Соф’я Вітаўтаўна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Соф'я Вітаўтаўна»)
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Соф’я Вітаўтаўна
Sofja Vitaŭtaŭna. Соф’я Вітаўтаўна (XIX).jpg
Соф’я Вітаўтаўна. Малюнак XIX ст. паводле вышыўкі XV ст..
Дата нараджэньня каля 1371
Месца нараджэньня Трокі, Троцкае княства, Вялікае Княства Літоўскае
Дата сьмерці 5 ліпеня 1453
Месца сьмерці Масква, Маскоўскае княства
Месца пахаваньня Архангельскі сабор[d]
Занятак прынцэса
Бацька Вітаўт
Маці Ганна Сьвятаслаўна
Муж Васіль I
Дзеці Ганна, Юры, Іван, Анастасія, Данііл, Васіліса, Сімяон, Марыя, Васіль II

Соф’я Вітаўтаўна (каля 1371 — 5 ліпеня 1453[1], паводле іншых зьвестак — 15 чэрвеня[2]) — вялікая княгіня, жонка маскоўскага гаспадара Васіля I, маці Васіля II. Дачка вялікага князя літоўскага Вітаўта Вялікага і яго 2-й жонкі смаленскай князёўны Ганны Сьвятаслаўны.

Вобраз энэргічнай і сьмелай княгіні знайшоў шырокае адлюстраваньне ў мастацтве[1].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Соф’ю сасваталі Васілю I у 1390, калі Вітаўт разам з радзінай знаходзіўся ў выгнаньні ў Мальбарку[1]. Праз Пскоў і Ноўгарад прыбыла ў Маскву, вясельле адбылося 1 верасьня 1391. Дзякуючы гэтаму шлюбу паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Масквой усталяваліся працяглыя мірныя дачыненьні.

Неаднаразова наведвала бацькоў у Вялікім Княстве Літоўскім. У 1399 і 1408 сустракалася з бацькам у Смаленску, яшчэ раз яны пабачыліся праз дванаццаць гадоў, калі Вітаўту было ўжо за 72, а Соф’і — за 50[3]. У 1417 Васіль I у сваім тастамэнце перадаваў сталец малалетняму сыну Васілю, апекунамі над ім і Соф’яй Вітаўтаўнай прызначаліся Вітаўт і ўдзельныя князі.

Па сьмерці Васіля I (27 лютага 1425) і намінальнай перадачы ўлады сыну Васілю II узначаліла маскоўскі ўрад, павяла ўзброеную барацьбу з прэтэндэнтамі на сталец Юрыем Дзьмітрыевічам (братам Васіля I), ягонымі сынамі Дзьмітрыем Шамякам і Васілём Касавокім. Сьпярша Юры Дзьмітрыевіч мусіў адмовіцца ад уласных прэтэнзіяў, але па сьмерці Вітаўта (1430) у 1433 ён гвалтоўна пазбавіў Васіля II вялікага княжаньня.

Выехала з Масквы спачатку ў Цьвер, потым ў Кастраму, дзе яе зьняволілі. Аднак у 1343 Юры Дзьмітрыевіч памёр, і Васіль II зноў заняў сталец. Неўзабаве ён выступіў супраць татараў, якія ў 1445 занялі Ніжні Ноўгарад, але ў бітве патрапіў у палон — у непрытомнасьці ад шабельнага ўдару.

Соф’я Вітаўтаўна на вясельлі Васіля II. Карціна П. Чысьцякова, 1861

У 1446 за вялізныя грошы выкупіла Васіля II з татарскага палону. Збор такіх сродкаў выклікаў сярод маскоўскага баярства смуту. Таго ж году Васіль Шамяка зьняволіў Соф’ю Вітаўтаўну і выслаў яе ў Чухламу, потым у Каргапаль[1]. Васіля II адвезьлі ў Маскву ў двор Шамякі, дзе 20 лютага 1446 яго асьляпілі і з жонкай саслалі ў Угліч.

Выявіла цьвёрдасьць характару і энэргію да дзеяньняў, здолеўшы арганізаваць сваіх прыхільнікаў. Іхныя дружыны пачалі сьцягвацца да Углічу. Князь Васіль II прыбыў у Цьвер. У 1450 Шамяку разьбілі пад Галічам, у выніку чаго ён мусіў зьбегчы ў Ноўгарад, дзе неўзабаве памёр[3].

У 1451 пры адсутным Васілю II кіравала абаронай Масквы ад татараў. Натхнёныя гераізмам 80-гадовай Соф’і Вітаўтаўны, маскавіты пасьпяхова адбілі ўсе штурмы. Татары мусілі «зь вялікай ганьбаю» вярнуцца ў родныя стэпы[4].

Паводле запісаў у адным з рукапісаў Троіца-Сергіевай лаўры з XV ст. дата сьмерці Соф’і Вітаўтаўны не 5 ліпеня, а 15 чэрвеня 1453 году.[5]

Перад сьмерцю прыняла манаства з імем Эўфрасіньня[1]. Пахавалі вялікую княгіню ў Маскоўскім Узьнясенскім манастыры.

Нашчадкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Васіль I і Соф’я. Ф. Солнцаў, XIX ст.

У шлюбе з Васілём I мела 5 хлопцаў, зь якіх выжыў толькі адзін, і 4 дзяўчынкі:

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]