Перайсьці да зьместу

Часовая Ірляндзкая Рэспубліканская Армія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Часовая ірляндзкая рэспубліканская армія
ваенізаваная арганізацыя, палітычная арганізацыя
Дата заснаваньня / стварэньня1969 Рэдагаваць
Назва арыгінальнай мовайProvisional Irish Republican Army, Sealadach Óglaigh na hÉireann Рэдагаваць
КраінаІрляндыя, Паўночная Ірляндыя Рэдагаваць
Палітычная ідэалёгіяірляндзкае рэспубліканства, левы нацыяналізм, Аб’яднаная Ірляндыя, ірляндзкі нацыяналізм Рэдагаваць
Ключавая падзеявыбух у Брусэлі 1979 году Рэдагаваць
Мае сьпіслетапісны сьпіс дзеяньняў Часовых добраахвотнікаў Ірляндыі Рэдагаваць

Часовая Ірляндзкая Рэспубліканская Армія (ірл. Sealadach Óglaigh na hÉireann — Часовыя добраахвотнікі Ірляндыі) — крыло Ірляндзкай рэспубліканскай арміі, створанае ў 1969 годзе.

Падставай для расколу сталі рознагалосьсі з нагоды ўдзелу або няўдзелу ў афіцыйных органах улады Паўночнай Ірляндыі (парлямэнцкія выбары) і ў мэтадах адказу на эскалацыю гвалту. Гэтыя рознагалосьсі шырока абмяркоўваліся ў найвышэйшым органе ІРА, Радзе войска (па-ангельску: Army Council).

Прыстаўка «часовая» падкрэсьлівае абмежаванае ў часе выкарыстаньне тэрарызму. У дакумэнце «Наша стратэгія. Як выйграць вайну» гаворыцца: «Ваенная акцыя пры вызначаных акалічнасьцях у вызначанай сытуацыі — адзіны тып рэалістычнай палітычнай акцыі… партызаны ведаюць, што час гісторыі працуе на іх, што сілы гісторыі на баку партызан». Ідэалягічнае апраўданьне змаганьня ЧІРА знаходзіць у ідэях сацыялізму, нацыяналізму, узьяднаньня Ірляндыі. Сваю дзейнасьць уяўляе як абарону «каталіцкіх гета ад ангельскіх салдатаў і пратэстанцкіх ультра». Галоўнай мішэньню тэрору было абвешчана Брытанскае войска.

У 1969 годзе ў Паўночнай Ірляндыі пачаліся так званыя Troubles (цяжкасьці) — масавыя сутыкненьні паміж каталікамі і пратэстантамі з-за пачатай прыхільнікамі незалежнасьці Ольстэру кампаніі за грамадзянскія правы. У адказ з ІРА, гатовай на кампраміс і ўдзел у выбарах, вылучылася больш жорсткае крыло — Часовая ІРА, а брытанцы ўвялі войскі.

У канцы 1970-х брытанская стратэгія змаганьня з ірляндзкім сэпаратызмам абвалілася. Ангельцы апынуліся не гатовыя да новай дактрыны ЧІРА, распрацаванай у 1977 годзе — так званай «канцэпцыі доўгай вайны». Як казалі рэспубліканцы, калі ў пачатку 70-х было адчуваньне, што доўгачаканае вызваленьне вось-вось адбудзецца, то празь некалькі гадоў ім прыйшлося ўсьвядоміць, што гэта хуткім часам не здарыцца, і трэба рыхтавацца да доўгай вайны па іншых правілах.

Да рэформаў баевікі ІРА былі разьмеркаваныя па ротах, якія звычайна складаліся з 30 чалавек. Роты былі згрупаваныя ў батальёны, якія ўключалі як валянтэраў (актыўных тэрарыстаў), так і памагатых. Гэтыя памагатыя былі патрэбныя на выпадак масавых міжрэлігійных сутыкненьняў. У Бэлфасьце і Дэры батальёны былі згрупаваныя ў брыгады. ЧІРА прынцыпова выкарыстала ваенную тэрміналёгію і структуру, што было ідэалягічна матываванае як адпраўленьнем да часоў паўстаньня 1916 году, пасьля якога Ірляндыя атрымала незалежнасьць, так і пахвальным параўнаньнем з рухам супраціву ў Францыі падчас Другой сусьветнай.

З аднаго боку, дзякуючы ваеннай структуры ЧІРА мела большы кантроль над сваімі падразьдзяленьнямі і як сьледзтва магла праводзіць больш маштабныя апэрацыі, чым іншыя групоўкі. Зь іншага, у гэтай структуры была праблема — у першую чаргу, занадта шмат людзей ведала, хто ёсьць хто ў ЧІРА. Акрамя таго, дзяленьне на роты патрабавала вербаваньня занадта шматлікіх неправераных людзей, зьмешваючы тых, хто займаўся арганізацыйнай працай, з тымі, хто праводзіў апэрацыі. Рэарганізацыя ў першую чаргу кранула баевікоў: іх аб’ядналі ў ячкі. Тут ЧІРА скарысталася прыкладам партызанскіх арганізацыяў Лацінскай Амэрыкі, якія дзейнічалі па прынцыпах ячкаў у 1960-я гады. Гэта значыць калі раней стралок ведаў ня толькі вышэйстаячых камандзіраў, але і падрыўнікоў, забесьпячэнцаў і чальцоў іншых падразьдзяленьняў, зараз ён падтрымліваў кантакт толькі з трыма-чатырма чальцамі свае ячкі. ЧІРА назвала іх ASU (па-ангельску: Active Service Units — падразьдзяленьні актыўнай службы).

Толькі камандзір ASU кантактаваў з вышэйстаячым узроўнем арганізацыі. Было зьнішчана дзяленьне на роты, батальёны таксама распусьцілі. Засталіся толькі брыгады ў Бэлфасьце і Дэры. Затое былі адукаваныя малодшыя па колькасьці групы, дзе толькі камандзір і памагаты ведалі ўсе дэталі будучае апэрацыі. Яны аддавалі загады ASU, а таксама іншым групам, якія адказвалі за сачэньне за аб’ектам, крадзяжы машын і г. д. Ячкі атрымалі спэцыялізацыю: выведка, узброеныя напады, мінаваньне, рабаваньні, контрвыведка. У цяперашні час ЧІРА як адзін з спосабаў дзейнасьці выкарыстоўвае тактыку мабільных баявых групаў, якія складаюцца з 3—4 мужчын і жанчыны. Мужчыны рыхтуюць акт і забясьпечваюць бясьпеку жанчыны, яе роля — забойства. Баевікі ЧІРА дзейнічаюць на аснове Статуту, які выкладае задачы арганізацыі, абавязкі і правілы паводзінаў чальца ЧІРА. Беспрацоўныя чальцы ЧІРА атрымліваюць дараваньне 20 фунтаў стэрлінгаў у тыдзень.

Колькасьць актыўных чальцоў ЧІРА ўпала з 1000 у 1970-я гады да 250 баевікоў празь дзесяць гадоў. Але эфэктыўнасьць групоўкі толькі вырасла.

У 1980-х адбываўся колькасны рост арганізацыі. Лік актыўных чальцоў вырас двухразова ў параўнаньні з 1970-мі, склаўшы 500 чалавек. У 1990-я адбылося некаторае паніжэньне колькасьці арганізацыі — да 300—400 баевікоў. Яшчэ некалькі сотняў чалавек займаюцца забесьпячэньнем, выведкай. ЧІРА ў свае дзейнасьці абапіраецца на некалькі тысячаў нерэгулярных чальцоў і тых якія спачуваюць.

У верасьні 1994 году ЧІРА абвясьціла аб спыненьні «ваенных акцыяў» і прапанавала правесьці перамовы, на што брытанскі ўрад адказаў адмовай. У хуткім часе ЧІРА ізноў зьвярнулася да тэрору, зрабіўшы ў ходзе 1996—1997 гадоў сэрыю выбухаў і забойстваў; асабліва маштабная тэрарыстычная апэрацыя была праведзеная падчас перадвыбарчае кампаніі 1997, што стала адной з прычынаў паразы кансэрватараў, якія не жадалі пайсьці на перамовы. Пераможца — лейбарыст Тоні Блэр, пагадзіўся правесьці перамовы, якія ад асобы ЧІРА вёў лідэр легальнага крыла ЧІРА — партыі «Шын Фэйн» Джэры Адамз, у той час як баявыя структуры ЧІРА ўзначальваў Марцін Макгінэс. Незадаволеныя перамір’ем чальцы арганізацыі пакінулі шэрагі Часовай ІРА пры канцы 1997 году і сталі клікацца Рэальнай ІРА (Real IRA).

Тэрарысты атрымоўваюць фінансавую і палітычную дапамогу ад ірляндзкай дыяспары ЗША на ўмовах адмовы ад супрацоўніцтва зь левымі радыкаламі; таксама фінансаваньне арганізацыі ажыцьцяўляецца Лібіяй і самафінансаваньнем (рабаваньне банкаў, збор ахвяраваньняў). Бюджэт у 1970-х дасягаў 1 000 000 фунтаў у год, у 1980-х — вырас да 6 000 000 фунтаў у год.

Зь Лібіі і з боку ААП у Ірляндыю паступае зброя і выбухоўка. Асноўны канал дастаўкі — марская кантрабанда. На ўзбраеньні тэрарысты маюць аўтаматы, чэскую плястыкавую выбухоўку, гранатамёты РПГ-7, мінамёты. На тэрыторыі іншых краінаў ЧІРА супрацоўнічае з басконскай арганізацыяй ЭТА, рэвалюцыйнымі ячкамі (Нямеччына), мае сэтку прыхільнікаў у Галяндыі і Бельгіі.

  • Студзень 1971: байцамі ЧІРА праводзіцца сэрыя з 40 выбухаў
  • 6 лютага 1971: у выніку перастрэлак у гарадох Эрдайн і Клонард забіты 1 брытанскі салдат і 2 баевікі ЧІРА
  • Красавік 1971: байцы ЧІРА правялі 37 выбухаў
  • Травень 1971 г. — 47 выбухаў.
  • Чэрвень 1971 г. — 50 выбухаў.
  • 9-11 жніўня 1971 г. — Баевікамі забіта 23 чалавекі, усяго за месяц — 35.
  • 10 ліпеня 1972 г. — Адбываецца 146 перастрэлак байцоў ЧІРА і вайсковых фармаваньняў, падчас якіх зарэгістравана 10 забітых і дзясяткі параненых.
  • 8 сакавіка 1973 г. — Баевікі праводзяць першы тэрарыстычны акт на тэрыторыі мэтраполіі: каля будынка суду ў Олд-Бэйлі быў выраблены выбух (1 чалавек загінуў), у выніку выбухаў на Трафальгардзкім пляцы 243 чалавекі паранена; у далейшым праводзяцца тэракты супраць чальцоў брытанскага кабінэта, вайскоўцаў і грамадзянскіх асобаў, нападам падвэргнуліся тры прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі: Хіт, Тэтчэр, Мэйджар
  • Ліпень 1972 г. — 19 бомбаў падарвана ў Бэлфасьце, пры гэтым загінула 9 чалавек і 130 паранена.
  • 1974 г. — Байцы ЧІРА зрабілі замах на прэм’ер-міністра Хіта.
  • Люты 1974 г. — Ажыцьцяўлены выбух брытанскага ваеннага аўтобуса, 12 салдат загінула.
  • Лістапад 1975 г. — Забіты рэдактар «Кнігі рэкордаў Гінэса».
  • 21 ліпеня 1976 г. — У Дубліне забіты ангельскі амбасадар.
  • 30 сакавіка 1979 г. — Забіты ценявы міністар па справах Паўночнай Ірляндыі Э. Ніў. Яго аўтамабіль быў падарваны пры выезьдзе з гаража Ўэстмінстэрскага палаца.
  • Люты 1978 г. — Баевікамі падарваны рэстаран у Бэлфасьце: 12 чалавек загінула і 30 паранена.
  • Жнівень 1979 г. — Забойства лорда Маўнтбатэна.
  • Люты 1980 г. — Забіты вайсковы палкоўнік.
  • Лістапад 1981 г. — Забіты сьвятар Робэрт Брэдфард.
  • 20 ліпеня 1982 г. — Баевікі правялі сэрыю выбухаў у Лёндане: у Гайд-парку загінулі 2 салдаты; у Рыджэс-парку забіта 6 ваенных музыкаў.
  • Сьнежань 1983 г. — Партызаны арганізавалі выбух перад унівэрмагам «Харадас» у Лёндане, у выніку чаго 5 чалавек загінула і 37 паранена.
  • 1984 г. — выбух у «Гранд-гатэлі» (Брайтан), на зьезьдзе Кансэрватыўнай партыі, 32 — паранена і 6 загінула.
  • Люты 1985 г. — Баевікамі абстраляны г. Ньюры з гаўбіцы, 9 чалавек загінула і 37 паранена.
  • Сакавік 1987 г. — Падарваны афіцэрскі клюб у ФРН, паранена 27 немцаў і 4 ангельцы.
  • 1989 г. — Баевікамі ва ўсіх апэрацыях за год забіта 54 чалавекі.
  • 1990 г. — Забіта 44 чалавекі.
  • 28 лютага 1993 г. — Выбух на станцыі «Лёндан-брыдж», 29 параненых.
  • 9 лютага 1996 г. — Выбух у Доклэнсе (Лёндан), у выніку чаго 2 чалавекі загінула, 100 паранена.