Перайсьці да зьместу

Уладзімерская і берасьцейская япархія (уніяцкая)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Уладзімерская і Берасьцейская япархія (уніяцкая) – адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка (япархія) Кіеўскай мітраполіі Ўніяцкай Царквы ў межах Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Каралеўства Польскага ў час існаваньня Рэчы Паспалітай.

Берасьцейская частка япархіі ахоплівала тэрыторыю Берасьцейскага павету і Падляскага ваяводзтва (без паўночнай часткі).

Пасьля падпісаньня Берасьцейскай уніі 1596 зьяўлялася адзінай спадкаемцай Уладзімерскай і Берасьцейскай япархіі — адной з самых старажытных япархіяў Усходняй Царквы на тэрыторыі даўняй Русі. Праваслаўная япархія з такой назвай у часы існаваньня Рэчы Паспалітай не была адноўленая.

У 18 стагодзьдзі ў япархіі існавала пасада берасьцейскага біскупа-суфрагана, які кіраваў паўночнай часткай япархіі. У 1722 япархія ахоплівала тэрыторыю 30 тысячы км², налічвала 18 дэканатаў і 489 парафіяў. Берасьцейскае суфраганнае біскупства у 1772 налічвала 10 дэканатаў (Бельскі, Бяльскі, Берасьцейскі, Дарагічынскі, Камянецкі, Кобрынскі, Мельніцкі, Палескі, Пружанскі, Уладаўскі), 268 парафіяў і 4 базылянскія манастыры.

Пасьля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай 1795 тэрыторыя япархіі была падзеленая паміж Расеяй, Аўстрыяй і Прусіяй, а сама яна скасавана. У 1798 Павал I аднавіў яе частку ў выглядзе Берасьцейскай япархіі. У 1809 з яе была вылучана частка дзеля стварэньня Віленскай уніяцкай япархіі, а таксама далучана тэрыторыя былой Супрасьлеўская ўніяцкая япархіі ў выніку таго, што Беласточчына апынулася ў межах Расейскай імпэрыі. Пасьля 1828 Берасьцейская ўніяцкая япархія была скасавана, а яе тэрыторыя ўвайшла ў Літоўскую ўніяцкую япархію.