscripts from South India». Adyar Library Bulletin. — С. 45ff.
- ^ K. Raksamani (1978). «The Nandakaprakarana attributed to Vasubhaga, a Comparative Study». University of Toronto Thesis. — С. 221ff.
- ^ E. Lorgeou (1924). «Les entretiensde Nang Tantrai». Paris.
- ^ C. Hooykaas (1931). «Bibliotheca Javaneca» No. 2. Bandoeng.
- ^ A. K. Warder (1992). «Indian Kāvya Literature: The art of storytelling». Volume VI. Motilal Banarsidass Publishers. — С. 61—62, 76—82. — ISBN 978-8-120-80615-3
- ^ Dr Fahmida Suleman, «Kalila wa Dimna» in Medieval Islamic Civilization. An Encyclopaedia. Vol. II. — С. 432—433.
- ^ Saleh Sa’adeh Jallad (2002). «The Fables of Kalila and Dimnah». Melisende, London. — ISBN 1-901764-14-1.
- ^ Pinault 1992. С. 1.
- ^ Pinault 1992. С. 4.
- ^ Irwin 2003. С. 49—50.
- ^ Irwin 2003. С. 49.
- ^ а б Irwin 2003. С. 51.
- ^ Sallis 1999. С. 2.
- ^ Irwin 2003. С. 76.
- ^ Khulusi, Safa (1960). «The Influence of Ibn al-Muqaffa' on The Arabian Nights». Islamic Review. — С. 29—31.
- ^ Irwin 2003. С. 50.
- ^ Reynolds 2006. С. 270.
- ^ а б Beaumont, Daniel. «Literary Style and Narrative Technique in the Arabian Nights». The Arabian nights encyclopedia, Volume 1. — С. 1.
- ^ а б Irwin 2003. С. 55.
- ^ Marzolph, Ulrich (2017). «Arabian Nights». Encyclopaedia of Islam (3rd ed.). Brill. DOI:doi:10.1163/1573-3912.
- ^ а б Sallis 1999. С. 18—43.
- ^ Pinault 1992. С. 1—12.
- ^ «Беларускі музычны тэатр рыхтуе прэм’еру балета „Тысяча і адна ноч“»(недаступная спасылка). Радыё «Беларусь» 18.07.2013.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Reynolds, Dwight A Thousand and One Nights: a history of the text and its reception. — The Cambridge history of Arabic literature. — Cambridge: Cambridge University Press, 2006. — ISBN 978-1-139-05399-0
- Pinault, David Story-Telling Techniques in the Arabian Nights. — Brill Publishers, 1992. — ISBN 978-9-004-09530-4
- Irwin, Robert The Arabian Nights: A Companion. — Bloomsbury Publishing, 2003. — ISBN 978-0-857-71051-2
- Sallis, Eva Scheherazade Through the Looking-Glass: The Metamorphosis of the Thousand and One Nights. — Routledge, 1999. — ISBN 978-0-700-71099-7
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Тысяча і адна ноч. Выбранае. Беларуская палічка.
- Тысяча і адна ноч. Wollamshram World (анг.).
- Тысяча і адна ноч. Internet Archive (анг.).
- Арабскія ночы. Праект Гутэнбэрг (анг.).