Уніяцкая царква ў Рэчы Паспалітай
Каардынаты: 54°40′51″ пн. ш. 25°17′32″ у. д. / 54.68083° пн. ш. 25.29222° у. д.
Уніяцкая царква ў Рэчы Паспалітай | |
лац. Ecclesia Ruthena unita | |
Прачысьценскі сабор (Вільня), які быў катэдрай мітрапаліта | |
Япархіі на 1772 год | |
Абрэвіятура | РУЦ |
---|---|
Папярэднік | Кіеўская мітраполія |
Наступнік | Холмская япархія |
Дата ўтварэньня | 15 кастрычніка 1596 (428 гадоў таму) |
Дата спыненьня існаваньня | 12 лютага 1839 (185 гадоў таму) |
Юрыдычны статус | мітраполія |
Мэта | пашырэньне хрысьціянства |
Штаб-кватэра | Прачысьценскі сабор (Вільня, з 1609 г.) |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Вялікае Княства Літоўскае, Малапольская правінцыя |
Сяброўства | 1607 прыходаў і 32 манастыры (1839 г.) |
Афіцыйныя мовы | царкоўнаславянская, старабеларуская і стараўкраінская, лацінская, польская |
Кіеўскі мітрапаліт | Язафат Булгак (апошні) |
Асноўныя асобы | Ёсіф (Сямашка) |
Кіроўны орган | Сабор |
Матчына кампанія | Каталіцкая царква |
Зьвязаныя кампаніі | Полацкая ўніяцкая архіяпархія |
Колькасьць супрацоўнікаў | 1600 сьвятароў (1839 г.) |
Колькасьць валянтэраў | 1,6 млн прыхаджанаў (1839 г.) |
Уніяцкая царква ў Рэчы Паспалітай — памесная каталіцкая царква ўсходняга абраду (грэкакаталіцкая), утвораная ў Рэчы Паспалітай у выніку Берасьцейскай уніі 1596 году Кіеўскай, Галіцкай і ўсяе Русі мітраполіі з Рыма-каталіцкай царквой. Цяпер яе спадкаемцамі зьяўляюцца Ўкраінская і Беларуская грэкакаталіцкія цэрквы.
Юрыдычна была правапераемніцай і складалася з былых праваслаўных япархіяў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Акрамя таго, некаторы час у 1671 Кіеўскай мітраполіі было падпарадкавана каля 1600 цэркваў у Вугоршчыне і Трансыльваніі, а таксама мукачаўская япархія(uk).
Узьнікненьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Уніяцкая Царква на тэрыторыі Рэчы Паспалітай была зьявілася пасьля заключэньня Берасьцейскай уніі ў 1596 годзе. Пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай уніяты на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў 1791 годзе складалі 39% насельніцтва, а на тэрыторыі сучаснай Беларусі — 75% (у сельскай мясцовасьці — больш за 80%). Большасьць вернікаў Уніяцкай царквы складалі сяляне. Акрамя таго, уніятамі зьяўляліся частка месьцічаў і шляхты, пераважна дробнай.
Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай, калі большая частка тэрыторыі сучаснай Беларусі апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, пачалася праводзіцца палітыка па далучэньні грэкакаталікоў (вернікаў і парафіяў) да праваслаўнай Расейскай царквы.
Яшчэ ў 1787 Кацярына II пастанавіла, што друкаваць духоўныя кнігі ў Расейскай імпэрыі могуць толькі друкарні, падначаленыя праваслаўнаму Сыноду, а дзейнасьць грэка-каталіцкіх друкарняў была спынена.
У 1794 праваслаўны біскуп Віктар Садкоўскі разаслаў зварот з заклікам да грэка-каталікоў пераходзіць «у правую веру», якія зачытваліся ў гарадах і вёсках як дзяржаўныя акты. Калі зьяўляліся жадаючыя перайсьці ў праваслаўе, то ўлады запісвалі іх у кнігі, выплачвалі ім грашовую дапамогу і дасылалі сьвятара з аддзелам салдат, якія канфіскоўвалі царкву ў грэка-каталікоў і перадавалі праваслаўным, а грэка-каталіцкіх сьвятароў высылалі разам зь сем’ямі. Прадпісвалася касаваць грэка-каталіцкія парафіі, калі да іх прыпісаныя менш за 100 двароў, але ў выпадку, калі яны хацелі перайсьці ў праваслаўе, ім дазвалялася існаваць. Расейскімі ўладамі грэка-каталіцкія япархіі, за выключэньнем Полацкай, былі скасаваныя бяз згоды на тое Рыму і папы, а біскупы адпраўленыя на пэнсію альбо за мяжу.
Частка ўніятаў, з намовы ксяндзоў і рыма-каталіцкіх манахаў, убачыўшы небясьпеку для сваёй веры, пачалі пераходзіць на лацінскі абрад. Асабліва заўважны гэты працэс быў на пач. XIX ст. у тых мясьцінах, дзе здаўна пераважалі рыма-каталікі (паўночная частка Кіеўскай мітраполіі, ваколіцы Вільні). Аднак большая частка ўніяцкіх парафіяў па-ранейшаму заставалася ў еднасьці з Рымам да пач. 1830-х гадоў, калі працэс пераходу вернікаў на лаінскі абрад у рыма-каталіцкія парафіі зноў узмацніўся ўжо ў выніку палітыкі, якую праводзіў біскуп Ёсіф Сямашка.
Адміністрацыйны падзел мітраполіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- архіяпархія кіеўская
- архіяпархія полацкая, віцебская і амсьціслаўская
- архіяпархія смаленская
- япархія пінская і тураўская
- япархія ўладзімерская і берасьцейская
- япархія холмская і бэлская(pl)
- япархія луцкая і астроская(pl)
- япархія галіцкая, львоўская і камянецкая(pl)
- япархія перамышальская і самбарская(pl)
Мітрапаліты кіеўскія, галіцкія і ўсяе Русі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Узначальвалася мітрапалітам (меў тытул мітрапаліта кіеўскага, галіцкага і ўсяе Русі), які пасьля яго абраньня зацьвярджаўся каралём і Папам Рымскім. Катэдра мітрапаліта знаходзілася ў Віленскім Прачысьценскім саборы[1].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зьяднаная з Рымам Кіеўская мітраполія стала прызнанай дзяржаўнымі ўладамі Рэчы Паспалітай афіцыйнай правапераемніцай Кіеўскай, галіцкай і ўсяе Русі праваслаўнай мітраполііі пасьля Берасьцейскай царкоўнай уніі 1596 году, у выніку якой праваслаўны мітрапаліт Міхал Рагоза і япіскапат Рэчы Паспалітай (акрамя 2 япіскапаў) прызналі вяршэнства Папы Рымскага.
Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай 1772, 1792 і 1795 тэрыторыя Кіеўскай мітраполіі аказалася падзеленай паміж Расеяй, Аўстрыяй і Прусіяй.
Каралеўства Прусія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1797 на тэрыторыі, якая апынулася пад уладай Прусіі, была ўтворана супрасьлеўская ўніяцкая япархія. Але ўжо ў 1807 згодна з умовамі Тыльзыцкага міру Беласточчына была далучана да Расейскай імпэрыі. Супрасьлеўская ўніяцкая япархія была скасавана ў 1809, а яе тэрыторыя аб’яднана з Берасьцейскай уніяцкай япархіяй.
Расейская імпэрыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай 1772 тэрыторыя полацкай архіяпархіі была далучана да Расейскай імпэрыі. Полацкаму архібіскупу былі падначаленыя ўсе парафіі на далучанных тэрыторыях. З канца 18 стагодзьдзя пачаўся працэс пераводу часткі ўніятаў у праваслаўе. У 1795 расейскім царскім урадам былі ліквідаваныя ўсе ўніяцкія япархіі акрамя полацкай архіяпархіі. У 1798 адноўлены ў іншых межах берасьцейская і луцкая япархіі. У 1806 створана невялікая віленская мітрапаліцкая япархія, а таксама адноўлена пасада мітрапаліта, якому ўжо не дазвалялася ўжываць тытул «кіеўскага, галіцкага і ўсяе Русі». Гэтыя адміністрацыйныя зьмены і тытул, аднак, доўгі час не былі зацьверджаныя Апостальскай Сталіцай. Уніяцкія мітрапаліты, прызначаныя расейскімі ўладамі, лічыліся Рымам толькі адміністратарамі на тэрыторыі Расейскай імпэрыі, а мітрапаліцкая ўлада была перададзеная галіцкай грэка-каталіцкай мітраполіі(pl). У 1828 ўсе 4 япархіі царскім урадам зноў былі ліквідаваныя, а замест іх утвораны 2 новыя: літоўская з катэдрай у Жыровічах і беларуская зь мітрапаліцкай катэдрай у Полацку.
У выніку закулісных царкоўных інтрыг і рэалізацыі таемнага пляну царскага ўраду і Ёсіфа Сямашкі пасьля праведзенага без дазволу Апостальскай Сталіцы Полацкага царкоўнага сабора 1839 Уніяцкая Царква ў Расейскай імпэрыі была скасаваная, засталася толькі холмская япархія(pl) ў межах Царства Польскага, частка галіцкай грэка-каталіцкай мітраполіі(pl), але і яна была ліквідаваная ў 1878 годзе.
Апостальская Сталіца яшчэ і ў XX стагодзьдзі лічыла скасаваньне ўніяцкіх япархіяў і ўсёй Кіеўскай мітраполіі кананічна няпраўным актам, а біскупскія пасады — вакантнымі.
Аўстрыйская імпэрыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На тэрыторыі Аўстрыйскай імпэрыі апынуліся перамышальская(pl) і львоўская япархіі з часткамі галіцкай і камянецкай. Па волі імпэратрыцы Марыі Тэрэзіі ў 1774 назва «ўніяцкая» была зьменена на «грэка-каталіцкую». У 1807 львоўская япархія пераўтворана ў архіяпархію(pl), а таксама створана Галіцкая грэка-каталіцкая мітраполія(pl) з катэдрай у Львове. У склад новай мітраполіі ўвайшлі: львоўская архіяпархія(pl), холмская(pl) і перамышальская япархіі(pl). У 1885 створана яшчэ адна грэка-каталіцкая япархія — станіславаўская(pl).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кіеўская грэка-каталіцкая мітраполія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 91.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0