Перайсьці да зьместу

Mauzer

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
MAUZER

MAUZER на «Басовішчы» ў 2007 годзе
Гады 2002—2010
Краіна
Месца ўтварэньня Магілёў, Беларусь
Мова беларуская
Жанр поп
Выдавец БМАgroup
Зьвязаныя праекты 3t.ON, Nevma, Akute
Удзельнікі Jan Mauzer (сьпеў)
Kolxz (гітара)
Lenny (бас-гітара)
Vase (барабаны)
Былыя ўдзельнікі Уладзімер Крутаў
Павал Емяльянаў
Андрэй «Bor» Грышчанкоў
Ільля «ill83» Касьценіч
Арам «R.Am»
Ігар «Igr» Давыдаў
Рома «Ufo» Сашчэка

Mauzer — беларускі гурт з Магілёву, заснаваны ў 2002 годзе.

Пачатак творчасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Mauzer утварыўся на аскепках гэві-мэталічнага гурту «Равновесие» ў 2002 годзе. Нагодай зьнікненьня гурту зьявіліся супярэчнасьці паміж лідэрам Цьвікам, гітарыстам і асноўным аўтарам музыкі, і Янам, вакалістам і асноўным аўтарам тэкстаў (тады яшчэ расейскамоўных). Цьвік, які лічыў, што Ян сьпяваць ня ўмее, таемна ад яго запрасіў на рэпэтыцыю іншага вакаліста. Гітарыст Колхз адмовіўся граць у такім складзе, і разам зь Янкам яны ўтварылі новы гурт. Басыст Ігар Давыдаў (Igr) пайшоў у новы праект Цьвіка. Бубнач Ільля Касьценіч (Ill83) ня верыў у пасьпяховасьць праекту Маўзэра й пайшоў граць у поп-гурт RadioVer, аднак прапанаваў калектыву сваю дапамогу ў якасьці прадусара.

Улетку 2003 году ў Mauzer вярнуўся Igr, і ў верасьні быў адыграны першы канцэрт у складзе: Ян — сьпеў, Koлхз — гітара, Вова «Мядзьведзь» Крутаў — гітара, Igr — бас, Паша «Капітан» Емяльянаў — бубны (цяпер — Nevma, Akute). Хутка пасьля гэтага, з-за непатрэбнасьці гурту другога гітарыста й імкненьня Вовы граць іншую музыку, ён сыходзіць. Паша Емяльянаў прывёў у гурт свайго сябра Бор. Бор, зьяўляючыся бэк-вакалістам, рэдка наведваў рэпэтыцыі, новыя песьні зьяўляліся безь яго ўдзелу, і, ў сутнасьці, ён так і ня здолеў стаць паўнавартасным удзельнікам гурту. Некаторы час з Маўзэрам рэпэтуе былы ўдзельнік гуртоў Like Suicide, 3t.ON і іншых Макс «Рабакоп» Рыбакоў. Але нечакана для ўсіх замест паездкі на тыдзень у Маскву ён зьязджае ў Ізраіль. У гэты час у гурт прыходзіць сэмплер Ufo.

Першыя посьпехі й першы альбом

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аднойчы Яну патэлефанаваў Аляксандар Памідораў. Яму спадабаліся 2 песьні з дэма-запісу («Я застануся» й «Людзі») й ён прапанаваў паехаць у добрую польскую студыю, каб адну зь іх там бясплатна запісаць і выдацца на складанцы зь лідэрамі беларускага року, а таксама запрасіў гурт на фэстываль Басовішча. Тэлефанаваньне Памідорава вельмі падбадзёрыла каманду, і ў 2005 годзе нікому не вядомы Mauzer становіцца пераможцам галоўнага беларускага рок-фэстывалю. Разам з хлопцамі гэты раз граў бубнач Сяргей «Dead» Цэлабёнак з гурту Asguard (цяпер яшчэ й Vodar Susviet). Прызам за перамогу стала магчымасьць запісу альбому на прафэсійнай студыі ў Польшчы. На невядомасьці ставіцца кропка, а бубнач Ільля Касьценіч (Ill83) далучаецца да гурту.

У сьнежні 2005 году Mauzer становіцца ляўрэатам яшчэ аднаго беларускага рок-фэстывалю Рок-кола. Прэса заве гурт «лідэрамі новай хвалі беларускага року». У пачатку 2006 году на цырымоніі Рок-каранацыі 2005 атрымлівае рок-карону як «Дэбют году», абыходзячы такіх годных канурэнтаў як Саша і Сірожа й Naka. У лютым 2006 году на польскай студыі «Rembrandt» запісваюцца гітары й бубны для дэбютнага альбому. Праца над альбомам працягваецца ў Беларусі на магілёўскай студыі «B.S.S.R recordz». Запіс баса, вакала, электронікі, зьвядзеньне й майстраваньне ідзе да пачатку кастрычніка.

У ліпені 2006 году Mauzer выступае на «Басовішчы» ў якасьці аднаго з хэдляйнэраў. Паводле шматлікіх ацэнак, выступ гурту становіцца самым яскравым на фэстывалі. У жніўні гурт выступае на вялікім open-air у цэнтры Менску. На момант выступу гурту перад сцэнай знаходзіцца ня менш за 10 тысячаў чалавек. У верасьні Mauzer атрымлівае запрашэньне выступіць на «Джынсавым фэсьце» ў Менску. Перад выступам калектыву ўлады выключаюць элетрычнасьць, і Ян чытае першы куплет песьні «Беларусь будзе вольнай» праз мэгафон.

25 сьнежня на беларускім лэйбле БМАgroup выходзіць дэбютны альбом гурту «Радасьць». Пасьля прэзэнтацыі альбому ў менскім клюбе «Арэна» гурт пакідае Бор. Амаль усе партыі Бора пяюцца і чытаюцца цяпер Ромам Ufo. На «Рок-каранацыі 2006» у лютым 2007 году Ян Маўзэр атрымлівае рок-карону як выканаўца году. 22 чэрвеня гурт выступае на галоўнай сцэне расейскага фэстывалю «Воздух».

Летам 2007 году зь невялічкім скандалам (ажно выдаліў сайт каманды) дырэктар і бубнач Ill83 сышоў з гурту, восеньню яго замяніў R.Am. Але з-за напружанага графіку й ён ня доўга ўтрымаўся ў гурце, пасьпеўшы адыграць з гуртом толькі чатыры канцэрты, у тым ліку на фэсьце «Права быць свабодным» і магілёўскі, супольны з 5diez. Цяпер на месцы бубнача грае Vase, які прыйшоў з гурту 3t.ON.

Напрыканцы ліпеня 2008 году з групы сыходзіць Ігар Давыдаў, і на месца бас-гітарыста прыходзіць Lenny, зь якім гурт выступае на фэстывалі Be Free, а затым на Be2gether. У пачатку 2009 году з групы сыходзіць Ufo.

У 2010 за тыдзень да прэзэнтацыі апошняга альбому PORNA ў Менску, з гурту сыходзяць бубнач Vase і басіст. Гурт выступіў з акустычным канцэртам. Пасьля гэтага канцэрту пачалі гаварыць аб развале каманды. Празь некаторы час у гурце фактычна застаўся толькі адзін Ян Маўзэр.

У студзені 2011 году ў сваім інтэрвію «Нашай Ніве» Ян Маўзэр распавёў пра тое што плянуе аднавіць гурт у новым складзе[1].

Супольныя праекты

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Mauzerсховішча мультымэдыйных матэрыялаў