Перайсьці да зьместу

Замак у Мальбарку

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Мальбарскі замак»)
Крыжацкі замак у Мальбарку
Castle of the Teutonic Order in Malbork*
Сусьветная спадчына ЮНЭСКО

Выгляд праз раку
Краіна Сьцяг Польшчы Польшча
Тып культурны
Крытэры ii, iii, iv
Спасылка 847
Рэгіён** Эўропа і Паўночная Амэрыка
Гісторыя ўключэньня
Уключэньне 1997  (21 сэсія)
* Назва ў афіцыйным сьпісе па-ангельску
** Рэгіён паводле клясыфікацыі ЮНЭСКО

Крыжацкі замак у Мальбарку (па-нямецку: Ordensburg Marienburg) — трохчасткавая абарончая цьвердзь у гатычным стылі аб’ёмам больш за 250 000 м³. Складаецца зь нізкага, сярэдняга і высокага замкаў. Гэта адзін з найвялікшых гатычных архітэктурных ансамбляў у сьвеце. Першапачатковая назва замку была ўжытая Тэўтонскім ордэнам і гучала як «Марыенбург» (Marienburg), ці «горад Марыі». Ад 14 верасьня 1309 да 1457 замак у Мальбарку быў сядзібай вялікага крыжацкага магістра, а горад — сталіцай ордэнскай краіны.

Пачатак пабудовы — камандорскі замак

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Выгляд усходняй часткі Высокага замку на фатаздымку 1901 году

Падрыхтоўка да пабудовы распачалася ў 1278 годзе, калі будаўнікі пачалі выразаць лес і зьбіраць будаўнічыя матэрыялы (цэглу, драўніну і каменьне на фундамэнт). Найвялікшых намаганьняў патрабавала прадукцыя цэглы і дахоўкі. Іх у 1278—1280 гадах было выкарыстана каля 4 480 000 адзінак, зь якіх 1 280 000 затрачваліся на пабудову абарончых муроў, а 3 200 000 на пабудову замку адпаведна.

Першы этап будаўніцтва можна датаваць 1278—1281 гадамі (ад пачатку будаўніцтва да пераносу канвэнту з бліжэйшага Зантыра). У гэты пэрыяд замак зьяўляўся камандорскім. Ён складаўся з галоўнага замку (пазьней названага «высокім замкам») і прызамчышча (пазьней — «сярэдні замак»).

Агульны выгляд замка ў канцы XIX ст.

Спачатку было пабудавана паўночнае крыло, дзе разьмясьціліся найважнейшыя памяшканьні: капліца, капітуляр і інтэрнат. Потым будавалася заходняе крыло, якое разьмяшчала пакой комтура і рэфэкторыюм. Паўднёвую і ўсходнюю часткі замыкалі драўляныя склепы, майстэрні і стайні.

Чарговым важным элемэнтам замку была высунутая на паўднёвы захад над дахам замку абарончая вежа, злучаная з замкавым будынкам, якую звалі данскерам. Яна павінна была выконваць ролю санітарнай вежы і астатняга пункта абароны. Таксама была пунктам агляду роўналегла ўтвораных гарадоў Мальбарка. Другая вежа, якую звалі «клешай», пабудаваная да канца XIII ст., знаходзілася ў процілеглым данскеру куту. Першапачаткова вежа мела абарончае значэньне, але пасьля пашырэньня замка страціла сваю неабходнасьць.

Рэзыдэнцыя вялікіх магістраў (1309—1457)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Летні рэфэкторыюм у Сярэднім замку

У 1309 годзе было вырашана перанесьці сядзібу вялікага ордэнскага магістра з Вэнэцыі ў Мальбарк, які адгэтуль стаў сталіцай Тэўтонскага ордэну. Разам зь вялікім магістрам у замак прыбыла вялікая колькасьць братоў законных, што вымагала перабудовы і пашырэньня існуючага комплексу. У «высокім замку» больш за ўсё месца занялі інтэрнаты. Акрамя таго, тут разьмясьціўся капітуляж і рэфлектар канвэнту. Значна пашырыўся замкавы касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі — яго працягнулі ад усходу, пад ім зьмясьцілі капліцу сьв. Ганны, прызначаную для пахаваньня вялікіх магістраў. На ўсходнім фасадзе, у ваконным паглыбленьні разьмясьцілі вялікую фігуру Маці Божай зь Дзіцяткам, якая пазьней была пакрытая мазайкай (зьнішчана ў 1945 годзе разам з усходняй часткай касьцёла).

На ранейшым перадзамчышчы («сярэднім замку») разьмясьцілі адпаведную рэзыдэнцыю вялікіх магістраў. Узьніклы тут палац запэўніваў на галоўным паверсе (якім стаў першы паверх з боку дзядзінца) цудоўныя рэпрэзэнтаваныя памяшканьні, а яго частка з боку Нагату, зробленая ў форме абарончай вежы, належыць да вялікіх дасягненьняў эўрапейскай готыкі. Мальбарк у 1410 годзе падчас Грунвальдзкай бітвы быў абложаны польска-літоўскімі войскамі на чале з каралём Уладыславам II Ягайлам.

Рэзыдэнцыя польскіх каралёў (1457—1772)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У час Трынаццацігадовай вайны замак быў прададзены ў 1457 годзе польскаму каралю Казімеру Ягелончыку за 190 тыс. флорэнаў праз чэскага даводцу наймітаў Ульрыка Чырвонку, які атрымаў замак узамен на закладзеную плату, зь якой выплочваў ордэн. Польскі кароль трыюмфальна ўехаў у замак 7 чэрвеня 1457 году. З таго часу ажно да 1772 году гэта была адна з рэзыдэнцыяў польскіх каралёў. Высокі замак выконваў ролю майстэрні, а вялікі рэфэкторыюм стаў месцам, у якім адбываліся каралеўскія імпрэзы. Рэзыдэнцыя караля разьмяшчалася ў Палацы вялікіх магістраў. У другой палове XVI стагодзьдзя на галоўнай вежы быў усталяваны гадзіньнік і рэнэсансавы шлем. У 1618 годзе касьцёл на замку прынялі езуіты і перабудавалі нутраны бок у барокавым стылі. 17 ліпеня 1626 году замак захапілі швэдзкія войскі на чале з Густавам Адольфам.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замак у Мальбаркусховішча мультымэдыйных матэрыялаў