Карбон

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Карбо́н, або каменнаву́гальны пэры́яд (сыстэма) — пяты пэрыяд палеазойскае эры. Распачаўся 359 мільёнаў рокаў таму й цягнуўся 60 мільёнаў рокаў. Назву атрымаў ад багатых запасаў каменнага вугольля. Выдзелены ангельскімі вучонымі Канібэрам і Філіпсам у 1822 року.

Палеагеаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У карбоне Эўрамэрыка зьядналася з Гандванай на поўдні ды з Ангарыдай на поўначы, у выніку чаго ўтварыўся адзіны супэркантынэнт Пангея. У зонах сутыкненьня кантынэнтаў ішоў працэс герцынскага гораўтварэньня. Між іншых паўсталі Ўрал ды горы сярэдняе Эўропы. На эўрамэрыйска-гандванскай мяжы за тым часам знаходзіўся горны роўнікавы пас. Меліся два асноўныя акіяны — «зьнешні» Панталяса й «унутраны» Палеатэтыс, які з усходу абмяжоўваўся Кімэрыйскім і кітайскімі блёкамі. Разам з тым закрыліся акіяны Рэя (паміж Эўрамэырыкай і Гандванай), Уральскі (паміж Эўрамэрыкай ды Ангарыдай, на ягоным месцы ўтварыліся Ўральскія горы) й Прататэтыс (паміж Ангарыдай і Паўночна-Кітайскім блёкам). У канцы пэрыяду паміж Гандванай і Кімэрыйскім блёкам пачынае раскрывацца Нэатэтыс.

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У раньнекарбонавую эпоху сярэдняя тэмпэратура Зямлі складала 20 стопняў вышэй за нуль. Аднак ужо ў сярэднім карбоне яна панізілася да 12 стопняў. Распачалося пэрма-карбонавае зьледзяненьне, якое праявілася асымэтрычна: лядовы шчыт замацаваўся на большай частцы паўднёвага паўшар’я, тады як у паўночным з-за адсутнасьці кантынэнтаў вакол паўночнага канцавосься ня ўзьнікла клімату халаднейшага за ўмераны сэзонны. Шчыльная атмасфэра й моцны эфэкт Карыёліса ў другой палове карбону дзякуючы хутчэйшаму вярчэньню Зямлі (працягласьць сутак была роўная 22 гадзінам 24 хвілінам) здолелі стварыць больш моцныя ветры, чым цяпер. Яшчэ адным вынікам схаладаньня стала павялічэньне долі тлену ў атмасфэры, якая дасягнула 35% (сёньня роўная 21%). Гэта магло паспрыяць рэзкаму павялічэньню памераў вусякоў, не ўласьціваму цяплейшым пэрыядам.[1] Існавалі дзьве галоўныя акіянічныя плыні: цёплая ўздоўж роўніку ад заходняга да ўсходняга ўзьбярэжжаў Эўрамэрыкі ды халодная ва ўмераных шыротах паўночнага паўшар’я, імаверна падобная да цяперашняе плыні Заходніх вятроў.

Арганічны сьвет[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каменавугольны пэрыяд вядомы як час «стоячых па калена ў вадзе» вільготных лясоў, утвораных калямітамі, хвашчамі, плявунамі й папарацямі, пазьней таксама хваёвымі. Падобныя лясы былі ўласьцівымі роўнікавай зоне Эўрамэрыкі зь цёплым кліматам. У халаднейшых раёнах з сэзоннымі зьменамі магла існаваць толькі прыгнечаная расьліннасьць, якой у Ангарыдзе зьяўлялася кардаітавая тайга, што атрымала распаўсюджаньне ў позьні карбон і затым перайшла ў пэрм. У акіянах пераважалі фарамініфэры, ганіятыты й плечаногія, таксама важную ролю адыгрывалі малюскі, ігласкурыя й рыбы. Колькасьць трылябітаў значна скарацілася. Амаль што ўсе знаходкі наземных і прэснаводных жывёлаў карбону паходзяць з пасу цёплага клімату — Заходняе Эўропы й Паўночнае Амэрыкі. Першая траціна карбону адметная гэтак званым Ромэравым правалам — прамежкам часу ў 15 мільёнаў рокаў пасьля распаўсюджаньня першых земнаводных, які характарызуецца амаль поўнай адсутнасьцю знаходак чацьвяраногіх. Затым жа лік знаходак чацьвяраногіх адразу набірае вялікую колькасьць таксонаў. У гэты час назіраўся росквіт земнаводных. Сярод іх цягам карбону пераважалі тонкапазванковыя (атрады аістаподы, нэктрыдыі, мікразаўры), затым яны паступова былі замененыя тэмнаспандыламі. З часоў сярэдняга карбону вядомыя першыя амніёты, якія адразу падзяліліся на паўзуноў і сынапсыдаў. Усе каменавугольныя амніёты мелі невялікі памер ды яшчаркападобны выгляд, толькі ў гжэльскі век некаторыя з пэліказаўраў атрымалі нетыповае аблічча, набыўшы «ветразь». Сярод суставаногіх атрымалі распаўсюджаньне гіганцкія формы кшталту трохмэтровае мнаганожкі артраплеўры й страказы мэганэўры з мэтровым размахам крылаў.

Стратыграфічны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ува ўсходнеэўрапейскай геахраналягічнай шкале карбон падзяляецца на тры эпохі й сем вякоў. У Паўночнай Амэрыцы замест карбону прынятыя два асобныя пэрыяды — місысып і пэнсыльван.

У Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На беларускіх землях сустракаюцца адклады ўсіх вякоў ніжняга й сярэдняга карбону. Верхні карбон выдзелены толькі ў ваколіцах вёскі Асташкавічы. Каменавугольныя адклады галоўным чынам прымеркаваныя да Прыпяцкага прагіну ды скрайняга паўднёвага захаду рэспублікі. Амаль паўсюдна залягаюць па-над позьнедэвонскімі адкладамі, а на паўднёвым усходзе Прыпяцкага прагіну — на пародах крышталічнага падмурку. Перакрыюцца ападкавай пэрма-трыясавай тоўшчай. Магутнасьць адкладаў складае ад некалькіх мэтраў на купалох да кілямэтру й болей у міжкупальных паглыбленьнях. Складзены пераважна пясчана-глініста-мэргэлевымі пародамі з дамешкамі вапнякоў, далямітаў, бурага вугольля, баксытаў. Большая частка Беларусі цягам карбону заставалася сушай. Толькі на месцы Прыпяцкага прагіну існаваў неглыбокі марскі басэйн, глыбіня й памеры якога пэрыядычна зьмяняліся. У раньнім візэі ды позьнім серпухаве мора адышло з тэрыторыі Прыпяцкага прагіну. Зьмяненьне марскіх і кантынэнтальных умоваў павязана з тэктанічнымі рухамі часу герцынскага гораўтварэньня. Да абласьцей зносу цягам раньняга карбону належалі Ўкраінскі шчыт, Варонеская й Беларуская антэклізы, цягам сярэдняга — таксама Палеская й Жлобінская седлавіны, заходняя й паўночная часткі Прыпяцкага прагіну.

З адкладамі карбону ў Беларусі павязаныя бурыя вуглі, руды, баксыты й даўсаніты.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ [1] К. Яськоў. Гісторыя Зямлі й жыцьця на ёй

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Белорусская ССР: Краткая энциклопедия в 5 т. / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: Гл. ред. Белорус. Сов. Энциклопедии, 1979. — Т. 2. Природа. Экономика. Народное благосостояние. — 768 с — 50 000 экз.
  • Климат в эпохи крупных биосферных перестроек / Гл. редакторы: М. А. Семихатов, Н. М. Чумаков. — М: Наука, 2004. — 299 с.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]