Ян Налепка
Ян Налепка Ján Nálepka | ||||
20 верасьня 1912 — 16 лістапада 1943 | ||||
Мянушка | Рэпкін | |||
---|---|---|---|---|
Месца нараджэньня | Сьміжані, Славаччына | |||
Месца сьмерці | Оўруч, Жытомірская вобласьць, УССР | |||
Прыналежнасьць | Чэхаславаччына Славаччына Партызанскі рух | |||
Гады службы | 1934—1943 | |||
Званьне | капітан брыгадны генэрал (пасьм.) | |||
Камандаваў | 1-ы чэхаславацкі партызанскі аддзел | |||
Бітвы/войны | Другая сусьветная вайна | |||
Узнагароды | | |||
Ян На́лепка (па-славацку: Ján Nálepka; 20 верасьня 1912, Сьміжані, Сьпіска Нова Вэс — 16 лістапада 1943, Оўруч, Жытомірская вобласьць, Украінская ССР) — славацкі вайсковец, капітан (пасьмяротна брыгадны генэрал), удзельнік Другой сусьветнай вайны, арганізатар і кіраўнік партызанскага атраду на тэрыторыі Беларусі. Адзіны славак, які атрымаў званьне Героя Савецкага Саюзу.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Славак. Нарадзіўся ў вёсцы Сьміжані (раён Сьпіска Нова Вэс, Усходняя Славаччына) ў сялянскай сям’і. У 1931 скончыў настаўніцкую сэмінарыю. Працаваў настаўнікам у школах у Марыкавай, Белых Водах, Ступаве і Порубе пад Вігорлатам.
У 1934 прызваны ў чэхаславацкае войска, у 1936 скончыў афіцэрскую школу, атрымаўшы званьне падпаручніка, пазьней паручніка[1]; служба ў войску адбывалася зь перапынкамі. У сакавіку 1939 року мабілізаваны ў славацкае войска[2]; з пачаткам Другой сусьветнай вайны удзельнічаў у нападзе на Польшчу.
Улетку 1941 урад Славаччыны накіраваў 2-ю пяхотную дывізію, у якой служыў Я. Налепка, на савецка-нямецкі фронт[1]. У лютым 1942 прызначаны ад’ютантам камандзіра палку, а пазьней — начальнікам штабу 101-га славацкага палку, раскватэраванага ў Ельску. Паступова сабраў вакол сябе па-антынацыску настроеных аднадумцаў, з дапамогай якіх арганізаваў падпольную дзейнасьць і пераходы славацкіх жаўнераў на савецкі бок. Адначасна са жніўня 1942 наладзіў сувязь з савецкімі партызанамі[2] ў Менскай і Палескай абласьцёх. Перапраўляў мясцовым жыхарам і партызанам харчаваньне, лекі і зьвесткі пра дзейнасьць нямецкіх вайсковых адзінак ды іхніх памагатых.
Уночы з 14 на 15 траўня 1943 ён з групай афіцэраў і жаўнераў палку перайшоў на бок савецкіх партызанаў, злучыўшыся зь імі ў раёне вёскі Рамязы. 18 траўня ў партызанскім злучэньні Аляксандра Сабурава быў створаны партызанскі аддзел з былых славацкіх вайскоўцаў, камандзірам якога быў прызначаны Ян Налепка[3][4], які ўзяў сабе мянушку Рэпкін.
Улетку і ўвосень 1943 року 1-ы чэхаславацкі партызанскі аддзел пад ягоным даводзтвам неаднакроць вылучаўся ў бітвах зь нямецкімі войскамі.
Наконадні 26-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі (1943) Налепка быў прыняты кандыдатам у сябры ВКП(б)[2].
7 лістапада 1943 Налепка браў удзел у зьнішчэньні нямецкага гарнізону ў Давыд-Гарадку.
16 лістапада чэхаславацкі партызанскі аддзел Яна Налепкі ва ўзаемадзеяньні з савецкімі партызанамі і войскамі 1-га Ўкраінскага фронту удзельнічаў у баёх за вызваленьне места Оўруч Жытомірскай вобласьці УССР[2]. Чэхаславацкі аддзел пад даводзтвам Я. Налепкі атакаваў Оўруч з поўдня, захапіў і ўтрымліваў (нягледзячы на контратакі суперніка) мост праз раку Норынь, а пасьля аказаў дапамогу савецкім партызанам у баёх у раёне аэрадрому і за чыгуначную станцыю. Ян Налепка загінуў падчас бою за будынак вакзалу, у момант штурму аднай з доўгатэрміновых агнявых кропак ворага[5].
Месца пахаваньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ян Налепка пахаваны ў братэрскай магіле вояў чэхаславацкага корпусу ў месьце Чарнаўцы. Тут быў узьведзены мэмарыял савецка-чэскіх жаўнераў, дзе пахаваныя 58 чалавек. У ягоны гонар названая таксама вуліца, што падыходзіць да мэмарыялу, і сярэдняя школа, разьмешчаная побач. У ёй у 1970 быў адчынены музэй імя Яна Налепкі.
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Герой Савецкага Саюзу (2 траўня 1945, пасьмяротна)[1]. Адзіны славак, уганараваны гэтым званьнем.
- ордэн Леніна (2 траўня 1945, пасьмяротна)[1]
- Герой Славацкага нацыянальнага паўстаньня (5 траўня 1945, пасьмяротна)[1]
- ордэн Белага Ільва 1-й ступені (28 кастрычніка 1948, пасьмяротна)[6].
- ордэн Людавіта Штура II ступені зь мечамі (31 жніўня 1996, пасьмяротна)
7 траўня 2004 року быў выдадзены загад прэзыдэнта Славацкай Рэспублікі пра наданьне Яну Налепку званьня брыгаднага генэрала (пасьмяротна).
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У месьце Оўруч Яну Налепку збудаваны помнік, ягоным імем названыя вуліца і сярэдняя школа[2].
У 1948 вёска Вандрышаль у раёне Гелніца была перайменаваная ў Налепкава.
Імем Яна Налепкі названыя вуліцы ў Ельску і Лельчыцах, у шматлікіх населеных пунктах Славаччыны і вуліца ў чэскім Брне.
У Ельску захаваўся драўляны аднапавярховы дом (вул. Савецкая, дом № 40), у якім у 1942—1943 мешкаў Ян Налепка, на ім усталяваная мэмарыяльная дошка[3].
У культуры і мастацтве
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Заўтра будзе позна» (па-чэску: Zajtra bude neskoro) — савецка-чэхаславацкі фільм пра Яна Налепку, зьняты ў 1971 року.
- карціна «Герой Савецкага Саюзу капітан Ян Налепка» (палатно, алей). Мастак Н. Я. Бут, 1979.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д Налепка, Ян // Большая Советская Энциклопедия. / под ред. А. М. Прохорова. 3-е изд. том 17. М., «Советская энциклопедия», 1974. стр. 225
- ^ а б в г д Налепка, Ян // Советская военная энциклопедия. / ред. Н. В. Огарков. том 5. М., Воениздат, 1978. стр. 481—482
- ^ а б Ян Налепка / сайт Белорусского государственного музея истории Великой Отечественной войны
- ^ Л. Н. Бычков. Партизанское движение в годы Великой Отечественной войны в 1941—1945 (краткий очерк). М., «Мысль», 1965. стр.317—318
- ^ История Великой Отечественной войны Советского Союза, 1941—1945 (в шести томах). / редколл., П. Н. Поспелов и др. том 3. М., Воениздат, 1961. стр. 342
- ^ Налепка, Ян // Советская историческая энциклопедия / редколл., гл. ред. Е. М. Жуков. том 9. М., Государственное научное издательство «Советская энциклопедия», 1966. стр. 882
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Д. Ю. Белинский, М. Б. Погребинский. Подвиг Яна Налепки. М., 1959.
- Viliam Šalgovič. Ján Nálepka. Martin, «Osveta», 1962.
- Mária Jakubovičová. Učitel Nálepka. Banska Bystrica, 1970.
- Viliam Šalgovič. Kapitán Repkin odchádza. 4 vyd. Bratislava, Obzor, 1976. — 234 s.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Героі краіны (рас.)
- Па сьлядох помнікаў — капітан Ян Налепка (славацк.)
- Марцін Тапак, Аляксандар Карпаў. «Заўтра будзе позна» (1972)
- Нарадзіліся 20 верасьня
- Нарадзіліся ў 1912 годзе
- Памерлі 16 лістапада
- Памерлі ў 1943 годзе
- Героі Савецкага Саюзу
- Кавалеры ордэна Леніна
- Кавалеры ордэна Белага льва (ЧССР)
- Нарадзіліся ў Кошыцкім краі
- Удзельнікі Другой сусьветнай вайны
- Военачальнікі Славаччыны
- Чэхаславацкія вайскаводы
- Антыфашысты
- Памерлі ў Оўручы
- Пахаваныя ў Чарнаўцах
- Асобы на марках