Перайсьці да зьместу

Мілавіца (кампанія)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Мілавіца»
Выява лягатыпу
Тып закрытае акцыянэрнае таварыства
Дэвіз Як проста быць жаноцкай
Заснаваная 8 лістапада 1908 (116 гадоў таму)
Заснавальнікі Жан і Франсуа Турнье
Разьмяшчэньне Менск, вул. Нававіленская, д. 28
Ключавыя фігуры Алена Ткачэнка
Галіна лёгкая прамысловасьць
Прадукцыя жаночая ніжняя бялізна, купальнік, майткі, гарсэт, гарсаж
Абарачэньне 78 млн эўра (2011)
Апэрацыйны прыбытак 20 млн эўра (2011)
Лік супрацоўнікаў 1800 (2015)
Матчына кампанія «Сільвана Фэшн» (Талін, Эстонія)

«Мілаві́ца» — найбольшая швейная фабрыка бялізны ў Эўропе, заснаваная ў 1908 годзе ў Менску (Беларусь).

На 2015 год вырабляла мужчынскую бялізну пад таварным знакам «Ідальга» (гішп. Hidalgo), жаночую — «Мілавіца». Гарсэты, выпраўляльная бялізна і паясы вырабляліся пад таварным знакам «Авэлін» (франц. Aveline). Таксама паводле дазволу выпускалася бялізна пад францускім таварным знакам «Алізэ» (фр. Alisee). Пад таварным знакам «Мілавіца» працавалі 654 крамы ў 16 краінах Эўропы і 7 краінах Азіі, у тым ліку 394 крамы ў Расеі (60% ад агульнага ліку) і 87 (13%) — ва Ўкраіне. У 23 найбольшых гарадах Беларусі ва ўсіх 6 абласьцях знаходзіліся 56 уласных крамаў[1], у тым ліку 37 (66%) па-за сталіцай. Таксама больш за 10 крамаў працавалі ў Казахстане (54; 8%) і Малдове (22; 3%). Менш за 10 крамаў: 6 — Кыргыстан; па 4 — Азэрбайджан і Ўзбэкістан; па 3 — Армэнія, Чэхія і Эстонія; па 2 — Баўгарыя, Бахрэйн, Ізраіль, Латвія і Турэччына; па 1 — Бэльгія (Льеж), Гішпанія (Марбэльля, аўтаномная супольнасьць Андалюзія), Грузія (Тбілісі), Летува (Вільня), Нямеччына (Нагольд(de), зямля Бадэн-Вюртэмбэрг), Сэрбія (Бялград) і Туркмэністан (Ашгабад).

8 лістапада 1908 году францускія грамадзяне Жан і Франсуа-Віктор Турнье-Калет, якія былі братамі, атрымалі ад кіраўніцтва Менскай губэрні (Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя) дазвол на адкрыцьцё ў Менску галянтарэйнай фабрыкі «Франсуа Турнье» для вырабу цэлюлёідных грабянцоў і гузікаў. Для электрычнага асьвятленьня на прадпрыемстве паставілі дынама-машыну магутнасьцю ў 25 конскіх сілаў. У 1911 годзе фабрыку ператварылі ў таварыства з удзелам менскіх купца Саламона Білімовіча і інжынэраў Шмэрлінга і Майсея Калецкага. У 1913 годзе паставілі рухавік магутнасьцю ў 60 конскіх сілаў і задзейнічалі каля 200 работнікаў, у тым ліку 18 францускіх гравёраў. Фабрыка вырабіла 23 тыс. грабянёў на 254,2 тыс. расейскіх рублёў. Уласьнікамі прадпрыемства засталіся Саламон Білімовіч і Майсей Калецкі. У 1915 годзе абсталяваньне разам з работнікамі вывезьлі на ўсход у сувязі нямецкім наступленьнем у Першую сусьветную вайну. У 1917 годзе цэхі фабрыкі разбурылі. Пасьля кастрычніцкага перавароту прадпрыемства нацыяналізавалі бальшавікі.

У 1925 годзе былыя работнікі фабрыкі стварылі ў Менску талаку «Спартак» для вытворчасьці плястмасавых грабянцоў і гузікаў. Прадпрыемства ўвайшло ў склад Беларускага саюзу саматужна-прамысловай каапэрацыі. У 1927 годзе зацьвердзілі статут талакі «Спартак». 1 сакавіка 1929 году ў выніку паўторнай нацыяналізацыі талаку ператварылі ў фабрыку «Беларуска», якая стала першым дзяржаўным галянтарэйным прадпрыемствам у СССР. 7 лістапада 1932 году прадпрыемства пераназвалі ў фабрыку імя Міхаіла Фрунзэ. За 1933 год вырабілі 1 573 800 грабянёў, 3400 грабянцоў і 130 879 гузікаў. 23 чэрвеня 1941 году, на 2-і дзень нямецкага ўварваньня ў СССР, нямецкая авіяцыя разбамбіла цэхі прадпрыемства. У 1945 годзе вытворчасьць аднавілі ў памяшканьнях былога дражджавога завода. У 1950 годзе прадпрыемства пачало выпускаць торбы са скуразамяняльніка, прагумаваныя плашчы і накідкі. У 1960 годзе Савет міністраў Беларускай ССР пастанавіў фабрыцы адмыслоўвацца на вытворчасьці швейнай галянтарэі, спражак і гузікаў.

У 1964 годзе прадпрыемства перайшло да пашыву гарсэтаў і стала найбольшым вытворцам ніжняй бялізны ў Беларусі. 11 верасьня 1969 году Міністэрства лёгкай прамысловасьці сваім загадам пераназвала фабрыку ў вытворчае аб’яднаньне «Камсамолка». Прадпрыемства стала вырабляць баваўняныя, палатняныя і шаўковыя грацыі(en), бюстгальтары, дзіцячую бялізну, гальштукі, паўгарсэты і паясы. У лістападзе 1970 году адчыніўся сучасны вытворчы корпус па вул. Нававіленскай, д. 28. У 1991 годзе на прапанову пісьменьніка Ўладзімера Паўлава прадпрыемства зьмяніла назоў на «Мілавіца» паводле ўласнабеларускага найменьня плянэты Вэнэра. У 1992 годзе фабрыка стала акцыянэрным таварыствам ва ўласнасьці работнікаў і адчыніла першую ўласную краму. У 1995 годзе пачаўся выраб купальнікаў. У 1996 годзе прадпрыемства стала закрытым акцыянэрным таварыствам. У 2000 годзе «Мілавіца» стала сумесным прадпрыемствам, 31% акцыяў якога набыў Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця. У 2005 годзе больш за 70% вырабаў паставілі за мяжу, зь якіх 82% у Расею, 9% у Казахстан і 3% ва Ўкраіну[2]. У Беларусі налічвалася 13 уласных крамаў[3].

У 2006 годзе эстонскае прадпрыемства «Сільвана Фэшн» (Талін) набыло 64% акцыяў прадпрыемства. У 2008 годзе «Сільвана Фэшн» ужо валодала 78% паёў. На 2011 год «Мілавіца» мела больш за 450 крамаў у 16 краінах пад уласным таварным знакам. У 2011 г. абарачэньне склала каля 78 млн эўра, прыбытак каля 20 млн эўра, 75% вырабаў пайшло на экспарт[4]. На канец 2014 г. «Мілавіца» мела больш за 1800 работнікаў, 46 уласных крамаў у Беларусі і 20 — у Латвіі. Таксама пад таварным знакам «Мілавіца» працавалі 574 крамы ў 19 іншых краінах, што пераважна знаходзіліся ва ўласнасьці матчынага прадпрыемства «Сільвана Фэшн». За 2014 г. «Мілавіца» выпусьціла больш за 20 млн адзінак бялізны, што зрабіла прадпрыемства найбольшай швейнай фабрыкай бялізны ў Эўропе.

  1. ^ Сьвятлана Барысенка. Новы інтэр’ер для дамскай бялізны // Зьвязда : газэта. — 25 лютага 2015. — № 36 (27894). — С. 9. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Інга Міндалёва. У пашане сярэдні клас // Зьвязда. — 8 сьнежня 2005. — № 240 (25572).
  3. ^ Інга Міндалёва. Бялізна з эфэктам // Зьвязда. — 21 красавіка 2005. — № 70 (25402).
  4. ^ Савет па разьвіцьці прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь сваё чарговае пасяджэньне правёў на базе ЗАТ «Мілавіца» // Зьвязда. — 6 сьнежня 2011. — № 232 (27096). — С. 8.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]