Пермскі пэрыяд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Пермскі пэрыяд (сыстэма), перм — шосты й апошні пэрыяд палеазойскай эры. Пачаўся 299 мільёнаў рокаў таму, працягваўся 47 мільёнаў рокаў. Выдзелены ў 1841 годзе ангельскім геолягам Мэрчысанам у эўрапейскай частцы Расеі, названы ў гонар гораду Перм. Канец пэрыяду азнаменаваны найвялікшай біятычнай катастрофай цягам усяго фанэразою.

Палеагеаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На працягу пэрыяду канфігурацыя структураў зямной паверхні заставалася амаль што нязьменнай. Захоўвалася мэрыдыянальная асымэтрыя, якая выражалася ў існаваньні акіянічнага паўшар’я, занятага Панталясай, і кантынэнтальнага, у якім асноўная плошча прыпадала на Пангею. Таксама ў кантынэнтальным паўшар’і існавалі адносна невялікія акіяны Палеатэтыс і Нэатэтыс, Катазійская ды Кімэрыйская сыстэмы мікракантынэнтаў. Пангея працягвалася ад паўднёвага канцавосься да 75—85 стопняў паўночнай шыраты. Катазыйская сыстэма, якая аб’ядноўвала Паўночна-кітайскі, Паўднёва-кітайскі й Індакітайскі мікраканынэнты, таксама цягнулася ў мэрыдыянальным напрамку, абмяжоўваючы Палеатэтыс з усходу. Кімэрыйская сыстэма аддзяляла Палеатэтыс ад Нэатэтысу, аб’ядноўваючы мікракантынэнты Заходняга Ірану, Цэнтральнага Ірану, Паўночнага Тыбэту й Бірма-Маляйзіі. Цягам пэрыяду Пангея зьмясьцілася ў паўночны бок максымум на 5-10 градусаў. Больш інтэнсіўна рухаліся мікракантынэнты, што было павязана з раскрыцьцём Нэатэтысу. Да сярэдзіны артынскага веку Пангея падзялялася на ляўразійскую ды гандванскую часткі горным роўнікавым пасам. Ува ўнутраных абласьцях Ляўразіі й Гандваны знаходзіліся калізыйныя горныя ланцугі, зводваыя ўзвышшы ды пласкагор’і. У межах Казахстанска-Ангарскае вобласьці да іх ліку належалі горы Бырангу, Уралу й Кызылкумаў, а на ўсходняе пэрыфэрыі — Саяны, Алтай ды Верхаянскія горы. У цэнтры месьцілася Енісэйска-Зайсанская горная сыстэма. На тэрыторыі колішняй Эўрамэрыкі да падобных масываў належалі Антлер, Грэнвіль, Анцэтрал, Фронт-Ранжэ, Анкампагрэ ды Скандынаўскія горы.

Вялікія плошчы ў Ляўразіі займалі пласкагор’і, сярод якіх варта адзначыць Байкальскае і Патомскае. У гандванскай частцы Пангеі выдзяляліся хрыбты Асунсьён, Эсьпіньяў, Жэрал, Маўрытанскі пас і іншыя. Горныя структуры андзкага кшталту разьмяшчаліся ўздоўж заходняй ускраіны Паўднёвай Амэрыкі (Анды), паўднёвай ускраіны Антарктыды (хрыбет Роса), усходу Аўстраліі (Нью-Інглэнд). Мяркуецца, што ўнутрыкантынэнтыальныя вобласьці Пангеі паводле сваёй араграфічнай будовы былі ў значнае меры падобнымі да сучасных бязьсьцёчных пласкагор’яў.

Разам з тым у раньнепермскую эпоху існаваў шэраг шэльфавых, ускраінных ды ўнутраных марскіх басэйнаў, зь якіх варта адзначыць Усходне-Эўрапейскае мора, празь якое ажыцьцяўляліся сувязі паміж Палеатэтысам ды арктычнымі водамі.

У другой палове пермскага пэрыяду ішло паступовае ўздыманьне Пангеі. Мора адышло з унтурыкантынэнтальных раёнаў. Скарацілася плошча ўскраінных басэйнаў на поўначы Ангарыды, затокаў на захадзе Паўночнай Амэрыкі, зьнікла Ўсходне-Эўрапейскае мора. Але пры гэтым не назіралася агульнага паніжэньня ўзроўню акіяну, бо шэльфавая зона не зьмяніла свайго месцазнаходжаньня.

Карысныя выкапні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цягам пермскага пэрыяду ўтварылася 26,8% зямнога вугольля, 20-30% нафты й газу. Утварыліся Пячорскі, Тунгускі, Кузьнецкі, Мінусінскі мінэральныя басэйны, вугленосныя басэйны ўва ўсходнім Кітаі (правінцыя Шаньсі), Індыі (штат Біхар), Паўднёвай Афрыцы, Бразыліі, Аўстраліі. Нафта пермскага ўзросту знаходзіцца ў радовішчах Дняпроўска-Данецкай упадзіны, Ціманска-Пячорскай, Волга-ўральскай нафтагазаносных правінцыяў. Вялікія радовішчы ніжнепермскіх вуглеводаў адкрытыя ў Перадмугаджарскім прагіне (Казахстан), у басэйне Паўночнага мора, ЗША, Аўстраліі, Пэрсыдзкай затоцы. Зь пермскімі адкладамі павязаныя вялікія запасы каменнае ды калійнае солі. На паўночным захадзе ЗША ў пермскіх адкладах шырока распаўсюджаныя фасфарыты.

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У раньнепермскую эпоху на Зямлі захоўваўся ўспадкаваны ад карбону вільготны халодны клімат. У асэльскі й на пачатку сакмарскага вякоў зьледзяненьне Гандваны дасягнула абсалютнага максымуму, пакрыўшы ўсё паўднёвае паўшар’е да трыццатых шыротаў, аб чым сьведчаць знаходкі ледавіковых тылітаў у Індыі, Аўстраліі й Паўднёвай Амэрыцы. Затым пачалося пацяпленьне і разам з тым асушэньне клімату. Вільготныя трапічныя лясы паступова сталі зьнікаць. Такім чынам, Зямля перайшла да наступнае тэрмаэры, якая працягвалася ажно да надыходу наступнай крыаэры ў плейстацэне. Тэмпэратура позьняе пермі вагалася паміж цёплымі й халоднымі цыклямі.[1] Сярэдняя тэмпэратура пэрыяду складала 16 стопняў, а ўзровень тлену — 23%, то бок абодва гэтыя паказчыкі былі блізкімі да сучасных.[2][3]

Арганічны сьвет[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У акіяне працягвалі гаспадарыць малюскі, ігласкурыя, плечаногія й рыбы. Колькасьць трылябітаў скарацілася да двух родаў. Падчас перма-трыясавага выміраньня яны зьніклі разам з 95% іншых марскіх арганізмаў.

На працягу пермскага пэрыяду назіраўся паступовы пераход ад палеазойскай флёры да мэзазойскай. Месца папарацяў, калямітаў, пляўноў паступова займалі голанасенныя. У першае палове пэрыяду на тэрыторыі Заходняй Эўропы й Паўночнай Амэрыкі захоўваліся вільготныя лясы. У высокіх шыротах расла прыгнечаная расьліннасьць — кардаітавая тайга ў Ангарыдзе ды глясаптэрысы ў Гандване. У гэты час расьліннасьць пачала распаўсюджвацца на больш далёкія адлегласьці ад вады, засяляючы водападзелы. Гэта паспрыяла адначасова прыстасавацца да паступовага ссушэньня клімату ды ўтварыць адзіную флёру на ўсёй тэрыторыі Пангеі. У раньнюю перм можна вызначыць два флярыстычныя царствы — Ляўразійскае з Эўрамэрыйскай, Ангарскай ды Катазійскай абласьцямі й Гандванскае. Пасьля сыходу ледавікоў з тэрыторыі Гандваны флёра пачала прымаць больш аднастайны выгляд, але пэўныя асаблівасьці яшчэ захоўваліся, найперш дзякуючы араграфіі.

Сярод чацьвяраногіх гаспадарылі земнаводныя ды сынапсыды, паўзуны знаходзіліся ў падпарадкаваным стане. Раньнепермскія знаходкі паходзяць з Эўропы (Чэхія, Нямеччына, Францыя, Ангельшчына, Сардынія), Паўночнай Амэрыкі (у асноўным Тэксас і Нью-Мэксыка); адначасова хрыбетныя пачынаюць засвойваць больш аддаленыя раёны. Дробныя паўзунападобныя дысказаўрысцыды пранікаюць у Цэнтральную Азію, а лябірынтадонты, каптарыніды й пэліказаўры — на тэрыторыю Ўсходне-Эўрапейскага плякату. Таксама раньнепермскай эпохай датуюцца першая спроба амніётаў павяртацца да воднай стыхіі, зьдзейсьненая мэзазаўрамі, вядомымі з Паўднёвай Амэрыкі й Паўднёвай Афрыкі, і першая вядомая спроба засяленьня водападзелаў — фаўна Тамбах у Турынгіі, сярод якой варта адзначыць эўдыбама — першую істоту, што перайшла да перамяшчэньня на двух канечнасьцях. У раньнепермскіх экалягічных супольнасьцях упершыню ў гісторыі Зямлі зьяўляюцца расьлінажэрныя жывёлы — дыядэкты, эдафазаўры, казэіды. Апошнія пад канец кунгурскага веку дасягнулі шасьці мэтраў у даўжыню (катылярынх), таму памеры драпежнікаў, да якіх належалі пэліказаўры сфэнакадонты, таксама значна паболелі. Пасьля сканчэньня кунгуру ў гісторыі чацьвяраногіх назіраецца гэтак званы правал Олсана, які цянгуўся ўвесь роадзкі век. Затым на пачатку другое паловы пэрыяду зьнікаюць некаторыя ранейшыя таксоны, у тым ліку амаль цалкам — пэліказаўры ды танкапазванковыя, якія застаюцца толькі ў ізаляваных арэалах кшталту Марока ды Мэзэнскага вострава. На зьмену пэліказаўрам прыходзяць тэрапсыды. Цягам «сярэдняе» пермі сярод іх пераважаюць жахагаловыя, якія выміраюць у канцы «сярэдняе» пярмі разам з апошнімі пэліказаўрамі ды архэгазаўрападобнымі амфібіямі. У моры гэтая крыза закранула некаторых фузулінідаў. У позьнюю перм сярод тэрыпсыдаў дасягаюць росквіту гарганопсы, двусабаказубыя, зьверагаловыя, тады як нішу расьлінаедных запаўняюць парэязаўры зь ліку анапсыдаў. Знаходкі другое паловы пермскага пэрыяду галоўным чынам сканцэнтраваныя ў двух рэгіёнах — эўрапейскае частцы Расеі, якая знаходзілася ў тропіках (Усходне-Эўрапейскі плякат) і Паўднёвае Афрыцы, якая была зонай адносна халоднага клімату (Кару). Таксама вядомыя адзінкавыя позьнепермскія тэтраподы з Бразыліі, Марока, Нігерыі, Індыі, Кітаю, Сыбіры, Шатляндыі. Разам з тым вялізныя плошчы паўночнай і цэнтральнай Афрыкі ды паўднёвай Эўразіі практычна не закранутыя знаходкамі пермскіх чацьвяраногіх. Мяркуецца, што тут маглі існаваць цэнтры ўтварэньня новых таксонаў ды іх абмену паміж ляўразійскай і гандванскай часткамі Пангеі.

Стратыграфічны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У адрозьненьне ад межаў пэрыядаў, якія суправаджаліся масавымі выміраньнямі, пераход ад карбону да пермі ў стратыграфічным пляне амаль нябачны. Для марскіх адкладаў ніжняя мяжа пермскага пэрыяду праходзіць па зьяўленьні канадонту Streptognathodus isolatus. У сьвеце не існуе адзінага агульнапрынятага стратыграфічнага падзелу пермскага пэрыяду. Замест гэтага выкарыстоўваецца як найменей тры рэгіянальныя шкалы: усходнеэўрапейская, заходнеэўрапейская ды паўночнаамэрыканская. У краінах Цэнтральнай Эўропы выкарыстоўваюцца абедзьве апошнія. Сярод іншага не зьяўляецца агульнапрызнаным выдзяленьне сярэднепермскай эпохі.

Эпоха Усходнеэўрапейская шкала Заходнеэўрапейская шкала Амэрыканская шкала
Верхняя перм Татарскі век Цэхштайн Чангсынскі век
Татарскі век Цэхштайн Вучапінгскі век
Сярэдняя перм Казанскі век Верхні ратлегенд Капітанскі век
Казанскі век Верхні ратлегенд Вордзкі век
Уфімскі век Верхні ратлегенд Роадзскі век
Ніжняя перм Кунгурскі век Верхні ратлегенд Кунгурскі век (леанард)
Артынскі век Верхні ратлегенд Артынскі век (вальфкамп)
Сакмарскі век Ніжні ратлегенд Сакмарскі век (вальфкамп)
Асэльскі век Ніжні ратлегенд Асэльскі век (вальфкамп)

Перма-трыясавае выміраньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адносныя маштабы біятычных катастрофаў фанэразою

Палеазойская эра скончылася найвялішым выміраньнем цягам усёй гісторыі Зямлі. Зьнікла 95% марскіх ды 70% наземных арганізмаў. Гэта заняло невялікі прамежак часу, магчыма, менш за 8000 гадоў. Сярод найбольш імаверных гіпотэзаў фігуруюць вульканізм[4], аб чым кажа вялізная колькасьць вульканічнага попелу ў ападкавых пародах цягам чангсынскага веку, газыфікацыя мэтанавага гідрату, кантынэнтальны дрэйф ды падзеньне астэроіду памерам у 50 км.[5], на карысьць чаго сьведчыць падлёдная анамалія ў Антарктыдзе, якая ўяўляе сабой 500-кілямэтровы кратэр. Лічыцца, што падчас выміраньня тэмпэратура акіяну павысілася да 40 стопняў, чым і абумоўлена зьнікненьне абсалютнае большасьці марской біёты. На сушы чыньнік серы дзейнічаў менш небясьпечна, асноўнымі чыньнікамі былі павышэньне тэмпэратуры, якое разам з арыдызацыяй клімату прывяло да выміраньня вільготналюбівыя расьліны, ды пэрыядычнае памяншэньне ўзроўню сонечнае радыяцыі з-за вульканічнага попелу ў атмасфэры. На сушы прагледжваюцца два пікі выміраньня, па першым зь якіх флёра й фаўна часткова аднавіліся. Аднова наземных экасыстэмаў заняла трыццаць мільёнаў рокаў.[6]

У Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адклады пермскага пэрыяду распаўсюджаныя ў Прыпяцкім прагіне й Берасьцейскай упадзіне. З-за недастатковай вывучанасьці на тэрыторыі Беларусі карыстаюцца назвамі мясцовых сьвітаў, а не вякоў ці гарызонтаў. За выключэньнем вышэйзгаданых структураў, тэрыторыя Беларусі цягам пермі знаходзілася на сушы й мела пустыннае аблічча. У асэльскі век Прыпяцкага прагіну дасягнула неглыбокае мора зь нешматлікай фаўнай бесхрыбетных. Тады там назапашваліся гліністыя й сульфатна-далямітавыя ападкі прудкоўскай сьвіты магутнасьцю да 70 мэтраў. У сакмарскі век мора крыху пашырылася на поўнач. Назапашваліся пераважна чырвоныя глініста-алеўралітавыя ападкі ніжняе падсьвіты дудзіцкае сьвіты магутнасьцю да 156 мэтраў. Верхняя пясчанікавая падсьвіта дудзіцкае сьвіты магутнасьцю да 47 мэтраў адклалася цягам позьняга сакмарскага ды артынскага вякоў, падчас трэцяе рэгрэсіі мора. Наступнага разу Прыпяцкі прагіб быў заліты ў татарскі век, разам зь ім пад вадой апынуліся сьхілы Ўкраінскага шчыта, Варонескай і часткова Беларускай антэклізаў. У неглыбокім басэйне адкладваліся чырвонакаляровыя канглямэраты, пясчанікі, пяскі магутнасьцю да 265 мэтраў з фаўнай філіподаў, астракодаў, рыбаў, водарасьцяў. Прыпяцкаму прагіну ўласьцівае чаргаваньне марскіх, лягунавых, прэснаводных ды кантынэнтальных умоваў назапашваньня ападкаў. У Берасьцейскай упадзіне атрымалі распаўсюджаньне толькі марскія тэрыгенна-карбанатныя адклады казанскага веку. У дольнай частцы адметная пачка магутнасьцю да 8,6 мэтра, утвораная збольшага канглямэратамі з дамешкам розназярністых пясчанікаў, у горнай — пачка магутнасьцю да 14 мэтраў, складзеная ў асноўным з вапнякоў і далямітаў з рэшткамі фарамініфэраў, мшанак, плечаногіх, каралаў і г. д. У другое палове казанскага веку ў Берасьцейскай упадзіне ўсталяваліся кантынэнтальныя ўмовы, і яны зрабілася камяністай пустыняй, дзе актыўна ішоў карставы працэс. Агульная магутнасьць пермскіх адкладаў у Прыпяцкім прагіне складае больш за 500 мэтраў, у Берасьцейскай упадзіне — каля трыццаці мэтраў. У адкладах пермскага пэрыяду на Беларусі з-за падабенства з Польшчай і Ўкраінай магчымыя знаходкі радовішчаў газу, медзі, рэдкіх мэталаў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Белорусская ССР: Краткая энциклопедия в 5 т. / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: Гл. ред. Белорус. Сов. Энциклопедии, 1979. — Т. 2. Природа. Экономика. Народное благосостояние. — 768 с — 50 000 экз.
  • Еськов К. Ю. Удивительная палеонтология: История Земли и жизни на ней. ЭНАС, 2008 г. — 312 стр.
  • Ивахненко М. Ф. Тетраподы Восточно-Европейского плакката — позднепалеозойского территориально-природного комплекса. — Пермь, 2001.
  • Климат в эпохи крупных биосферных перестроек / Гл. редакторы: М. А. Семихатов, Н. М. Чумаков. — М: Наука, 2004. — 299 с.
  • Non-Marine Permian Biostratigraphy and Biochronology / Edited by S.G. Lucas, G.Cassinis and J.W.Schneider. -London: Geological Society, 2006. −347 p.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Пермскі пэрыядсховішча мультымэдыйных матэрыялаў