Мустафа Кемаль Ататурк
Мустафа Кемаль Ататурк | |
Mustafa Kemal Atatürk | |
1-ы Прэзыдэнт Турэцкае рэспублікі | |
---|---|
Папярэднік: | пасада заснаваная |
Наступнік: | Ісмэт Інёню |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
19 траўня 1881 Тэсалёнікі, Асманская імпэрыя |
Памёр: |
10 лістапада 1938 (57 гадоў) Стамбул, Турэччына |
Партыя: | |
Сужэнец: | Латыфэ Ушаклагіль |
Дзеці: | Сабіга Гёкчэн[d], Юлькю Адатэпэ[d], Абдурахім Тунджак[d], Афэт Інан[d], Зэхра Айлін[d], Рукіе Эркін[d], Нэбіле Ірдэлп[d] і Сыгыртмач Мустафа[d] |
Бацька: | Алі Рыза-эфэндзі |
Маці: | Зюбэйдэ-ханым |
Адукацыя: | |
Узнагароды: | |
Мустафа́ Кема́ль Атату́рк (па-турэцку: Mustafa Kemal Atatürk; 19 траўня 1881, Тэсалёнікі, Асманская імпэрыя — 10 лістапада 1938, Стамбул, Турэччына) — турэцкі палітык, генэрал, заснавальнік і першы прэзыдэнт (1923—1938) Турэцкае Рэспублікі.
Ататурк стаў вядомы дзякуючы ягонай ролі ў перамозе ў Галіпальскай кампаніі падчас Першай сусьветнай вайны. Пасьля паразы Асманскай імпэрыі ў сусьветнай вайне і наступнага падзелу дзяржавы, ён ачоліў турэцкі нацыянальны рух, які супраціўляўся падзелам мацерыковай частцы Турэччыны супраць дзяржаваў Антанты. Ататурк стаў ля вытокаў стварэньня часовага ўраду ў цяперашняй сталіцы Турэччыны Анкары, ён разграміў войскі, пасланыя саюзьнікамі, і, такім чынам, выйшаў пераможцам у вайне Турэччыны за незалежнасьць. Ататурк скасаваў канчаткова разбураную ў выніку Першае сусьветнае вайны Асманскую імпэрыю, што прайснавала да таго ўжо 6 стагодзьдзяў, абвесьціў рэспубліку.
Як прэзыдэнт новастворанай Турэцкае Рэспублікі Ататурк ініцыяваў строгую праграму палітычных, эканамічных і культурных рэформаў з канчатковай мэтай стварэньня сучаснай, прагрэсіўнай і сьвецкай нацыянальнай дзяржавы. Ён зрабіў пачатковую адукацыю абавязковай і бясплатнай, адкрываючы тысячы новых школаў па ўсёй краіне. Ён дамогся пераводу турэцкае мовы з арабскай пісьменнасьці на лацінку, забараніў традыцыйную вопратку. Турэцкія жанчыны атрымалі роўныя грамадзянскія і палітычныя правы падчас прэзыдэнцтва Ататурка. Гэтым ён апярэдзіў шматлікія заходнія краіны. У прыватнасьці, жанчыны атрымалі права голасу на мясцовых выбарах 3 красавіка 1930 году.
Урад Ататурка праводзіў палітыку туркізацыі краіны, спрабуючы стварыць аднастайную і адзіную нацыю[1][2][3]. За часам Ататурка этнічныя меншасьці былі вымушаныя размаўляць па-турэцку ў публічным асяродзьдзі[4], нетурэцкія тапонімы і прозьвішчы меншасьцяў павінны былі быць зьменены турэцкімі адпаведнікамі[5][6]. Парлямэнт Турэччыны ў 1934 годзе зацьвердзіў прысваеньне Кемалю прозьвішча Ататурк, што перакладаецца з турэцкай мовы як «Бацька туркаў», у знак прызнаньня той ролі, якую ён згуляў у стварэньні сучаснай Турэцкай Рэспублікі[7].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раньнія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мустафа Кемаль нарадзіўся ў Тэсалёніках (цяпер у Грэцыі) у 1881 годзе (пазьней абраў сабе датай нараджэньня дзень пачатку барацьбы за незалежнасьць Турэччыны — 19 траўня). Ягоны бацька, Алі Рыза-эфэндзі, служыў афіцэрам міліцыі, а таксама займаў пасаду клерка па службовых справах і быў гандляром піламатэрыялаў. Як лічыцца, ягоны бацька меў альбанскае паходжаньне[8][9][10] і, паводле некаторых крыніц, нават габрэйскае паходжаньне[11]. Аднак, шмат дасьледчыкаў усё ж лічаць, што бацька Мустафы Кемаля быў туркам і паходзіў з Анатоліі[12][13] Маці будучага палітычнага дзеяча, Зюбэйдэ-ханым, мела турэцкае паходжаньне. Сярод братоў і сясцёр Мустафы, толькі адна сястра Макбулэ перажыла дзяцінства.
Бацькі далі імя сыну Мустафа, а мянушка Кемаль, што азначае здольнасьць ці сталасьць, дасталася Ататурку ад ягонага настаўніка матэматыкі Юскюплю Мустафы Эфэндзі. Паводле легенды настаўнік так захапіўся здольнасьцямі падлетка, што даў яму такую мянушку[14][15], аднак існуе вэрсія, што настаўнік хацеў адрозьніць для астатніх свайго вучня, які меў такое ж імя як і ён сам[16]. У раньнія гады маці заахвоціла Ататурка наведваць рэлігійную школу, што ён рабіў неахвотна і даволі непрацяглы час. Пазьней, дзякуючы свйму бацьку, Мустафа пачаў наведваць прыватную школу з больш сьвецкай навучальнай праграмай. Бацькі жадалі, каб хлопец навучыўся справам, каб потым той працаваў у гандлі, як ягоны бацька. Аднак, не параіўшыся з бацькамі, Ататурк здаў уступныя іспыты ў Тэсалёніскую вайсковую вучэльню ў 1893 годзе. У 1896 годзе ён паступіў у Манастырскую вайсковую сярэднюю школу, якая месьцілася ў сучаснай Бітале ў Паўночнай Македоніі. 14 сакавіка 1899 году Ататурк паступіў у Асманскую вайсковую акадэмію ў раёне Шышлі сталіцы краіны Канстантынопалі, якую скончыў у 1902 годзе. Пасьля таксама навучаўся ў Асманскім вайсковым каледжы ў Канстантынопалі да 1905 году[17].
Вайсковая кар’ера
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Неўзабаве пасьля заканчэньня адукацыі быў арыштаваны паліцыяй праз антыманархісцкую дзейнасьць. Пасьля ўтрыманьня за кратамі на працягу некалькіх месяцаў быў вызвалены толькі пры падтрымцы Рызы Пашы, свайго былога дырэктара школы[18]. Пасьля вызваленьня Ататурк быў прызначаны ў Пятую армію ў чыне капітана штабу, які базавўся ў Дамаску[17]. Вайсковец уступіў у невялікае патаемнае рэвалюцыйнае таварыства афіцэраў-рэфарматараў, якое ўзначальваў купец Мустафа Джантэкін пад назвай «Радзіма і свабода» (турэц. Vatan ve Hürriyet). 20 чэрвеня 1907 году Ататурк стаў старшым капітанам, а 13 кастрычніка 1907 году ён быў прызначаны ў штаб Трэцяй арміі ў Манастыры. Акрамя таго, Ататурк увайшоў у камітэт зьвязу і прагрэсу, стаўшы чальцом пад нумарам 322, але ў наступныя гады ён стаў шырока вядомым праз сваё апазыцыйнае стаўленьне да палітыкі ўладаў. 22 чэрвеня 1908 году ён быў прызначаны інспэктарам асманскай чыгункі ва Ўсходняй Румэліі. У ліпені 1908 году Ататурк згуляў пэўную ролю ў маладатурэцкай рэвалюцыі, якая часткова зьменшыла ўладу султана Абдул-Хаміда II і аднавіла канстытуцыйную манархію.
Ататурк прапаноўваў і рабіў дэпалітызацыю ў войску, што рэзка не спадабалася лідэрам камітэту зьвязу і прагрэсу. У выніку яго адправілі ў вілает Трыпалітанія, сёньняшняя частка Лібіі, а на той момант на тэрыторыі гэтай асманскай правінцыі адбывалася племянное паўстаньне, якое Ататурк пасьпяхова здушыў у канцы 1908 году[18]. Пасьля выкананьня місіі ён вярнуўся ў Канстантынопаль у студзені 1909 году. А ўжо ў красавіку у сталіцы група жаўнераў распачала контрарэвалюцыю, у здушэньні якой Ататурк таксама згуляў досыць важную ролю[19]. У 1910 годзе ён быў прызначаны ў асманскае войска ў Альбаніі[20], дзе на той час Іса Балетыні кіраваў альбанскім паўстаньнем у Косава і Альбаніі[21]. У 1910 годзе Ататурк сустрэўся з Экрэмам Влёрам, альбанскім шляхцічам, палітыкам, пісьменьнікам і адным з дэлегатаў, якія падпісалі Дэклярацыю незалежнасьці Альбаніі[22]. Пазьней, увосень 1910 году Ататурк быў камандаваны ў складзе асманічных вайсковых назіральнікаў, якія прысутнічалі на пікардыйскіх вайсковых манэўрах ў Францыі, а ў 1911 годзе вайсковы дзяяч нядоўга служыў у вайсковым міністэрстве ў Канстантынопалі.
Ваенныя кампаніі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1911 годзе Кемаль узяў удзел у італьянска-турэцкай вайне[23], якая праходзілся на тэрыторыі Асманскай Трыпалітаніі[24]. Служыў у асноўным у раёнах каля Дэрны і Табрука[23]. Італьянская армія мела ў сваім складзе 150 тысяч чалавек, у той час як супрацьстаялі ім толькі 20 тысяч бедуінаў і 8 тысяч туркаў на асманскім баку[25]. Сытуацыя пагаршалася тым, што частка асманскіх войскаў была накіраваная ў правінцыю Емэн дзеля здушэньня мясцовага паўстаньня, а Вялікабрытанія, якая кантралявала асманскія правінцыі Эгіпет і Судан, не дазволіла дадатковым асманскім войскам дабрацца да Лібіі сухаземным шляхам праз Эгіпет. Асманскія жаўнеры, у тым ліку Ататурк, выправіліся ў Лібію альбо пераапранутымі ў арабаў, рызыкуючы быць арыштаванымі брытанскімі ўладамі Эгіпту, альбо на вельмі нешматлікіх паромах. Аднак, не зважаючы на ўсе цяжкасьці, сілам Ататурка ў Лібіі ўдалося некалькі разоў даць адпор італьянцам, напрыклад, у бітве пры Табруку 22 сьнежня 1911 году. Падчас бітвы пры Дэрне Ататурк быў паранены скінутай з самалёту бомбай, а 6 сакавіка 1912 году Кемаль стаў камандуючым асманскімі войскамі ў Дэрне. Ён здолеў абараніць і ўтрымаць горад і навакольны ягоны рэгіён да канца італьянска-турэцкай вайны, якая скончылася паразай Турэччыны 18 кастрычніка 1912 году.
1 сьнежня 1912 году Ататурк прыбыў у свой новы штаб на Галіпальскім паўвостраве і падчас Першай балканскай вайны прыняў удзел у высадцы дэсанту ў Булаіры на ўзьбярэжжы Тракіі пад кіраўніцтвам Фэтхі-бэя, але падчас бітвы гэты турэцкі наступ быў адбіты 7-й пяхотнай дывізіяй Георгія Тодарава[26] пад камандаваньнем баўгарскай чацьвёртай арміі Стыліяна Ковачава[27]. У чэрвені 1913 году падчас той жа вайны Ататурк брыў удзел у апэрацыі асманскіх войскаў[28], ачоленымі Ісмаілам Энвэрам-бэям, якія аднавілі кантроль над гарадамі Дыдымотыха і Эдырнэ разам з большай часткай усходняй Тракіі, адбіўшы тэрыторыю ў баўгараў.
У 1914 годзе Асманская імпэрыя ўвайшла ў на эўрапейскі і блізкаўсходні тэатры Першай сусьветнай вайны ў хаўрусе з Цэнтральнымі дзяржавамі. Ататурку было даручана арганізаваць і камандаваць 19-й дывізіяй, далучанай да пятай арміі падчас бітвы пры Галіпалі. Ён стаў камандуючым фронтам, правільна прадбачыўшы, куды нападуць краіны Антанты, і ўтрымліваў сваю пазыцыю, пакуль ворагі не адступілі. Пасьля бітвы пры Галіпалі Ататурк служыў у Эдырнэ. 14 студзеня 1916 году ён быў прызначаны камандуючым XVI корпуса другой арміі і адпраўлены на Каўкаскую кампанію пасьля таго, як масавы наступ Расеі дасягнуў ключавых гарадоў Анатоліі. 7 жніўня ён аб’яднаў свае войскі і распачаў контранаступ[29]. Дзьве ягоныя дывізіі захапілі Бітліс і Муш, што парушыла разьлікі расейскага камандаваньня[30].
У ліпені 1917 году ён быў прызначаны камандуючым сёмай арміі, замяніўшы 7 жніўня 1917 году Фэўзі-пашу, які падпарадкоўваўся камандаваньню групы арміяў Ілдырым нямецкага генэрала Эрыха фон Фалькенгайна[31]. Ататюрк дрэнна ладзіў зь нямецкім генэралам і разам з Ісмэтам Інэню пісаў справаздачы вялікаму візіру Талаат-пашы пра змрочную сытуацыю і адсутнасьць належных рэсурсаў на палестынскім фронце. Аднак Талаат-паша ігнараваў іхныя назіраньні і адмовіўся ад іхняй прапановы сфарміраваць больш моцную абарончую лінію на поўначы ў Асманскай Сырыі, на чале якой стануць туркі замест немцаў[31]. Пасьля гэтага Ататурк звольніўся зь сёмай арміі і вярнуўся ў Канстантынопаль[31]. Там яму было даручана суправаджаць насьледнага прынца Мэхмэда падчас ягонай паездкі на цягніку ў Аўстра-Вугоршчыну і Нямеччыну[31]. Знаходзячыся ў Нямеччыне, Ататурк наведаў нямецкія абарончыя лініі на Заходнім фронце і прыйшоў да высновы, што Цэнтральныя дзяржавы хутка атрымаюць паразу ў вайне[31]. Ён не саромеўся адкрыта выказаць гэта меркаваньне кайзэру Вільгэльму II і ягоным генэралам асабіста[31]. Падчас зваротнай паездкі ён ненадоўга знаходзіўся на лячэньні ў Карльсбадзе і Вене[31].
Вайна Турэччыны за незалежнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Вайна за незалежнасьць Турэччыны
30 красавіка 1919 году Ататурк быў прызначаны інспэктарам у інспэкцыю 9 арміі дзеля рэарганізацыі таго, што засталося ад асманскіх вайсковых частак дзеля паляпшэньня ўнутранай бясьпекі краіны[32]. 19 траўня 1919 году Ататурк часова пераехаў у Самсун. Першай ягонай мэтай было стварэньне арганізаванага нацыянальнага руху супраць акупацыйных сілаў. У чэрвені 1919 году ён выдаў цыркуляр Амасья, абвесьціўшы, што незалежнасьць краіны знаходзіцца ў небясьпецы. 8 ліпеня ён звольніўся з войска, і ўрад Асманскай імпэрыі выдаў ордэр на ягоны арышт. Але Кязым Карабэкір ды іншыя вайсковыя камандзіры, якія дзейнічалі ва Ўсходняй Анатолі, падтрымалі Ататурка і прызналі яго сваім кіраўніком[33]. 4 верасьня 1919 году Ататурк сабраў зьезд у Сывасе. Тыя, хто выступаў супраць акупацыі дзяржавы краінамі Антанты, выступілі за Нацыянальны турэцкі пакт. Ататурк быў прызначаны кіраўніком выканаўчага камітэту Сываскага кангрэсу. Гэта дало яму легітымнасьць і неабходную падтрымку будучай палітыкі.
У апошніх выбарах у асманскі парлямэнт, якія адбыліся ў сьнежні 1919 году, пераканаўчую перамогу атрымала Асацыяцыя абароны правоў Анатоліі і Румэліі, ачоленую Ататуркам, які сам застаўся на той час у Анкары. Паседжаньні парлямэнту адкрыліся ў Канстантынопалі 12 студзеня 1920 году, аднак у хуткім часе ён быў распушчаны брытанскімі сіламі неўзабаве пасьля прыняцьця Нацыянальнага турэцкага пакту. Ататурк заклікаў правесьці нацыянальныя выбары дзеля стварэньня новага турэцкага парлямэнту ў Анкары, які атрымаў назву Вялікі нацыянальны сход Турэччыны[34]. 23 красавіка 1920 году сэсія сходу адкрылася выступам Ататурка, што фактычна стварыла сытуацыю двоеўладзьдзя ў краіне[35]. У траўні 1920 году барацьба за ўладу паміж двума ўрадамі прывяла да завочнага сьмяротнага прысуду Мустафе Кемалю вайскова-палявым судом Турэччыны[36].
10 жніўня 1920 году вялікі візыр Асманскай імпэрыі Дамат Фэрыд-паша падпісаў Сэўрскую дамову, паводле якой меліся пляны падзелу Асманскай імпэрыі, уключаючы рэгіёны, якія этнічныя туркі лічылі гістарычна сваімі. Ататурк настойваў на поўнай незалежнасьці краіны і абароне інтарэсаў турэцкай большасьці на турэцкай зямлі. Ён пераканаў Вялікі нацыянальны сход зарганізаваць нацыянальнае войска. Новае войска сутыкнулася ў супрацьстаяньні з войскам халіфату, якое падтрымлівалі акупацыйныя сілы краінаў Антанты, а непасрэднай задачай была барацьба супраць армянскіх сілаў на Ўсходнім фронце і грэцкімі войскамі, якія прасоўваліся на ўсход ад Сьмірны, якую яны занялі ў траўні 1919 году, на Заходнім фронце. Ваенныя посьпехі сілаў Вялікага нацыянальнага сходу супраць войскаў Армэніі ўвосень 1920 году, а потым і супраць грэкаў, сталі магчымымі дзякуючы сталым наладжанным пастаўкам золата і ўзбраеньня ад расейскага ўрада бальшавікоў з восені 1920 году. Пасьля шэрагу бітваў падчас грэцка-турэцкай вайны грэцкае войска дайшло ажно да ракі Сакар’і на пазыцыі ўсяго ў 80 км на захад ад Анкары. 5 жніўня 1921 году Ататурк быў прызначаны галоўнакамандуючым войскамі Вялікага нацыянальнага сходу[37]. Наступная бітва пры Сакар’і, якая мела месца з 23 жніўня па 13 верасьня 1921 году, скончылася паразай грэкаў. Ататурк атрымаў з нагоды перамогі годнасьць маршала, і ў наступным туркі мелі перавагу, выгнаўшы грэкаў з Анатоліі і аднавіўшы кантроль над Ізьмірам 9 верасьня 1922 году.
21 лістапада 1922 году ў Лязане пачалася канфэрэнцыя паводле ўрэгуляваньня турэцкага пытаньня, Турэччыну прадстаўляў Ісмэт Інэню зь Вялікага нацыянальнага сходу. Турэцкі бок на канфэрэнцыі адмовіўся ад выкананьня любой прапановы, якая б парушала сувэрэнітэт краіны. Гэтак, напрыклад, не былі зацьверджаны пытаньні па кантролі над турэцкімі фінансамі, пралівамі ды іншых пытаньняў. Не зважаючы на тое, што канфэрэнцыя была прыпыненая 4 лютага, яна аднак працягвалася і пасьля 23 красавіка, у асноўным засяроджваючыся на эканамічных пытаньнях. 24 ліпеня 1923 году паводле вынікаў сустрэчаў была падпісаная Лязанская мірная дамова, што ў выніку прызнала Вялікі нацыянальны сход дзейным урадам Турэччыны. 29 кастрычніка 1923 году была абвешчаная Турэцкая рэспубліка[38]. З тых часоў Дзень Рэспублікі ў гэтую дату адзначаецца як нацыянальнае сьвята[39].
Палітычнае жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1923 пасьля вываду войскаў Антанты ён заснаваў Турэцкую Рэспубліку і быў абраны яе першым прэзыдэнтам (пераабіраўся ў 1927, 1931 і 1935). Памёр 10 лістапада 1938 году ад цырозу печані, спрычыненага застарэлым алькагалізмам. У Турэччыне склаўся культ асобы Ататурка, які збольшага нагадвае культ асобы Леніна ў СССР.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Sofos, Umut Özkırımlı & Spyros A. (2008). «Tormented by history: nationalism in Greece and Turkey». New York: Columbia University Press. — С. 167. — ISBN 9780231700528
- ^ Toktas, Sule (2005). «Citizenship and Minorities: A Historical Overview of Turkey’s Jewish Minority». Journal of Historical Sociology. 18 (4).
- ^ Jongerden, edited by Joost; Verheij, Jelle. «Social relations in Ottoman Diyarbekir, 1870—1915». Leiden: Brill. — С. 300. — ISBN 978-90-04-22518-3.
- ^ Kieser, Hans-Lukas, ed. (2006). «Turkey beyond nationalism: towards post-nationalist identities». London: Tauris. — С. 45. — ISBN 9781845111410.
- ^ Öktem, Kerem (2008). «The Nation’s Imprint: Demographic Engineering and the Change of Toponymes in Republican Turkey». European Journal of Turkish Studies.
- ^ Aslan, Senem. «Incoherent State: The Controversy over Kurdish Naming in Turkey». European Journal of Turkish Studies.
- ^ «Mustafa Kemal Atatürk'ün Nüfus Hüviyet Cüzdanı. (24.11.1934)». Isteataturk.com
- ^ Andrew Mango (2002). «Atatürk: The Biography of the Founder of Modern Turkey». Overlook Press. — С. 25—27. — ISBN 978-1-58567-334-6.
- ^ Jackh, Ernest (2007). «The Rising Crescent». — С. 31. — ISBN 978-1-40674-978-6.
- ^ Marcosson, Isaac Frederick (1969). «Turbulent Years». Ayer Publishing — С. 144. — ISBN 978-0-83691-305-7.
- ^ Scholem, Gershom (2007). «Doenmeh». Encyclopaedia Judaica, 2nd ed.; Volume 5: Coh-Doz. Macmillan Reference USA. Thomson Gale. — С. 732. — ISBN 0-02-865933-3.
- ^ Atay, Falih Rıfkı (1984). «Çankaya: Atatürk'ün doğumundan ölümüne kadar». Betaş. İstanbul. — С. 17.
- ^ Dinamo, Hasan İzzettin (1986). «Kutsal İsyan: Millî Kurtuluş Savaşı'nın Gerçek Hikâyesi, 2. cilt». Tekin Yayınevi.
- ^ İnan, Afet (1959). «Atatürk hakkında hâtıralar ve belgeler». Türk Tarih Kurumu Basımevi. — С. 8.
- ^ «Mustafa Kemal Atatürk». Turkish Embassy.
- ^ Cebesoy, Ali Fuat (1967). «Sınıf arkadaşım Atatürk: okul ve genç subaylık hâtıraları». İnkılâp ve Aka Kitabevleri. — С. 6.
- ^ а б Harp Tarihi Başkanlığı (1972). «Türk İstiklâl Harbine katılan tümen ve daha üst kademelerdeki komutanların biyografileri». Ankara: Genelkurmay basımevi. — С. 1.
- ^ а б Atay, Falih Rıfkı (2004). «Çankaya». İstanbul: Pozitif Yayınları. — ISBN 975-6461-05-5.
- ^ Kinross, Patrick (1972). «Rebirth of a Nation». İstanbul. Sander yayınları. — С. 68.
- ^ «Mustafa Atatürk had assisted in the military operation in Albania in 1910». Zeriyt.
- ^ «Aubrey Herbert: A Meeting with Isa Boletini». Albanianhistory.
- ^ «I remember well the meeting very interesting, I had casually with Mustafa Qemali in 1910, at the time, still a mere lieutenant». Albislam.
- ^ а б Landau 1984. С. 17.
- ^ Landau 1984. С. 48.
- ^ William Henry Beehler (1913). «The History of the Italian-Turkish War». Advertiser-Republican. — С. 14.
- ^ Richard C. Hall (2002). «The Balkan Wars 1912—1913: Prelude to the First World War». Routledge. — С. 81. — ISBN 9780415229470.
- ^ Edward J. Erickson (2003). «Defeat in Detail: The Ottoman Army in the Balkans, 1912—1913». Praeger. — С. 255. — ISBN 0-275-97888-5.
- ^ «Kemal Atatürk». Encyclopedia Britannica.
- ^ Lengyel, Emil (1962). «They Called Him Atatürk». New York: The John Day Co. — С. 68. — OCLC 1337444.
- ^ Kinross 2003. С. 100.
- ^ а б в г д е ё Ana Britannica (1987) Vol. 2 (Ami — Avr): Atatürk, Mustafa Kemal. — С. 490.
- ^ Andrew Mango (1999). «Atatürk». John Murray. — С. 214. — ISBN 978-0-7195-6592-2.
- ^ Findley, Carter V. (21 September 2010). «Turkey, Islam, Nationalism, and Modernity: A History, 1789—2007». Yale University Press. — С. 222. — ISBN 978-0-300-15260-9.
- ^ Ahmad, Feroz (1993). «The Making of Modern Turkey». London, New York: Routledge. — С. 50. — ISBN 978-0-415-07835-1.
- ^ Heper, Metin; Sayari, Sabri (7 May 2013). «The Routledge Handbook of Modern Turkey». Routledge. — С. 41. — ISBN 978-1-136-30964-9.
- ^ Dadrian, Vahakn N.; Akçam, Taner (2011). «Judgment at Istanbul: The Armenian Genocide Trials». Berghahn Books. — С. 196—199. — ISBN 978-0-85745-251-1.
- ^ «A short history of AA». Anadolu Ajansı Genel Müdürlüğü.
- ^ «Turkey — Declaration of the Turkish republic». Encyclopedia Britannica.
- ^ «Republic Day in Turkey». Time And Date.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Landau, Jacob M. Atatürk and the Modernization of Turkey. — Boulder: Westview Press, 1984. — ISBN 0865319863
- Kinross, Patrick Atatürk: The Rebirth of a Nation. — London: Phoenix Press, 2003. — ISBN 978-1-84212-599-1
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мустафа Кемаль Ататурк — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Усё пра Ататурка.
- Працы пра Ататурка. Open Library. (анг.)
- Pages using the JsonConfig extension
- Нарадзіліся 19 траўня
- Нарадзіліся ў 1881 годзе
- Памерлі 10 лістапада
- Памерлі ў 1938 годзе
- Кавалеры ордэна Жалезны крыж
- Кавалеры ордэна Жалезнага крыжа 2-й клясы
- Прэм’ер-міністры Турэччыны
- Прэзыдэнты Турэччыны
- Нацыяналісты
- Нарадзіліся ў Тэсалёніках
- Памерлі ў Стамбуле
- Турэцкія вайскаводы