Перайсьці да зьместу

Кіеўская архіяпархія (уніяцкая)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Кі́еўская архіяпа́рхія (унія́цкая) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка (архіяпархія) Ўніяцкай царквы ў межах Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Каралеўства Польскага ў час існаваньня Рэчы Паспалітай, галоўная (мітрапаліцкая) ўніяцкая архіяпархія Кіеўскай, галіцкай і ўсяе Русі мітраполіі.

З канца 16 стагодзьдзя ахоплівала Кіеўскае, Наваградзкае, Менскае, Віленскае, Троцкае ваяводзтвы і Жамойць.

Пасьля Берасьцейскай царкоўнай уніі 1596 году ўніяцкая Кіеўская мітрапаліцкая архіяпархія стала правапераемніцай парафіяў Кіеўскай мітрапаліцкай праваслаўнай архіяпархіі, хоць частка парафіяў і сьвятароў не прынялі Унію.

Галоўная рэзідэнцыя кіеўскага архібіскупа-мітрапаліта знаходзілася ў Вільні, з 1607 па 1795 — у Прачысьценскай царкве Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы. Пасьля пажару ў 1748 годзе рэзідэнцыя кіеўскіх уніяцкіх мітрапалітаў была перанесена ў Радамышаль пад Кіевам.

Пасьля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Кіеўская архіяпархія была скасаваная, а яе цэрквы і манастыры падначалены полацкаму архібіскупу.