Перайсьці да зьместу

Быдгашч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Быдгашч
польск. Bydgoszcz
Быдгашч
Герб Быдгашчу Сьцяг Быдгашчу
Першыя згадкі: 1238
Горад з: 1346
Краіна: Польшча
Прэзыдэнт места: Рафал Брускі
Плошча: 174,57 км²
Вышыня: 60 м н. у. м.
Насельніцтва (2014)
колькасьць: 358 337 чал.
шчыльнасьць: 2052,68 чал./км²
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: +48 52
Паштовыя індэксы: з 85-001 да 85-915
Нумарны знак: CB
Геаграфічныя каардынаты: 53°7′0″ пн. ш. 18°0′0″ у. д. / 53.11667° пн. ш. 18° у. д. / 53.11667; 18Каардынаты: 53°7′0″ пн. ш. 18°0′0″ у. д. / 53.11667° пн. ш. 18° у. д. / 53.11667; 18
Быдгашч на мапе Польшчы
Быдгашч
Быдгашч
Быдгашч
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.bydgoszcz.pl/

Бы́дгашч (па-польску: Bydgoszcz, па-нямецку: Bromberg) — горад у цэнтральнай Польшчы, над ракой Брда і Віслай. Быгдашч зьяўляецца адміністрацыйным цэнтрам Куяўска-Паморскага ваяводзтва і самым буйным горадам ваяводзтва.

Быдгашч зьяўляецца адным з самых вялікіх гарадоў Польшчы (8 па колькасьці насельніцтва, 10 па плошчы паверхні). Горад зьяўляецца эканамічным, культурным і навуковым цэнтрам краіны: тут знаходзяцца Ўнівэрсытэт Казіміра Вялікага, Тэхналягічна-прыродны ўнівэрсытэт імя Яна і Ежы Сьнядэцкіх, Музычная акадэмія і некалькі вышэйшых школаў, а таксама Коледж унівэрсытэту Мікалая Каперніка. У горадзе знаходзіцца сядзіба старасты Быдгашцкага павету, а таксама гарадзкога павету. Тут таксама знаходзіцца Куяўска-Паморскі ўрад. З 2004 году горад стаў сталіцай Быдгашцскай дыяцэзіі. Акрамя гэтага тут знаходзіцца ваяводзкі адміністрацыйны суд.

Быдгашч уваходзіць у Зьвяз польскіх мэтраполіяў і Зьвяз польскіх гарадоў.

Рэгіён, у якім знаходзіцца Быдгашч, называецца «Паўночныя Куявы» і гістарычна зьвязаны зь Вялікапольскай.

Праз горад цячэ рака Брда, якая ўпадае ў Віслу ў Быдгашчы, таксама тут цячэ невялікая рака Фліс, якая перасякае Грунвальдзкую вуліцу. З усіх бакоў горад абкружаны лясамі, большасьць зь якіх зьяўляецца сасновымі, але на паўночным усходзе сустракаюцца ліставыя лясы.

Быдгашч адносіцца да польскіх гарадоў з самай вялікай колькасьцю паркаў у Польшчы (874 га, другое места пасьля Варшавы). Тут знаходзіцца самы вялікі гарадзкі парк у Польшчы (Мысьляцінак, 830 га).

Насельніцтва гораду налічвае 350 315 чалавек (жнівень 2008 году), але гэта лічба ўтрымлівае толькі людзей якія жывуць тут пастаянна, іншыя падлікі даюць лічбу 361 222 чалавекі (зь якіх 191 983 жанчыны). Насельніцтва працаздольнага ўзросту складае 235 572 чалавекі, дапрацаздольнага ўзросту 61 118 чалавек, пэнсійнага ўзросту — 64 532 чалавекі. У 2007 годзе колькасьць насельніцтва амаль не зьмянілася (натуральны прырост склаў −102 чалавекі). Але ў апошнія гары вызначылася тэндэнцыя зьмяншэньня колькасьці насельніцтва гораду, якая выклікана старэньнем насельніцтва Быдгашчу, а таксама паступовым перасяленьнем у прыгарады, а таксама ў іншыя рэгіёны краіны і Эўрапейскага Зьвязу.

Паводле навуковых дасьледаваньняў, першыя чалавечыя паселішчы на тэрыторыі Быдгашчу ўзьніклі ў 1038 годзе. Першая гістарычная згадка аб быдгашцкім кашталяне Suzzlaus de Budegac датуецца 1238 годам. У ХІІ стагодзьдзі тут быў пабудаваны касьцёл. Горад стаяў на важным гандлёвым шляху, што выклікала яго разьвіцьцё.

У раньнім Сярэднявеччы каля Быдгашчу прайшла мяжа Куяваў, і ў ХІІІ стагодзьдзі горад быў часткова заселены крыжакамі. 19 красавіка 1346 году Казімер III Вялікі дае гораду гарадзкія правы. У XVI стагодзьдзі горад багацеў на гандлі збожжам і сольлю, а колькасьць насельніцтва ў XVIІ стагодзьдзі дасягнула 5000 чалавек. У 1555 годзе Быдгашч атрымаў прывілей на пасяленьне габрэяў.

У 1772—1806 і 1815—1920 гадах Быдгашч належаў Прусіі (з 1807 да 1815 году, быў сталіцай дэпартамэнту Познанскага княства).

У 1773 годзе быў пабудаваны Быдгашцкі канал, які злучыў рэкі Брда і Натэца (у выніку злучыў Віслу і Одру). З ХІХ стагодзьдзя праз горад прайшла чыгунка да Пілы і далей да Бэрліна, Гданьску, Торуню і Інавроцлава. У ХІХ стагодзьдзі Быдгашч стаў практычна поўнасьцю нямецкім горадам, і пасьля 1920 году тут была буйная нацыянальная нямецкая абшчына.

У межах Польшчы Быдгашч апынуўся пасьля 20 студзеня 1920 году, калі ў горад увайшлі польскія войскі згодна з Вэрсальскай дамовай. Існаваньне ў Быдгашчы моцнага нямецкага гарнізона, вымусіла польскія войскі спыніцца за 3 км ад гораду. Аднак хутка горад быў заняты палякамі. У складзе Польшчы Быдгашч уваходзіў ў склад Познанскага ваяводзтва, а потым Торунскага (да 1939 году).

3 верасьня 1939 году ў горадзе пачаліся баі польскіх войскаў зь нямецкімі дывэрсантамі, якіх падтрымлівала нямецкае насельніцтва. Пасьля ўваходу ў горад нямецкіх войскаў, горад, пад назваў Бромбэрг, быў далучаны да Райху. Падчас Другой сусьветнай вайны было забіта 37 тыс. жыхароў гораду. Ужо ў сьнежні 1939 году горад быў аб’яўлены «юдэнфрай».

У 1945 годзе Быдгашч стаў сталіцай Паморскага ваяводзтва. З 1 студзеня 1999 году Быдгашч стаў адміністрацыйным цэнтрам Куяўска-Паморскага ваяводзтва.

Асновай эканомікі Быдгашчу зьяўляецца сфэра паслугаў і фінансаў. У горадзе працуюць 38 банкаў, і 116 фінансавых устаноў. У горадзе знаходзіцца прадстаўніцтва адной з самых буйных фінансавых установаў на сьвеце JP Morgan Chase.

Большасьць прамысловых прадпрыемстваў знаходзяцца ў розных частках гораду, асаблівай увагі заслугоўвае раён Хімічных прадпрыемстваў Захем, які займае некалькі квадратных кілямэтраў у паўднёва-ўсходняй частцы Быдгашчу, які ўзьнік ў часы Другой сусьветнай вайны як нямецкая фабрыка па вытворчасьці дынаміту. Раён мае ўласную чыгуначную каляіну, жыльлёвы раён, але большасьць тэрыторыі зарасла лесам.