Ніна Шыдлоўская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Ніна Шыдлоўская
Дата нараджэньня 1 студзеня[1]
Месца нараджэньня вёска Баканава, Круглянскі раён, Магілёўская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
Грамадзянства Беларусь
Месца вучобы Філялягічны факультэт БДУ
Прафэсія мовазнаўца
Гады дзейнасьці з 2000-га
Вядомы як Сузаснавальніца кампаніі «Будзьма беларусамі!» (2008)
Пасада Старшыня Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
Тэрмін з 19 ліпеня 2009 году
Папярэднік Алена Макоўская
Муж Міраслаў Лазоўскі[2] (былы)[3]

Ні́на Шыдло́ўская (в. Баканава, Круглянскі раён, Магілёўская вобласьць, цяпер Беларусь) — грамадзкая дзяячка Беларусі.

Старшыня Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (зь 19 ліпеня 2009 году). Сузаснавальніца кампаніі «Будзьма беларусамі!» (2008).

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася ў сям'і брыгадзіра трактарыстаў і закройшчыцы мужчынскай вопраткі. Гадавалася па-беларуску разам зь сястрой. Скончыла 8 клясаў у беларускамоўнай школе роднай вёскі Баканава Круглянскага раёну (Магілёўская вобласьць). Сярэднюю школу скончыла ў Барысаве (Менская вобласьць). Сястра ж засталася ў вёсцы, дзе ўладкавалася кіраўніцай Дому культуры. Маці апошнія гады працавала загадніцай мясцовай аўтазаправачнай станцыі. Паступіла на беларускае аддзяленьне філялягічнага факультэту БДУ. Студэнткай пайшла працаваць у Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, дзе яе абралі кіраўніцай справамі. Пры канцы 1990-х гадоў навучалася ў Эўрапейскім цэнтры бясьпеказнаўства(en) імя Джорджа Маршала (Гарміш-Партэнкірхен, зямля Баварыя, Нямеччына). Пасьля навучаньня працаўладкавалася ў Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Выйшла замуж за сябра «Белага легіёну» Міраслава Лазоўскага[4]. У 2000-я гады была намесьніцай старшыні ЗБС «Бацькаўшчына»[5].

1 кастрычніка 2008 году выступіла каардынатаркай-сузаснавальніцай кампаніі «Будзьма!» разам са старшынёй Рады ЗБС «Бацькаўшчына» Аленай Макоўскай. У той дзень паведаміла: «Цэлы шэраг мерапрыемстваў, якія будуць зьдзейсьненыя падчас кампаніі, прадэманструюць жыхарам Беларусі, што беларуская мова і культура – гэта сучасна, гэта цікава, гэта пэрспэктыўна і гэта запатрабавана сучасным сьветам»[6]. У ліпені 2009 году была старшынёй працоўнай групы падрыхтоўкі 5-га Зьезду беларусаў сьвету[7]. 16 сакавіка 2012 году прадставіла відэапраект «Захапленьні» кампаніi «Будзьма беларусамі!», які ўлучаў 30 рэпартажаў пра беларускіх музыкаў[8]. Увесну 2013 году рыхтавала 4-ы фэстываль беларускамоўнай рэклямы «Аднак», які адбыўся 27 чэрвеня[9]. 14 кастрычніка 2013 году адзначыла: «Фэстываль задумваўся дзеля таго, каб беларускамоўнай рэклямы ў нас было болей. Гэта адна з тых сфэраў, якая ўплывае на сьвядомасьць людзей і нам важна, каб рэкляма была на беларускай мове, гэта відавочна. І другі важны для нас момант — беларуская арыентаванасьць рэклямы: каб і ў падсьвядомасьць людзей у тым ліку і праз рэкляму закладалася беларуская канструкцыя. Да ўсяго, мы даем камэрцыйным кампаніям інструмэнт — скарыстаць беларускую мову як адметнасьць». Шыдлоўская таксама прыгадала: «мы пачыналі фэстываль разам з нашым партнэрам і аднадумцам Сяргеем Скараходам». Яна падкрэсьліла: «Найперш у нашую краіну зь беларускамоўнай рэклямай прыходзяць буйныя міжнародныя карпарацыі, бо для іх натуральна рабіць прадукт на мове тытульнай нацыі. Яны як бы гавораць: «Мы прыйшлі да вас, але мы свае!» Урэшце Шыдлоўская патлумачыла: «паколькі рэкляма ў іх якасная, то яна зьяўляецца ўзорам для нашых кампаніяў»[10].

29 траўня 2015 году прывяла ў якасьці посьпеху 6-га фэсту «Аднак» рост грамадзкай падтрымкі рэклямы па-беларуску: «па дадзеных сацапытаньняў (Міжатлянтычная ўстанова продажаў і маркетынгу, 2014) ня меней за 60 % жыхароў Беларусі вітаюць беларускую мову ў рэкляме»[11]. 2 ліпеня 2015 году ўвайшла ў склад Кансультацыйнай рады сувязі зь беларусамі замежжа пры Міністэрстве замежных справаў Беларусі[12]. 15 ліпеня 2017 году на 7-м Зьезьдзе беларусаў сьвету міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей падтрымаў яе ў якасьці старшыні Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»: «Мы ўсе розныя. Я згодны са спадарыняй Шыдлоўскай, якая таксама зьвярнула на гэта ўвагу. У кожнага з нас свой погляд на жыцьцё краіны. І я лічу гэта нармальным. Я не заклікаю вас сьпяваць панэгірыкі ўладзе, усхваляць кагосьці ці штосьці. У гэтым вы можаце вызначыцца самі. Але кожны з нас можа штосьці зрабіць дзеля нашай галоўнай мэты — умацаваньня незалежнасьці нашай дзяржавы. Гэта патрабуе ад нас аб’яднаньня перад зьнешнімі і ўнутранымі выклікамі»[13]. 7 ліпеня 2020 году распрацавала і прадставіла з Аленай Макоўскай калекцыю летніх сарафанаў, спадніцаў, хустак і шалікаў па матывах узораў слуцкіх паясоў і карцінаў Язэпа Драздовіча[14].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Віншуем Ніну Шыдлоўскую // Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», 1 студзеня 2019 г. Праверана 16 сакавіка 2021 г.
  2. ^ Мужчынскія пальцы «адкаталі» // Радыё «Свабода», 7 верасьня 2009 г. Праверана 16 сакавіка 2021 г.
  3. ^ Аксана Колб. «Я зразумела, што адчувалі людзі ў 1937-м» // Газэта «Новы час», 6 ліпеня 2017 г. Праверана 16 сакавіка 2021 г.
  4. ^ Кацярына Карпіцкая. Пра патрыятызм, фэмінізм і каханьне // Газэта «Наша ніва», 27 сьнежня 2017 г. Праверана 16 сакавіка 2021 г.
  5. ^ Ніна Шыдлоўская: «Веру ў вяршэнства праўды» // Радыё «Свабода», 7 ліпеня 2007 г. Праверана 16 сакавіка 2021 г.
  6. ^ Генадзь Канстанцінаў. Будзьма беларусамі! // Радыё «Нямецкая хваля», 1 кастрычніка 2008 г. Праверана 16 сакавіка 2021 г.
  7. ^ Жураўлі на радзіму ляцяць // Газэта «Беларусь сёньня», 14 ліпеня 2009 г. Праверана 16 сакавіка 2021 г.
  8. ^ Юлія Бекер. Такімі нашых зорак вы ўбачыце ўпершыню // Выданьне «Вэлвэт», 16 сакавіка 2012 г. Праверана 16 сакавіка 2021 г.
  9. ^ Уключы выключнасьць // Газэта «Новы час», 24 красавіка 2013 г. Праверана 16 сакавіка 2021 г.
  10. ^ Ася Паплаўская. Топ-5 праектаў «Будзьмы!» // Інтэрнэт-газэта «Беларускія навіны», 14 кастрычніка 2013 г. Праверана 16 сакавіка 2021 г.
  11. ^ Мікалай Левертаў. Пажыральнікі рэклямы па-беларуску // Кампанія «Будзьма беларусамі!», 29 траўня 2015 г. Праверана 16 сакавіка 2021 г.
  12. ^ Зьміцер Косьцін. Першае паседжаньне Кансультацыйнага савету па сувязях зь беларусамі замежжа // Радыё «Рацыя», 2 ліпеня 2015 г. Праверана 16 сакавіка 2021 г.
  13. ^ Настасься Роўда. Давайце кіравацца лёгікай карпарацыі // Газэта «Наша ніва», 15 ліпеня 2017 г. Праверана 16 сакавіка 2021 г.
  14. ^ Беларуская прыгажосьць // Газэта «Наша ніва», 7 ліпеня 2020 г. Праверана 16 сакавіка 2021 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]