Максімільян Станіслаў Рыла
Максімільян Станіслаў Рыла | |
Імя пры нараджэньні | Maksymilian Stanisław Ryłło |
---|---|
Дата нараджэньня | 31 сьнежня 1802 |
Месца нараджэньня | в. Падароск Ваўкавыскага павету Гарадзенскай губэрні |
Дата сьмерці | 17 чэрвеня 1848 (45 гадоў) |
Месца сьмерці | Хартум, Судан |
Кірунак | місіянэрства |
Асноўныя зацікаўленасьці | археалёгія, тэалёгія |
Максімільян Станіслаў Рыла (па-польску: Maksymilian Stanisław Ryłło; 31 сьнежня 1802, Падароск Ваўкавыскага павету Гарадзенскай губэрні, Расейская імпэрыя ― 17 чэрвеня 1848, Хартум, Судан) ― каталіцкі місіянэр на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, філёзаф, археоляг.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў вёсцы Падароск на Гарадзеншчыне (цяпер у Ваўкавыскім раёне) у зьбяднелай шляхецкай сям’і. У 1817 року скончыў школу ў вёсцы Лыскаў Пружанскага павету, пасьля Полацкую езуіцкую акадэмію, атрымаўшы ступень магістра філязофіі. У 1820 паступіў на мэдыцынскі факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. У сувязі з забаронаю ў Расейскай імпэрыі дзейнасьці езуітаў зьехаў у Рым, дзе ў 1824—1826 і 1830—1834 роках працягнуў навучаньне ў Папскім Грыгарыянскім унівэрсытэце, вывучаючы філязофію і багаслоўе. Атрымаў званьне прафэсара філязофіі. Выкладаў у езуіцкіх школах[1].
Місіянэрская дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1836 выправіўся ў Лібан дзеля вывучэньня магчымасьці аб’яднаньня цэркваў і адкрыцьця каталіцкае акадэміі на Блізкім Усходзе. Як інспэктор Ватыкану, наведаў Малую Азію. У студзені 1837 у Ерусаліме сустрэўся з польскім паэтам Юльюшам Славацкім, пэўны час яны падарожнічалі разам. У красавіку 1837 року Максімільян Рыла наведаў Дамаск, Багдад, Масул і Нінэвію. Нароўні з сустрэчамі з прадстаўнікамі ўсходніх цэркваў ладзіў археалягічныя вышукі.
Напрыканцы 1837 вярнуўся ў Рым, дзе зрабіў падрабязны даклад папу Рыгору XVI пра рэлігійную сытуацыю на Блізкім Усходзе, прадставіў праект моладзевага каталіцкага калегіюму з росьпісам выдаткаў на ягонае ўтрыманьне.
У 1839—1841 ачольваў езуіцкую місію ў Сырыі, заклаў у Бэйруце навучальную ўстанову ― Collegium Asiaticum — з рознымі клясамі, друкарняй і музэем. Там навучаліся болей за 100 юнакоў. У 1875 року ўстанову атрымала статус унівэрсытэту сьв. Язэпа.
У 1841—1843 роках місіянэр на Мальце, дзе стварыў каталіцкую школу для хлопчыкаў. У 1843—1844 прапаведнік на Сыцыліі.
У 1844—1846 — рэктар Рымскага калегіюму (Collegium Urbanum) Кангрэгацыі прапаганды веры. У 1846 папа Піюс IX прызначыў яго апостальскім вікарыем Цэнтральнай Афрыкі ў сталіцы Судану ― месьце Хартум[2].
У 1848 року зьдзейсьніў падарожжа ў Каір і Александрыю. Расейскі падарожнік Ягор Кавалеўскі, які сустракаўся ў Хартуме з Рылам, адзначаў ягоную эрудыцыю, у прыватнасьці, добрае веданьне расейскай літаратуры[3].
Максімільян Станіслаў Рыла памёр падчас місіянэрскай паездкі, пахаваны на мясцовых могілках у Хартуме. У 1899 року рэшткі перанесеныя ў Каір на каталіцкія могілкі.
Навуковая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы з дасьледнікаў азнаёміўся з рэшткамі старажатнага Бабілёну, падараваўшы музэю Ватыкану калекцыю археалягічных знаходак. У 1837 року абраны ў папскую археалягічную акадэмію і Арыенталягічнае таварыства Францыі[4].
Выдаў камэнтары да кнігі заснавальніка Ордэна езуітаў Ігнацыя дэ Ляёлі «Духоўныя практыкаваньні» («Exercitia Spiritualia»).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Czerminski T. Maksymilian Ryllo / Towarzystwo Iezusowego. — Krakow: Czcionkami drukarni «Czasu», 1911.
- ^ Michael Galea. The Padre Ryllo (анг.) Праверана 2013-02-02 г. Архіўная копія ад 2013-02-13 г.
- ^ История Судана (рас.) Праверана 02-02-2013 г. Архіўная копія ад 2013-02-13 г.
- ^ Цякала Н. М. Ад Падароска да вярхоўяў Ніла: да 200-годдзя з дня нараджэння Максіміліяна Рыла. — Ваўкавыск: Ваўкавыская цэнтральная бібліятэка, 2002.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Первый исследователь Вавилона // Свіслацкая газета. — Ваўкавыск: 20 траўня 2008.
- Koscialkowski S. O. Maksymilian Ryllo, T. J. 1802—1848. — Bejrut: 1946.
- Karol A. Jezuita romantyczny — o. Maksymilian Ryllo. — Krakow: 1992.