Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і кляштар дамініканаў (Васілішкі)
| Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і кляштар дамініканаў | |
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля | |
| Краіна | Беларусь |
| Вёска | Васілішкі |
| Каардынаты | 53°46′37,35″ пн. ш. 24°50′55,95″ у. д.HGЯO |
| Канфэсія | каталіцтва |
| Эпархія | Гарадзенская дыяцэзія |
| Архітэктурны стыль | барока |
| Дата заснаваньня | XVII ст. |
| Статус | Ахоўная зона |
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і кляштар дамініканаў на мапе Беларусі Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і кляштар дамініканаў | |
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і кляштар дамініканаў — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Васілішках. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, на гістарычным Рынку[a]. Касьцёл дзее, кляштар існаваў да 1832 году. Твор архітэктуры віленскага барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Комплекс складаўся з касьцёла, кляштарнага корпуса і мура з брамай. У другой палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі зруйнавалі кляштарны корпус.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 1658 годзе судзьдзя земскі лідзкі М. Лімант заснаваў у Васілішках кляштар дамініканаў. Неўзабаве ў мястэчку збудавалі драўляныя касьцёл і кляштарны корпус.
У 1769 годзе на месцы драўляных пачалося будаваньне мураваных касьцёла і кляштару. На 1773 год тут было 11 манахаў. У 1790 годзе адбылася кансэкрацыя новазбудаванага касьцёла.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Васілішкі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, а па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1865 годзе — гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).
У другой палове XIX ст. расейскія ўлады зруйнавалі мураваны кляштарны корпус.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 1919 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі будынак касьцёла рыма-каталікам.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Касьцёл
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Касьцёл — 3-нэфавая 2-вежавая базыліка з паўкруглай апсыдай і закрысьціяй з паўднёвага боку. Плястыка ствараецца ўвагнутасьцю і акругласьцю граняў вежаў, слаістымі лапаткамі, пілястрамі з валютамі ў аснове, плыўна выгнутымі цягамі і карнізамі, прастакутнымі філёнгамі. Сымэтрычна-восевая 3-часткавая кампазыцыя фасаду падкрэсьліваецца лучковымі ўваходнымі і аконнымі праёмамі, нішамі, круглымі люкарнамі. Бакавыя фасады маюць лучковыя праёмы і падзяляюцца роўнымі лапаткамі.
Унутраную прастору падтрымліваюць 6 слупоў. Гістарычна меў скляпеністыя перакрыцьці нэфаў, згубленыя ў ходзе перабудоваў і замененыя роўнай бэлечнай стольлю[1]. У цэнтральны нэф шырокай аркай адкрываецца галерэя хораў з увагнутым парапэтам Інтэр’ер аздабляюць галоўны, 2 бакавыя і 4 кулісныя стукавыя алтары[2]. У цэнтры галоўнага алтара знаходзіцца абраз «Хрост Панскі».
Кляштар
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Кляштарны корпус — П-падобны ў пляне будынак, які ўтвараў з касьцёлам замкнёны дворык.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Старыя здымкі
- каля 1900 г.
- 1916—1918 гг.
- да 1939 г.
- 1941 г.
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Сучасны стан
- Галоўны фасад
- З боку апсыды
- Інтэр’ер
- Хоры
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Савецкая
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 392.
- ↑ Кулагін А. Васілішкаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 412Г000616 |