Уладзіслаў Казлоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Уладзісла́ў Казло́ўскі (29 чэрвеня 1896, в. Залесьсе Саколкаўскага павету Гарадзенскай губэрні, цяпер Польшча13 лістапада 1943, Менск; псэўданім: Казлоўшчык) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, паэт, публіцыст.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вучыўся ў Віленскай каталіцкай духоўнай сэмінарыі. У час вучобы (1916—1919) далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. Пасьля сканчэньня віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсаў спрабаваў арганізаваць беларускія школы на Сакольшчыне.

Вярнуўшыся ў Вільню, уваходзіў у ЦК Беларускай сялянскай партыі, быў інструктарам менскага Беларускага нацыянальнага камітэту па арганізацыі нацыянальнага і каапэратыўнага жыцьця ў Ігуменскім павеце.

У траўні 1920 Беларускай вайсковай камісіяй накіраваны ў школу падхарунжых у Варшаве, пасьля заканчэньня якой прызначаны інструктарам у 1-ы батальён беларускіх стральцоў, эвакуяваны зь Менску ў Лодзь. 3 1921 служыў у польскім войску, адначасова браў удзел у беларускім нацыянальным руху. Адзін зь лідэраў яго правага радыкальнага крыла.

У 1930 звольніўся ў запас у званьні паручніка, пераехаў у Вільню і распачаў грамадзка-палітычную і літаратурную дзейнасьць. Актыўна працаваў у беларускіх нацыянальных арганізацыях і ўстановах. Заснаваў гімназычнае таварыства «Гайсак», выдаваў ягоны бюлэтень. Быў сакратаром Беларускага нацыянальнага камітэту, Цэнтральнага ўраду Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Адзін з арганізатараў і сакратар Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі (БНСП), да 1937 рэдагаваў яе друкаваны орган часопіс «Новы шлях». У 1939—1940 сакратар Беларускай групы дапамогі пацярпелым ад вайны пры Летувіскім Чырвоным крыжы, у ліпені 1941 скарбнік Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні.

Улетку 1941 спрабаваў аднавіць дзейнасьць БНСП, але не атрымаў на гэта дазволу нямецкіх акупацыйных уладаў. У 1941—1943 у Менску быў рэдактарам «Беларускай газэты». У сваіх публіцыстычных артыкулах распрацоўваў ідэалёгію беларускага нацыянал-сацыялізму, выступаў з антысэміцкімі матэрыяламі. Стаў адным з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай народнае самапомачы.

На кватэры У. Казлоўскага 5 сакавіка 1943 году быў забіты Фабіян Акінчыц, празь некалькі месяцаў (13 лістапада 1943) савецкія партызаны Іван Шнігір і Канстанцін Немчык у рэдакцыі «Беларускай газэты» забілі і У. Казлоўскага (Немчык был арыштаваны і загінуў, Шнігір здолеў уцячы).

Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Менску.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Фізічнае выхаванне грамадзянства. Вільня, 1927;
  • Аб фізічным выхаванні ў беларусаў. Вільня, 1928;
  • Беларускія народныя песні з Сакольскага павету. Вільня, 1930;
  • Плач Беларускай Старонкі Маткі па дзетках сваіх рэнегатах. Вільня, 1930;
  • Путы кахання. Вільня, 1932;
  • Шляхам змагання. Вільня, 1935;
  • Казюк на кірмашы: Вершаванае апавяданне з Казюковага кірмашу ў Вільні. Вільня, 1940.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Аўтабіяграфія // «Новы шлях». — 15 чэрвеня 1937. — № 2 (23).
  • Казак П. Казлоўскі Уладзіслаў // Беларускі нацыяналізм: Даведнік. — Мн.: 2001.
  • Халецкі Я. Пад знакам Пагоні: Успаміны. — Таронта: 1976. — С. 31-92.
  • Чыгрын С. «Прыйдзе той час — да сваіх я вярнуся...» // «Ніва». — 22 студзеня 1995.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]