Браніслаў Герэмек
Браніслаў Герэмек (6 сакавіка 1932, Варшава — 13 ліпеня 2008) — польскі палітык, па адукацыі гісторык, былы кіраўнік Уніі Вольнасьці, міністар замежных справаў у 1997—2000, у 1989—2001 дэпутат Сойму Х, І, ІІ і ІІІ скліканьняў, у 2004—2008 дэпутат Эўрапарлямэнту.
Дзяцінства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Не расказваў наўпроста аб сваім паходжаньні і дзяцінстве, якія лічыў «зачыненай старонкай» у жыцьці, аднак у інтэрвію Яцэку Жакоўскаму ўзгадваў аб сьвядомасьці жыдоўскай, якую ў сабе ўвесь час насіў. У 1940 патрапіў разам з бацькамі ў Варшаўскае гета, адкуль яны ўцяклі ў 1943. Яго айцец згінуў у Аўшвіцы.
Nigdy nie wracałem do moich dziecięcych doświadczeń, choć to one mnie formowały. Świat palił się na moich oczach. Palił się też mały świat rodzinnych kontynuacji, w których jest ciągłość oczywistych wartości, zasad, reguł. W mojej dziecięcej biografii świat ciągle się rozpadał. To też nadawało kształt mojej późniejszej wrażliwości.
Пасьля вайны жыў найперш ва Ўсхове, пазьней у варшаўскім Жалібожы. Там актыўна дзейнічаў у Зьвязе маладога змаганьня (Związek Walki Młodych) разам зь Яцэкам Куранем, Ежы Вятрэм і Янушам Рэйкоўскім. Гэты апошні ўчыўся ў тым жа ліцэі, што і сам Браніслаў Герэмек.
У дарослым жыцьці не лічыўся жыдом. Узгадаваў аб сваёй «жыдоўскасьці» толькі тады, калі адбываліся праявы антысэмітызму.
Навуковая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1954 скончыў вучобу на гістарычным факультэце Варшаўскага ўнівэрсытэту, у 1956—1958 атрымаў пасьлядыплёмную адукацыю ў Парыжу. У 1960 атрымаў ступень доктара навук, а ў 1972 абараніў габілітацыю ў Польскай Акадэміі Навук. У 1989 атрымаў тытул прафэсара гуманітарных навук.
Займаўся дасьледаваньнямі па гісторыі культуры і грамадзтва Сярэдневечча. Публікаваў артыкулы, праводзіў лекцыі, напісаў (некаторыя як суаўтар) 10 кніжак, зь якіх частка была перакладзеная на замежныя мовы. Доктарская праца 1960 краналася рынка працы ў сярэдневечыным парыскім рамястве, а таксама праблематыкі прастытуцыі ў гэтым горадзе; доктарская дысэртацыя 1972 году — пытаньняў грамадзтва сярэдневечнага Парыжу.
Як навукоўца ў 1955—1985 працаваў у Інстытуце Гісторыі Польскай Акадэміі Навук у Варшаве. У 1960—1965 быў выкладчык у парыскай Сарбоне і кіраўніком тамтэйшага Цэнтру польскай культуры. Узнагароджаны 23 тытуламі «ганаровага доктара навук» (doktora honoris causa) між іншым ва ўнівэрсытэтах Балёньні, Кракава, Утрэхту, парыскай Сарбоне, Нью-Ёрку (Калюмбійскі) і Франкфурту. У 1992 стаў запрошаным прафэсарам у Францускім каледжы. Быў сябрам Эўрапейскай Акадэміі, Пэн Клюбу ды іншых арганізацыяў і таварыстваў.
У 1962—1965 быў дырэктарам Цэнтру польскай культуры ў Парыжу. Ведаў чатыры мовы: францускую, ангельскую, італьянскую і нямецкую.
Палітычная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]ПНР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1950 уступіў у ПАРП (PZPR), быў другім сакратаром партыйнай ячэйкі ў Варшаўскім унівэрсытэце. У 1968 годзе на знак пратэсту супраць увядзеньня войскаў арганізацыі Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну выйшаў з партыі.
У 70-х актыўна дзейнічаў у польскай дэмакратычнай апазыцыі. У 1978—1981 быў утваральнікам і выкладчыкам Таварыства Навуковых Курсаў. У жніўні 1980 зьвязаўся з прафсаюзным рухам Гданьску, стаў адным з экспэртаў і дарадцаў «Салідарнасьці». У 1981 на Першым зьезьдзе «Салідарнасьці» ўзначаліў праграмную камісію. Быў інтэрнаваны пасьля распачатага Войцехам Ярузэльскім ваеннага становішча ў Польшчы, вызвалены ў сьнежні 1982, зноў стаў дарадцам нелегальнай на той час Салідарнасьці, блізка супрацоўнічаў зь Лехам Валэнсам. У 1983 быў ізноў арыштаваны па абвінавачваньні ў арганізацыі нелегальнай палітычнай дзейнасьці. У 1987—1989 узначальваў Камісію палітычных рэформаў грамадзянскага камітэту. Браў удзел у пленарных перамовах у часе г. зв. Круглага стала з уладамі ПНР у 1989, якія прывялі да парлямэнцкіх выбараў у Польшчы і зьяўленьня г. зв. дамоўнага сойму.
Рэспубліка Польшча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На выбарах да дамоўнага сойму атрымаў дэпутацкі мандат, пазьней быў паўторна выбраны ў Сойм РП у 1991, 1993 i 1997. У дамоўным сойме кіраваў Грамадзкім Парлямэнцкія Клюбам.
Належыў да заснавальнікаў Грамадзянскага Руху Дэмакратычная Акцыя, Дэмакратычнай Уніі і Уніі Вольнасьці. Быў кіраўніком парлямэнцкага клюбу ВУ 1990—1997. У 2000—2001 узначальваў Унію Вольнасьці. Ад 2005 быў сябрам Дэмакратычнай Партыі.
У 1989—2001 знаходзіўся ў Сойме. У складах X, I і II скліканьнях кіраваў Камісіяй замежных справаў, кіраваў таксама Канстытуцыйнай Камісіяй (1989—1991) і Камісіяй Эўрапейскага Права (2000—2001).
Пасьля парлямэнцкіх выбараў у 1991 Лех Валэнса даверыў яму фармаваньне новага ўраду, аднак гэтая місія скончылася няўдачай.
Пасьля ўтварэньня кааліцыі АВС-УВ 31 кастрычніка 1997 атрымаў пасаду Міністра справаў замежных. 12 сакавіка 1999 у рэзыдэнцыі польскага ўраду падпісаў Акт аб уступе ў НАТО. Абавязкі выконваў да 30 чэрвеня 2000.
На выбарах у Эўрапарлямэнт 13 чэрвеня 2004 быў абраны дэпутатам з камітэту Уніі Вольнасьці, здабыўшы ў варшаўскай акрузе найвялікшую лічбу галасоў. У Эўрапарлямэнце ўваходзіў у склад фракцыі «Альянс Лібэралаў і Дэмакратаў для Эўропы» (Alliance des Démocrates et des Libéraux pour l’Europe). У 2007 адмовіўся даць паказаньні ў працэсе люстрацыі, патлумачыўшы тым што зрабіў гэта ў 2004.
Быў адным з суаўтараў адкрытага ліста ад 5 ліпеня 2006, у якім былыя міністры замежных справаў ва ўрадах ІІІ РП пратэставалі супраць адмены прэзыдэнтам Лехам Качыньскім ваймарскага шчыту ў чэрвені 2006 і крытыкавалі характар польскай замежнай палітыкі ў польска-нямецкіх стасунках.
Прыватнае жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Яго жонка, доктар Ганна Тэрэза Герэмек, была гісторыкам, навуковым працаўніком ВУ, памерла 21 ліпеня 2004. Меў двух сыноў. Займаўся калекцыянаваньнем фаек, якіх меў каля 70.
Сьмерць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сканаў 13 ліпеня 2008 у аўтакатастрофе на 92 дарозе ў Любені, Наватамыскім павеце. Яго аўтамабіль маркі Mercedes-Benz зьехаў на процілеглы дарожны пас і сутыкнуўся з аўтамабілем маркі Fiat Ducato.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Браніслаў Герэмек — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Афіцыйны сайт (пол.)
- Старонка на сайце Сойму (пол.)
- Andriej Sannikow o Bronisławie Geremku (рас.)
На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпэдыі. Калі ласка, прастаўце спасылкі на яго ў іншых артыкулах. |
- Pages using the JsonConfig extension
- Нарадзіліся 6 сакавіка
- Нарадзіліся ў 1932 годзе
- Памерлі 13 ліпеня
- Памерлі ў 2008 годзе
- Выпускнікі Варшаўскага ўнівэрсытэту
- Кавалеры францускага Ордэна «За заслугі»
- Кавалеры ордэна Pour le Mérite
- Афіцэры ордэна Ганаровага легіёну
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна «За заслугі перад Італьянскай Рэспублікай»
- Ляўрэаты прэміі Карла Вялікага
- Дактары honoris causa Ягелонскага ўнівэрсытэту
- Людзі году „Газэты Выборчай“
- Нарадзіліся ў Варшаве
- Польскія гісторыкі
- Дэпутаты Сойму Польскай Рэспублікі
- Міністры замежных справаў Польшчы
- Дэпутаты Эўрапарлямэнту з Польшчы
- Памерлі ў Велікапольскім ваяводзтве
- Загінулі ў аўтамабільных катастрофах