Янка Золак
Янка Золак | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Антон Міхайлавіч Даніловіч |
Псэўданімы | Антось Вірок, Антось Пясьняр, А. Здрок, З. Ажына, К. Асьцюк, В, Асьцюк, К. Аса, М. Залескі, Н. Авадзень, П. Міранюк, П. Мурашка, Парыцкі, Яз. Дольны, Я. Цікаўны[1][2] |
Нарадзіўся | 14 лістапада [ст. ст. 1 лістапада] 1912 в. Лучнікі, Слуцкі павет |
Памёр | 30 сьнежня 2000 Саўт-Рывэр, Нью-Джэрзі |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, празаік, выдавец |
Мова | беларуская |
Дэбют | «На былым балоце» // «Вясна», 1930 |
Творы на сайце Knihi.com |
Янка Золак (сапр. — Антон Міхайлавіч Даніловіч; 14 лістапада [ст. ст. 1 лістапада] 1912, в. Лучнікі, Слуцкі павет (цяпер — прыгарад Слуцка) — 30 сьнежня 2000, Саўт-Рывэр, Нью-Джэрзі) — беларускі паэт-эмігрант, празаік, выдавец. Брат Алеся Змагара.
Адзін з заснавальнікаў і першых рэдактараў часопіса «Беларуская думка». Колішні ўладальнік выдавецтва «Адгук» у Саўт-Рывэры.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў 1912 г. у заможнай сялянскай сям’і. Першую адукацыю атрымаў у Лучнікоўскай сямігодцы, пасьля якой два разы падаваў заявы ў Слуцкі пэдтэхнікум, але ў прыёме яму адмаўлялі як сыну серадняка[3]. Скончыў Рагачоўскія настаўніцкія курсы (1930). У 1930—1935 вучыўся на завочным аддзяленьні Менскага пэдагагічнага тэхнікума. З 1930 году пачаў працаваць настаўнікам пачатковай школы ў вёсцы Міраціна Бабруйскага раёну. Пэўны час працаваў карэктарам і памочнікам сакратара рэдакцыі бабруйскай газэты «Камуніст». Там сустрэўся зь Міхасём Лыньковым і Васілём Віткам). Пасьля пэдтэхнікума паступіў на завочнае аддзяленьне літаратурна-лінгвістычнага факультэта Аршанскага настаўніцкага інстытуту. Пераехаў у Гарбацэвічы, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў мясцовай школе[4].
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны накіраваўся на зборны пункт мабілізацыі ў Бабруйск, дзе паведамілі, што ваенкамат выехаў у Рагачоў, куды ўжо нельга было трапіць[4]. Неўзабаве вярнуўся ў Лучнікі і пачаў зь Лявонам Случаніным наладжваць работу Лучнікоўскай сямігодкі (Случчына ўжо апынулася ў глыбокім нямецкім тыле). Пачалі выдаваць рукапісны часопіс «Васілёк», дзе А. Даніловіч зьмяшчаў свае вершы пад псэўданімам Антось Пясьняр. Гэты часопіс стаў правобразам пазьнейшай «Газэты Случчыны»[5]. Ужо пасьля вайны праца ў школе і актыўная пісьменьніцкая дзейнасьць паводле савецкіх законаў лічылася здрадніцтвам і супрацоўніцтвам з ворагам. Каб пазьбегнуць рэпрэсій, улетку 1944 г. Я. Золак быў вымушаны эміграваць за граніцу.
Быў інтэрнаваны спачатку ў лягер «Гангофэр зідлюнг» у Рэгенсбургу, пазьней — у Міхэльсдорфе і Бакнангу[6]. З 1945 па 1951 гг. працуе ў пачатковых беларускіх школках (Рэгенсбург, Віндышбэргердорф), а потым у беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Міхэльсдорфе і Бакнангу[7]. Некаторы час працаваў сакратаром Янкі Станкевіча ў беларускай адміністрацыі рэгенсбурскага лягеру. У 1945 далучыўся да літаратурнага згуртаваньня «Шыпшына»[8], якое заснаваў ў Рэгенсбургу Юрка Віцьбіч. У Міхэльсдорфе наладзіў выданьне рататарным спосабам часопісаў «Вызваленьне» і «Дзіда»[7]. Увесну 1946 году адбылося знаёмства Золака зь Лідзіяй Каліноўскай (1910—1963), таленавітай мастачкай, якая скончыла Варшаўскую акадэмію мастацтва. Каханай жанчыне Я. Золак прысьвяціў шэраг сваіх вершаў. Іхні шлюб цягнуўся нядоўга, пасьля сьмерці жонкі ў 1963 годзе Я. Золак застаўся сам-насам зь дзецьмі.
У 1951 пераехаў у Злучаныя Штаты Амэрыкі[9]. Спачатку працаваў у старызьніка, потым на чыгунцы. Урэшце наняўся на трыкатажную фабрыку, дзе рабіў да самай пэнсіі. У 1957 годзе атрымаў амэрыканскае грамадзянства. Самастойна вывучыў друкарскую справу, перакупіў у а. Яна Пятроўскага друкарню і заснаваў выдавецтва «Адгук». Пра сваю друкарню Я. Золак згадваў наступным чынам:
Друкарню я разьмясьціў у падвале сваёй хаты. Напачатку суткамі не вылазіў адтуль і хоць не адразу, але апанаваў новую для мяне прафэсію. Выдаваў газэту «Беларускі патрыёт», пасьля «Сялянскі кліч», літаратурны дадатак да «Беларускага патрыёта». З маёй друкарні выйшла некалькі нумароў часопіса «Палесьсе», адзін нумар «Прыйсьця». Друкаваў брашуры. Напрыклад, «Асновы маралі. (Фундамэнт этыкі)» Яўхіма Кіпеля. А калі добра асвоіў тэхналёгію друкаваньня, перайшоў на выданьне зборнікаў вершаў. Фактычна быў рэдактарам і друкаром кнігі Ўладзімера Клішэвіча «Далячынь», перавыдаў зборнік Нічыпара Чарнушэвіча «Дзіва»… Надрукаваў яшчэ некалькі кніжачак. | ||
З 1960 году становіцца адным з арганізатараў і галоўным рэдактарам грамадзка-палітычнага і літаратурна-мастацкага часопіса «Беларуская думка».
У 1992 годзе, праз паўвека, Я. Золак прыехаў на Беларусь, дзе адзначыў свой 80-гадовы юбілей. Другі раз паэт прыязджаў на Беларусь у 1994 годзе, быў удзельнікам першага зьезду беларусаў сьвету, пабываў у Лучніках, сустрэўся з роднымі, зь Лявонам Случаніным[10].
Памёр 30 сьнежня 2000 году. Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рывэры (Нью-Джэрзі).
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя паэтычныя спробы Я. Золака пачалі зьяўляцца ў рукапісным часопісе «Прамень» Лучнікоўскай сямігодцы[3]. Друкавацца пачаў у 1930 годзе. Першы друкаваны верш «На былым балоце» пад псэўданімам Антось Вірок (вірок — прылада для наматваньня нітак на клюбок) зьявіўся ў часопісе «Вясна» — літаратурным дадатку да бабруйскай газэты «Камуніст»[11]. Затым друкаваўся ў часопісах «Камуніст» і «Камунары Магілёўшчыны» пад сваім прозьвішчам.
У час вайны, калі вярнуўся на Случчыну, пачаў выдавацца разам з Уладзімерам Клішэвічам, Лявонам Случаніным і Арыстархам Кротам у «Газэце Случчыны»[11] (менавіта тут упершыню апублікаваўся пад псэўданімам Янка Золак[5]. У 1943 годзе выдаў калектыўны зборнік «Песьняры Случчыны» (у зборніку, акрамя названых чатырох аўтараў, было па некалькі вершаў В. Блакітнага, Леаніда Гая і Базыля Явара). Зьмест зборніка — нацыянальнае ўсьведамленьне беларусаў. Ваенны пэрыяд творчасьці паэта быў даволі плённым, ён напісаў больш за 80 вершаў, востранадзённых па тэматыцы. Вершы Золака друкаваліся ўва ўсёй беларускай пэрыёдыцы, якая выходзіла на акупаванай тэрыторыі з дазволу нямецкай адміністрацыі: «Голас вёскі», «Беларуская газэта», «Беларус на варце» (Менск), «Баранавіцкая газэта», «Слонімская газэта», «Новая дарога» (Беласток), «Новы шлях» (Рыга)[5].
На эміграцыі ў Нямеччыне Я. Золак друкаваў свае творы ў газэце «Раніца» і «Беларускі работнік».
Жывучы на эміграцыі ў Злучаных штатах, друкаваўся ў розных эмігранцкіх выданьнях: «Шыпшына», «Напагатове», «Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі», «Божым шляхам», «Царкоўны сьветач», «Аб’яднаньне», «Прыйсьце», «Беларус у Амэрыцы», «Баявая Ўскалось», «Беларуская думка»; газэтах «Незалежная Беларусь», «Беларускае слова», «Беларус» пад самымі рознымі псэўданімамі.
У час жыцьця ў Амэрыцы пашыраецца жанравы дыяпазон творчасьці Я. Золака. Ён спрабуе свае сілы ў прозе. Яшчэ раней у Нямеччыне апублікаваў сваё апавяданьне «Бывай, незваротная» (Шыпшына, 1946). Гэта празаічны абразок папярэднічаў невялічкай аповесьці «Т. Д. Ч.» («Напагатове»), паводле вызначэньня самога Я. Золака, «нешта накшталт аповесьці А. Гайдара „Цімур і яго каманда“»[12]. Ужо ў 1958 г. ва ўласным выдавецтве «Адгук» Золак надрукаваў кнігу празаічных гумарэсак «За чужы грэх» (новыя гумарэскі публікаваліся ў разьдзеле «Асот» часопіса «Беларуская думка», газэце «Беларус» 70-0-х гг.). Таксама напісаў казку для дзяцей «Бабок». У 1980-х гадах піша значныя празаічныя творы — фантастычную аповесьць «Віталія» (Віталія — зямля, якая знаходзіцца ў чацьвёртым вымярэньні, па-за абсягамі нашых ведаў); апавяданьне «Пацук у пастцы» і аповесьць «Ціхі Стаў» («Беларуская думка», 1987—1992). Сюжэтна гэтыя творы зьвязаныя пасьляваеннымі падзеямі ў Заходняй Беларусі, дзе актыўна дзейнічае падпольная арганізацыя «Чорныя Каты», за якой палююць супрацоўнікі савецкіх органаў бясьпекі. Таксама публікуе апавяданьне «Мясьнік» — яскравую замалёўку з жыцьця слуцкай дакалгаснай вёскі.
Пісаў Я. Золак успаміны («Мая сустрэча зь Якубам Коласам у 30-я гады», Беларус, 1982), крытычныя артыкулы пра творчасьць Масея Сяднёва, Міхася Кавыля, Уладзімера Клішэвіча, дасьледаваньне «На 500-годзьдзе з дня нараджэньня Міколы Гусоўскага» (друк. у час. «Беларуская думка»).
Ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Каля дзясятка першых вершаў Антона Даніловіча 1930-х гадоў не вылучаліся з агульнай падцэнзурнай плыні савецкай літаратуры і адлюстроўвалі посьпехі «савецкага будаўніцтва», творы пісаліся з аглядкай на пагрозу рэпрэсіяў з боку камуністычнай улады (дзядзька Я. Золака ўжо быў сасланы на катаржныя работы на Беламорканал, бацька пісьменьніка быў пад пагрозай раскулачваньня як «цьвёрдазаданьнік»)[4].
Творчасьць Я. Золака ваеннага пэрыяду працягвае нацыянальна-патрыятычную тэму, шырока разгорнутую ў творчасьці Янкі Купалы (як адзначае Л. Савік, многія вершы паэта маюць тыя ж назвы, што і Купалавы, блізкія ім тэматычна, ідэйна і сэнсава-зьмястоўна)[13]. Насьледаваньне нацыянальным традыцыям выразна адчуваецца як у інтымнай, настраёвай, так і ў пэйзажнай лірыцы Золака[14]. Патас творчасьці ваеннага пэрыяду прасякнуты разуменьнем, што пасьля дыктатарскай улады, якая вынішчыла цьвет нацыі (верш «Тодару Лебядзе — адказ на сібірскія лісты»), трэба паміраць беларусам не за Сталіна і змагацца за яго вяртаньне, а будаваць, адстойваць свабоду сваёй Бацькаўшчыны[13]. У 1944 годзе, прадчуваючы растаньне з радзімай, паэт напісаў два вызначальныя вершы: «Мой адказ» і «Матулі», у якіх сьцьвердзіў сваёй паэтычнае і чалавечае крэда.
Пэрыяд знаходжаньня ў Нямеччыне (1944—1951) быў даволі плённым: паэт напісаў столькі ж вершаў, як і ў ваенныя гады на Бацькаўшчыне (больш за 80). Да ранейшай праблематыкі дадаліся настальгічныя матывы, адчуваньні выгнанца зь яго бяздомнасьцю, адзінотай, бясконцымі думкамі, успамінамі пра родных, блізкіх людзей[7].
Як адзначае Л. Савік, за паўстагодзьдзя актыўнага творчага жыцьця ў Амэрыцы паэт напісаў шмат вершаў, якія можна аб’яднаць у некалькі адпаведных цыкляў паводле тэматычна-філязофскага кірунку: духоўнае жыцьцё паэта і атмасфэра, якая яго атачала, роздум над пражытым і перажытым (50-60-я гады), гісторыя, родная мова, Бацькаўшчына (70-80-я гады), асэнсаваньне таго, што ўбачыў на Беларусі пасьля прыезду на радзіму праз паўвека (90-я гады)[15].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Золак 1988. С. 26.
- ^ Савік 2001. С. 241.
- ^ а б Савік 2001. С. 220.
- ^ а б в Савік 2001. С. 221.
- ^ а б в Савік 2001. С. 222.
- ^ Золак 1988. С. 15.
- ^ а б в Савік 2001. С. 231.
- ^ Золак 1988. С. 19.
- ^ Савік 2001. С. 239.
- ^ Савік 2001. С. 246.
- ^ а б Капшай 1992. С. 16.
- ^ Савік 2001. С. 242.
- ^ а б Савік 2001. С. 224.
- ^ Савік 2001. С. 229.
- ^ Савік 2001. С. 243.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Золак Янка Вятрыска з радзімай краіны: Зб. выбр. тв. / Уклад. і прадм. Л. Пранчак.. — Мн.: БелАДІ, 1988. — 312 с. — ISBN 985-6319-01-3
- Янка Золак. Вершы. / Укладаньне, прадмова, біяграфічны даведнік: Барыса Сачанкі // Туга па радзіме. Паэзія беларускай эміграцыі : анталёгія. — Менск: Мастацкая літаратура, 1992. — С. 244—261. — ISBN 5-340-01086-6.
- Савік Л.С. Пакліканыя: Літ. бел. замежжа / Л.. — Мн.: Тэхналогія, 2001. — 479 с. — ISBN 985-458-037-7
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — ISBN 985-11-0130-3
- Пранчак Л. Самотны паэт // Маладосць. — Мн.: 2000. — № 7. — С. 234—242.
- Капшай Н. «Мы верылі, што вернемся...» Гутарка з пісьменнікам-эмігрантам Янкам Золакам // ЛіМ. — Мн: 1992. — № 6.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Янка Золак. сайт «Родныя вобразы». Архіўная копія
- Наталля Гардзіенка (14 лістапада 2012) Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 14 лістапада. Янка Золак
- Памерлі 30 сьнежня
- Памерлі ў 2000 годзе
- Пахаваныя на Беларускіх могілках у Саўт-Рывэры
- Нарадзіліся ў Слуцкім раёне
- Нарадзіліся ў 1912 годзе
- Нарадзіліся 14 лістапада
- Беларускія паэты і паэткі
- Беларускамоўныя паэты і паэткі
- Беларускія літаратары
- Беларускія друкары
- Беларускія настаўнікі
- Беларусы ў ЗША
- Памерлі ў Нью-Джэрзі
- Беларусы ў Нямеччыне
- Беларускія калябаранты з нацысцкай Нямеччынай