Перайсьці да зьместу

Плакід Янкоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Янкоўскі.
Плакід Янкоўскі

лац. Płakid Jankoŭski
Дата нараджэньня 20 верасьня (2 кастрычніка) 1810[1][2]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 28 лютага (11 сакавіка) 1872[2] (61 год)
Месца сьмерці
Месца вучобы
Занятак пісьменьнік, перакладнік, прэсьбітар, паэт, протаярэй, асэсар, настаўнік, праваслаўны сьвятар
Навуковая сфэра літаратура[3][3] і перакладніцкая дзейнасьць[d][3][3]
Месца працы
Псэўданімы John of Dycalp
Узнагароды
ордэн Сьвятой Ганны 2 ступені ордэн сьвятой Ганны III ступені
Подпіс Выява аўтографу

Пла́кід Янко́ўскі (20 верасьня 1810, в. Войская, цяпер Камянецкі раён — 11 сакавіка 1872, Жыровічы; псэўданімы: Віталіс; John of Dycalp) — сьвятар, празаік, публіцыст, перакладчык і паэт. Пісаў на польскай і расейскай мовах. Магістар тэалёгіі.

Нарадзіўся ў сям’і ўніяцкага сьвятара. Яго бацька Габрыель — удзельнік паўстаньня пад кіраўніцтвам Т. Касьцюшкі, паходзіў зь беднай шляхецкай сям’і з Падляшша, пазьней, калі перабраўся на Берасьцейшчыну, стаў уніяцкім сьвятаром. Маці Плакіда Янкоўскага звалі Ганнай, паходзіла з роду Лыткоўскіх. У іх было чацьвёра дзяцей: Ян (1803 г. нар.), Ганна, Кацярына і самы меншы Плакід (1810 г. нар.).

Першапачатковую адукацыю атрымаў дома. З 8 да 14 гадоў навучаўся спачатку ў Сьвіслацкай гімназіі, а затым (з 1818) у базыльянскай школе ў Берасьці.

У 1826 распачаў навучаньне ў Галоўнай сэмінарыі ў Вільні, якая была пры Віленскім унівэрсытэце на правах багаслоўскага факультэту. Быў прыняты на вучобу за казёны кошт. У Віленскім унівэрсытэце вучыўся таксама родны брат Плакіда Ян Янкоўскі. Ян удзельнічаў у тайным студэнцкім таварыстве філяматаў, за антыдзяржаўную дзейнасьць быў высланы ў Волагду, дзе і памёр. У 1830 Плакід Янкоўскі з адзнакай скончыў Віленскі ўнівэрсытэт і Галоўную сэмінарыю пры ім.

Настаўніцкая праца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэцкіх студыяў быў накіраваны настаўнікам у Жыровічы. У 1831 выехаў у Вільню з мэтай збору матэрыялаў для абароны на доктара багаслоўя. Пэўны час у 1831 працаваў хатнім настаўнікам у Нізах Чэрыкаўскага павету Магілёўскай губэрні ў сям’і маршалка Чудоўскага, якая вызначалася высокай асьветай. Як адзначаў сам Плакід Янкоўскі, гэты час ён правёў зь вялікай карысьцю для сябе.

У 1831 ажаніўся на дачцэ старшыні Літоўскай кансысторыі Гэлене Тупальскай, зь якой пражыў 35 гадоў, меў трох сыноў і двух дачок. Пазьней ён узяў на выхаваньне яшчэ шасьцёра дзяцей роднай сястры Ганны, якая памерла ў 1846.

У 1832 Плакід Янкоўскі зноў вярнуўся ў Жыровічы, дзе жыла яго сястра Ганна, якая была замужам за рэктарам Літоўскай духоўнай сэмінарыі Іпалітам Гамаліцкім, для працы настаўнікам у школе. У гэты ж год спачыў яго бацька-сьвятар, да якога ён быў вельмі моцна прывязаны.

Сьвятарская праца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

20 жніўня 1833 Плакід Янкоўскі высьвячаны на ўніяцкага сьвятара, потым стаў праваслаўным сьвятаром, протаярэем. Магістар тэалёгіі, прафэсар дагматычнай тэалёгіі і лацінскай мовы ў Літоўскай духоўнай сэмінарыі. Віцэ-старшыня Літоўскай кансысторыі. Падпісаў акт аб ліквідацыі Ўніяцкай Царквы ў 1839. Протаярэй Плакід Янкоўскі быў узнагароджаны нагрудным залатым крыжам, ордэнамі Сьвятой Ганны 2-й і 3-й ступені.

Зь пераносам у 1845 з Жыровічаў у Вільню Літоўскай духоўнай кансысторыі і сэмінарыі жыў у Вільні, зьяўляўся настаяцелем у катэдральнай царкве сьв. Мікалая Цудатворцы, якую ў часы праваслаўнага мітрапаліта Ёсіфа Сямашкі перабудавалі са знакамітага касьцёла сьв. Казімера айцоў-езуітаў. Паводле ўласнага жаданьня ў 1846 пакінуў Вільню. Зьяўляўся благачынным, жыў у Бялавічах Слонімскага ўезду. З 1858 перабраўся ў Жыровічы, дзе пражыў апошнія 14 гадоў свайго жыцьця. Памёр 28 лютага (11 сакавіка) 1872. Труна зь яго целам была зьмешчана ў могілкавай царкве сьв. Юрыя ў Жыровічах побач з жонкай.

Літаратурная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Псэўданім Плакіда Янкоўскага — John of Dycalp. Прачытаўшы Dycalp справа налева, атрымаем імя пісьменьніка, а John (Ян) — выводзіцца зь яго прозьвішча — Янкоўскі. Яшчэ адзін літаратурны псэўданім — Віталіс Камаед паходзіць зь першага твору Янкоўскага «Хаос, тры пальцы фіміяму, расказаныя рыфмаплётам ад Віталіса Камаеда», выдадзенага ў Вільні ў 1835 годзе.

Валодаў замежнымі мовамі: ангельскай, францускай, нямецкай, італійскай, чэскай, свабодна карыстаўся расейскай, польскай, лацінскай, старажытна-габрэйскай. Зь сялянамі размаўляў на беларускай мове, заняткі ў сэмінарыі праводзіў на расейскай, польскай, лацінскай.

Аўтар аповесьцяў, апавяданьняў, гумарэсак (вядомы больш за 20 твораў) і краязнаўчых, біяграфічных і інш. нарысаў, якія былі папулярнымі ў беларускім краі. Выдаў кнігі прозы на польскай мове «Засьценак» (1841), «Хвілінка» (1842), «Апавяданьні» (1843), «Складзеная аповесьць» (1843, разам зь Юзафам Крашэўскім), «Унівэрсітэцкія ўспаміны» (1849), «Крыніцы» (1853), «Адась» (1856), «Фанабэрыя пана старосты Канеўскага» (1873), камэдыю «Прадчуваньне» (1842) і іншыя. Аўтабіяграфічны нарыс «Пасхальныя кулічы» раскрывае пастырскае служэньне протаярэя Плакіда Янкоўскага ў Бялавічах. Пераклаў на польскую мову асобныя творы Шэксьпіра, Гётэ і інш. Па-расейску (у «Літоўскіх епархіяльных ведамасьцях») з 1864 году друкаваў апавяданьні, нарысы, жыцьцяпісы, успаміны.

У 1842 Плакід Янкоўскі намагаўся арганізаваць выданьне аль­манаха «Літвіны», зьдзейсьніў падарожжа ў Наваградак, дзе аглядаў руіны замку і мясцовыя старажытнасьці.

Пасьля сьмерці Плакіда Янкоўскага архіў доўгія гады захоўваўся ў Варшаве ў яго дачкі Тэафіліі (у замужжы Васільевай). Там знаходзіліся лісты да Юзафа Крашэўскага, Адама Плуга, Міхаіл Баброўскага, Генрыка Жавускага, Ігнатам Галавінскім, Міхалам Грабоўскім і інш.

У 2004 у Беларусі ўпершыню выдадзены «Записки сельского священника» Плакіда Янкоўскага, дзе сабраныя нарысы і ўспаміны з апошняга пэрыяду жыцьця, напісаныя пераважна па-расейску.