Перайсьці да зьместу

Юры Попка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Ягор Попка»)
Юры Попка
1950 год
1950 год
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Б. Жубровіч, Юры Жывіца
Нарадзіўся 7 кастрычніка 1912
хутар Высокі Груд, Пружанскі павет, Гарадзенская губэрня
Памёр 1 (29) красавіка 1990
Ляймэн, зямля Бадэн-Вюртэмбэрг, Нямеччына
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці журналіст, рэдактар, выдавец
Мова беларуская
Дэбют «Восеньню» (1938)

Ю́ры (Яго́р) По́пка (7 кастрычніка 1912, хутар Высокі Груд Пружанскага павету, Расейская імпэрыя — 29 красавіка 1990, Ляймэн, Нямеччына) — беларускі нацыяналіст, выдавец, пісьменьнік. Псэўданімы: Б. Жубровіч, Юры Жывіца.

Нарадзіўся на хутары Высокі Груд Гарадзечанскай воласьці (Пружанскі павет). Бацька — Сымон Попка зь вёскі Брады, маці — Ганна Іванюковіч з Прылуччыны. Меў чатырох старэйшых сясьцёр: Марылю (памерла ў маладым узросьце), Антаніну, Юлю й Серафіму.

З пачаткам Першай сусьветнай вайны сям’я выехала ва Ўкраіну, у Харкаўскую губэрню. Адсюль бацька зьехаў у Мурманск на працу. Пасьля сканчэньня вайны вярнуліся ў Высокі Груд.

Юры захапіўся беларускасьцю падчас навучаньня ў польскай гімназіі, набываў беларускія газэты, календары. У 30-я рокі скантактаваўся зь беларускімі студэнтамі Віленскай гімназіі.

Падчас нямецкае акупацыі ўзначальваў аддзел працы і сацыяльнага забесьпячэньня ў Пружанах, заснавальнік і старшыня Пружанскага аддзелу Беларускага Камітэту (1943—1944). Аддзел разьмяшчаўся на рагу Царкоўнай і Гімназіяльнай вуліцаў. За час ягонай дзейнасьці былі адчыненыя беларуская васьміклясная школа ў Пружанах (заняла будынак былой польскай гімназіі), школы ў Арабніках, Чахцы, Агародніках, Купічах, Дабучыне. 27 чэрвеня 1944 року Юры Попка браў удзел у Другім Ўсебеларускім кангрэсе ў Менску[1]. 11 ліпеня 1944 ў сувязі з надыходам Чырвонай арміі выехаў на захад.

Працаваў на фабрыцы ў Цьвітаве, у баўэра ў Шусэнрыдзе(de) (каля Бібэраху-на-Рысе, зямля Бадэн-Вюртэмбэрг). Пасьля адкрыцьця лягераў УНРРА пераехаў у Бібэрах-Бэргергаўзэн, пасьля ў Віндзбэрг.

Актыўна ўдзельнічаў у грамадзка-палітычным жыцьці беларускае эміграцыі ў Нямеччыне. Сябра замежнага сэктару БНП, кіраўнік нацыяналістычнае арганізацыі «Згуртаваньне беларускіх патрыётаў». У 1952—1954 — кіраўнік палітычна-прапагандысцкага аддзелу Галоўнага штабу Беларускага Вызвольнага Фронту (пад псэўданімам Б. Жубровіч).

У 1971 року пераехаў у Ляймэн(de) (пад Гайдэльбэргам), дзе заснаваў ва ўласнай кватэры на Гётэштрасэ, 1 беларускі музэй. Адкрыцьцё адбылося 15 сакавіка 1982 року з удзелам мясцовых беларусаў і мэра Ляймэна Г. Эрхбара. Экспанаты для яго былі сабраныя з усяе Заходняе Нямеччыны: паясы, убраньне, лапці, лыжкі, посуд, кнігі[2]. Выстаўленыя ўзнагароды заснавальніка, атрыманыя ад кіраўніцтва БЦР на эміграцыі, мандат і пасьведчаньне дэлегата II Усебеларускага кангрэсу (1944), творы і пэрыядычныя выданьні, якія выходзілі пад рэдакцыяй Юрыя Попкі і інш.

Помнік загінулым у 1939—1945 беларусам

У 1987 на могілках у раёне Ляймэну Санкт-Ільгене ягонымі стараньнямі быў усталяваны помнік загінулым у 1939—1945 беларусам. Заснаваны ім Інстытут беларусаведы меў на мэце заахвочваньне дасьледаваньняў па гісторыі Беларусі. Тут выдаваліся кнігі Попкі і іншых эміграцыйных беларускіх аўтараў, а ад 1986 року і друкаваны орган «Весткі Інстытута беларусаведы».

Магіла Ю. Попкі

Памёр у 1990 року. Пахаваны на могілках Санкт-Ільгену. На надмагільлі напісаны аповед жыцьця памерлага: «Пасьля Другой усясьветнай вайны мая Радзіма была акупаваная ды падзеленая саветамі-расейцамі й палякамі. У знак пратэсту я не вярнуўся на сваю Радзіму. Аднак сваёй Бацькаўшчыне я застаўся верным. У маім сэрцы й маёй душы да апошніх дзён. На сваёй новай Радзіме, Нямеччыне, у Санкт-Ільгэне я выказваю ўдзячнасьць усім маім сябрам. Жыве Беларусь!»[3]

Сваю маёмасьць запаведаў «самастойнай беларускай дзяржаве»:

« Горад Ляймэн — часовы ўладар маёй маёмасьці. Сапраўдным уладаром станецца самастойная беларуская дзяржава, у якой будзе жыць беларускі народ… Гэтая самастойная беларуская дзяржава мусіць быць незалежнай ад палітыкі іншых краін… Акрамя майго прыватнага дому, дзе месьціцца музэй, я маю яшчэ два дамы. Прыбыткі, што будзе атрымліваць горад Ляймэн за гэтую нерухомасьць, мусяць пакрываць кошты для патрэбаў музэю, беларускага помніка й дагляду за маёй магілай. Рэшта мусіць накіроўвацца на культурныя патрэбы майго народу за мяжой і ў Беларусі, на фінансавую падтрымку «Нямецка‑беларускай арганізацыі сумеснай працы ў галіне культуры», выплату ганарараў ці прэмій пісьменьнікам, мастакам, журналістам ці выдаўцам кніг, што дэманструюць наш беларускі дух, культуру, гісторыю, сёньняшні трагічны час для беларускага народу. »

—Юры Попка

Пасьля ягонай сьмерці экспанаты беларускага музэю з кватэры пераведзеныя ў ляймэнскі краязнаўчы музэй, які таксама знаходзіўся ў раёне Санкт-Ільген. Музэю больш няма.[4]

Літаратурная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы літаратурны твор «Восеньню» надрукаваў у 1938 року ў часопісе «Шлях моладзі», першы артыкул «Пазнавайма родны край!» — тамсама ў 1939. У 1942—1944 — адзін з аўтараў штотыднёвай беларускамоўнай беластоцкай газэты «Новая дарога».

Друкаваўся пад псэўданімам Юры Жывіца. Ва ўласных творах адлюстраваў барацьбу беларускіх партызанаў і падпольнікаў за незалежнасьць Беларусі ў ваенныя і пасьляваенныя рокі.

На эміграцыі заняўся найперш выдавецкай дзейнасьцю. У Рэгенсбургу ў 1947 распачаў выхад бюлетэню «Adradћeńnie» разам зь Янкам Чарнецкім і Станіславам Грынкевічам[5]. Выдаваў таксама газэты і часопісы «Наш сьцяг», «Вехі», «Беларуская праўда». Празь нейкі час рэдагаваў бюлетэні Беларускай Цэнтральнай Рады.

Юры Попка значыцца суаўтарам «Этнаграфічнае мапы Беларусі», на якой да Беларусі аднесеныя Падляшша і ўся паўночная Чарнігаўшчына разам з Чарнігавым[6].

  • Жывіца, Юрый. Пушча шуміць: аповесьць. — 1963.[7]
  • Радаслаў Астроўскі — Прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады, ягонае жыцьцё, праца і змаганьне. — ФРН: «Вехі», 1964.
  • Летапіс Віленскай беларускай гімназіі, 1919—1944: зборная праца / рэд[актар] Юры Жывіца. — 2-е выд., папраўленае і дапоўненае. — ФРН: 1983.[8]
  • Juri Živiza. Śviecić u tumanie: [Roman aus dem Leben des weißruthenischen Volkes, 1939―1949] = Сьвеціць у тумане / aus dem Weißruthenischen von Ferdinand Neureiter. — 1985.
  • Juri Popko, Johannes Paulus (Papa, II.). Briefe an Papst Wojtyla: in bjeloruss. u. dt. Sprache. — Verl. Viechi, 1986.
  • Ostroŭski, R. Bjelorussland im X bis XVI Jahrhundert / aus der bjelorussischen Sprache von Ferdinand Neureiter. — Leimen: Bjelorussisches Institut, 1986. — 37 с.
  • Das Igor-Lied: eine Heldendichtung. Übertragung von Rainer Maria Rilke, der neubjelorussische Text von Ryhor Baradulin mit Vorwort von Jazep Biełavieżski / Übersetzung von Ferdinand Neureiter. — Leimen: Bjelorussisches Institut, 1987. — 73 с.
  • Juri Popko. Briefe an Papst Wojtyla in bjelorussischer und deutscher Sprache Dokumente in bjelorussischer und polnischer Sprache: die Zwei Gesichter des Papstes. — 2. — Bjelorussische Wahrheit, 1988. — 54 с.
  • Juri Popko. Die Wurzeln der bjelorussischen (weißruthenischen) Nation und Kultur / Redakteur Juri Popko; Übersätzung von Ferdinand Neureiter. — Leimen: Bjelorussische Institut, 1988. — 132 с.

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ С. К. Другі Ўсебеларускі Кангрэс. Беларуская палічкаПраверана 16 студзеня 2012 г.
  2. ^ Дзьмітры Крывашэй. Беларусь — краіна эмігрантаў?. Stowarzyszenie Wschodnioeuropejskie Centrum Demokratyczne. Праверана 26 сьнежня 2011 г.
  3. ^ Аляксандар Адзінец. Запавет эмігранта(недаступная спасылка)
  4. ^ Башарымава, Алеся (6 красавіка 2015) Лёс стагоддзя ў лёсе чалавека. Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». — Там быў наш беларускі музей, які арганізаваў у сваёй кватэры наш выдатны пісьменнік Юрый Попка (Жывіца) <…> На жаль, Юрый Попка памёр, і музея больш няма. Праверана 24 жніўня 2018 г.
  5. ^ Юрэвіч Лявон. Бацькаўшчына Гісторыя газэтаў «Бацькаўшчына» й «Беларус» (1947—2000). КамунікатПраверана 26 сьнежня 2011 г.
  6. ^ Володимир Леонюк. Попко Юрій // Словник Берестейщини. — Львів: Видавнича фірма «Афіша», 1996. — С. 252. — ISBN 966-95063-0-1
  7. ^ Запрос: a001="BY-NLB-ar106778" Сводный электронный каталог. Нацыянальная бібліятэка БеларусіПраверана 26 сьнежня 2011 г.
  8. ^ Віленская беларуская гімназія Сводный электронный каталог. Нацыянальная бібліятэка БеларусіПраверана 26 сьнежня 2011 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]