Альбрэхт Гагэнцолерн
Альбрэхт Гагэнцолерн | |
па-нямецку: Albrecht von Brandenburg-Ansbach | |
Вялікі магістар Тэўтонскага ордэну[d]
|
|
---|---|
1511 — 1525 | |
Папярэднік | Фрыдрых Саксонскі[d] |
Наступнік | Вальтэр фон Кронберг[d] |
10 красавіка 1525 — 20 сакавіка 1568 | |
Наступнік | Альбрэхт Фрыдрых[d] |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
17 траўня 1490[1] |
Памёр: |
20 сакавіка 1568[2][3][4] (77 гадоў) |
Сужэнец: | Ганна Марыя Браўншвейг-Люнебургская[d] і Даратэя Гальштэйн-Готарпская[d] |
Дзеці: | Ганна Сафія Пруская[d], Альбрэхт Фрыдрых[d], Katharina von Hohenzollern[d][3], Friedrich Albrecht von Hohenzollern[d][3], Lucia Dorothea von Hohenzollern[d][3], Lucia von Hohenzollern[d][3], Albrecht von Hohenzollern[d][3] і Elisabeth von Hohenzollern[d][3] |
Бацька: | Фрыдрых I[d] |
Маці: | Соф’я Ягелонка[d] |
Альбрэхт Гагэнцолерн, Альбрэхт Брандэнбург-Ансбахскі (ням. Albrecht von Brandenburg-Ansbach; 17 траўня 1490, Ансбах — 20 сакавіка 1568, Тапяў) — апошні вялікі магістар Тэўтонскага ордэну (з 1510 году) і першы герцаг Прусіі (з 1525 году).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Трэці сын Фрыдрыха I Гагэнцолерн, маркграфа Ансбаху і Байройту, і Софʼі, дачкі вялікага князя літоўскага і караля польскага Казімера Ягайлавіча. Атрымаў выхаваньне пры двары кёльнскага арцыбіскупа Генрыха IV, які зрабіў яго канонікам.
У 1511 годзе стаў вялікім магістрам. Імкнуўся вызваліць Тэўтонскі ордэн ад васальнай залежнасьці ад караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога (свайго дзядзькі), якая існавала паводле Торунскага міру 1466 году. У 1519—1521 гадох вёў вайну з Каралеўствам Польскім, але пацярпеў паразу.
Пазнаёміўшыся з Мартынам Лютэрам і Філіпам Меланхтанам, стаў прыхільнікам іх ідэяў і надумаў правесьці Рэфармацыю на землях Тэўтонскага ордэну. Заручыўся падтрымкай караля польскага і вялікага князя літоўскага, 8 красавіка 1525 году падпісаў Кракаўскі мір, паводле якога Прусія, якая была раней ордэнскай царкоўнай дзяржавай, ператваралася ў васальнае датычна да Каралеўства Польскага герцагства. Абвясьціў таксама сэкулярызацыю Тэўтонскага ордэну і ўвядзеньне ў Прусіі лютэранства. 10 красавіка на Рынку Кракава прылюдна прынёс прысягу каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму як герцаг Прусіі.
У 1530 годзе запрасіў у Каралявец Францішка Скарыну.
Клапаціўся пра асьвету падданых у лютэранскім духу, у 1540 годзе заснаваў гімназію ў Караляўцы, у 1544 — унівэрсытэт. У 1545 годзе прыслаў у Вялікае Княства Літоўскае пратэстанцкіх прапаведнікаў і заснаваў для яго грамадзянаў спэцыяльныя стыпэндыі ў Каралявецкім унівэрсытэце[5].
Літва і ліцьвіны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гісторык Вацлаў Пануцэвіч зьвяртае ўвагу на атаясамліваньне Альбрэхтам Гагэнцолернам «прускай мовы» катэхізму 1545 году з мовай прускіх жамойтаў, пра што сьведчыць дададзенае ім тлумачэньне «прусы або судавы» (лац. «Prutheni vel Sudini», ад гэтак званага «Судаўскага трыкутніка» ў паўночна-ўсходнім куце Прусіі[6]) пры адрозьненьні ў яго гаспадарстве трох розных моваў (польскай, літоўскай і «прускай») і трох адпаведных народаў (палякаў, ліцьвінаў і «прусаў або судаваў»). Зь іншага боку, усталяваньне ў 1544 годзе Альбрэхтам Гогенцолернам 24 стыпэндыяў на лютэранскіх місіянэраў, зь якіх 7 мусілі былі добра валодаць літоўскай мовай (а яшчэ 7 — польскай)[7] сьведчыла пра яго зацікаўленасьць у магчымасьці друкаваць рэлігійную літаратуру літоўскай (беларускай) мовай, што раней выявілася ў справе з Францішкам Скарынам, які ў 1530 годзе, відаць, на просьбу гэрцага прыбыў у Кёнігсбэрг, дзе яго прынялі зь вялікай пашанай і апекай, і залічылі да грамадзянаў Прусіі (аднак зь нявысьветленых прычынаў Скарына пакінуў краіну ў тым жа годзе). Апроч таго, паводле Вацлава Пануцэвіча, лісты Альбрэхта Гогенцолерна да біскупа Прусіі з 1536—1545 гадоў сьведчаць пра захаваньне ў яго гаспадарстве літоўскай мовы, якой гаварыла славянскае насельніцтва на поўдзень і паўднёвы ўсход ад ракі Прэголы — старажытнай мяжы з жамойтамі[8]. Разуменьне Альбрэхтам Гогенцолернам літоўскай мовы як славянскай засьведчыў яго выклад умовы 1545 году з каралём польскім і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Аўгустам: «quem lingua Theuthonica Rogorth, Lithuanica vero volgari Raigrod vocant»[9].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #118637673 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
- ^ а б Albert // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ а б в г д е ё ж Lundy D. R. Albrecht Herzog in Preußen // The Peerage (анг.)
- ^ а б Albrecht (Albrecht der Ältere) // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ Грыцкевіч А. Альбрэхт Гогенцолерн // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 222.
- ^ Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 271.
- ^ Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 270.
- ^ Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 129, 169, 196, 272.
- ^ Книга посольская Метрики Великого Княжества Литовского, содержащая в себе дипломатические сношения Литвы в государствование Короля Сигизмунда Августа (с 1545 по 1572 год). — Москва, 1843. С. 12.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — 552 с. — ISBN 985-11-0036-6
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4