Старакапытаўскі мяцеж
Старакапыташскі мяцеж, або Стракапы́таўскае паўста́ньне — антысавецкае ўзброеннае выступленьне 24—29 сакавіка 1919 году ў Гомлі 67-га і 68-га палкоў 2-й (Тульскай) брыгады 8-й стралковай дывізіі пад кіраўніцтвам штабс-капітана царскай арміі меншавіка Уладзімера Стракапытава.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выступленьне 67-га і 68-га палкоў 2-й (Тульскай) брыгады 8-й стралковай дывізіі Чырвонай Арміі пачалося як спантанны бунт чырвонаармейцаў, незадаволеных прымусовай мабілізацыяй і адпраўкай на фронт. На ўчастку фронту пад Оўручам з-за тактычнага праліку камандаваньня брыгады два батальёны 68-га палка трапілі пад двухдзённы артылерыйскі абстрэл з боку УНР. У выніку полк адступіў на ст. Славечна, дзе сустрэў 67-ы полк, які прыбыў у якасьці папаўненьня з Гомеля. Зноў прыбыўшыя адмовіліся выступаць на пазіцыі, арганізавалі стыхійнае веча, дзе прынялі рашэньне дэзэртыраваць з фронту, каб вярнуцца дадому, у Тульскую губэрню. Дабраўшыся да ст. Каленкавічы, брыгада абірае на мітынгу «Палескі паўстанцкі камітэт», у які ўваходзяць па два прадстаўнікі ад кожнай часьці. Узначальвае камітэт былы прапаршчык РІА Барыс Крыдзінер.
У ноч на 24 сакавіка брыгада прыбывае ў Гомель на 11 эшалонах і патрабуе ў мясцовых бальшавіцкіх уладаў прадастаўленьня паравозаў для далейшага руху на Бранск і Тулу. Пасля доўгіх нарад з Цэнтрам і Бранскам гомельскія бальшавікі згаджаюцца з патрабаваньнямі паўстаўшай брыгады і гатовыя даць ёй усё неабходнае. Аднак сітуацыя паспела зьмяніцца. У паўстанцаў зьявіўся правадыр — былы штабс-капітан, а цяпер загадчык гасчасткай 68-га палка член РСДРП Уладзімер Стракапытаў. Выступіўшы на салдацкім мітынгу ў Гомелі, Стракапытаў пераканаў чырвонаармейцаў, што ісьці далей у бок Тулы будзе самагубствам і прапанаваў «уладкавацца» ў Гомелі. Пасля чаго быў прызваны прысутнымі ўзначаліць паўстанцкія войскі ў якасьці камандуючага.
Увечары 24 сакавіка мяцежнікі захапілі чыгуначны вузел, гарадскую турму, тэлеграф, артылерыйскія склады, савецкія ўстановы. Група партыйных і савецкіх работнікаў з атрадам УЧК, інтэрнацыяналістамі і міліцыяй (300 чалавек, узброеных вінтоўкамі і двума кулямётамі) спрабавалі супраціўляцца «арміі Расейскай народнай рэспублікі» ў гасьцініцы «Савой», але пасьля пачатку артылерыйскага абстрэлу неўзабаве здаліся і былі зьмешчаныя ў турму.
На наступны дзень зь іх былі адабраныя ў якасьці заложнікаў найбольш вядомыя партыйныя работнікі і кіраўнікі: Сямён Камісараў (старшыня Рэўкома), Іван Ланге (старшыня ПЧК), Сяргей Бочкін (кіраўнік справамі ПЧК), Леў Файншмідт (нам. старшыні ПЧК), Песя Каганская (сакратар Рэўкома, грамадзянская жонка І. Ланге), Мікалай Білецкі (рэдактар газеты «Весткі Рэўкаома г. Гомеля і павета»), гарадзкі ваенны камісар Якаў Фрыд, камісар аддзелу юстыцыі Барыс Аўэрбах-Падгорны, супрацоўнік Земаддзела і актыўны ўдзельнік вобыскаў ПЧК Зэлік Песін і іншыя. Перад адыходам мяцежнікаў з Гомеля, у ноч на 29 сакавіка, усім ім быў вынесены смяротны прысуд па рашэньні Палескага паўстанцкага камітэта. Падпісаў прысуд У. Стракапытаў.
26 сакавіка да паўстанцаў далучыўся горад Рэчыца — мясцовая каравульнай рота, пад камандаваннем Саладухі абвясьціла сябе Рэчыцкім атрадам 1-й арміі Расейскай рэспублікі. Насельніцтва Гомеля і Рэчыцы асьцярожна паставілася да новай улады (паколькі за апошнія 4 месяцы гэта стала чацвёртай зьменай улады). Папаўненьне было зусім невялікім — у асноўным, за кошт былых афіцэраў, чыгуначных служачых (актыўна і масава падтрымалі паўстанцаў) і гімназістаў старэйшых клясаў са спартыўнага таварыства «Сокал» (Рэчыца).
У ноч на 29 сакавіка падышоўшыя з трох бакоў часткі Чырвонай Арміі і камуністычныя атрады вымусілі паўстанцаў пакінуць Гомель. Паўстанцкая армія адышла на эшалонах за Дняпро і накіравалася на ўзьяднанне з арміяй Пятлюры да горада Мазыр (які быў захоплены атаманам Ерашэвічам 27 сакавіка пры садзейнічанні атрада тульскіх паўстанцаў). Па дарозе мяцежнікі захапілі з боем станцыі Васілевічы, Нахаў, Галявіцы і 31 сакавіка наблізіліся да Калінкавічаў на 9 вёрст. Аднак разьведка паказала, што мост праз Прыпяць, які вёў у Мазыр, падарваны чырвонымі. З боку Гомеля, тым часам, падышоў бронецягнік з атрадам кітайцаў. Паўстанцкая армія была вымушаная пакінуць свае эшалоны і пешым парадкам прайсьці да вёскі Юравічы. Пасля чаго на працягу сутак паўстанцы з дапамогай мясцовых жыхароў фарсіравалі раку Прыпяць і такім чынам перайшлі лінію фронту. Паводле ацэнак Стракапытава, зь ім прыбылі ва УНР 6 тысяч чалавек. Астатнія чырвонаармейцы і ваенспэцы трапілі ў палон да чырвоных.
У красавіку 1919 году часткі Расейска-Тульскага атрада змагаліся супраць бальшавікоў на баку УНР. Затым сышлі ў места Берасьце, дзе былі інтэрніраваныя палякамі. У ліпені 1919 году вызвалены і накіраваны ў ЗЗА М. М. Юдзеніча.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Гатэль «Савой», які стаў цэнтрам бальшавіцкага супраціву стракапытаўшчыне.
-
Помнік гомельскім камунарам у скверы «25 сакавіка», 1920 г.
-
Помнік «ахвярам стракапытаўшчыны», 1930-я гг.
-
Той жа манумент у аздабленьні транспаранта «Лепшым помнікам пакутнікам 25—29 сакавіка будзе перамога камунізму», 1930-я гг.
-
Шыльда ў памяць аб гомельскіх камунарах на будынку былога гатэля «Савой», 1936 г.
У культуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Падзеям «стракапытаўшчыны» прысьвечаны мастацкі фільм Атэль «Савой» (вытворчасць «Белдзяржкіно», 1930, рэжысэр А. Файнцымер).
- Стракапытаўскаму паўстаньню прысьвечаныя эпізоды дакумэнтальнай аповесьці Сяргея Грахоўскага «Рудабельская рэспубліка», 1968[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Грахоўскі С. Рудабельская рэспубліка: Дакументальная аповесць/ Сяргей Грахоўскі. — Мінск: Беларусь, 1968. — 324 с
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 194 Лебедзева В. М. // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 2002 Т. 15: Следавікі — Трыо. — С. Стракапы́таўскае паўста́нне 1919.
- Лелевич Г. Стрекопытовщина: Страничка из истории контрреволюционных выступлений в годы гражданской войны. — 2 изд. — М., Пг., 1923. (рас.)
- Лебедзева, В. М. Стракапытаўскае паўстанне ў Гомелі / Валянціна Лебедзева // «Из истории не вычеркнуть…» : к 90-летию Стрекопытовского мятежа в Гомеле (март 1919 г.) : сборник научных статей / Учреждение образования «Гомельский государственный университет им. Ф. Скорины», Гомельское городское краеведческое общество. — Гомель, 2010. — С. 78―85.
- Ирина Такоева Гомельская губерния: как всё начиналось. неизвестные страницы. — Гомель: издательство "Редакция газеты «Гомельская правда» — 2014 г. (рас.)
- Лебедзева В. М. Старакапытаўскі мяцеж // Беларуская мінуўшчына, 1995, № 4.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Лебедева В., Такоева И. Красноармейцы против коммунаров. Часть первая(недаступная спасылка) (рас.)Архівавана 4 сакавіка 2014. // Газета «Гомельская праўда»
- Лебедева В., Такоева И. Красноармейцы против коммунаров. Часть вторая.(недаступная спасылка) (рас.) // Газета «Гомельская праўда»
- Лебедева В., Такоева И. Красноармейцы против коммунаров. часть третья. (рас.) // Газета «Гомельская праўда»
- Лебедева В., Такоева И. Красноармейцы против коммунаров. Окончание. (рас.) // Газета «Гомельская праўда»