Памірскія мовы
Памі́рскія мовы — тэрмін, пад якім вядомае арэальнае аб’яднаньне некаторых з усходнеіранскіх моваў, на якіх размаўляюць шэраг народаў у горах Памір, асабліва ўздоўж ракі Пяндж ды ейных прытокаў. Адміністрацыйна арэал распаўсюджаньня памірскіх моваў падзелены між аўганскай правінцыяй Бадахшан, таджыцкай Горна-Бадахшанскай аўтаномнай вобласьцю і некаторымі бліжэйшымі памежнымі рэгіёнамі Кітаю. Апошнім часам супольнасьці памірскіх перасяленцаў узьніклі ў некаторых суседніх раёнах Пакістану. Геаграфічна найбольш усходняя памірская мова — сарыкольская, распаўсюджаная ў Кітаі пры кітайска-аўганскай ды кітайска-таджыцкай мяжы. Іншай жывой мовай з усходнеіранскіх зьяўляецца пушту, аднак яна не ўключаецца ў панятак памірскіх моваў.
Зь лінгвістычнага гледжаньня не існуе агульных характарыстык, якія дазвалялі б аб’ядноўваць памірскія мовы як асобную падгрупу ў складзе іранскіх моваў[1]. Клясыфікацыя памірскіх моваў унутры іранскае групы моваў розная. Напрыклад, лінгвістычны партал Ethnologue разглядае памірскія мовы як мовы ў складзе паўднёва-ўсходняй падгрупы[2], адначасова з гэтым паводле энцыкляпэдыі Iranica памірскія мовы, як і пушту, лічацца мовамі ў складзе паўночна-ўсходняй падгрупы[3].
У дачыненьні ўнутранай клясыфікацыі ўсе мовы, што абагульняюцца пад тэрмінам памірскія мовы, упэўнена разьмяркоўваюцца па чатырох галінах: шугнана-язгулямскай (шугнанская, язгулямская, сарыкольская мовы; у расейскамоўных крыніцах таксама вядомая як шугнана-рушанская), мунджанска-ідгаскай (мунджанская мова, мова ідга), сангліцка-ішкашымскай (ішкашымская мовы ды сангліцкая, якая часам лічыцца дыялектам ішкашымскай) і ваханскай (ваханская мова). Існуе таксама падзел памірскіх моваў на паўночныя й паўднёвыя, згодна зь якім разьмяркоўваюцца чатыры згаданыя галіны.
У тыпалягічным пляне ўсе мовы, абагульнёныя пад тэрмінам памірскія, адносяцца да моваў тыпу SOV — то бок, парадак словаў у сказе будуецца паводле схемы дзейнік-дапаўненьне-выказьнік.
Паводле стану на 1990 год памірскія мовы агулам маюць каля 100 тыс носьбітаў. Усе памірскія мовы, як правіла, адносяцца да моваў, што знаходзяцца пад пагрозаю зьнікненьня. Пераважная большасьць носьбітаў памірскіх моваў у Таджыкістане й Аўганістане выкарыстоўваюць таджыцкую або дары (аўганская форма пэрсыдзкай мовы) адпаведна як літаратурныя мовы, што зьвязана з маленькай колькасьцю носьбітаў большасьці памірскіх моваў і, як сьледзтва, адсутнасьцю ў іх уласнай літаратурнай традыцыі.
Найбольш прадстаўнічым дасьледчыкам памірскіх моваў зьяўляецца расейскі савецкі іраніст Іван Зарубін.
Варта заўважыць, што ў складзе памірскіх моваў не разглядаюцца геаграфічна блізкія таджыцкая й кыргыская мовы (апошняя распаўсюджаная серад кыргызаў Паміру, але не адносіцца да індаэўрапейскіх у адрозьненьне ад усіх моваў, згаданых раней).
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паўночна-памірскія мовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Язгулямская мова — мова, кампактна прадстаўленая ў даліне ракі Язгулям Вандзкага раёну Горна-Бадахашанскай аўтаномнай вобласьці Таджыкістану. Колькасьць носьбітаў складае каля 3,3 тыс чал.[4] Часам лічыцца часткай шугнана-язгулямскай галіны (гл. вышэй).
- Старавандзкая мова — мова, якая існавала да канца XVIII ст. у даліне ракі Вандж. Саступіла месца таджыцкай мове.
- Шугнана-рушанскія мовы:
- Шугнанская мова — мова, прадстаўленая як у Аўганістане, так і ў Таджыкістане. У Таджыкістане носьбіты пражываюць у адміністрацыйным цэнтры Горна-Бадахшанскай аўтаномнай вобласьці мястэчку Харог і Шугнанскім ды Рашткалінскім раёнах. У Рашткалінскім раёне распаўсюджаныя шахдарынская й барваская гаворкі, у селішчах Верхні й Ніжні Баджуў Рушанскага раёну распаўсюджаная баджуўская гаворка. Колькасьць носьбітаў (у Таджыкістане, 1975) — каля 40 тыс чал.[5]
- Рушанская мова — мова селішчаў таджыцкага й аўганскага берагоў Пянджу. Колькасьць носьбітаў — каля 13,2 тыс чал.[4]
- Хуфская мова — распаўсюджаная ў цясьніне правага прытоку Пянджу, селішчы Хуф ды Пастхуф. Некаторымі дасьледчыкамі разглядаецца як дыялект рушанскае мовы. Колькасьць носьбітаў — каля 1,5 тыс чал.[4]
- Бартанская й блізкая ёй рашорваўская мова — мова даліны ракі Бартанг у Рушанскім раёне. Падзяляюцца на раўмедзкую, сіпондзкую й сарэскую гаворкі. Колькасьць носьбітаў для бартанскае мовы — каля 5,5 тыс чал.[4]
- Сарыкольская мова — распаўсюджаная на захадзе Кітаю пры кітайска-аўганскай ды кітайска-таджыцкай мяжы ў Сіньцьзян-Уйгурскім аўтаномным раёне, а менавіта ў Ташкурган-Таджыцкім аўтаномным павеце акругі Кашгар Сіньцьзян-Уйгурскага аўтаномнага раёну. У Кітаі памірскія народы (да якіх адносяцца носьбіты сарыкольскай — сарыкольцы) афіцыйна лічацца таджыкамі, а іх мовы фігуруюць як таджыцкая. Колькасьць носьбітаў — 16 тыс з 20,4 тыс сарыкольцаў[6].
Генэтычная сувязь вышэйпамянёных моваў значная ў такой ступені, што ўзаемаразуменьне можа быць дасягнутае пры выкарыстаньні роднай мовы або дыялекту амаль ва ўсіх выпадках; цяжкасьці могуць паўстаць толькі пры кантактаваньні носьбітаў сарыкольскай мовы з астатнімі шугнана-рушанскімі. Шугнанская мова ў сувязі з сваёй параўнальна шырокай тэрытарыяльнай распаўсюджанасьцю і шматлікасьці носьбітаў мае ролю сродку міжэтнічных зносінаў на Паміры нараўне з таджыцкай («міжпамірская фарсі»).
Паўднёва-памірскія мовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ішкашымская мова — распаўсюджаная ў некалькіх кішлакох Ішкашымскага раёну, што на самым поўдні Горна-Бадахшанскай аўтаномнай вобласьці. Серад ішкашымцаў распаўсюджаны ішкашымска-ваханскі білінгвізм, што асабліва зьвязана з даволі шырокаю практыкаю ішкашымска-ваханскіх шлюбаў. Ішкашымцы традыцыйна зьяўляюцца ішкашымска-ваханскімі білінгвамі, адзначаецца таксама валоданьне таджыцкай, шугнанскай, расейскай мовамі, часам — рушанскай, дары й кыргыскай. У суседніх аўганскіх рэгіёнах існуе сангліцкая мова, якая часам лічыцца дыялектам ішкашымскай, а таксама зэбацкая; пры гэтым у іраністыцы існуе тэндэнцыя па наданьні зэбацкай статусу гаворкі сангліцкай[7]. Адначасова існуюць меркаваньні, паводле якіх ішкашымская, сангліцкая й зэбацкая зьяўляюцца хоць і блізкароднаснымі, але адносна асобнымі мовамі[8]. Серад іншага адзначаецца фанэтычнае, лексычнае й граматычнае падабенства з ваханскай, аднак значная колькасьць адрозьненьняў не дазваляе разглядаць абедзьве мовы як часткі дыялектнага кантынуўму. Колькасьць носьбітаў для ішкашымскай — каля 800 чал.[4], для сангліцкай — каля 100-150, зэбацкая, верагодна, поўнасьцю вымерла.
- Ваханская мова — мова, носьбіты якой жывуць ля верхавінаў ракі Пяндж у Ішкашымскім раёне Горна-Бадахашанскай аўтаномнай вобласьці, аўганскім Бадахшане, некалькіх селішчах поўначы Пакістану і на паўднёвым захадзе Сіньцьзян-Уйгурскага аўтаномнага раёну. Утварае асобную галіну ў складзе ўсходнеіранскіх моваў, падзяляецца на дзьве гаворкі — верхнюю ды ніжнюю. Колькасьць носьбітаў — каля 47,1 тыс.[9]
- Мунджанская мова — распаўсюджаная ў аўганскім Бадахшане ў верхавінах ракі Какча. Колькасьць носьбітаў — каля 5,3 тыс чал.[10] Мае прыкладна 56-80% супадзеньняў з блізкароднансай моваю ідга, распаўсюджанай у Пакістане[10].
- Ідга — распаўсюджаная на поўначы пакістанскай правінцыі Хайбэр-Пахтунхва. З прычыны вялікае колькасьці супадзеньняў з мунджанскай часам разглядаецца як адзіная ідга-мунджанская мова[11]. Колькасьць носьбітаў — 6 150 чал.[12]
Зносіны й кантактаваньне між носьбітамі мунджанскай, ішкашымскай, ваханскай, язгулямскай моваў і моваў-дыялектаў шугнана-рушанскае галіны ажыцьцяўляецца ў асноўным на міжпамірскай таджыцкай і, часткова, на шугнанскай.
Памірскія мовы разам з пушту, асэтынскай і ягнобскай уваходзяць ва ўсходнеіранскую групу іранскіх моваў і роднасныя вымерлым мовам сакаў (скіфаў), бактрыйцаў, сагдыйцаў, харэзьмійцаў ды іншых усходнеіранскіх этнасаў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Antje Wendtland. LVIII // The position of the Pamir languages within East Iranian. — Orientalia Suecana. — 2009.
- ^ Southeastern | Ethnologue (анг.)
- ^ Nicholas Sims-Williams. Eastern Iranian languages. — Encyclopaedia Iranica. — 2010.
- ^ а б в г д Михаил Тульский. Итоги переписи населения Таджикистана 2000 года: национальный, возрастной, половой, семейный и образовательный составы // Демоскоп.
- ^ Shughni | Ethnologue (анг.)
- ^ Sarikoli | Ethnologue (анг.)
- ^ Grimes, Barbara. Ethnologue: Languages of the world. — 14-е выд. — Dallas: SIL International, 2000.
- ^ Юсуфбеков Ш. П. Сангличский язык // Языки Мира. — Иранские языки III. Восточноиранские языки. — М.: 2000.
- ^ Wakhi | Ethnologue (анг.)
- ^ а б Munji | Ethnologue (анг.)
- ^ Грюнберг А.Л. Мунджанский язык // Языки мира / Расторгуева В.С. — Языки мира. Иранские языки. III. Восточноиранские языки. — М.: Индрик, 1999. — 156 с.
- ^ Yidgha | Ethnologue (анг.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Пахалина Т. Н. Памирские языки. — Языки народов Азии и Африки. — М.: Наука (ГРВЛ), 1969. — 164 с. — 1400 ас.
- Языки и этнография «Крыши мира». . — СПб: Петербургское Востоковедение, 2005. — 112 с.
- Payne, John. Pamir languages / Schmitt. — Compendium Linguarum Iranicarum. — 1989. — С. 417-444.
- Эдельман Д. И. Памирские языки // Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: СЭ, 1990.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу] Вікіпэдыя ў інкубатары мае вэрсію шугнанскай мовай |
Вікіпэдыя ў інкубатары мае вэрсію ваханскай мовай |