Брыгада імя Канстанціна Астроскага
Брыгада імя Канстанціна Астроскага | |
польск. Brygada imienia Konstantego Ostrogskiego | |
Гады існаваньня | з 2016-га |
---|---|
Краіны | Летува, Польшча, Украіна |
Падпарадкаваньне | Галоўнае камандаваньне Ўзброеных сілаў Польшчы |
Тып | сухапутныя войскі |
Уключае ў сябе | 6 батальёнаў, 4 узводы, 2 дывізіёны, 2 групы, рота, экіпаж, аддзяленьне |
Функцыя | Удзел у міжнародных апэрацыях, якія праводзяцца на падставе мандату Рады бясьпекі ААН |
Колькасьць | 4500 жаўнераў (2019 г.) |
Дысьлякацыя | Люблін (Польшча) |
Мянушка | ЛетПолУкрбрыг |
Заступнік | Канстанцін Астроскі |
Дэвіз | Аб'яднаныя дзеля міру |
Дзейны камандзір | Зьміцер Брацішка |
Вядомыя камандзіры | Зянон Брзушка (2016—2018) |
Брыга́да імя́ Канстанці́на Астро́скага (укр. Бригада імені Костянтина Острозького) — летувіска-польска-ўкраінская брыгада, створаная ў Любліне (Польшча) 25 студзеня 2016 году.
На 2019 год штаб Брыгады Астроскага месьціўся ў Любліне па вуліцы Радзішэўскага, д. 4[1].
Кіраўніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Каардынацыйная група. Улучае па 2 прадстаўнікі ад Міністэрстваў абароны Летувы, Польшчы і Ўкраіны. Склікаецца 4 разы на год. Пасаду старшыні па чарзе штогод займаюць прадстаўнікі 3-х краінаў. Ухваляе фінансавыя і навучальныя намеры, пададзеныя камандаваньнем Брыгады[2].
- Камандаваньне. Складалася з камандзіра, намесьніка і начальніка штабу Брыгады, якія займалі пасады па 3 гады зь ліку прадстаўнікоў 3-х краінаў па чарзе[3].
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2019 год брыгада імя Канстанціна Астроскага ўлучала 6 батальёнаў, 4 узводы, 2 артылерыйскія дывізіёны, 2 групы, роту выведкі, экіпаж бесьпілётніка, геаграфічнае аддзяленьне і падразьдзяленьні сувязі і радыёэлектроннай барацьбы:
- батальён камандаваньня (Люблін);
- уланскі батальён вялікай княгіні Біруты (Аліта, Летува);
- 5-ы батальён падгальскіх стралкоў (Пшэмысьль, Падкарпацкае ваяводзтва);
- 1-ы дэсантна-штурмавы батальён (Львоў, Украіна);
- 14-ы дывізіён самаходнай артылерыі (Яраслаў, Падкарпацкае ваяводзтва);
- 21-ы дывізіён проціпаветранай артылерыі (Яраслаў);
- 16-ы батальён сапёраў (Ніска, Падкарпацкае ваяводзтва);
- 21-ы лягістычны батальён (Жэшаў, Падкарпацкае ваяводзтва);
- Міжнародны складнік вайсковай паліцыі (МСВП) з 3-х узводаў;
- рота выведкі, хімічны ўзвод і наземнае падразьдзяленьне сувязі (Жэшаў) з 21-й брыгады падгальскіх стралкоў;
- падразьдзяленьні радыёэлектроннай барацьбы і выведкі з 2-га радыёэлектроннага асяродка (Пшасныш, Мазавецкае ваяводзтва);
- група цывільна-вайсковай супрацы з Асяродка падрыхтоўкі да замежных заданьняў (Кельцы, Сьвентакшыскае ваяводзтва);
- група псыхалягічных дзеяньняў з Галоўнай групы псыхалягічных дзеяньняў (Быдгашч, Куяўска-Паморскае ваяводзтва);
- экіпаж бесьпілётнага летака з 12-й базы бесьпілётных летакоў (Міраславец, Заходнепаморскае ваяводзтва);
- геаграфічнае аддзяленьне з 19-га асобнага геаграфічнага атраду (Лешна, Велікапольскае ваяводзтва)[4].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]19 верасьня 2014 году ў Варшаве (Польшча) міністры абароны Летувы, Польшчы і Ўкраіны Юозас Алекас, Тамаш Сямоняк і Валер Геляцей падпісалі міжурадавае Пагадненьне «Датычна стварэньня супольнай вайсковай часткі». Пры канцы Пагадненьня адзначалася: «датычна тлумачэньня палажэньняў гэтага Пагадненьня перавагу мецьме тэкст, выкладзены ангельскай мовай». Паводле 2-га артыкула Пагадненьня, «камандаваньне і падразьдзяленьні Брыгады маюць быць падрыхтаванымі да ўдзелу ў міжнародных апэрацыях, якія праводзяцца на падставе мандату Рады бясьпекі ААН». Згодна з 3-м артыкулам «Камандаваньне Брыгады разьмяшчацьмецца ў месьце Люблін, Рэспубліка Польшча. На камандаваньне Брыгады распаўсюджваецца заканадаўства Рэспублікі Польшча». Пагатоў «нацыянальныя падразьдзяленьні, вылучаныя ў склад Брыгады, разьмяшчацьмуцца на тэрыторыях сваіх дзяржаваў». У 6-м артыкуле згадвалася, што «афіцыйнай мовай Брыгады будзе ангельская». Паводле 7-га артыкула, «Адпаведны кампэтэнтны вайсковы орган Рэспублікі Польшча ажыцьцяўляцьме каардынацыю падрыхтоўкі падразьдзяленьняў Брыгады да ўдзелу ў апэрацыях». Згодна з 15-м артыкулам «гэтае Пагадненьне набывае моц праз 30 дзён з даты атрыманьня Дэпазытарыем (якім ёсьць Урад Рэспублікі Польшча) апошняга пісьмовага паведамленьня пра завяршэньне выкананьня ўсіх унутрыдзяржаўных працэдураў» і «застаецца дзейным цягам нявызначанага тэрміну»[5].
4 лютага 2015 году ўкраінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка падпісаў Закон «Пра ратыфікацыю Пагадненьня…»[6]. 21 ліпеня 2015 году польскі прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі паведаміў пра ратыфікацыю Пагадненьня ўсімі трыма бакамі, пасьля чаго тое набыло моц 21 жніўня 2015 году[7].
24 ліпеня 2015 году ў Львове (Украіна) міністры абароны Летувы, Польшчы і Ўкраіны падпісалі міжведамаснае Тэхнічнае пагадненьне «Адносна дэталёвых аспэктаў функцыянаваньня супольнай вайсковай часткі і яе камандаваньня». Паводле 3-га артыкула Тэхпагадненьня, «Каардынацыйная група (КГ) ажыцьцяўляе вышэйшае кіраваньне камандаваньнем Брыгады» і «складаецца з 6 асобаў, якія прызначаюцца Выканаўчымі ведамствамі на роўнапрапарцыйнай аснове». Згодна з 3-м пунктам 3-га артыкула «КГ зацьвярджае штогадовы бюджэт камандаваньня Брыгады, а таксама арганізацыйныя, фінансавыя, навучальныя, падрыхтоўчыя, лягістычныя і ўсялякія іншыя пляны, патрэбныя для функцыянаваньня Брыгады, якія распрацоўваюцца і падаюцца камандаваньнем Брыгады на разгляд». Пагатоў «КГ зьбіраецца штоквартальна ў папярэдне ўзгодненым месцы», а «Пасада кіраўніка КГ штогод замяшчаецца на ратацыйнай аснове між Выканаўчымі ведамствамі бакоў-падпісантаў» Тэхпагадненьня. Паводле 4-га артыкула, «Прымяненьне агульных выканаўчых распараджэньняў (Брыгадзе) кантралюецца прызначанымі прадстаўнікамі адпаведных кампэтэнтных органаў Бакоў Пагадненьня (2014 году) праз трохбаковыя інспэкцыі, якія будуць праводзіцца прынамсі раз на 3 гады». Згодна з 5-м артыкулам «Камандаваньне Брыгады павінна дасягнуць пачатковай апэратыўнай здольнасьці не пазьней як праз 6 месяцаў пасьля падпісаньня Тэхпагадненьня, а поўнай апэратыўнай здольнасьці не пазьней як праз 12 месяцаў пасьля дасягненьня пачатковай». У 6-м артыкуле згадвалася, што «ратацыя пасады камандзіра Брыгады, намесьніка камандзіра Брыгады і начальніка штабу Брыгады ажыцьцяўляецца між Летувіскай Рэспублікай, Рэспублікай Польшча і Ўкраінай». Пагатоў «тэрмін знаходжаньня на ўсіх пасадах камандаваньня Брыгады складае 3 гады». Паводле 4-га пункту 6-га артыкула, «службовыя абавязкі кіроўных пасадаў камандаваньня Брыгады зацьвярджаюцца Каардынацыйнай групай», а «для ўсіх іншых пасадаў зацьвярджаюцца камандзірам Брыгады». Урэшце прадугледжвалася, што працэдура камплектаваньня пасадаў у складзе камандаваньня Брыгады распачнецца цягам 2 месяцаў пасьля падпісаньня Тэхпагадненьня. 7-м артыкулам вызначалася, што "кіраўнік КГ ажыцьцяўляе апэратыўнае камандаваньне Брыгадай праз камандзіра Брыгады, за выключэньнем пэрыяду разгортваньня для ўдзелу ў апэрацыях. Таксама ўдакладнялася, што «польскі складнік вайсковай паліцыі арганізацыйна падпарадкуецца камандзіру Брыгады, але застаецца пад агульным кіраваньнем камандаваньня польскай вайсковай паліцыі». У 8-м артыкуле акрэсьлівалася лягістычнае забесьпячэньне камандаваньня Брыгады, што мела адпавядаць «гарнізоннаму ўзроўню»: «Выканаўчае ведамства Рэспублікі Польшча надае такія віды лягістычнага забесьпячэньня, як: патрэбная для камандаваньня Брыгады пастаянная інфраструктура, улучна з месцамі для стаянкі службовых і прыватных аўтамабіляў, працоўныя месцы і патрэбнае офіснае абсталяваньне, вайсковая інфраструктура, патрэбная для падрыхтоўкі Брыгады, такія сродкі пастаўкі і паслугі, як: электраэнэргія, газ, вада, каналізацыя, доступ да вайсковых сталовых, разьмешчаных за межамі разьмяшчэньня камандаваньня Брыгады, вайсковых спартовых установаў, транспартаваньне асабістага складу камандаваньня Брыгады»[8].
Паводле 9-га артыкула Тэхпагадненьня, «міжнародны складнік вайсковый паліцыі (МСВП) ствараецца з мэтай наданьня, у выпадку патрэбы, дапамогі камандзіру Брыгады ў забесьпячэньні выкананьня і прытрымліваньня законаў, загадаў, правілаў і дысцыпліны ў Брыгадзе пад час удзелу ў апэрацыях або навучаньнях». Пагатоў «паўнамоцтвы МСВП пашыраюцца на ўвесь асабісты склад Брыгады, улучна з цывільным складнікам», а «асабістаму складу МСВП таксама надаецца доступ да ўсіх установаў і аб’ектаў інфраструктуры Брыгады». Згодна з 10-м артыкулам «Выканаўчае ведамства Рэспублікі Польшча забясьпечвае мэдычнае абслугоўваньне і каардынаваньне ў мэдычных пытаньнях для асабістага складу, накіраванага ў склад камандаваньня Брыгады і чальцоў іх сем’яў у вайсковым шпіталі № 1 у месьце Люблін». Прадугледжвалася, што «наданьне неадкладнай мэдычнай дапамогі для асабістага складу камандаваньня Брыгады і чальцоў іх сем’яў ажыцьцяўляецца бясплатна на аснове дзяржаўнай сыстэмы хуткай мэдычнай дапамогі Рэспублікі Польшча». У 11-м артыкуле згадвалася, што ўрад Польшчы меў забясьпечыць камандаваньне Брыгады ў месцы пастаяннага разьмяшчэньня і пры ўдзеле ў апэрацыях 6 відамі паслуг сувязі: 1) Сеціва (вэб і паштовая паслуга), 2) тэлефонную і факсымільную сувязь, 3) абароненую тэлефонную і факсымільную сувязь падчас падрыхтоўкі і навучаньня ў Польшчы, 4) абароненую відэанараду падчас падрыхтоўкі і навучаньня ў Польшчы, 5) адкрытую радыёсувязь на кароткіх (100—10 м) і ўльтракароткіх (10—1 м) хвалях, 6) абароненая абмежаваную лякальную сетку. Пагатоў найвышэйшым узроўнем абароненых зьвестак, якія выкарыстоўваюцца камандаваньнем Брыгады, меў быць «для службовага карыстаньня». Патрабаваньні да кібэрбясьпекі і іх выкананьне ўскладалася на Абароннае ведамства Польшчы. Паводле 12-га артыкула, «Выканаўчыя ведамствы ствараюць міжнародную групу засьведчаньня пад кіраўніцтвам Апэратыўнага камандаваньня Ўзброеных сілаў Рэспублікі Польшча, якое праводзіць засьведчаньне камандаваньня Брыгады адпаведна Стандартам апэратыўнага выкарыстаньня сілаў і сродкаў Аб’яднанага камандаваньня АПАД, разьдзел 7 — Ацэнка баявой гатоўнасьці (частка 1 — штаб) і канцэпцыі падрыхтоўкі Брыгады». Паводле 16-га артыкула, Тэхпагадненьне набыло моц з даты яго падпісаньня[8].
Да Тэхпагадненьня 2015 году прыкладаўся Дадатак 1. Паводле 1-га артыкула Дадатку, «Бюджэтна-фінансавая група (БФГ) складаецца з 3-х прадстаўнікоў, якія маюць прызначацца Выканаўчымі ведамствамі на роўнапрапарцыйнай аснове. Старшынства ў БФГ ажыцьцяўляецца штогод на ратацыйнай аснове між Выканаўчымі ведамствамі». Пагатоў «паседжаньні БФГ праводзяцца ня менш як 2 разы на год». Згодна з 4-м артыкулам міжнародны бюджэт Брыгады прадугледжваў 4 віды выдаткаў: 1) утрыманьне пэрсаналу, 2) апэратыўнае абслугоўваньне, 3) правядзеньне вучэньняў, 4) адміністратыўныя патрэбы камандаваньня Брыгады. У 3-м артыкуле вызначалася, што «ўклад Выканаўчых ведамстваў Летувіскай Рэспублікі, Рэспублікі Польшча і Ўкраіны ў міжнародны бюджэт залежыць ад адсоткавых суадносін займаных імі пасадаў у будове каамандаваньня Брыгады». Пагатоў прадугледжвалася 5 відаў выдаткаў, што пакрываліся за кошт Абароннага ведамства Польшчы: «пастаянная інфраструктура, патрэбная для паўсядзённай дзейнасьці камандаваньня Брыгады, улучна зь месцамі для стаянкі службовага і прыватнага аўтамабільнага транспарту; доступ да вайсковых сталовых; карыстаньне вайсковымі ўстановамі адпачынку; працоўныя месцы і патрэбнае офіснае абсталяваньне (да дасягненьня пачатковай апэратыўнай здольнасьці); карыстаньне вайсковай інфраструктурай з мэтай правядзеньня падрыхтоўкі Брыгады». Паводле 4-га артыкула, «міжнародны бюджэт складаецца ў валюце Рэспублікі Польшча і ў інфармацыйных мэтах мецьме адпаведнік у эўра». У 3-м пункце 4-га артыкула ўдакладнялася: «Камандзір брыгады рыхтуе праект бюджэту Брыгады з абгрунтаванымі разьлікамі на наступны бюджэтны год. Праект бюджэту прадстаўляецца для апрацоўкі ў БФГ да 31 жніўня і да 30 верасьня падаецца на зацьвярджэньне ў Каардынацыйную групу (КГ). Да 15 кастрычніка бягучага году КГ зацьвярджае міжнародны бюджэт. З мэтай плянаваньня, таксама дадаецца сярэднетэрміновы фінансавы плян на далейшыя 3 гады», за падтрыхтоўку якога таксама адказвае камандзір Брыгады. Згодна з 5-м артыкулам Дадатку «3 разы на год камандзір Брыгады дасылае праз КГ запыт наконт долевых укладаў ад кожнага Выканаўчага ведамства ў міжнародны бюджэт». Пагатоў «запыт на ажыцьцяўленьне ўкладу падаецца і афіцыйна дасылаецца ў Выканаўчыя ведамствы прынамсі за 30 содняў да даты наступнай платы: 15 лютага, 15 траўня, 15 жніўня». Адпаведна «ўклады ажыцьцяўляюцца ў нацыянальнай валюце Рэспублікі Польшча або/і ў эўра»[8].
25 студзеня 2016 году ў Любліне міністры абароны Летувы, Польшчы і Ўкраіны Юозас Алекас, Антоні Мацярэвіч і Сьцяпан Паўтарак адчынілі штаб брыгады ў дзень дасягненьня ёю пачатковай апэратыўнай здольнасьці. 8-16 сьнежня 2016 году камандаваньне і штабы падразьдзяленьняў брыгады ўдзельнічалі ў камандна-штабным вучэньні «Агульнае выпрабаваньне-16», у ходзе якога засьведчылі поўную апэратыўную здольнасьць[9]. 5 кастрычніка 2017 году ў Любліне міністры абароны Летувы, Польшчы і Ўкраіны Раймундас Каробліс, Антоні Мацярэвіч і Сьцяпан Паўтарак падпісалі Пагадненьне «Пра ўнясеньне зьмяненьняў у Пагадненьне (2014 году)… датычна стварэньня супольнай вайсковай часткі». У 1-м пункце 2-га артыкула брыгадзе надалі «імя вялікага гетмана Канстанціна Астроскага»[10]. 6 сьнежня 2018 году ўкраінскі прэзыдэнт Парашэнка падпісаў Закон «Пра ратыфікацыю Пагадненьня…»[11].
Цягам 2018 году Брыгада імя Канстанціна Астроскага ўдзельнічала ў міжнародных вучэньнях «Шпаркі трызубец» (верасень, Явараў у Львоўскай вобласьці Ўкраіны) і «Кляновая арка» (кастрычнік, Немянчын у Віленскім павеце Летувы)[12].
Кіраўнікі Каардынацыйнай групы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Крыштап Камароўскі (Польшча, студзень—сьнежань 2016)
- Далюс Палякаўскіс (Летува, студзень—верасень 2017)
- Юры Содаль (Украіна, верасень 2017 — сьнежань 2018)
- Рыгор Галупка (Польшча, са сьнежня 2018-га)[2]
Камандзіры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Зянон Брзушка (Польшча; 2016—2018)
- Зьміцер Брацішка (Украіна; 2019—2021)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кантакт (пол.) // Камандаваньне Брыгады імя Канстанціна Астроскага, 2019 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
- ^ а б Каардынацыйная група (пол.) // Камандаваньне Брыгады імя Канстанціна Астроскага, 2019 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
- ^ Камандзір (пол.) // Камандаваньне Брыгады імя Канстанціна Астроскага, 2019 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
- ^ Будова (анг.) // Камандаваньне Брыгады імя Канстанціна Астроскага, 2019 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
- ^ Пагадненьне між Урадам Летувіскай Рэспублікі, Урадам Рэспублікі Польшча і Кабінэтам міністраў Украіны датычна стварэньня супольнай вайсковай часткі (укр.) // Вярхоўная Рада Ўкраіны, 5 кастрычніка 2017 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
- ^ Пятро Парашэнка. Закон Украіны «Пра ратыфікацыю Пагадненьня між Урадам Летувіскай Рэспублікі, Урадам Рэспублікі Польшча і Кабінэтам міністраў Украіны датычна стварэньня супольнай вайсковай часткі» (укр.) // Вярхоўная Рада Ўкраіны, 4 лютага 2015 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
- ^ Пагадненьне між Урадам Летувіскай Рэспублікі, Урадам Рэспублікі Польшча і Кабінэтам міністраў Украіны датычна стварэньня супольнай вайсковай часткі (пол.) // АТ «Інфор Пл», 1 верасьня 2015 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
- ^ а б в Пагадненьне між Міністэрствам аховы краю Летувіскай Рэспублікі, Міністэрствам народнай абароны Рэспублікі Польшча і Міністэрствам абароны Ўкраіны адносна дэталёвых аспэктаў функцыянаваньня супольнай вайсковай часткі і яе камандаваньня (укр.) // Вярхоўная Рада Ўкраіны, 24 ліпеня 2017 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
- ^ Гісторыя (пол.) // Камандаваньне Брыгады імя Канстанціна Астроскага, 2019 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
- ^ Пагадненьне між Урадам Летувіскай Рэспублікі, Урадам Рэспублікі Польшча і Кабінэтам міністраў Украіны пра ўнясеньне зьмяненьняў у Пагадненьне ... датычна стварэньня супольнай вайсковай часткі (укр.) // Вярхоўная Рада Ўкраіны, 6 сьнежня 2018 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
- ^ Пятро Парашэнка. Закон Украіны «Пра ратыфікацыю Пагадненьня між Урадам Летувіскай Рэспублікі, Урадам Рэспублікі Польшча і Кабінэтам міністраў Украіны пра ўнясеньне зьмяненьняў у Пагадненьне ... датычна стварэньня супольнай вайсковай часткі» (укр.) // Вярхоўная Рада Ўкраіны, 6 сьнежня 2018 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
- ^ Падрыхтоўка (пол.) // Камандаваньне Брыгады імя Канстанціна Астроскага, 2019 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Улучаныя падразьдзяленьні (пол.) // Камандаваньне Брыгады імя Канстанціна Астроскага, 2019 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
- Падзеі (пол.)
- Кантакты (пол.) // Батальён камандаваньня Брыгады імя Канстанціна Астроскага, 2019 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |