Перайсьці да зьместу

Лянтарня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лянтарня
трансьліт. Lantarnia
Дата заснаваньня: перад 1794 годам
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°53′51″ пд. ш. 29°59′33″ з. д. / 51.8975° пд. ш. 29.9925° з. д. / -51.8975; -29.9925Каардынаты: 51°53′51″ пд. ш. 29°59′33″ з. д. / 51.8975° пд. ш. 29.9925° з. д. / -51.8975; -29.9925
Лянтарня на мапе Беларусі ±
Лянтарня
Лянтарня
Лянтарня
Лянтарня
Лянтарня
Лянтарня

Лянтарня, Лянтэрня — гістарычная мясцовасьць Хвойнікаў, разьмешчаная ў паўночна-ўсходняй частцы места.

Герб уласны роду Прозараў

Юзаф Антоні (Апалінары) Рольле, знаёмы з уласнаручнымі запісамі Караля Прозара, паведаміў, што ў ліпені 1794 году абозны хаваўся ад перасьледу расейцаў на ўскрайку пушчы ў лесьнічоўцы, называнай мясцовымі жыхарамі latarnią. А як гэта зусім блізка ад Хвойнікаў, дык хутка месца яго сховішча наведаў паліцэйскі камісар (або «жаўнеры» М. Дубецкага са спасылкай на Зофію Аскерчанку) і сыну сэнатара Рэчы Паспалітай, заросламу, апранутаму па-сялянску ў сярмягу ды лапці, але са стрэльбай за плячом, як пасьля ў больш людных месцах зь пісталетамі пад сярмягай, давялося тэрмінова ратавацца[1].

Згадка пра Лінтэрню ў мэтрычным запісе аб нараджэньні-хросьце А. Стравінскага.
Аляксандар Стравінскі (крайні справа) з мамай Аляксандрай і братамі Канстанцінам (зьлева ад мамы) і Хведарам. Віцебск. 1868 год.
Плян мястэчка Хвойнікі. 1864 г.

З шляхецкай рэвізіі 1811 году вынікае, што на той час гэта ўжо не лесьнічоўка, а фальварак Linterny, арандаваны ў абозных Прозараў ротмістрам Берасьцейскага павету Ваўжынцом Балашэвічам[a]. Да яго належала хвойніцкая вёска Забалаць, што налічвала 61 душу прыгонных сялянаў[3]. 15 сакавіка 1835 году, паводле мэтрычнага запісу ў кнігах Мікуліцкай Багаяўленскай царквы, у «жителя деревни Линтерни», шляхціча-арандатара каталіка Ігнацыя Стравінскага і яго праваслаўнай жонкі, былой прыгоннай сялянкі графа Ракіцкага, Аляксандры (у дакумэнце Елізаветы), нарадзіўся сын Аляксандар[4], будучы ўдзельнік расейска-турэцкай вайны 1877 – 1878 гадоў, пазьней гэнэрал-маёр, старэйшы брат Хведара, будучага знакамітага артыста Марыінскага тэатру ў расейскім Пецярбургу, дзядзька Ігара Стравінскага, сусьветнавядомага кампазытара[5]. Згодна з аднадворскімі рэвізіямі 1845 і 1858 гадоў, у фальварку Лянтэрнях паноў Прозараў жыў Вікенці, сын Марціна, Стэфановіч[6]. На «Военно-топографической карте Российской империи 1846 – 1863 гг.», складзенай пад кіраўніцтвам Ф. Ф. Шубэрта і П. А. Тучкова, назва паселішча па-расейску пададзена са слоў тутэйшых інфарматараў як Лянтарня. Згаданы фальварак Лянтэрня на пляне мястэчка Хвойнікі 1864 году і ў датаваным 2 лістапада 1887 году дакумэнце аб продажы Канстанцінам Прозарам абцяжаранага даўгамі маёнтку Хвойнікі расейскім купцам з Арлоўскай губэрні, карачаўскаму Міхаілу Пятровічу Аўраамаву і трубчэўскаму Гаўрылу Сямёнавічу Курындзіну[7].

На 1909 год маецца зьвестка пра аднадворны хутар Лянтэрня з 28 жыхарамі, разьмешчаны ў Хвойніцкай воласьці за 1 вярсту ад яе цэнтру[8].

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Лянтарня і Хвойнікі, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала "варта Украінскай Дзяржавы"[9]. 1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Хвойнікі ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква адабрала іх разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 8 сьнежня 1926 году Лянтарню з Хвойнікамі вярнулі БССР.

Лянтарня (Чырвоная Ніва) на супрацьлеглым ад мястэчка Хвойнікі краю балота (сучасны выгляд). Фрагмэнт.
Сучасная Лянтарня ўвосень (фрагмэнт).

Пры канцы 1920-х гадоў савецкія ўлады перайменавалі пасёлак Лянтарню ў Чырвоную Ніву. У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, згаданая і Чырвоная Ніва, у якой налічвалася 12 каталіцкіх альбо «польскіх» сем'яў[10]. Паводле Яўгена Рапановіча, да 1930 году паселішча (сядзіба) мела назву Ліхтэрня[11], што, аднак, ня мае пацьверджаньня ў даступных крыніцах[c].

У 1989 годзе, пасьля далучэньня былой Лянтарні да места Хвойнікі, афіцыйную савецкую назву пераняла вуліца – Чырвонаніўская.

Фальварак Лянтарня на мапе Ф. Ф. Шубэрта сярэдзіны XIX ст.
Пасёлак Лянтэрня на мапе, складзенай у 1924-26 гг.
  1. ^ Цікава, у справе аб сэквэстры 1813 г. сказана, што з 19 сакавіка 1812 году Ваўжынец Балашэвіч трымаў у трохгадовай арэндзе за плату ў 900 рублёў серабром штогод фальварак Рудню (Руднае), тады як Лінтэрны наогул не згаданыя сярод арандаваных у Прозараў фальваркаў[2].
  2. ^ Дасьледніца названая сярод аўтараў-укладальнікаў нарматыўнага даведніка па Гомельскай вобласьці (Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006).
  3. ^ Уражаньне такое, нібы шаноўны мовазнавец пераклаў для простых беларусаў панскую назву, бо самі яны гэткімі рэчамі ніколі не займаліся (як у выпадку з карыяндрам, напрыклад, проста прынялі ва ўжытак каляндру). Але ж тая «Ліхтэрня», утвораная зь нямецкай асновы (як «Лянтарня» з лацінскай), была для тутэйшага людзтва невядомай, мабыць, да часоў беларусізацыі, а і надалей засталася неўспрынятай, – бальшавіцкія перайменаваньні бо перашкодзілі. Гэтае, не адзінае, як высьвятляецца, моўнае практыкаваньне Я. Н. Рапановіча, займела працяг. Ужо ў бягучым стагодзьдзі дацэнт ГДУ імя Ф. Скарыны[b] двойчы, у тым ліку і ў навуковым часопісе, падала па тэме літаральна наступнае: «У мяжы г. Хойнікі знаходзіцца в. Чырвоная Ніва, якая мела першапачатковую назву Ліхтэрна. Ёсць звесткі, што ў вёсцы раней жылі продкі немцаў-арандатараў, якія, відаць, наладзілі вытворчасць ліхтэрняў – ліхтароў (ад ням. Licht ′святло, асвятленне′). Па іншай версіі, асновай магло быць галандскае слова lichter ′невялікае судна, прызначанае для пагрузкі, разгрузкі, перавозкі грузаў па рэках′»[12], «… в. Ліхтэрня, дзе жылі продкі немцаў-арандатараў (ад ням. das Licht 'святло, агонь, асвятленне' > ліхтэр ‘невялікае судна, прызначанае для пагрузкі і разгрузкі вялікіх суднаў ці для мясцовых перавозак’, ‘пласкадоннае судна, якое аблягчае вялікае судна’, фармант -ня можа сведчыць аб вытворчасці такіх суднаў) стала Чырвоная Ніва (мясц. Красная Ніва, цяпер злілася з г. Хойнікі)»[13]. Адкуль узялося гэтае ўсё? Хто і калі сустракаў сьведчаньні пра немцаў-арандатараў ды нібыта наладжаную імі вытворчасьць ліхтароў (ня кажучы пра галяндзкія судны!) на ўскрайку нашага балота?.. Разам з тым, не абавязкова мець схільнасьць да фантазыяў, каб ўявіць сабе, як добра бачылася ў цёмны час сутак сьвятло даўняй лесьнічоўкі і пазьнейшага фальварку з боку мястэчка Хвойнікі, тым болей, што побач тады не існавала ніякага іншага жытла.
  1. ^ Dr. Antoni J. Opowiadania historyczne. Serya trzecia. T. 1. Karol Prozor, ostatni oboźny litewski. Warszawa, 1882. S. 33 – 34; гл. таксама: Dubiecki M. Karol Prozor, oboźny W. W. Ks. Litewskiego. Przyczynek do dzieów powstania Kościuszkowskiego. Monografia / M. Dubiecki. — Kraków, 1897. S. 227; Pamiętniki Franciszka Karpińskiego. / Z przedmową Piotra Chmielowskiego. – Warszawa: Drukarnia Granowskiego i Sikorskiego, 1898. S. 134 – 135
  2. ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 14. S. 7 – 9
  3. ^ НГАБ у Менску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 3
  4. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 537. А. 404
  5. ^ Віктар Гілеўскі. Стравінскія. Ад беларускіх каранёў. // Маладосць. 11/2019. С. 77 – 84; Віктар Гілеўскі. Брагінскія карані музычных геніяў Стравінскіх. // Маяк Палесся. 15. 01. 2021.
  6. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 587. А. 69 адв.
  7. ^ Виноградов Д. Л. Живые прошлого страницы. / Дмитрий Леонидович Виноградов. – Минск: А. Н. Вараксин, 2018. С. 99 – 102
  8. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 105
  9. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917 – 1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. – Минск: Современная школа, 2011. С. 92 – 93; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. – 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918 – 1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  10. ^ Пичуков В. П., Старовойтов М. И. Гомельщина многонациональная (20 — 30 е гг. XX в.). Выпуск I. — Гомель, 1999. С. 213
  11. ^ Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці. — Мінск, 1986. С. 100, 181
  12. ^ Багамольнікава Н. А. Пра што гавораць нам тапонімы. // Хойнікшчыны спеўная душа. Народная духоўная культура Хойніцкага краю. Фальклорна-этнаграфічны зборнік. – Мінск, 2010. С. 290
  13. ^ Багамольнікава Н. А. Структурныя змены і працэс перайменаванняў у айканіміі Гомельшчыны. // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. 2010. № 4 (61). С. 12