Перайсьці да зьместу

Янгон

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Янгон
Населены пункт
Краіна М’янма
Дата заснаваньня каля 1035
Кіраўніцтва і ўлада
Кіраўнік адміністрацыі Q133890407?[1]
Геаграфія
Плошча
  • 576 км²
Вышыня НУМ 15 м
Часавы пас UTC+6:30
Каардынаты 16°47′42″ пн. ш. 96°09′36″ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць
Афіцыйная мова бірманская мова
Этнахаронімы Rangounaise[3], Rangounais[4] і Jangonano
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код 01
Паштовы індэкс 11181
Сайт ycdc.gov.mm
Янгон на мапе М’янмы
Янгон
Янгон
Янгон

Янгон (па-бірманску: ရန်ကုန်) — найбуйнейшы горад М’янмы, а таксама адміністрацыйны цэнтар аднайменнай акругі. Янгон быў сталіцай краіны да 2006 году, але апасьля вайсковы ўрад пераехаў у новапабудаваны горад Найп’іда, які месьціцца на поўнач ад гораду[5]. Колькасьць насельніцтва Янгону перавышае 7 мільёнаў чалавек, што робіць яго найважнейшым камэрцыйным цэнтрам. У Янгоне месьціцца найвялікшая колькасьць будынкаў каляніяльнай эпохі ўва ўсёй Паўднёва-Усходняй Азіі[6]. Асабліва ўнікальным ёсьць паўднёвая частка, пабудаваная ангельцамі ў XIX стагодзьдзі, якое дасюль ёсьць надзвычай некранутым[7]. Эканамічны цэнтар каляніяльнай эпохі гуртуецца вакол пагады Суле, якой, як мяркуецца, больш за 2 тысячы гадоў[8]. Але самай знакамітай і найбольшай паважанай ёсьць пазалочаная пагада Швэдагон. Горад пакутуе ад браку інфраструктуры, асабліва ў параўнаньні зь іншымі буйнымі гарадамі Паўднёва-Ўсходняй Азіі, як то Джакартай, Бангкокам ці Ханоем. Не зважаючы на тое, што цэнтральная частка гораду рамантуецца і ўдасканальваецца, але большасьць прадмесьцяў знаходзяцца ў занядбаным стане[9].

Янгон быў закладзены ў пачатку XI стагодзьдзя монамі, які на той час засялялі паўднёвую Бірму[10][11]. Першай назвай гораду быў Дагон, а самое мястэчка, пачынаючы з XIV стагодзьдзяў з часоў існаваньня каралеўства Гантавадзі. Сярод вядомых кіраўнікоў Дагону была прынцэса Мага Дэві, якая кіравала горадам з 1364 па 1392 гады[12], і крыху пазьней каралева Шынсобу, якая пабудавала сабе палац у 1460 годзе ля пагады Швэдагон і жыла ў ім да сваёй сьмерці ў 1471 годзе[13].

У 1755 годзе кароль Алаўнгпая, заснавальнік дынастыі Конбаўн, захапіў Дагон і пабудаваў вакол яго паселішчы. Сам жа горад новы кіраўнік назваў Янгонам. У 1790-я гады Брытанская Оста-Індзкая кампанія адкрыла фабрыку ў горадзе. Меркаванае насельніцтва Янгону ў 1823 годзе складала каля 30 тысячаў[14]. Брытанцы захапілі горад падчас Першай ангельска-бірманскай вайны, якая цягнулася з 1824 па 1826 год, але пасьля вайны горад быў вернуты ў кіраваньне бірманскай уладзе. У 1841 годзе Янгон быў зьнішчаны пажарам[15].

Каляніяльны Рангун

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Фатаздымак садоў Рангуна 1868 году.

Брытанцы зноў захапілі Янгон і ўсю Ніжнюю Бірму за часам Другой ангельска-бірманскай вайны 1852 году. Яны ператварылі горад у эканамічны і палітычны цэнтар Брытанскай Бірмы. Пасьля вайны брытанцы перанесьлі сталіцу Брытанскай Бірмы з Малам’яйну ў Янгон[16][17]. Згодна з плянам лейтэнанта Аляксандра Фрэйзэра, брытанцы пашырылі горад, пабудаваўшы новыя раёны на поўдні і захадзе ля ракі Янгон. Горад стаў сталіцай усёй Бірмы пасьля таго, як брытанцы захапілі Верхнюю Бірму паводле вынікаў Трэцяй ангельска-бірманскай вайны 1885 году. Да 1890-х гадоў насельніцтва Янгона павялічылася[18]. Брытанцы пабудавалі ў горадзе шмат шпіталяў, а таксама адкрылі Рангунскі ўнівэрсытэт.

У Янгон быў высланы брытанцамі апошні імпэратар Вялікіх Маголаў Багадур Шаг II пасьля пастаньня сыпаяў 1857 году[19]. Каляніяльны Янгон зь ягонымі прасторнымі паркамі і азёрамі ў спалучэньні з сучаснымі будынкамі і традыцыйнай драўлянай архітэктураў быў шырока вядомы як «Горад-сад Усходу»[18]. Да пачатку XX стагодзьдзя Янгон меў неблагую інфраструктуру нароўні зь Лёнданам[20]. Да Другой сусьветнай вайны каля 55% насельніцтва гораду мелі індыйскае паходжаньне, а бірманцы на той час фармавалі толькі траціну ад усяго насельніцтва[21]. Таксама тут жылі карэйцы, кітайцы, англа-бірманцы ды іншыя.

Разбураны паваенны горад.

Пасьля Першай сусьветнай вайны Янгон стаў цэнтрам руху за незалежнасьць Бірмы. Важную ролю на шляху да незалежнасьці згулялі студэнты сталічнага ўнівэрсытэту. У міжваенны пэрыяд у горадзе адбыліся тры агульнанацыянальныя страйкі супраць брытанскага кіраваньня ў 1920, 1936 і 1938 гадах. З 1942 па 1945 гады Янгон знаходзіўся пад японскай акупацыяй, і быў моцна зруйнаваны. Горад вызвалены быў ў траўні 1945 году, а ўжо 4 студзеня 1948 году стаў сталіцай Бірманскага зьвязу, калі краіна атрымала незалежнасьць ад Вялікабрытаніі[22].

Неўзабаве па здабыцьці незалежнасьці Бірмы ў 1948 годзе шматлікія імёны вуліцаў і паркай каляніяльнай эпохі былі зьмененыя на бірманскія. У 1989 годзе вайсковая хунта зьмяніла ангельскую назву гораду на спрадвечную Янгон[23][24]. З часоў незалежнасьці Янгон значна пашырыўся. У 1950-х гадах горад быў аточаны новымі прадмесьцямі, як то Такетай, Паўночным і Паўднёвым Акалапай. У 1980-я гады зьявіліся Глайнгтая, Швэпійта і Паўднёвы Дагон[15]. На сёньня Вялікі Янгон ахоплівае плошчу блізу 600 км²[25].

Пратэстоўцы на вуліцах Янгону ў 2021 годзе.

За час панаваньня У Нэ Віна, які прытрымліваўся ізаляцыянісцкіх поглядаў, насельніцтва гораду авялічвалася, але гарадзкая інфраструктура дрэнна абслугоўвался і пашыралася. У 1990-я гады больш адкрытая рынкавая палітыка вайсковага ўрада прыцягнула ўнутраныя і замежныя інвэстыцыі, у выніку чаго стан гораду палепшыўся. Некаторыя жыхары гораду былі гвалтоўна выселеныя ў новыя спадарожнікавыя гарады. Шмат якія будынкі каляніяльнага пэрыяду былі зьнесеныя, каб саступіць месца новым гатэлям, офісным будынкам і гандлёвым цэнтрам[26]. Тым ня менш, частка гораду ўсё яшчэ мае цяжкасьці з асноўнымі муніцыпальнымі паслугамі, часам у горадзе бракуе электраэнэргіі, а таксама не заўсёды працуе цэнтралізаваны збор і вывазка сьмецьця.

Янгон быў цэнтрам буйных антыўрадавых пратэстаў у 1974, 1988 і 2007 гадах. У прыватнасьці, за час пратэстаў 8888 было забіта шмат бірманскіх жыхароў, у тым ліку ў сталіцы. Шафранавая рэвалюцыя спарадзіла масавыя расстрэлы і выкарыстаньне крэматорыю ў Янгоне бірманскім урадам дзеля утойваньня доказаў сваіх злачынстваў супраць манахаў, бяззбройных удзельнікаў акцыяў, журналістаў і студэнтаў. У 2020-я гады на жыцьцё ў Янгоне моцна паўплывала пандэмія каранавіруса ды дзяржаўны пераварот 2021 году[27][28]. У горадзе выбухнулі масавыя пратэсты ў адказ на пераварот[29], але новы ўрад здушыў хваляваньні, выкарыстоўваючы ў тым ліку і камэнданцкую гадзіну. Пасьля гэтага эканоміка гораду запаволілася.

Янгон месьціцца ў Ніжняй Бірме на зьліцьці рэкаў Янгон і Бага і за 30 км ад затоцы Маўтама. Дзякуючы свайму месцазнаходжаньню ў дэльце Іравадзі рэльеф гораду пляскаты[30].

Янгон мае трапічны мусонны клімат паводле кліматычнай клясыфікацыі Кёпэна[31]. З траўня па кастрычнік цягнеццца вільготны сэзон, падчас якога выпадае значная колькасьць ападкаў. Зь лістапада па красавік назіраецца засушлівы сэзон. У гэты час значна скарачаецца колькасьць ападкаў. У першую чаргу праз моцныя ападкі ў сэзон дажджоў Янгон аднесены да трапічнага мусоннага клімату. Цягам доўгіх гадоў сярэдняя тэмпэратура нязначна зьмяняецца між розных паравінаў. Гэтак сярэдні максымум тэмпэратуры складае ад 29 да 36 °C, а сярэдні мінімум апускаецца да 18 і 25 °С. Янгон схільны да трапічных цыклёнаў цягам усяго году. У 2008 годзе цыклён Наргіс спрычыніў шмат шкоды гораду, стаўшы найбольш разбуральным у гісторыі сталіцы.

 Кліматычныя зьвесткі для Хартуму 
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 39,0 39,8 40,2 42,2 42,0 40,0 37,8 37,2 38,9 38,0 38,9 35,6 42,2
Сярэдні максымум t, °C 33,1 35,1 36,8 37,7 34,5 31,3 30,6 30,3 31,3 32,7 33,6 32,9 33,3
Сярэдняя t, °C 24,9 26,6 28,9 30,6 29,2 27,3 26,7 26,6 27,0 27,7 27,4 25,4 27,4
Сярэдні мінімум t, °C 16,6 18,1 20,9 23,5 24,0 23,2 22,8 22,8 22,8 22,7 21,1 17,9 21,4
Абсалютны мінімум t, °C 10,0 12,8 15,0 16,0 17,5 18,4 18,5 16,0 17,0 13,5 12,4 9,2 9,2
Норма ападкаў, мм 4,5 3,0 15,1 37,9 333,8 554,0 624,5 562,2 426,8 217,4 52,6 9,2 2841
Вільготнасьць, % 62 66 69 66 73 85 86 87 85 78 71 65 74
Крыніца: «World Meteorological Organization Climate Normals for 1991—2020». World Meteorological Organization, «"Klimatafel von Yangon (Rangun) / Myanmar (Birma)». Deutscher Wetterdienst.

Янгон ёсьць галоўным транспартным цэнтрам краіны, маючы паветранае спалучэньне, чыгунку і наземны транспарт.

Тэрмінал Т2 Янгонскага аэрапорту.

Янгонскі міжнародны аэрапорт, які месьціцца за 19 км ад цэнтру, ёсьць галоўным шлюзам краіны, маючы спалучэньні як з м’янмаўскімі гарадмі, гэтак і зь іншымі краінамі. У аэрапорце маюцца тры тэрміналы. Зь Янгону ладзяцца наўпроставыя рэйсы ў буйныя гарады Азіі, як то Токіё, Шанхай, Сэул, Сынгапур, Ганконг, Куала-Лумпур, Калкату і Дубай. Не зважаючы на тое, што айчынныя авіякампаніі прапануюць паслугі пералётаў у блізу сарака м’янмаўскіх гарадоў, але большасьць з гэтых рэйсаў скіравана на турыстаў. З аэрапорту можна выправіцца ў Баган, Мандалай, Гайга, Нгапалі і сталіцу Найп’іду.

Янгонскі цэнтральны чыгуначны вакзал.

Чыгунка злучае горад з усімі куткамі краіны. Выехаць на чыгункі можна з Цэнтральнага чыгуначнага вакзалу. Горад таксама абслугоўвае колавая чыгунка, якая мае 39 станцыяў і цягнецца на амаль на 46 км. Гэтая сетка злучае горад з прадмесьцямі. Сыстэма звычайна выкарыстоўваецца мясцовым насельніцтвам, а штодня прадаюцца каля 150 тысяч квіткоў[32]. Папулярнасьць гэтай чыгункі падскочыла з таго часу, як урад зьнізіў субсыдыі на бэнзін у жніўні 2007 году[32]. Дзеля падтрыманьня сеткі ў належным стане, у тым ліку з набыцьцём новых вагонаў і мадэрнізацыяй лініі, дапамог урад Японіі, які ў 2917 годзе забясьпечыў фінансаваньне больш чым на 200 мільёнаў даляраў[33].

Аўтобусная сетка і самаходы

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Корак на вуліцы Янгону ў сама розрух.

Янгон мае шырокую сетку аўтадарогаў, якая цягнецца амаль на 4,5 тысячы км. Аднак многія дарогі знаходзяцца ў дрэнным стане і недастаткова шырокія, каб зьмясьціць усё большую колькасьць самаходаў[34]. Пераважная большасьць жыхароў Янгона ня можа дазволіць сабе мець аўто, таму карыстаецца шырокай аўтобуснай сеткай. У горадзе абслугоўваюцца больш за 300 дзяржаўных і прыватных аўтобусных лініяў, на якіх працуюць каля 6300 аўтобусаў, перавозячы больш за 4,4 мільёнаў пасажыраў штодня[35]. Усе аўтобусы і 80% таксовак у Янгоне працуюць на звадкаваным прыродным газе, бо ўрад з 2005 году спрабуе ашчадзіць грошы на імпартную нафту[36]. Маторны транспарт у Янгоне вельмі дарагі для большасьці грамадзянаў, паколькі ўрад дазваляе штогод увозіць толькі некалькі тысячаў аўтамабіляў у краіну, насельніцтва якой сягае больш за 50 мільёнаў чалавек[37].

Тым ня менш, у краіну трапляюць і незаконна імпартаваныя аўтамабілі, якія таннейшыя прыблізна ўдвая за афіцыйна транспартаваныя самаходы. Зрэшты, выкарыстаньне аўтамабіляў у Янгоне ўзрастае, што ёсьць прыкметай росту прыбыткаў жыхароў. Гэта выклікае зьяўленьне коркаў на вуліцах Янгону, якія не прыдатныя да вялікай колькасьці самаходаў. У 2011 годзе ў Янгоне мелася каля 300 тысячаў зарэгістраваных аўтамабіляў у дадатак да невядомай колькасьці незарэгістраваных транспартных сродкаў[34].

  1. https://burmese.dvb.no/post/454978
  2. http://www.demographia.com/db-worldua.pdf
  3. https://web.archive.org/web/20220920163624/http://cnig.gouv.fr/wp-content/uploads/2020/02/CNT-PVM_r%C3%A9vis%C3%A9_2020-01-27-1.pdf
  4. http://cnig.gouv.fr/wp-content/uploads/2020/02/CNT-PVM_r%C3%A9vis%C3%A9_2020-01-27-1.pdf
  5. «Burma’s new capital stages parade». BBC News.
  6. Martin, Steven (30.03.2004). «Burma maintains bygone buildings». BBC News.
  7. «As Myanmar Modernizes, Architectural Gems Are Endangered». NPR.
  8. De Thabrew, W. Vivian (11.03.2014). «Buddhist Monuments And Temples of Myanmar And Thailand». AuthorHouse. — ISBN 9781491896228.
  9. «Rapid migration and lack of cheap housing fuels Yangon slum growth». Myanmar Now.
  10. Smith-Forbes, Charles James Forbes (1882). «Legendary History of Burma and Arakan». The Government Press. — С. 20.
  11. Harvey, G. E. (1925). «History of Burma: From the Earliest Times to 10 March 1824». London: Frank Cass & Co. Ltd. — С. 368.
  12. Pan Hla, Nai (2005) [1968]. «Razadarit Ayedawbon». Yangon: Armanthit Sarpay. — С. 54.
  13. Morse, Jedidiah; Morse, Richard C. (Richard Cary); Converse, S. (1823). «A new universal gazetteer, or geographical dictionary». University of California Libraries.
  14. Great Britain. India Office; Hunter, William Wilson; Cotton, James Sutherland; Burn, Richard; Meyer, William Stevenson (1907). «Imperial gazetteer of India». University of California Libraries. Oxford : Clarendon Press.
  15. 1 2 Kyaw Kyaw (2006). Frauke Krass; Hartmut Gaese; Mi Mi Kyi (eds.). «Megacity yangon: transformation processes and modern developments». Berlin: Lit Verlag. — С. 333—334. — ISBN 978-3-8258-0042-0.
  16. «Burma maintains bygone buildings». BBC.
  17. «Moulmein, first British capital of Myanmar, back on the tourist map». The Hindu.
  18. 1 2 «Yangon Summary Review and Analysis». Bookrags.
  19. «Remembering the last Mughal emperor». BBC.
  20. Falconer, John; et al. (2001). «Burmese Design & Architecture». Hong Kong: Periplus. — ISBN 978-962-593-882-0.
  21. Tin Maung Maung Than (1993). «Indian Communities in south-east Asia — Some Aspects of Indians in Rangoon». Institute of south-east Asian Studies. — С. 585—587. — ISBN 9789812304186.
  22. Grace, John D. (2017). «Heads of State and Government». Palgrave Macmillan UK. — С. 606. — ISBN 9781349657711.
  23. Who, What, Why? (26.09.2007). «Should it be Burma or Myanmar?». BBC News.
  24. «Background Note: Burma». Bureau of East Asian and Pacific Affairs, US Department of State.
  25. «Third Regional EST Forum: Presentation of Myanmar». Singapore: Ministry of Transport, Myanmar.
  26. Edward Blair (1.05.2006). «Beyond Rangoon». The Irrawaddy.
  27. «Myanmar locks down Yangon region after record jump in COVID cases». Al Jazeera.
  28. «Life in Myanmar’s Yangon after COVID and a coup». Deutsche Welle.
  29. «Anti-coup mass protests take place in cities across Myanmar». Myanmar Now.
  30. Murray, N.J.; Clemens, R.S.; Phinn, S.R.; Possingham, H.P.; Fuller, R.A. (2014). «Tracking the rapid loss of tidal wetlands in the Yellow Sea». Frontiers in Ecology and the Environment. 12 (5): 267—272. — doi:10.1890/130260.
  31. Peel, M. C. and Finlayson, B. L. and McMahon, T. A. (2007). «Updated world map of the Köppen-Geiger climate classification». Hydrol. Earth Syst. Sci. 11 (5): 1633—1644. — doi:10.5194/hess-11-1633-2007.
  32. 1 2 Yeni (30.01.2008). «The Railway Bazaar». The Irrawaddy.
  33. «Myanma Railways to upgrade circle line with Japanese loan». The Myanmar Times.
  34. 1 2 «Discussion on a 30-Year Development Plan for Yangon». Weekly Eleven.
  35. Yan Naing Hein. «First private bus line in Yangon launched». The Myanmar Times.
  36. Wai Moe (14.10.2008). «Rangoon Commuters Afraid of Gas Explosions». The Irrawaddy.
  37. «Burmese Economy Is an Obstacle to Aid». The New York Times.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]