Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар дамініканаў (Віцебск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам EmausBot (гутаркі | унёсак) у 00:55, 19 верасьня 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Касьцёл дамініканаў, фрагмэнт малюнку XIX ст.

Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар дамініканаў — колішні рымска-каталіцкі кляштарны комплекс у Віцебску. Дзейнічаў у XVII — 1-й пал. XIX стст. Займаў пляц плошчай 4950 м²[1] на левым беразе Дзьвіны пры ўтоку ў яе ручая.

Комплекс складаўся з мураванага касьцёла, драўлянага 1-павярховага кляштарнага корпусу на мураваным падмурку і шэрагу гаспадарчых збудаваньняў[2].

Гісторыя

Абмерны рысунак кляштарнага комплексу (1832)

Віцебскі дамініканскі кляштар заснаваў падкаморы Адам Кісель (з Брусілава) у 1682 року (магчыма, раней — у 1642[2]). У 1771 року (паводле іншых зьвестак — у 1731[1]) пачалося ўзьвядзеньне мураванага касьцёла, якое завяршылася толькі ў XIX ст. у значна спрошчаным варыянце (вынікае з абмерных рысункаў, зробленых у час закрыцьця кляштару)[3]. У 1811 року каля касьцёла збудавалі новы кляштарны корпус[1].

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (18301831) у 1832 року расейскія ўлады ліквідавалі кляштар. Таго ж року будынак касьцёла перадалі Віцебскаму гарнізоннаму батальёну[3]. У наш час кляштарныя збудаваньні не існуюць (магчыма, захаваліся падмуркі).

Архітэктура

Дамініканскі кляштар (праваруч) на акварэлі Ю. Пешкі

Касьцёл — помнік архітэктуры барока[2]. Гэта была 3-нэфавая прастакутная ў пляне базыліка з паўкруглая алтарнай часткай і сымэтрычнымі закрысьціямі па бакох вімы прэзьбітэрыя. Хвалістая позьнебарокавая ў ніжняй частцы структура галоўнага фасада-нартэску была незавершанай. Вышэй за карніз цэнтральнага нэфу вежы накрывалі пакатыя шатры з трыкутным клясыцыстычным франтонам паміж імі[3].

Касьцёл меў цыліндрычныя скляпеньні на распалубках[2], што падтрымліваліся апорнымі слупамі ў форме лятарынскага крыжа і адпаведныя ім тонкімі спараванымі падпружнымі аркамі[3]. Інтэр’ер упрыгожвалі шэсьць прысьценных разьбяных алтароў[4].

Апроч драўлянага кляштарнага корпусу, у склад комплексу ўваходзілі будынкі флігелю (7 жылых і 1 нежылое памяшканьне), лядоўні, сьвірану, бровару, стайні, пуні[1] і кузьні[2] (агульная плошча 4950 м²). Пры кляштары меўся агарод (1531 м²)[1].

У сылюэце Віцебску

Вышынныя дамінанты места (здымак да 1867) зьлева направа: фрагмэнт Усьпенскай царквы і кляштару базылянаў, Фарны касьцёл, Дабравешчанская царква, Ратуша, Уваскрасенская (Рынкавая) царква, Міхайлаўскі касьцёл дамініканаў і Вялікая сынагога
Вышынныя дамінанты места (здымак да 1867) зьлева направа: фрагмэнт Усьпенскай царквы і кляштару базылянаў, Фарны касьцёл, Дабравешчанская царква, Ратуша, Уваскрасенская (Рынкавая) царква, Міхайлаўскі касьцёл дамініканаў і Вялікая сынагога

Крыніцы

  1. ^ а б в г д Слюнькова И. Монастыри восточной и западной традиций. — М., 2002. С. 291.
  2. ^ а б в г д Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 171.
  3. ^ а б в г Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 232.
  4. ^ Тамара Габрусь. Святыні ордэна прапаведнікаў // «Наша Вера» № 4 (26), 2003.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі