Перайсьці да зьместу

Шанхайская арганізацыя супрацы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «ШАС»)

Каардынаты: 39°54′39″ пн. ш. 116°26′3″ у. д. / 39.91083° пн. ш. 116.43417° у. д. / 39.91083; 116.43417

Шанхайская арганізацыя супрацы
кіт. 上海合作组织

Дзяржавы-ўдзельніцы (зялёным)
Абрэвіятура ШАС
Папярэднік «Шанхайская пяцёрка»
Дата ўтварэньня 15 чэрвеня 2001 (23 гады таму)
Тып міжурадавая
Юрыдычны статус міжнародная арганізацыя
Мэта падтрыманьне міру і бясьпекі
Штаб-кватэра Пэкін, раён Чаоян, вул. Жытань, д. 7
Месцазнаходжаньне Кітай
Дзейнічае ў рэгіёнах Узбэкістан (Ташкент)
Сяброўства 10 дзяржаваў (2024 год)
Афіцыйныя мовы кітайская, расейская
Генэральны сакратар Чжан Мін
Кіраўнік Рэгіянальнай антытэрарыстычнай структуры Яўген Сысоеў
Кіроўны орган Рада кіраўнікоў дзяржаваў
Зьвязаныя кампаніі Рэгіянальная антытэрарыстычная структура
Сайт sectsco.org

Шанхайская арганізацыя супрацы — міжурадавая арганізацыя, заснаваная ў чэрвені 2001 году паводле Дэклярацыі кіраўнікоў 6 дзяржаваў у Шанхаі (Кітай).

На 2022 год Сакратарыят ШАС месьціўся ў Пэкіне (Кітай). Рэгіянальная антытэрарыстычная структура знаходзілася ў Ташкенце (Узбэкістан). На 2024 год у склад ШАС уваходзілі Беларусь, Расея і 8 дзяржаваў Азіі: Індыя (з 2017 году) і Іран (ад 2023 году), Казахстан і Кітай, Кыргыстан і Пакістан (з 2017 году), Таджыкістан і Ўзбэкістан.

  • Рада кіраўнікоў дзяржаваў (РКД). Зьбіраецца аднойчы на год. Прымае рашэньні шляхам узгадненьня пры адсутнасьці пярэчаньня з боку хоць адной дзяржавы-ўдзельніцы. На паседжаньні старшынюе кіраўнік дзяржавы-гаспадыні, што вызначаецца ў парадку расейскага альфабэту назваў дзяржаваў-удзельніцаў ШАС. Зацьвярджае Палажэньні аб дзейнасьці ўстановаў ШАС. Вызначае кірункі дзейнасьці. Зацьвярджае выканаўчага сакратара Сакратарыяту на 3 гады паводле прапановы РСУ. Прызначае кіраўніка РАТС на прапанову яе Рады.
  • Рада старшыняў урадаў (РСУ). Зьбіраецца штогод. Ухваляе каштарыс ШАС. Разглядае справы гаспадарчых узаемінаў. Зацьвярджае намесьнікаў выканаўчага сакратара Сакратарыяту паводле прапановы РМЗС.
  • Рада міністраў замежных справаў (РМЗС). Зьбіраецца за месяц да паседжаньня РКД, якое рыхтуе.
  • Нарады кіраўнікоў ведамстваў. Склікаюцца паводле рашэньня РКД і РСУ. Вядуць справы галіновай супрацы.
  • Рада нацыянальных каардынатараў (РНК). Зьбіраецца тройчы на год. Узначальваецца нацыянальным каардынатарам ад дзяржавы-гаспадыні наступнага паседжаньня РКД. Рыхтуе паседжаньні РКД, РСУ і РМЗС[1].
  • Рэгіянальная антытэрарыстычная структура (РАТС). Месьціцца ў Ташкенце (Узбэкістан). Улучае Раду зь ліку прадстаўнікоў дзяржаваў і Выканаўчы камітэт. Намесьнікі кіраўніка Выканкаму прызначаюцца Радай РАТС. Кіраўнік Выканкаму РАТС прызначае службоўцаў са згоды Рады зь ліку грамадзянаў дзяржаваў-удзельніцаў ШАС з улікам іх долевых унёскаў у каштарыс ШАС. Ажыцьцяўляе збор ад дзяржаваў-удзельніцаў ШАС банка зьвестак і іх выдачу на запыт адказных органаў дзяржаваў пра: 1) будову, правадыроў і ўдзельнікаў, крыніцы і каналы фінансаваньня міжнародных тэрарыстычных, сэпаратысцкіх і экстрэмісцкіх арганізацыяў; 2) стан, зьмяненьне і напрамкі распаўсюду адпаведнай дзейнасьці; 3) няўрадавых арганізацыях і асобах, што аказваюць падтрымку такой дзейнасьці[2].
  • Сакратарыят. Месьціцца ў Пэкіне (Кітай). Забясьпечвае правядзеньне мерапрыемстваў ШАС. Прапануе штогадовы каштарыс ШАС. Пры ім працуюць пастаянныя прадстаўнікі дзяржаваў-удзельніцаў ШАС зь ліку дыпляматаў амбасадаў у Пэкіне.

15 чэрвеня 2001 году ў Шанхаі (Кітай) кіраўнікі Казахстану, Кітаю, Кыргыстану, Расеі, Таджыкістану і Ўзбэкістану падпісалі Дэклярацыю «Аб стварэньні Шанхайскай арганізацыі супрацы» (ШАС). Паводле Дэклярацыі, «у рамках ШАС па чарзе ў кожнай зь яе дзяржаваў-удзельніцаў праводзяцца штогадовыя афіцыйныя сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў і рэгулярныя сустрэчы кіраўнікоў урадаў». У 6-м пункце Дэклярацыі адзначалася, што «ШАС утварылася на падставе Пагадненьняў «Аб умацаваньні даверу ў вайсковай галіне», і «Аб узаемным скарачэньні ўзброеных сілаў у раёне мяжы», падпісаных, адпаведна, у Шанхаі і Маскве ў 1996 і 1997 гадах». Згодна з Дэклярацыяй стваралася Рада нацыянальных каардынатараў, якой даручылі распрацаваць Хартыю ШАС для падпісаньня на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў у 2002 годзе[3]. Адначасна кіраўнікі 6 дзяржаваў падпісалі па-кітайску і па-расейску Пагадненьне «Аб барацьбе з тэрарызмам, сэпаратызмам і экстрэмізмам». Паводле 2-га артыкула Пагадненьня, між Бакамі прадугледжвалася выдача абвінавачаных па адпаведных крымінальных справах. Згодна з 6-м артыкулам «галоўныя адказныя органы Бакоў ... аказваюць адзін аднаму садзеяньне шляхам: 1) абмену зьвесткамі, 2) выкананьня запытаў аб правядзеньні апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў, 3) распрацоўкі і прыняцьця ўзгодненых захадаў для папярэджаньня, выяўленьня і спыненьня дзеяньняў» тэрарызму, сэпаратызму і экстрэмізму «і ўзаемапавяшчэньня аб выніках іх ажыцьцяўленьня». Прыняцьцё адпаведных захадаў на тэрыторыі сваёй дзяржавы прадугледжвалася супраць такіх дзеяньняў, накіраваных супраць іншых Бакоў пагадненьня, і супраць фінансаваньня, паставак узбраеньня і боепрыпасаў, аказаньня іншага садзеяньня асобам і арганізацыям для ўчыненьня такіх дзеяньняў. Таксама прадугледжвалася забарона дзейнасьці па падрыхтоўцы асобаў да ўчыненьня такіх дзеяньняў і абмен адпаведнымі нарматыўнымі прававымі актамі (НПА) і матэрыяламі аб практыцы іх (НПА) прымяненьня. Урэшце Бакі дамовіліся пра абмен досьведам адпаведнай працы і падрыхтоўку сваіх адмыслоўцаў. У 7-м артыкуле Пагадненьня ўдакладнялася, што «галоўныя адказныя органы Бакоў абменьваюцца зьвесткамі, што ўяўляюць узаемную зацікаўленасьць», пра: 1) дзеяньні тэрарызму, сэпаратызму і экстрэмізму, якія рыхтуюцца, учыненыя і выяўленыя, а таксама спыненыя спробы іх учыненьня; 2) падрыхтоўку да ўчыненьня такіх дзеяньняў супраць кіраўнікоў дзяржаваў і іншых дзяржаўных дзеячоў, супрацоўнікаў дыпляматычных прадстаўніцтваў, консульскіх установаў і міжнародных арганізацыяў, а таксама ўдзельнікаў дзяржаўных візытаў, міжнародных і дзяржаўных палітычных і спартовых мерапрыемстваў; 3) арганізацыі, групы і асобаў, якія рыхтуюць і ўчыняюць такія дзеяньні, улучна зь іх мэтай, задачамі і сувязямі; 4) незаконны выраб, набыцьцё, захоўваньне, перадачу, перамяшчэньне, збыт і выкарыстаньне моцных атрутных, выбуховых рэчываў, радыяактыўных матэрыялаў, узбраеньня, выбуховых прыладаў, пальнай зброі, боепрыпасаў, ядзернай, хімічнай, біялягічнай і іншых відаў зброі масавага зьнішчэньня, матэрыялаў і абсталяваньня, якія могуць быць выкарыстаныя для яе стварэньня, з мэтай учыненьня такіх дзеяньняў; 5) выяўленыя і меркаваныя крыніцы фінансаваньня такіх дзеяньняў; 6) відах, спосабах і сродках учыненьня такіх дзеяньняў[4].

7 чэрвеня 2002 году ў Санкт-Пецярбургу (Расея) кіраўнікі 6 дзяржаваў падпісалі Хартыю ШАС на кітайскай і расейскай мовах. Паводле 4-га артыкула Хартыі, бакі ўтварылі 6 установаў ШАС: Раду кіраўнікоў дзяржаваў (РКД), Раду старшыняў урадаў (РСУ), Раду міністраў замежных справаў (РМЗС), Нарады кіраўнікоў ведамстваў, Раду нацыянальных каардынатараў (РНК), Рэгіянальную антытэрарыстычную структуру (РАТС) у Бішкеку (Кыргыстан) і Сакратарыят у Пэкіне (Кітай)[1]. Адначасна кіраўнікі дзяржаваў падпісалі Пагадненьне ШАС «Аб Рэгіянальнай антытэрарыстычнай структуры» (РАТС). Паводле Пагадненьня, у складзе РАТС стварылі Раду і Выканаўчы камітэт. Згодна з 10-м артыкулам Пагадненьня Рада РАТС складалася з прадстаўнікоў адказных органаў дзяржаваў і прымала фінансавыя рашэньні пры адсутнасьці пярэчаньняў з боку хоць аднаго Боку. Паводле 6-га артыкула, РАТС меў садзейнічаць у: 1) падрыхтоўцы і правядзеньні антытэрарыстычных камандна-штабных і апэратыўна-тактычных вучэньняў; 2) адпаведных апэратыўна-вышуковых мерапрыемствах; 3) міжнародным вышуку асобаў, якіх падазраюць у адпаведнай дзейнасьці, дзеля іх прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці; 4) падрыхтоўцы адмыслоўцаў і інструктараў для антытэрарыстычных падразьдзяленьняў[2]. 29 траўня 2003 году ў Маскве (Расея) Рада кіраўнікоў дзяржаваў ШАС вырашыла разьмясьціць РАТС у Ташкенце (Узбэкістан). 17 чэрвеня 2004 году ў Ташкенце кіраўнікі 6 дзяржаваў падпісалі Пагадненьне ШАС «Аб супрацы ў барацьбе зь незаконным абарачэньнем наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў і іх прэкурсораў». Паводле 5-га артыкула Пагадненьня, для абмену зьвесткамі і досьведам працы, заканадаўствам, мэтодыкай і статыстыкай, узорамі і вынікамі дасьледаваньняў вызначалася 10 відаў адказных органаў дзяржаваў: 1) міністэрствы замежных справаў, 2) ведамствы кантролю за абарачэньнем дурманаў, 3) генэральныя пракуратуры, 4) міністэрствы ўнутраных справаў (грамадзкай бясьпекі), 5) органы дзяржаўнай бясьпекі і спэцслужбы, 6) памежныя ведамствы, 7) мытныя ведамствы, 8) міністэрства юстыцыі, 9) міністэрствы аховы здароўя, 10) міністэрствы адукацыі[5].

Рада кіраўнікоў дзяржаваў ШАС (Екацерынбург, 15 чэрвеня 2009 г.)

26 кастрычніка 2005 году ў Маскве старшыні ўрадаў падпісалі Пагадненьне ШАС «Аб узаемадзеяньні пры аказаньні дапамогі ў ліквідацыі надзвычайных сытуацыяў». 15 чэрвеня 2006 году ў Шанхаі падпісалі Пагадненьне ШАС «Аб супрацы ў галіне адукацыі». 16 жніўня 2007 году ў Бішкеку кіраўнікі 6 дзяржаваў падпісалі Дамову ШАС «Аб доўгатэрміновым добрасуседзтве, сяброўстве і супрацы»[6]. Паводле 4-га артыкула Дамовы, «Дамоўныя бакі ня ўдзельнічаюць у саюзах або арганізацыях, накіраваных супраць іншых Дамоўных бакоў, не падтрымліваюць якія-небудзь дзеяньні, варожыя іншым Дамоўным бакам». Адначасна старшыні ўрадаў падпісалі Пагадненьне «Аб супрацы ў галіне культуры». 2 лістапада 2007 году ў Ташкенце яны падпісалі Пагадненьне ШАС «Аб супрацы і ўзаемадапамозе ў мытных справах». 28 жніўня 2008 году ў Душанбэ (Таджыкістан) падпісалі міжурадавае Пагадненьне ШАС «Аб супрацы ў барацьбе зь незаконным абарачэньнем зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». 16 чэрвеня 2009 году ў Екацярынбургу (Расея) падпісалі міжурадавае Пагадненьне ШАС «Аб супрацы ў галіне забесьпячэньня міжнароднай інфармацыйнай бясьпекі». Паводле 3-га артыкула Пагадненьня, Бакі дамовіліся дамагацца міжнароднага кіраваньня Сецівам. Згодна з 5-м артыкулам урады пагадзіліся двойчы на год праводзіць нарады ўпаўнаважаных прадстаўнікоў у Сакратарыяце ШАС наконт сумеснага адказу на пагрозы інфармацыйнай бясьпецы. Пагатоў, паводле 2-га артыкула, у якасьці такіх пагрозаў разглядаліся: «1) распрацоўка і прымяненьне інфармацыйнай зброі, падрыхтоўка і вядзеньне інфармацыйнай вайны; 2) інфармацыйны тэрарызм; 3) інфармацыйная злачыннасьць; 4) выкарыстаньне паноўнага становішча ў інфармацыйнай прасторы на шкоду зацікаўленасьцямі і бясьпецы іншых дзяржаваў; 5) распаўсюд зьвестак, што наносяць шкоду грамадзка-палітычнай і грамадзка-гаспадарчай сыстэмам, духоўнаму, маральнаму і культурнаму асяродзьдзю іншых дзяржаваў; 6) пагрозы бясьпечнаму, устойліваму дзеяньню сусьветнай і нацыянальнай інфармацыйнай інфраструктуры, што мае прыродны і тэхнагенны характар»[7].

Рада кіраўнікоў дзяржаваў ШАС (Уфа, 10 ліпеня 2015 г.)

11 чэрвеня 2010 году ў Ташкенце адбылося падпісаньне міжурадавых Пагадненьняў ШАС «Аб супрацы ў барацьбе са злачыннасьцю» і «Аб супрацы ў галіне сельскай гаспадаркі». 13 верасьня 2013 году ў Бішкеку падпісалі Пагадненьне ШАС «Аб навукова-тэхнічнай супрацы»[6]. 12 верасьня 2014 году ў Душанбэ падпісалі Пагадненьне ШАС «Аб стварэньні спрыяльных умоваў для міжнародных аўтамабільных перавозак», што прадугледжвала адкрыцьцё адпаведных маршрутаў да 2020 году. 10 ліпеня 2015 году ва Ўфе (Расея) падпісалі Пагадненьне ШАС «Аб супрацы і ўзаемадзеяньні па памежных пытаньнях». 9 чэрвеня 2017 году ў ШАС уступілі ўрады Індыі і Пакістану. 15 верасьня 2022 году міністар замежны справаў Ірану і генсакратар ШАС падпісалі Мэмарандум аб абавязках у ШАС, паводле якога ўрад Ірану меў уступіць у Арганізацыю[8]. 4 ліпеня 2023 году Саміт ШАС прыняў урад Ірану ў якасьці ўдзельніка арганізацыі[9].

Генэральныя сакратары

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

28 красавіка 2010 году ўрад Беларусі атрымаў статус партнэра па дыялёгу Шанхайскай арганізацыі супрацы (ШАС). 15 ліпеня 2015 году ўрад Беларусі атрымаў статус назіральніка ў ШАС. 15 ліпеня 2022 году ўрад Беларусі падаў заяўку на ўступ у ШАС у якасьці паўнапраўнага сябра[11]. 16 верасьня 2022 году на зьезьдзе ў Самаркандзе (Узбэкістан) Рада кіраўнікоў дзяржаваў-удзельніц ШАС і ўрад Беларусі падпісалі рашэньне аб пачатку працэдуры прыёму Беларусі ў сябры ШАС. Палажэньне аб прыёме новых сябраў у ШАС ад 11 чэрвеня 2010 году вымагала далучэньня да каля 40 дзейных у ШАС міжнародных дамоваў, што заняло ў Індыі і Пакістану каля 2-х гадоў[12]. 7 ліпеня 2023 году А. Лукашэнка падпісаў Закон аб далучэньні Беларусі да 22-х дамоваў ШАС[13]. 4 ліпеня 2024 году ў Астане (Казахстан) Рада кіраўнікоў дзяржаваў ШАС ухваліла паўнапраўнае сяброўства ўраду Беларусі ў арганізацыі[14].

  1. ^ а б Хартыя ШАС (рас.) // Сакратарыят Шанхайскай арганізацыі супрацы, 2018 г. Праверана 26 лістапада 2018 г.
  2. ^ а б Пагадненьне ШАС «Аб Рэгіянальнай антытэрарыстычнай структуры» (рас.) // Сакратарыят Шанхайскай арганізацыі супрацы, 2018 г. Праверана 26 лістапада 2018 г.
  3. ^ Дэклярацыя «Аб стварэньні Шанхайскай арганізацыі супрацы» (рас.) // Сакратарыят Шанхайскай арганізацыі супрацы, 2018 г. Праверана 26 лістапада 2018 г.
  4. ^ Шанхайскае пагадненьне «Аб барацьбе з тэрарызмам, сэпаратызмам і экстрэмізмам» (рас.) // Сакратарыят Шанхайскай арганізацыі супрацы, 2018 г. Праверана 26 лістапада 2018 г.
  5. ^ Пагадненьне ШАС «Аб супрацы ў барацьбе зь незаконным абарачэньнем наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў і іх прэкурсораў» (рас.) // Сакратарыят Шанхайскай арганізацыі супрацы, 2018 г. Праверана 26 лістапада 2018 г.
  6. ^ а б Сяргей Кізіма. Трынаццаты саміт // Зьвязда : газэта. — 17 верасьня 2013. — № 174 (27539). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Пагадненьне ШАС «Аб супрацы ў галіне забесьпячэньня міжнароднай інфармацыйнай бясьпекі» (рас.) // Сакратарыят ШАС, 2018 г. Праверана 26 лістапада 2018 г.
  8. ^ Іран падпісаў мэмарандум аб уступленьні ў ШАС // БелТА, 15 верасьня 2022 г. Праверана 18 верасьня 2022 г.
  9. ^ Іран афіцыйна ўступіў у Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва // БелТА, 4 ліпеня 2023 г. Праверана 5 ліпеня 2023 г.
  10. ^ Кіраўнікі дзяржаў ШАС прынялі Астанінскую дэклярацыю і яшчэ два дзясяткі рашэньняў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 4 ліпеня 2024 г. Праверана 5 ліпеня 2024 г.
  11. ^ Генэральны сакратар ШАС: атрымана заяўка Беларусі на ўступленьне ў арганізацыю // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 ліпеня 202 г. Праверана 16 ліпеня 2022 г.
  12. ^ Рашэньне аб пачатку працэдуры прыёму Беларусі ў члены ШАС прынята на саміце ў Самаркандзе // БелТА, 16 верасьня 2022 г. Праверана 18 верасьня 2022 г.
  13. ^ Лукашэнка падпісаў закон аб далучэньні Беларусі да 22 міжнародных дагавораў у рамках ШАС // БелТА, 13 ліпеня 2023 г. Праверана 13 ліпеня 2023 г.
  14. ^ Беларусь стала членам ШАС // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 4 ліпеня 2024 г. Праверана 5 ліпеня 2024 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]