Тацяна Кабржыцкая

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Тацяна Кабржыцкая (нар. 15 жніўня 1941, Кіеў, Украіна) — беларуская літаратуразнаўца, крытыца і перакладніца.

Тацяна Кабржыцкая
Дата нараджэньня 15 жніўня 1941
Месца нараджэньня Кіеў, Украіна
Грамадзянства Беларусь
Месца вучобы Львоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1964)
Занятак літаратуразнаўца, літаратурны крытык, перакладніца
Навуковая сфэра Літаратуразнаўства, параўнаўчая літаратура, літаратурны пераклад
Месца працы БДУ, Менск
Вядомая як Перакладніца на ўкраінскую / з украінскай мовы
Навуковая ступень Кандыдатка філялягічных навук
Вучні Мікола Хаўстовіч, Сяргей Кавалёў, Алесь Пісьмянкоў
Бацька Вячаслаў Апанасавіч Кабржыцкі[d]
Узнагароды Ордэн сьвятой роўнаапостальнай княгіні Вольгі 3 ступені,‎ Прэмія імя Івана Франко (2000)

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тацяна Кабржыцкая нарадзілася ў Кіеве ў 1941 годзе. Бацька, Вячаслаў Кабржыцкі, быў заслужаным артыстам УССР, прафэсарам Львоўскай кансэрваторыі. Маці, Клаўдзія Кабржыцкая, — лекарка[1].

У час Другой сусьветнай вайны была эвакуяваная ў Алма-Ату. У 1946 годзе сям’я пераехала ў Львоў. Скончыла філялягічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1964). Працавала завучам Вязаўскай сярэдняй школы на Львоўшчыне (1964—1966), рэдактаркай выдавецтва Львоўскага ўнівэрсытэту (1966—1967), вучылася ў асьпірантуры пры гэтым унівэрсытэце (1967—1971). У 1971 г. абараніла кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Украінска-беларускія літаратурныя сувязі пачатку ХХ ст.»[2].

У 1971—1980 гадах — навуковая супрацоўніца навукова-дасьледчага Інстытуту пэдагогікі Міністэрства асьветы БССР, з 1980 году — дацэнтка катэдры расейскай савецкай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Кандыдатка філялягічных навук. Сябра СП СССР з 1990 году[3].

Cярод яе выпускнікоў былі вядомыя літаратуразнаўцы С. Кавалёў і А. Бельскі, гісторык беларускай літаратуры М. Хаўстовіч, а таксама пісьменьнік А. Пісьмянкоў і інш. Шмат зрабіла Т. Кабржыцкая для агульнаадукацыйнай школы[4].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Друкавацца Т. Кабржыцкая пачала ў студэнцкія гады. У 1963 г. у часопісе «Жовтень» была зьмешчаная ейная першая публікацыя. Потым зьявіліся артыкулы і рэцэнзіі па пытаньнях мэтодыкі выкладаньня, тэорыі, гісторыі літаратуры і літаратурных узаемасувязяў. Разам з В. Рагойшам Т. Кабржыцкая выдала кнігу «Карані дружбы: беларуска-ўкраінскія літаратурныя ўзаемасувязі пачатку XX ст.» (1976). Асаблівую навуковую зацікаўленасьць дасьледніцы выклікалі тыпалёгія і ўзаемадзеяньне ўсходнеславянскіх літаратураў (М. Рыльскі і А. Блок, Я. Купала і М. Рыльскі, Цётка і І. Сьвянціцкі і інш). Адначасова яна займалася пытаньнямі гісторыі бларускай літаратуры. Вывучала творчасьць Я. Коласа, Я. Купалы, У. Дубоўкі, М. Багдановіча, Цёткі і іншых, выступала з рэцэнзіямі на творы Р. Барадуліна, В. Віткі, Н. Гілевіча, А. Петрашкевіча, С. Грахоўскага, У. Караткевіча, А. Макаёнка і інш. Склала з В. Рагойшам зборнік твораў С. Палуяна «Лісты ў будучыню» і падрыхтавала яго да публікацыі ў 1986 г. У 1990 г. у суаўтарстве з В. Рагойшам была напісаная кніга «Сьлядамі зьнічкі: пра Сяргея Палуяна». Разам з навуковай і выкладніцкай дзейнасьцю Т. Кабржыцкая актыўна займалася перакладамі[5].

На ўкраінскую мову пераклала творы М. Багдановіча, У. Караткевіча, асобным выданьнем выйшлі аповесьці В. Быкава «У тумане», «Аблава», раман «Мёртвым не баліць» (Кіеў, 1990). З украінскай мовы пераклала кнігу для настаўнікаў Д. Тхаржэўскага і У. Гекта «Праблемнае навучаньне…» (1986)[6].

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ляўрэатка літаратурнай прэміі імя І. Франко (Украіна), узнагароджаная ордэнам сьвятой княгіні Вольгі 3-й ступені (Украіна)[7].

Выбраныя працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

• В. Рагойша і Т. Кабржыцкая, «Карані дружбы: беларуска-ўкраінскія літаратурныя ўзаемасувязі пачатку XX ст.» (1976)

• В. Рагойша і Т. Кабржыцкая, «Слядамі знічкі: пра Сяргея Палуяна» (1990)

• Т. Кабржыцкая, «Дзве Радзімы – Украіна і Беларусь – пад міратворчымі крыламі буслоў» (2011)

• «Украінская літаратура і ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі» (у 3 ч., 2012–2016) - у суаўтарстве з У. Рагойшам).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кабржыцкая Таццяна Вячаславаўна, Сайт Філалагічнага факультэта БДУ, https://philology.bsu.by/by/nashy-vypusknk/361-kabrzhytskaya
  2. ^ Беларускія пісьменнікі: біябібліягр. слоўн. Т. 3. — Мн., 1994. — С. 32-33.
  3. ^ Беларускія пісьменнікі: біябібліягр. слоўн. Т. 3. — Мн., 1994. — С. 32-33.
  4. ^ Кабржыцкая Таццяна Вячаславаўна, Сайт Філалагічнага факультэта БДУ, https://philology.bsu.by/by/nashy-vypusknk/361-kabrzhytskaya
  5. ^ Кабржыцкая Таццяна Вячаславаўна, Сайт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, https://bis.nlb.by/ru/documents/134444
  6. ^ Беларускія пісьменнікі: біябібліягр. слоўн. Т. 3. — Мн., 1994. — С. 32-33.
  7. ^ Кабржыцкая Таццяна Вячаславаўна, Сайт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, https://bis.nlb.by/ru/documents/134444