Перайсьці да зьместу

Рабства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Рабаўладальніцкі лад»)
рабства
Падкляса адэксплюатацыя, прымусовая праца Рэдагаваць
Гісторыя тэмыгісторыя рабства Рэдагаваць

Ра́бства — гвалтоўнае падпарадкаваньне аднаго чалавека іншаму альбо адной групы людзей іншай групе людзей.

Слова паходзіць ад стараславянскага слова «раб», якім у славянаў называлі працоўнага чалавека, які выконваў тую ці іншую гаспадарчую працу. Пазьней з пашырэньнем у сьвеце рабаўладаньня, гэтае слова стала ўжывацца ў значэньні — чалавек, які выконвае свае абавязкі прымусова, які знаходзіцца ва ўласнасьці іншых людзей або арганізацыі й якога можна разглядаць як складнік гаспадаркі ў якасьці прылады працы. Раба можна прадаць, абмяняць, забіць бязь ягонай згоды, ён ня мае асабістых правоў.

Рабаўладальніцкія адносіны зьявіліся ў старажытнасьці, калі на Блізкім Усходзе пачалі ўзьнікаць першыя дзяржавы й складаныя гаспадарчыя сыстэмы зь некалькімі ўзроўнямі кіраваньня, то бок храмавыя гаспадаркі. З часам гэты тып адносінаў распаўсюдзіўся па ўсім сьвеце, набыў больш чалавечыя рысы й у рэшце рэшт прывёў да зьяўленьня сучаснай сыстэмы працоўных адносінаў у сусьветнай гаспадарцы. Вялікае значэньне ў працэсе адмены рабаўладаньня ў ягонай антычнай форме згулялі вера, адукацыя й навука ў прыватнасьці зьяўленьне й разьвіцьцё такіх сусьветных веравучэньняў як то хрысьціянства, юдаізм, іслам, будызм і канфуцыянства.

«Кірмаш рабоў» (прыкладна 1884 год). Жан-Леон Жэром

Разам з эканамічным прагрэсам паступова рабства як масавая зьява паступова зьнікла ў большасьці колькі-небудзь разьвітых і густанаселеных краінах, у іншых яно было забаронена з прычыны ўнутранай барацьбы або пад уплывам суседзяў. Зрэшты рабства да гэтага часу існуе ў некаторых кутках сьвету, а як зьява, як нелегальная форма працоўных адносінаў у большасьці краінах сьвету. Гэтае азначае, што рабства, як пэўны тып адносінаў суправаджае сусьветную гаспадарку ў працэсе ейнага разьвіцьця, набываючы вострыя формаў у пэрыяды праблемаў у глябальным грамадзтве.

Адным з гістарычна апошніх прыкладаў масавага клясычнага, то бок легальнага й адкрыта дэкляруемага рабства, было рабства нэграў у заходнеэўрапейскіх калёніях, пераважна ў Амэрыцы ў XVI—XIX стагодзьдзях. Мільёны афрыканцаў вывозіліся з кантынэнту ў іншыя краіны й выкарыстоўваліся як бясплатныя прылады працы, працуючы на ​​плянтацыях, на здабычы карысных выкапняў, у шахтах, а пазьней на мануфактурах. Многія зь іх хутка паміралі, але ўсё роўна эканамічны плён ад падобнай эксплюатацыі быў велізарным нягледзячы на сумленьне й дэкляруемае хрысьціянамі чалавекалюбства. Каталіцкая царква заплюшчвала вочы на ​​рабства ў краінах Лацінскае Амэрыкі, бо сама выкарыстоўвала рабоў у схаванай форме. Рабства ў Брытанскай імпэрыі афіцыйна было забаронена ў 1833 годзе, у ЗША ў пачатку грамадзянскай вайны 1861—1865 гадоў (19 чэрвеня 1862 г.[1]). Працягвае надалей існаваць нелегальна.

У сучасным разуменьні тэрмін «рабства» часам выкарыстоўваецца для абазначэньня сумежных катэгорыяў гвалтоўнага прымусу людзей для выкананьня пэўнай працы. У гэтым сэнсе праваабарончыя арганізацыі распрацавалі пэўныя крытэры вызначэньня сучаснага рабства.

Асноўны артыкул: Гандаль людзьмі

Па выніках 2012 году гандаль людзьмі заняў 3-е месца паводле прыбытковасьці пасьля наркагандлю і незаконнага гандлю зброяй. Ахвярам часта прапаноўвалі выехаць за мяжу з абяцаньнем параўнальна вышэйшага заробку ў галіне будаўніцтва і па іншай работніцкай спэцыяльнасьці. Вярбоўнікі ўтойвалі небясьпечныя ўмовы працы і не забясьпечвалі аховы здароўя. Па выезьдзе пацярпелыя не атрымлівалі заробку і не маглі вярнуцца дадому[2].

Прадухіленьню трапляньня ў няволю за мяжой найперш спрыяла законнае працаўладкаваньне. Гэтак, на 2014 год Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі склала сьпіс 87 прадпрыемстваў, якія мелі дазвол на працаўладкаваньне за мяжой. Большасьць зь іх мела дазволы для накіраваньня працаўнікоў у суседнія краіны — Расею, Польшчу, Летуву, Украіну і Латвію. Сярод іншых краінаў Эўропы прапаноўвалі Чэхію, Нямеччыну, Італію, Бэльгію і Нідэрлянды. У Азіі прапаноўвалі Казахстан, Паўднёвую Карэю, ААЭ, Бахрэйн і Катар. У Амэрыцы — ЗША і Бразылію. Працоўная дамова мела агаворваць характар, тэрмін, месца, умовы і аплату працы, умовы пражываньня і харчаваньня, абавязкі і правы бакоў[2].

Абавязкова варта мець працоўную візу дзяржавы працаўладкаваньня, выдадзеную амбасадай або консульствам. Таксама належыць мець з сабой копіі ўсіх пасьведчаньняў на выпадак страты арыгіналаў, як і страхоўку ад здарэньняў і хваробаў. Па прыезьдзе за мяжу варта стаць на часовы консульскі ўлік і не аддаваць нікому свой пашпарт. Пры адрозьненьні ўмоваў знаходжаньня ад прапісаных у дамове належыць зьвязацца агенцтвам працаўладкаваньня і безадкладна запатрабаваць паляпшэньня ўмоваў. Пры адсутнасьці паляпшэньня варта адмовіцца ад працы паводле дамовы. У выпадку крадзяжу пасьведчаньняў і больш істотных цяжкасьцяў належыць зьвярнуцца ў амбасаду або консульства сваёй краіны і ў паліцыю краіны знаходжаньня[2].

У Беларусі заканадаўства дапускала рабства да Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году. Артыкул 11 Разьдзелу XII Статуту называўся «Чалавек вольны ні за якое злачынства не павінен быць аддадзены ў няволю». Артыкул 21 «Хто можа быць нявольнікамі» Разьдзелу XII адзначаў: «Нявольнікамі надалей не павінныя быць зь іншых прычынаў, як толькі палонныя, а іншая чэлядзь нявольная і таксама дзеці, нашчадкі палонных павінныя быць пасаджаныя на землях і разумецца павінныя як вотчычы» (пчаляры)[3].

За 2002—2014 гг. у краіне ўстанавілі 5102 ахвяраў гандлю людзьмі (0,05% насельніцтва Беларусі). Зь іх 4502 (88,2%) трапілі ў сэксуальную няволю. 597 (11,7%) чалавек апынуліся ў працоўнай няволі. Яшчэ тром выразалі органы. З 2011 годзе лік выяўленых ахвяраў унутры краіны стаў перавышаць лік вывезеных за мяжу — 153 унутрыкраёвых і 142 вывезеных. У 2012 годзе — 124 і 85 ахвяраў адпаведна. У 2013 годзе —90 і 59 адпаведна. Вываз у рабства за мяжу ажыцьцяўляўся пераважна ў краіны Эўрапейскага Зьвязу (Польшча), Блізкага Ўсходу (Турэччына) і Расею (Маскоўская вобласьць). Пры гэтым у працоўную няволю ў асноўным вывозілі ў Расею. З 2006 г. пачалі выяўляцца адзінкавыя замежныя ахвяры гандлю людзі, прывезеныя ў Беларусь з Малдовы, Расеі і Ўкраіны[4].

  1. ^ Дзьве даты: 19 чэрвеня // Зьвязда : газэта. — 19 чэрвеня 2010. — № 118 (26726). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б в Сьвятлана Бусько. Як правільна працаўладкавацца за мяжой // Зьвязда : газэта. — 20 траўня 2014. — № 91 (27701). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Жыгімонт ІІІ. Разьдзел XII. Аб галоўшчынах і навязках людзей простых і аб такіх людзях і чэлядзі, якія ад паноў сваіх сыходзяць, таксама і аб слугах прыказных // Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 / Перакл. А.С. Шагун. — Менск: Беларусь, 2002. — С. 185, 188. — 207 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0243-8
  4. ^ Кастусь Матушыч. Ня менш за 4500 беларусаў трапілі ў сэксуальнае рабства // Газэта «Наша Ніва», 12 лістапада 2014 г. Праверана 15 лістапада 2014 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рабствасховішча мультымэдыйных матэрыялаў