Сэрбская эпічная народная паэзія
Сэрбская эпічная народная паэзія (Сэрбская эпічная народная песьня; па-сэрбску: Српске епске народне песме) — гэта форма эпічнае паэзіі (песень), створаная сэрбамі, якія паходзяць зь сёньняшняе Сэрбіі, Босьніі і Герцаґавіны, Харватыі, Паўночнай Македоніі й Чарнагорыі. Асноўныя цыклы былі створаныя невядомымі сэрбскімі аўтарамі між XIV і XIX стагодзьдзямі. Яны ў значнай ступені зьвязаныя з гістарычнымі падзеямі і асобамі. Паэмы звычайна чытаюцца рэчытатывам суправаджэньні гусьле.
Сэрбская народная эпічная паэзія спрыяла розьвітку сэрбскай нацыянальнай самасьвядомасьці[1]. Цыклы вершаў пра Марка Кралевіча, гайдуках ды ўскоках натхнялі сэрбаў на аднаўленьне свабоды і іх гераічнага мінулага[1]. Гайдукі разглядаюцца як неад’емная частка нацыянальнае ідэнтычнасьці; у апавяданьнях гайдукі былі героямі: яны гулялі ролю сэрбскае эліты падчас кіраваньня Асманскае імпэрыі, абаранялі сэрбаў ад асманскага прыгнёту, рыхтаваліся да нацыянальнага вызваленьня і спрыялі Сэрбскай рэвалюцыі[2].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найраньнейшы запіс сэрбскае эпічнае паэмы — гэта фраґмэнт песьні бугарштыцы 1497 року пра паланеньне Янаша Гуньядзі Джураджам Бранкавічам[3][4]. Вядома, што сэрбы сьпявалі на гусьле ў пэрыяд Асманскае імпэрыі. Вядомыя сэрбскія выканаўцы гралі пры польскіх каралеўскіх дварах у 16-м і 17-м стагодзьдзях, і пазьней ва Ўкраіне і ў Вугоршчыне[5]. Вугорскі гісторык Сэбастыян Тынодзі пісаў у 1554 годзе, што «тут у Вугоршчыне шмат хто грае на гусьле, але нікога няма лепшага у сэрбскім стылі, чым Дзімітрые Караман». Ён апісаў выступ Карамана перад знатным туркам Улуманам у 1551 годзе ў Ліпаве: гусьляр трымаў гусьле між каленяў, ягонае выкананьне было незвычайна эмацыйным з сумным выразам твару[6]. Гісторык і паэт Мацей Стрыйкоўскі (1547-1582) улучыў у сваю хроніку 1582 року эпічныя вершы сэрбаў, у якіх мовіцца пра гераічную барацьбу іх продкаў з туркамі[7].
У 1824 годзе Вук Караджыч накіраваў копію сваёй калекцыі народных песень Якабу Ґрыму, які быў асабліва ў захапленьні ад «Будынка Скадара». Ґрым пераклаў гэты твор на нямецкую мову, і ахарактарызаваў як «адзін з найкранальнейшых вершаў усіх часоў і народаў»[8][9].
Большасьць эпічных вершаў прысьвечаныя эпосе асманскага прыгнёту і барацьбы за вызваленьне ад яго. Дзякуючы намаганьням этноґрафа Вука Караджыча, шматлікія з гэтых эпасаў былі сабраныя і апублікаваныя ў кнігах у першай палове і ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя. Караджыч запісаў гэтыя паэмы «з вуснаў народу». Сэрбская паэзія была добразычліва прынятая ў Эўропе, паколькі зборнікі вершаў выйшлі ў самы росквіт пэрыяду рамантызму. Якаб Ґрым пачаў вывучаць сэрбскую, каб чытаць вершы ў арыґінале. Ён напісаў падрабязны аналіз кожнага новага зборніка сэрбскіх эпічных вершаў. Ён называў іх роўнымі песьні песьняў, як і Ґётэ некалькі пазьней. Дзякуючы Якабу Ґрыму і славенцу Ернэру Капітару, сэрбская народная літаратура знайшла сваё мейсца ў сусьветнай літаратуры[10].
Цыклы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сэрбская эпічная паэзія падзеленая на цыклы:
- Негістарычны цыкл (па-сэрбску: Неисторијски циклус) — вершы пра славянскую міталёґію, у прыватнасьці пра цмокаў і німф
- Дакосаўскі цыкл (па-сэрбску: Преткосовски циклус) — вершы пра падзеі, якія папярэднічалі бітве на Косавам полі (1389)
- Косаўскі цыкл (па-сэрбску: Косовски циклус) — вершы пра падзеі, якія адбыліся непасрэдна перад і пасьля бітвы на Косавам поле
- Цыкл Кралевіча Марка (па-сэрбску: циклус Краљевића Марка)
- Посткосаўскі цыкл (па-сэрбску: Покосовски циклус) — вершы пра падзеі пасьля бітвы
- Цыкл гайдукоў й ускокаў (па-сэрбску: Хајдучке и ускочке песме) — вершы пра разбойнікаў і мяцежнікаў
- Вершы пра вызваленьне Сэрбіі і Чарнагорыі (па-сэрбску: Песме о ослобођењу Србије и Црне Горе) — вершы пра баі супраць асманаў, якія адбываліся ў 19-ым стагодзьдзі
Вершы апісваюць гістарычныя падзеі з рознаю ступеньню дакладнасьці.
Характарыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эпічныя песьні складаюцца амаль выключна зь дзесяціскладаных вершаў з цэзураю пасьля 4-га складу; заразом верш можа складацца або зь пяці слушных трахеяў, або ж з абодва склады, што стаяць побач і ствараюць стапу. У апошнім выпадку празаічнае чытаньне вершу не адпавядае ягонаму скандаваньню, пры якой сьпявак не зьвяртае ўвагі на натуральную даўгату складу, а прамаўляе яго адпаведна зь месцам, займаным ім у стапе. Рыфма (у шырокім сэнсе, улучаючы сюды і алітэрацыю і г. д.) у сэрбскіх народных песьнях ня ёсьць абавязковым патрабаваньнем, але выпадкі сугучча сустракаюцца вельмі часта, як і ў расейскіх народных песьнях. Гэтыя сугуччы трапляюцца і ў адным і тым жа вершы, калі супастаўляюцца словы аднаго кораня, напрыклад[11]:
Нека зове и призивље;
Да се бијем и пребијаю;
Не има лица без облика… и т. д.
Заразом часта атрымліваецца гульня словаў[11]:
Поломље га поломило;
Льубичица љуби мене;
Грличица грли мене… и т. д.
Сустракаюцца рыфмы і ва ўласным сэньсе, што злучаюць два побач стаячых вершы[11]:
Можемо ли с турци бојак бити?
Можемо ли турке придобити?
або што падзяляюць верш на дзьве паловы[11]:
«То му рече, уз кулу утече…»
«Кажи право, тако био здраво…»
або, нарэшце, у вершы побач стаяць два словы з сугучнымі канчаткамі[11]:
«Дај ми Боже од Дрине ведрине…»
«Док доћера цара до дувара…»
Зь фіґураў часьцей за іншых сустракаюцца запытаньне, ўсклік, параўнаньне, і ў асаблівасьці паўтарэньне, напрыклад[11]:
«Поранио краљевићу Марко
Поранио низ Косово равно».
Як і ў расейскіх народных песьнях, у сэрбскіх сустракаецца вялікае багацьце эпітэтаў; Мили Боже, чуда великога! сив соко, вино pyјно, бјeсан коњ і г. д. Дужа прыгожа пачынаюцца шматлікія эпічныя песьні: або воклічамі (Боже мили, на своему ти фала), або пытаньнямі (Или грми, ил’се земља тресе? Што протужи рано у недељу?), або параўнаньнямі, нярэдка так званымі адмоўнымі[11]:
Два субора напоредо расла
Међу њима танковрха јела;
То не била два бора зелена
Ни међ’њима танковрха јела
Beћ то била два брата рођена:
Meђy њима сестрица Іелица.
Элізія у шырокім сэньсе, як і наогул апушчэньне галоснага гуку ў канцы або ў сярэдзіне слова, хоць і рэдка, але дапускаецца сэрбскімі сьпевакамі і ў некаторых выпадках даходзіць да дзіўнае адвагі. Так, напрыклад, магчымае ўжываньне ил′ замест или, м′ замест ме, с′ замест се, г′ замест га, тад′ замест тада, говор’те замест говорите і да т. п. Сэрбская народная эпічная песьня ўтрымлівае як правіла ад 200 да 400 вершаў, хоць нярэдкія песьні і ў 600—700 вершаў; сустракаюцца песьні ў 800—1000 вершаў, a «Женидба Максима Црнојевића» мае нават 1225 вершаў[11].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Dragnich 1994. С. 29–30.
- ^ Yugoslavia and Its Historians: Understanding the Balkan Wars of the 1990s. — Stanford University Press, 2003. — P. 25–. — ISBN 978-0-8047-8029-2
- ^ Matica Srpska Review of Stage Art and Music. — Matica, 2003. — P. 109.
- ^ Milošević-Đorđević, Nada Srpske narodne epske pesme i balade. — Zavod za udžbenike i nastavna sredstva, 2001. — P. 10.
- ^ Medieval music. Rastko.
- ^ Petrović 2008. С. 100.
- ^ Georgijević 2003.
- ^ Alan Dundes, The Walled-Up Wife: A Casebook. — Univ of Wisconsin Press, 1996. — P. 3–. — ISBN 978-0-299-15073-0
- ^ Paul Rankov Radosavljevich, Who are the Slavs?: A Contribution to Race Psychology. — Badger, 1919. — P. 332.
- ^ Milošević-Đorđević 2001. С. 10.
- ^ а б в г д е ё ж Сербская народная поэзия // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона : в 86 т. (82 т. и 4 доп.). — СПб.: 1890—1907.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Половинкин И. Н. Сербская народная поэзия // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона : в 86 т. (82 т. и 4 доп.). — СПб.: 1890—1907.
- Bjeladinović-Jergić, Jasna Зборник Етнографског музеја у Београду: 1901-2001. — Етнографски музеј, 2001. — P. 489–.
- Dragnich, Alex N. Serbia's Historical Heritage. — East European Monographs, 1994. — ISBN 978-0-88033-244-6
- Српскохрватска народна песма у пољској књижевности: Студија из упоредне историје словенских књижевности. Rastko; Српска краљевска академија.
- Ling, Jan A History of European Folk Music. — University Rochester Press, 1997. — P. 86–90. — ISBN 978-1-878822-77-2
- The oral tradition The history of Serbian Culture. Rastko.
- Petrović, Sonja Oral Art Forms and Their Passage Into Writing. — Museum Tusculanum Press, 2008. — P. 85–108. — ISBN 978-87-635-0504-8
- Popovic, Tanya Prince Marko: The Hero of South Slavic Epics. — Syracuse University Press, 1988. — ISBN 978-0-8156-2444-8