Перайсьці да зьместу

Чыунэ Сугіхара

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Чыунэ Сугіхара
杉原 千畝
Віцэ-консул Японіі ў Летуве
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 1 студзеня 1900
Яацу, Гіфу
Памёр: 31 ліпеня 1986 (86 гадоў)
Камакура, Канагава
Сужэнец:
  • Кляўдыя Апалонава (1919—1935)
  • Юкіка Кікуцы (з 1935)
Дзеці: Haruki Sugihara[d]
Адукацыя:
Узнагароды:
Праведнік народаў сьвету (1985)
Крыж камандорскі з зоркай ордэна Адраджэньня Польшчы
Крыж камандорскі з зоркай ордэна Адраджэньня Польшчы
Камандор ордэна Заслуг перад Рэспублікай Польшча
Камандор ордэна Заслуг перад Рэспублікай Польшча
Крыж за ўратаваньне жыцьця
Крыж за ўратаваньне жыцьця

Чыу́нэ Сугіха́ра (па-японску: 杉原 千畝 Sugihara Chiune?, 1 студзеня 1900 — 31 ліпеня 1986) — японскі дыплямат, віцэ-консул Японскай імпэрыі ў Летуве. Падчас II сусьветнай вайны ён дапамог тысячам жыдоў пакінуць краіну, выдаўшы ім транзытныя візы, дзякуючы якім яны трапілі ў Японію. Большасьць уцекачоў былі жыдамі з акупаванай немцамі Польшчы, якія пераехалі ў Летуву. Сугіхара выдаваў візы, рызыкуючы ўласнай кар’ерай і жыцьцём сваім і сваіх сямейнікаў. У 1985 року Ізраіль назваў яго Праведнікам народаў сьвету.

Чыунэ Сугіхара нарадзіўся ў сям’і сярэдняе клясы, быў другім сынам сярод пяці хлопчыкаў і дзяўчынкі[1]. У 1912 скончыў з адзнакай пачатковую школу і працягнуў навучаньне ў аб’яднанай базавай і сярэднай школе. У 1918 паступіў ва ўнівэрсытэт Васэда, дзе вывучыў ангельскую мову. У гэты ж час ён далучыўся да хрысьціянскага братэрства баптысцкага пастара Гары Бакстэра Бэнінгофа.

У 1919, здаўшы экзамэн на стыпэндыю Міністэрства замежных справаў, быў запрошаны на працу ў Харбін, дзе вывучыў таксама расейскую і нямецкую мовы і стаў адмыслоўцаў па дачыненьнях з Расеяй. У Харбіне Сугіхара навярнуўся ў праваслаўе[2] і ажаніўся з Кляўдыяй Сямёнаўнай Апалонавай. Пазьней Чыунэ Сугіхара звольніўся з пасады прадстаўніка Японіі ў Маньчжурыі на знак нязгоды са стаўленьнем японцаў да кітайскага насельніцтва. Працаваў таксама ў аддзеле інфармацыі Міністэрства замежных справаў, перакладнікам у японскай дыпмісіі ў Хельсынках[3].

Колішняе японскае консульства ў Коўне

У 1935 Сугіхара і Кляўдыя Сямёнава разьвяліся; вярнуўшыся ў Японію, Чыунэ ажаніўся другім разам зь Юкіка Кікучы (1913—2008), зь якой мелі чатырох сыноў[4].

У 1939 Сугіхара быў прызначаны віцэ-консулам Японіі ў Коўне (Летува). Сярод ягоных задачаў былі таксама даклады пра перамяшчэньні савецкіх і нямецкіх войскаў[1]. Пасьля акупацыі Летувы Савецкім Саюзам у 1940 року шматлікія жыдоўскія ўцекачы з Польшчы і летувіскія жыды намагаліся атрымаць выязныя візы, безь якіх было немагчыма пакінуць краіну і знайсьці новую, дзе іх маглі б прыняць. Адным з дыпляматаў, хто займаўся дапамогай жыдам, быў прадстаўнік нідэрляндзкай амбасады Ян Звартэндэйк, які дапамагаў ім выехаць праз Кюрасао, карыбскую калёнію Нідэрляндаў, якая не патрабавала ўезнае візы, а таксама яшчэ праз адну калёнію Сурынам. Японскі ж урад на той час патрабаваў ад ахвотных атрымаць уезную візу выкананьня пэўных іміграцыйных працэдураў і наяўнасьці пэўнае сумы грошай, чаму значная большасьць жыдоў не адпавядалі. Сугіхара тройчы зьвязваўся зь Міністэрствам замежных справаў па інструкцыі, і тройчы Міністэрства адмаўлялася зьмякчыць іміграцыйныя патрабаваньні[1].

З 18 ліпеня 1940 року Сугіхара, адчуваючы, што заяўнікі апынуцца ў небясьпецы, калі застануцца ў СССР, параіўшыся зь сям’ёй, вырашыў выдаваць візы на ўласны страх і рызыку. Насуперак інструкцыям ён пачаў выдаваць жыдам дзесяцідзённыя транзытныя візы празь Японію. Улічваючы ягоную пасаду і бюракратызм МЗС Японіі, гэта быў нечываны акт непадпарадкаваньня. Ён таксама дамовіўся пра дазвол на праезд жыдоў па Транссыбірскай магістралі з савецкімі ўладамі, якія бралі за квіток пяцікратны кошт.

Віза, выдадзеная ў 1940 року консулам Сугіхарам, на якой бачны маршрут праз Савецкі Саюз, Цуругу і Кюрасао

Сугіхара працаваў над выдачай візаў 18-20 гадзінаў у дзень да 4 верасьня, пакуль консульства не было зачыненае. За гэты час ён пасьпеў выдаць японскія візы тысячам жыдоў, якія таксама мелі права па іх вывезьці ўласныя сем’і. Цэнтар Сымона Візэнталя ацэньвае агульную колькасьць выратаваных зь ягонай дапамогай уцекачоў прыблізна ў 6000, а колькасьць іхніх нашчадкаў, што засталіся жывымі дзякуючы ягонай ахвярнасьці — у 40 000[1]. Ня ўсе з тых, хто атрымаў японскія візы, пасьпелі зьехаць з СССР, і пазьней былі схопленыя нацыстамі і напаткалі той жа лёс, што й іншых ахвяраў Галакосту.

Дыпляматычны архіў Міністэрства замежных справаў апублікаваў два дакумэнты пра дзейнасьць Сугіхары ў Летуве. У першай ноце, датаванай 5 лютага 1941 року, Чыунэ Сугіхара паведамляе тагачаснаму міністру замежных справаў Ёсуке Мацуоку, што 1500 з 2139 транзытных візаў ён выдаў жыдам і палякам. Другі дакумэнт згадвае пра яшчэ 3448 выдадзеных у Коўне візаў, што агулам складае 5587. Больш за тое, «некаторыя езуіты ў Вільні працягнулі выдаваць візы зь пячаткай і подпісам Сугіхары, якія ён пакінуў перад ад’ездам», што яшчэ павялічвае колькасьць патэнцыйных уцекачоў з Эўропы дзякуючы ягонай дзейнасьці[5].

Мноства ўцекачоў па выдадзеных візах перасеклі Савецкі Саюз да Ўладзівастоку, адкуль пераправіліся ў японскі Кобэ, дзе існавала суполка расейскіх жыдоў. Тут імі апекаваўся польскі амбасадар у Токіё Тадэвуш Ромэр. Са жніўня 1940 да лістапада 1941 ён прадастаўляў візы для палітычнага прытулку ў Канадзе, Аўстраліі, Новай Зэляндыі, Бірме, іміграцыйныя сэртыфікаты ў Брытанскі мандат у Палестыне, іміграцыйныя візы ў Злучаныя Штаты Амэрыкі і некаторыя лацінаамэрыканскія для больш як дзьвюх тысячаў польска-летувіскі жыдоў з Кобэ і Шанхайскага гета. Рэшта ўцекачоў, якая заставалася ў Японіі, пазьней была дэпартаваная ў Шанхай (тады пад уладай Японіі), дзе існавала вялікая жыдоўская суполка. Большасьць з 20 000 жыхароў Шанхайскага гета перажылі Другую сусьветную вайну.

Пасьля Летувы Чыунэ Сугіхара працягнуў дыпляматычную службу ў Празе (Чэхаславаччына), Кёнігсбэргу (Усходняя Прусія, 1941—1942) і Бухарэсьце (Румынія, 1942—1944). Пасьля ўваходу ў Румынію савецкіх войскаў дыплямат зь сям’ёй быў арыштаваны і правёў 18 месяцаў у лягеры для ваеннапалонных. Яны былі вызваленыя ў 1946 і праз Савецкі Саюз выехалі ў Японію. У 1947 Міністэрства замежных справаў паспрасіла яго сысьці ў адстаўку па скарачэньні штатаў. На думку некаторых, у тым ліку жонкі Сугіхары Юкіка, ён быў звольнены праз «той інцыдэнт» у Летуве[5][6].

У кастрычніку 1991 міністэрства паведаміла сям’і Сугіхараў, што звальненьне Чыунэ было праведзенае ў рамках паваеннага ператрахіваньня штату. У дакладной нататцы 24 сакавіка 2006 Міністэрства замежных справаў Японіі дадало, што сьлядоў спагнаньня з Сугіхары дысцыплінарнага пакараньня ня знойдзена, ён звольніўся дабраахвотна, аднак прычыны гэтага «цяжка высьветліць». У сваім мэмарандуме міністэрства ўхваліла Сугіхараў учынак, назваўшы яго «мужным і чалавечным рашэньнем»[6].

Сям’я Сугіхараў пасялілася ў Фудзісаве (прэфэктура Канагава). Каб пракарміць сям’ю, Чыунэ працаваў на розных некваліфікаваных працах, кшталту продажу лямпачак па хатах. У 1947 адбылася трагедыя: у сямігадовым узросьце сканаў ягоны наймалодшы сын. Пазьней Чыунэ ўладкаваўся генэральным дырэктарам у аддзяленьне замежнае кампаніі. Карыстаючыся сваімі веданьнем расейскай мовы, 16 гадоў сьціпла жыў і працаваў у СССР, а сям’я заставалася ў Японіі.

Нарэшце ў 1968 яго знайшоў, Ешуа Нішры, эканамічны аташэ ізраільскай амбасады ў Токіё і адзін з выратаваных Сугіхарам жыдоў. У 1940-я Нішры быў падлеткам, які пераехаў у Летуву з Польшчы. У наступным годзе Сугіхара наведаў Ізраіль, дзе быў сустрэты кіраўніцтвам дзяржавы. Удзячныя яму перасяленцы пачалі дамагацца ягонага ўключэньня ў мэмарыял Яд Вашэму.

У 1985 Чыунэ Сугіхара атрымаў званьне Праведніка народаў сьвету ад ізраільскага ўраду. На той час ён ужо быў цяжка хворы і ня змог прыехаць на ўшанаваньне, таму замест яго ўзнагароду атрымалі жонка і сын. Чыунэ Сугіхару і ягоным нашчадкам было нададзенае пажыцьцёвае грамадзянства Ізраілю.

У гэтым жа годзе, праз 45 гадоў пасьля савецкага ўварваньня ў Летуву, ён адказаў на пытаньне, чаму вырашыў дапамагчы жыдам:

« Вы хочаце даведацца пра прычыны майго ўчынку, ці ня так? Добра. Гэта такі від суперажываньня, які б адчуў кожны, хто ўбачыў у твар гэтых уцекачоў, што прасілі са сьлязьмі на вачох. Каб і ня змог дапамагчы, дык суперажываў бы ім. Сярод уцекачоў былі і старыя, і жанчыны. Яны былі ў такой роспачы, што нават кідаліся цалаваць мае пантофлі, так, я насамрэч назіраў падобнае на ўласныя вочы. Да таго ж я ў той час адчуваў, што японскі ўрад у Токіё ня меў вызначанага меркаваньня. Некаторыя японскія вайскаводы былі ажно наляканыя пад ціскам нацыстаў; а іншыя чыноўнікі былі проста абыякавыя.

Людзі ў Токіё не былі аб’яднаныя. Я разумеў, што дамаўляцца зь імі недарэчна. Таму я вырашыў не чакаць на іхні адказ. Я ведаў, што нехта пэўна паскардзіцца на мяне пасьля. Але я лічыў, што зраблю годную справу. Няма нічога заганнага ў тым, каб уратаваць мноства чалавечых жыцьцяў… Дух гуманнасьці, філянтропіі… добрасуседзтва… з гэтым духам я рызыкнуў зьдзейсьніць тое, што зьдзейсьніў, апынуўшыся ў надзвычай складанай сітуацыі — і з гэтае прычыны я дзейнічаў з падвоенай адвагай.[5]

»

Сугіхара памёр у шпіталі ў Камакуры ў 1986 року. Нягледзячы на пашану, аказаную яму ў Ізраілі й іншых краінах, дома ён застаўся амаль невядомым. Толькі калі на ягонае пахаваньне прыбыла вялізная дэлегацыя жыдоў з усяго сьвету, у тым ліку амбасадар Ізраілю ягоныя суседзі даведаліся пра ягоны подзьвіг[6].

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Праваслаўны абраз Чыунэ Сугіхары

Імем Чыунэ Сугіхары названыя вуліцы ў летувіскіх Вільні і Коўне, а таксама ў Тэль-Авіве (Ізраіль). Ягонае імя носіць астэроід 25893 Сугіхара.

У родным месьце Сугіхары — Яацу — пастаўлены помнік, а ў Коўне дзейнічае дом-музэй[7].

Пасьмяротна ўзнагароджаны летувіскім Крыжам выратаваньня жыцьця (1993), Камандорскім крыжам Ордэна заслуг Польскай рэспублікі (1996)[8] і Камандорскім крыжам з зоркай ордэна адраджэньня Польшчы (2007)[9].

У 1997 Крыс Ташыма і Крыс Донаг’ю зьнялі пра Чыунэ Сугіхару фільм «Візы і цнота», які атрымаў прэмію Акадэміі за найлепшы кароткамэтражны гульнявы фільм[10].

  1. ^ а б в г Tenembaum B Sempo "Chiune" Sugihara, Japanese Savior (анг.). The International Raoul Wallenberg Foundation. Праверана 2011-04-03 г.
  2. ^ Keeler S (2008) A Hidden Life: A Short Introduction to Chiune Sugihara (анг.) pravmir.com Праверана 2011-04-03 г.
  3. ^ Yukiko Sugihara. Visas for life (анг.). — Edu-Comm Plus, 1995. — ISBN 0-9649674-0-5
  4. ^ Anne Frank au Pays du Manga — Diaporama : Le Fils du Juste (фр.), Arte, 2012
  5. ^ а б в Levine, Hillel. In search of Sugihara: the elusive Japanese diplomat who risked his life to rescue 10,000 Jews from the Holocaust. — New York: Free Press, 1996. — ISBN 0-684-83251-8
  6. ^ а б в Lee, Dom; Mochizuki, Ken. Passage to Freedom: The Sugihara Story (анг.). — New York: Lee & Low Books, 2003. — ISBN 1-58430-157-0
  7. ^ Sugihara House Museum (анг.) Праверана 2011-04-03 г.
  8. ^ 1996 Order of Merit of the Republic of Poland (анг.) (pdf) Праверана 2011-04-03 г.
  9. ^ 2007 Order of Polonia Restituta (анг.) (pdf) Праверана 2011-04-03 г.
  10. ^ Visas and Virtue (2001) - IMDb (анг.) Праверана 2011-04-03 г.
Удава Сугіхары з прэзыдэнтам Летувы Валдасам Адамкусам на пасадцы дрэваў у Вільні (2001)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чыунэ Сугіхарасховішча мультымэдыйных матэрыялаў