Перайсьці да зьместу

Купал-цыбуліна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Цыбулепадобны купал»)
Мячэт у Давамандзе (Іран), IX ст.

Купал-цыбуліна (рас. купол-луковица, луковичная глава) — купал, які мае пукатую форму з плыўным завострываньнем у верхавіне і падобны на цыбуліну. Сымбаль расейскай культавай архітэктуры[1][2]. Традыцыйна ўжываецца ў Расеі, Турэччыне, Індыі і на Сярэднім Усходзе. У Беларусі не выкарыстоўваўся да XIX стагодзьдзя[3], калі пачаў насаджацца ўладамі Расейскай імпэрыі ў рэчышчы палітыкі русіфікацыі.

Царква Івана Вялікага ў Маскве, XVI ст.

Купалы-цыбуліны звычайна маюць большы дыямэтар, чым аснова, на якой яны стаяць, а іхная вышыня пераўзыходзіць шырыню. Асноўныя адрозьненьні гэтых купалоў ад традыцыйных для дойлідзтва Беларусі барокавых завяршэньняў сакральных будынкаў — баняў — брак падзелу на грані, просты сылюэт[4].

Маскоўская дзяржава

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле найбольш папулярнага меркаваньня, выкладзенага ў падручніках, даведніках, навуковых і папулярных працах[5], купалы-цыбуліны ўпершыню пачалі выкарыстоўвацца ў архітэктуры Маскоўскай дзяржавы ў другой палове XVI ст. Гэтае датаваньне грунтуецца на тым, што купалы падобнага кшталту, старэйшыя за мяжу XVI—XVII стагодзьдзяў, да нашага часу не захаваліся[6].

Пакроўскі сабор у Маскве, XVI ст.

Як мяркуецца, масавую папулярнасьць купалы-цыбуліны атрымалі толькі ў часе кіраваньня Івана IV Тырана. У 1555—1561 гадох ён па ўзяцьці татарскай Казані збудаваў на Краснай плошчы ў Маскве Пакроўскі сабор. На гэтым саборы ўпершыню ў маскоўскай архітэктуры зьявіліся купалы, падобныя сваёй формай да цыбуліны, да таго ж разнастайна і страката аздобленыя, што падкрэсьліла іх падабенства да ўсходніх галаўных убораў — цюрбанаў[7]. Неадпаведнасьць падобнага разьвязку эўрапейскай эстэтыцы зазначыў францускі дасьледнік архітэктуры Э. Віяле-ле-Д’юк, які назваў гэты храм «кошыкам пачварнай гародніны»[8]. Аднак у далейшым менавіта такая цыбулепадобная форма купалоў вызначыла ўстойлівы вобраз храма артадаксальнага «сапраўды маскоўскага» (рас. истинно русского) веравызнаньня[9].

Мячэт у Паўднёвай Афрыцы, 1880 г.

Звычайна дасьледнікі разглядаюць гэты архітэктурны элемэнт як запазычаньне ў мусульманаў[10][3][11][12][13][14], існуюць і іншыя тлумачэньні[15]. На гэтым фоне асобна вылучаецца меркаваньне расейскага мастацтвазнаўца Сяргея Заграеўскага, што грунтуецца на наступным прынцыпе: «брак архітэктурна-археалягічнай інфармацыі пра купалы-цыбуліны, старэйшыя за XVI ст., ня можа быць інфармацыяй пра брак такіх элемэнтаў у рэчаіснасьці». Паводле сьцьвярджэньня самога дасьледніка, у сваёй працы[5] ён «умоўна давёў», што купалы-цыбуліны ўпершыню пачалі выкарыстоўвацца на тэрыторыі сучаснай Украіны поруч з традыцыйнымі бізантыйскімі завяршэньнямі яшчэ ў XII ст. (у якасьці абгрунтаваньня гэтай гіпотэзы прыводзяцца галіцка-валынскія мініятуры, датаваныя 1164 годам), аднак шырокае пашырэньне яны атрымалі толькі ў другой палове XIII — канцы XVI стагодзьдзяў (часы мангольскай навалы)[5]. У той жа працы[5] Заграеўскі пераканаўча даводзіць, што агучаная некаторымі дасьледнікамі тэорыя паступовай эвалюцыі ад бізантыйскіх да цыбулепадобных купалоў (праз шаломападобныя) ёсьць абсалютна неабгрунтаванай з прычыны браку якіх-кольвек пацьверджаньняў існаваньня купалоў-шаломаў да XVII—XVIII стагодзьдзяў. Менавіта ў гэты час расейскія ўлады пачалі масава замяніць на шаломы старыя цыбулепадобныя купалы з мэтай стылізацыі ўласных цэркваў «пад даўніну».

Літоўскі (беларускі) купал-баня з 4-канцовым сонцакрыжам і маскоўская (расейская) цыбуліна з 8-канцовым маскоўскім крыжам

На тэрыторыі сучаснай Беларусі купалы-цыбуліны пачалі ўжывацца па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў, у рэчышчы палітыкі маскалізацыі і дээўрапеізацыі, што праводзіліся пад кіраўніцтвам Мураўёва-вешальніка. З гэтага часу ўсякая новая бажніца Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі мусіла адпавядаць сэрыі тыповых праектаў цэркваў-мураўёвак на 150—185, 250—300 або 450—500 чалавек. У 1863 годзе выйшаў «Збор тыповых праектаў пабудовы праваслаўных цэркваў у Беларускіх губэрнях», укладзены архітэктарамі Чагіным і Рэзанавым[13].

У наш час Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату масава насаджае купалы-цыбуліны на помнікі архітэктуры Беларусі, што зьяўляецца парушэньнем дзейнага заканадаўства ў сфэры аховы помнікаў. Новыя цэрквы таксама будуюцца пераважна з купаламі-цыбулінамі.

На думку беларускага мастацтвазнаўца Сяргея Харэўскага, сёньняшняе жаданьне Маскоўскага патрыярхату прыдаць як мага больш экзатычны, нетутэйшы выгляд сваім храмам на Беларусі зьяўляецца працягам русіфікацыйнай палітыкі, распачатай уладамі Расейскай імпэрыі[13].

Архітэктар-рэстаўратар Уладзімер Папруга зьвяртае ўвагу на тое, што мэтай насаджэньня купалоў-цыбулінаў ёсьць зьнішчэньне культурных асаблівасьцяў Беларусі[12]:

« І што такое нацягваньне расейскіх «цыбулін» на беларускія храмы, якія да Маскоўскай патрыярхіі нічога агульнага ня мелі ад пачатку? Гэта фактычна тая ж мэтафара — як зь Беларусі зрабіць Расею, то бок пазбавіць яе сваёй мовы. Калі чалавек мяняе свой унутраны код, пераходзіць на іншую мову, ён робіцца іншым. Калі мы на беларускія храмы нацягваем расейскія «цыбуліны», яны робяцца Расеяй. Гэта такі мэтадалягічны асыміляцыйны прынцып. »

Да XVIII ст. Маскоўскай царква, увогуле, не надавала нейкага сымбалізму царкоўным купалам[16].

У 1917 годзе зьявілася тлумачэньне, што купалы-цыбуліны ў маскоўскай традыцыі ўвасабляюць ідэю глыбокага малітоўнага гарэньня да нябёсаў, празь якое зямны сьвет, нібы, робіцца датычным да тагасьветнага багацьця. Гэта стварае вобраз расейскага храма як «языка полымя, што сканчаецца крыжам»[17][18].

Аднак як падкрэсьлівае Заграеўскі[5]:

Усякі пошук сымболікі тых або іншых формаў праваслаўных храмаў у адрыве ад дасьледаваньня шляхоў генэзы гэтых формаў непазьбежна вядуць да вылучна суб’ектыўных меркаваньняў на ўзроўні «я так бачу», якія лёгка зьняпраўджваюцца статыстыкай, фактамі і вылучэньнем іншых такіх жа суб’ектыўных меркаваньняў, якія выглядаюць ня менш пераканаўча.

Арыгінальны тэкст  (рас.)
Любые поиски символики тех или иных форм православных храмов в отрыве от исследования путей генезиса этих форм неизбежно ведут к исключительно субъективным мнениям на уровне «я так вижу», легко опровергаемым статистикой, фактами и выдвижением других столь же субъективных мнений, выглядящих не менее убедительно.
«Frauenkirche» ў Мюнхэне (XV ст.)[5] зь «вежамі-цыбулінамі» (ням. Zwiebelturm)

У пацьверджаньне гэтай тэзы дасьледнік адзначае, што ў даўнія часы золатам пакрывалася параўнальна малая колькасьць купалоў (толькі ў найбольшых храмах), тым часам шматлікія зялёныя, сінія, карычневыя і чорныя завяршэньні ніякіх асацыяцыяў з полымем не выклікаюць[5].

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • У вайну 1812 году Напалеон пры падыходзе да сталіцы Расеі (паглядзеўшы на яе ў сваю падзорную трубу) напісаў Жазэфіне, што ўжо бачыць «мячэты Масквы» (франц. mosquées à Moscou), такім чынам зблытаўшы праз купалы-цыбуліны тамтэйшыя цэрквы з мусульманскімі бажніцамі[13].
  • У нямецкамоўнай мастацтвазнаўчай тэрміналёгіі існуе паняцьце такога архітэктурнага элемэнту, як «вежа-цыбуліна» (ням. Zwiebelturm), што ўжываецца датычна вежаў, завершаных падобнымі на цыбуліны купаламі (гранёнымі і без пазалоты). Гэты архітэктурны разьвязак лічыцца адметнасьцю дойлідзтва Баварыі эпохі барока.
  1. ^ Боньковська С. Церковна металева пластика // Історія декоративного мистецтва України: У 5 т. / НАН України, ІМФЕ ім. М.Т. Рильського; наук. ред. Т. Кара-Васильєва. Т. 3: Мистецтво XIX століття. — Київ, 2009. С. 245.
  2. ^ Block E. Garlic and Other Alliums: The Lore and the Science. — Royal Society of Chemistry, 2010. ISBN 9780854041909. — P. 47.
  3. ^ а б Да Расейскай імпэрыі «цыбулін» на цэрквах у Беларусі не было, золатам купалы не пакрывалі, — экспэрт, Радыё Свабода, 9 лістапада 2015 г.
  4. ^ Страчаная спадчына. — Менск, 2003. С. 132.
  5. ^ а б в г д е ё Заграевский С. В. Формы глав (купольных покрытий) древнерусских храмов. — М., 2008.
  6. ^ Лидов А. М. Иерусалимский кувуклий. О происхождении луковичных глав // Иконография архитектуры. — М., 1990. С. 58.
  7. ^ Габрусь Т. Дыялог з небам: генезіс і семантыка кампазіцыйных дамінант у сакральным дойлідстве Беларусі // Вестник Полоцкого ПГУ. №16, 2017. С. 6.
  8. ^ Габрусь Т. Дыялог з небам: генезіс і семантыка кампазіцыйных дамінант у сакральным дойлідстве Беларусі // Вестник Полоцкого ПГУ. №16, 2017. С. 6—7.
  9. ^ Габрусь Т. Дыялог з небам: генезіс і семантыка кампазіцыйных дамінант у сакральным дойлідстве Беларусі // Вестник Полоцкого ПГУ. № 16, 2017. С. 7.
  10. ^ Fergusson J. A History of Architecture in All Countries. Vol. II. — London, 1874. P. 481.
  11. ^ Бондаренко И. А. К вопросу о происхождении луковичной формы церковных глав // Народное зодчество. — Петрозаводск, 1998.
  12. ^ а б Дашчынскі А. Чаму на беларускія храмы нацягваюць залатыя «цыбуліны»?, Радыё Свабода, 14 траўня 2018 г.
  13. ^ а б в г Харэўскі С. Мosquées à Moscou, альбо яшчэ раз пра «цыбуліны» // Наша Ніва, 19 лістапада 2010 г.
  14. ^ Shvidkovsky D. S. Russian architecture and the West. — Yale University Press, 2007. ISBN 978-0-300-10912-2.
  15. ^ Лидов А. М. Иерусалимский кувуклий. О происхождении луковичных глав // Иконография архитектуры. — М., 1990. С. 59.
  16. ^ Бусева-Давыдова И.Л. Символика архитектуры по древнерусским письменным источникам XI-XVII вв. // Герменевтика древнерусской литературы. XVI — начало XVIII вв. — Москва, 1989.
  17. ^ Трубецкой Е.Н. Три очерка о русской иконе. 1917. — Новосибирск, 1991. С. 10.
  18. ^ Кудрявцев М. П., Мокеев Г. Я. О типичном русском храме XVII в. // Архитектурное наследство. № 29. — М., 1981. С. 72.
  • Габрусь Т. Дыялог з небам: генезіс і семантыка кампазіцыйных дамінант у сакральным дойлідстве Беларусі // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия F: Строительство. Прикладные науки. №16, 2017. С. 2—9.
  • Страчаная спадчына / Т. Габрусь, А. Кулагін, Ю. Чантурыя, М. Ткачоў: Уклад. Т. Габрусь. — Менск: Беларусь, 2003. — 351 с.: іл. ISBN 985-01-0415-5.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]