Слоўнік Насовіча
Слоўнік беларускай мовы | |
Жанр: | слоўнік |
---|---|
Аўтар: | Іван Насовіч |
Мова арыгіналу: | беларуская |
«Сло́ўнік белару́скай гаво́ркі» (рас. «Словарь белорусского наречия») — слоўнік беларускай мовы, складзены Іванам Насовічам і выдадзены ў 1870 годзе Імпэратарскай акадэміяй навук у Санкт-Пецярбургу. Лічыцца адной з найкаштоўнейшых крыніцаў беларускай лексыкаграфіі.
Стаў асноўнай крыніцай (хоць карысталіся ім часам некрытычна) дзеля ўкладаньня іншых слоўнікаў. Актыўна выкарыстоўваўся рэдактарамі і аўтарамі газэты «Наша Ніва»[1].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па заняпадзе беларускай мовы ў XVII—XVIII стагодзьдзях «Слоўнік Насовіча» стаў першым навуковым даведнікам зь лексыкі беларускай мовы сярэдзіны XIX ст. На той час улады Расейскай імпэрыі не лічылі беларускую асобнай мовай, аднак урэшце гэтая праца моцна паспрыяла ўмацаваньню нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў.
Слоўнік доўгі час заставаўся адзінай навуковай крыніцай беларускага слова і меў уплыў на многія моўныя і нацыятворчыя працэсы. У 1920-я гады, калі ў Беларусі ішоў актыўны працэс моўнага будаваньня, ён карыстаўся надзвычай шырокім попытам. Уплыў слоўніка заўважны і ў лексыцы тагачасных беларускіх пісьменьнікаў. Слоўнік Насовіча доўгі час быў бадай адзінай крыніцай беларускай мовы і для замежных дасьледнікаў-славістаў, якія часта спасылаліся на яго ў сваіх працах.
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рэестар слоўніка ўлучае каля 35 тысячаў словаў. Спэцыялісты адзначаюць, што ў слоўніку пераважае паўночна-заходняя дыялектная лексыка, але яго цяжка назваць адназначна дыялектным, бо ў ім сумяшчаюцца таксама і рысы тлумачальнага і перакладнога слоўніка, што робіць яго ўнівэрсальным. Каштоўнасьць слоўніка выяўляецца ня толькі ў яго ўнікальным спалучэньні характэрных рысаў самых розных паводле тыпу слоўнікаў, але і ў тым, што ён зьмяшчае багаты ілюстрацыйны матэрыял на падставе народных песень, прыказак, прымавак, фразэалягізмаў.
Маніпуляцыі з этнонімамі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да шырока вядомай беларускай назвы расейцаў — маскаль — слоўнік дае толькі адно расейскае значэньне «солдатъ»[2]. Тым часам да беларускага слова «литвинъ» даецца расейскі адпаведнік «литовецъ» і прыклад ужываньня «литвинъ як линъ»[a], сьледам прыводзіцца слова «литвякъ», якому даецца расейскае тлумачэньне «тоже, что литвинъ» і прыклад ужываньня «литвяки по нашему не говоруць»[4]. Аднак у іншым месцы слоўніка — у якасьці прыкладу да слова «боцвинне» — прыводзіцца радок зь беларускай народнай песьні «Кузьма и Дземьянъ два лицвины, принешли горшочекъ боцвиння»[5][b].
На рэдагаваньне слоўніка з боку Расейскай акадэміі навук супраць волі аўтара (а менавіта — зьмену назвы мовы з «крывіцкай» на «беларускую») зьвяртаў увагу гісторык і мовазнаўца Ян Станкевіч на падставе апублікаваных у 1928 годзе асабістых сшыткаў Івана Насовіча[7].
Раней за слоўнік Насовіча, у 1863 годзе Аляксандар Шырынскі-Шыхматаў(ru) на сродкі Віленскай навучальнай акругі вялікім накладам надрукаваў «Рассказы на белорусском наречии»[8] (выдавалася за зборнік ананімных «народных» твораў) — кнігу да чытаньня ў народных вучэльнях, дзе гістарычным ліцьвінам навязваўся ідэалягічны штамп расейскага імпэрыялізму дзеля абгрунтаваньня прынцыпаў іх русіфікацыі і асыміляцыі[9]: у першым творы «Кто булы наши найдавнійшіи диды и якая их була доля до уніи?» аўтар (відаць, Міхаіл Каяловіч[10]) апавядае пра «літоўскую заваёву Беларусі»[c], называючы «ліцьвінамі» летувісаў[11], у другім творы праводзіцца думка, што «нашы дзяды былі рускімі, але сталі над імі панаваць літоўцы (т.б. літоўцы і жмудзіны)[d] і палякі ды прымусілі прыняць унію, каб ператварыць нас у палякаў і католікаў»[10], трэці твор «Великая помылка наших белорусов» заканчваецца заклікам, што «Русскими, а не Поляками мы повинны называтца»[12], у чацьвертым творы прапагандуецца навучаньне дзяцей у расейскіх школах[9].
Амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр зьвяртае ўвагу на мэтанакіраванае зьнішчэньне ўладамі Расейскай імпэрыі ў народнай сьвядомасьці гістарычнага сэнсу «літоўскасьці» — азначэньня сябе ліцьвінамі беларускамоўным сялянствам г. зв. «Паўночна-Заходняга краю» — што беспасярэдне спрыяла летувізацыі[13].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Выдадзены ў 2011 годзе Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі «Слоўнік беларускіх народных параўнанняў» дае наступнае тлумачэньне выразу «ліцьвін як лін»: «Пра характар колішняга беларуса — дужага, моцнага, выкрутлівага, якога голай рукой ня возьмеш»[3]
- ^ Як зазначаюць сучасныя дасьледнікі, сьвятых Кузьму і Дзям’яна беларусы здаўна лічылі сваімі апекунамі і дарадцамі: у беларускім фальклёры адлюстроўваецца вера ў тое, што Кузьма і Дзям’ян дапамагалі сялянам у іх галоўных клопатах — сенакосе, падрыхтоўцы да жніва, малацьбе. Сярод іншага, менавіта Кузьма і Дзям'ян дапамагаюць ліцьвіну паводле сюжэту ўкраінскай інтэрмэдыі XVIII стагодзьдьзя[6]
- ^ Хоць супольнае жыцьцё беларусаў з «заваёўнікамі» ў гэтым творы падаецца досыць станоўча[11]
- ^ «Наши отцы и дзяды были Русскиe; тольки не завсегды над ими пановали свои родные Русские князя. Упярод над ими пановали Русские князи, потом стали пановаць над ими князя Литовцев т. е. князя, тых самых Литовцев и Жмудзинов, што живуць з нами»
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ад укладальнікаў, Іван Насовіч. Слоўнік беларускай мовы (электронная вэрсія)
- ^ Носович И. Словарь белорусского наречия. — СПб., 1870. С. 290.
- ^ Слоўнік беларускіх народных параўнанняў. — Менск: Беларуская навука, 2011. С. 241.
- ^ Носович И. Словарь белорусского наречия. — СПб., 1870. С. 269.
- ^ Носович И. Словарь белорусского наречия. — СПб., 1870. С. 31.
- ^ Кабржыцкая Т., Рагойша У. Феномен часу: драматургія Кіева-Магілянцаў як выява ўкраінска-беларускай культурнай супольнасці // Беларусь і беларусы ў прасторы і часе: зборнік да 75-годдзя прафесара Адама Мальдзіса / Грамадскае аб’яднанне «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў», Польскі інстытут у Мінску. — Менск, 2007. С. 140―151
- ^ Веда. № 2, 1952. С. 53—54.
- ^ Латышонак А. Гутарка «царкоўнага старасты Янкі» з «Яськам гаспадаром з-пад Вільні» // Дзеяслоў. № 9 (2), 2004. С. 196—212.
- ^ а б Хаўстовіч М. «Разсказы на белорусскомъ наречіи» ў кантэксце ананімнай літаратуры 60-х гг. XIX ст. // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Серыя 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. № 1, 2001. С. 11.
- ^ а б Хаўстовіч М. «Разсказы на белорусскомъ наречіи» ў кантэксце ананімнай літаратуры 60-х гг. XIX ст. // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Серыя 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. № 1, 2001. С. 9.
- ^ а б Токць С. Абуджэнне заходнерусізму ў інтэграцыйным канструктывізме А. Бендзіна // Беларускі гістарычны агляд. Т. 13, сш. 2 (снежань 2006). С. 388—419.
- ^ Хаўстовіч М. «Разсказы на белорусскомъ наречіи» ў кантэксце ананімнай літаратуры 60-х гг. XIX ст. // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Серыя 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. № 1, 2001. С. 10.
- ^ Снайдэр Т. Спрэчкі за літоўска-беларускую Айчыну. Працяг // Дзеяслоў. № 12, 2004.