Касьцёл Сьвятога Вінцэнта і кляштар місіянэраў (Сьмілавічы)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятога Вінцэнта і кляштар місіянэраў
| |
![]() Касьцёл Сьвятога Вінцэнта і кляштар місіянэраў, 1917 г.
| |
Краіна | Беларусь |
Мястэчка | Сьмілавічы |
Каардынаты | 53°45′9.04″ пн. ш. 28°0′31.26″ у. д. / 53.7525111° пн. ш. 28.0086833° у. д.Каардынаты: 53°45′9.04″ пн. ш. 28°0′31.26″ у. д. / 53.7525111° пн. ш. 28.0086833° у. д. |
Заснавальнік | Марцыбела з Агінскіх[d] |
Касьцёл Сьвятога Вінцэнта і кляштар місіянэраў на мапе Беларусі ![]() ![]() Касьцёл Сьвятога Вінцэнта і кляштар місіянэраў |
Касьцёл Сьвятога Вінцэнта і кляштар місіянэраў — помнікі архітэктуры XVIII ст. у Сьмілавічах. Знаходзіўся на ўскрайку мястэчка пры гасьцінцы Менск — Ігумен. Твор архітэктуры віленскага барока.
Комплекс складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса, аточаных мурам з дзьвюма аркавымі брамамі. У 1930-я гады савецкія ўлады зруйнавалі помнік.
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 1747 годзе Марцыбэла Завішанка з Агінскіх фундавала ў Сьмілавічах кляштар. Яна разьмясьціла ксяндзоў з аб’яднаньня місіянэраў пры драўляным касьцёле і пакінула грошы на ўзвядзеньне мураваных будынкаў.
Будаваньне мураванага комплексу вялося ў 1767—1791 гадох. У 1774 годзе скончылася ўзьвядзеньне кляштарнага корпусу. У 1785 годзе адбылася кансэкрацыя новазбудаванага касьцёла пад тытулам Сьвятога Вінцэнта. Пры кляштары дзейнічалі місіянэрская школа.
Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Сьмілавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. Аднак па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) 19 ліпеня 1832 году расейскія ліквідавалі кляштар. У 1841 годзе палову кляштару займала брація Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы), другую — станавы прыстаў. Касьцёл працягваў дзейнічаць як парафіяльны.
Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) 29 сьнежня 1866 году расейскія ўлады гвалтоўна зачынілі касьцёл і 22 студзеня 1867 году перарабілі яго пад царкву Сьвятой Тройцы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Аднак неўзабаве праз адсутнасьць фінансаваньня будынак прыйшоў у заняпад.
Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 1920-я гады савецкія ўлады зачынілі царкву. У 1930-я гады яны зруйнавалі помнік.
Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Касьцёл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Касьцёл — 3-нэфавая 2-вежавая базыліка. Яруснасьць аб'ёмнай кампазыцыі манумэнтальнага будынка стваралі 2-схільны дах цэнтральнага і больш нізкія бакавыя 1-схільныя дахі. Высокая роўніца галоўнага фасада завяршалася магутным тонкапрафіляваным антаблемэнтам. Над галоўным фасадам узвышаліся 2-ярусныя чацьверыковыя вежы, паміж якімі месьціўся фігурны шчыт з выгнутым прафіляваным карнізам. Фасад шчыльна падзяляўся высокімі пілястрамі, якія аздаблялі бакавыя аркавыя нішы-эксэдры, лучковыя і цэнтральны аркавыя аконныя праёмы і 3 аркавыя ўваходы. Бакавыя фасады рытмічна падзяляліся высокімі аконнымі праёмамі зь пілястрамі ў прасьценках.
Інтэр'ер упрыгожвалі 6 ілюзіяністычных алтароў з абразамі і скульптурамі[1]. У касьцёле зьберагаліся творы іканапісу XVIII ст.; у тым ліку абраз Сьвятога Вінцэнта работы мастака С. Чаховіча.
Кляштар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Кляштарны корпус — П-падобны ў пляне 2-павярховы будынак, які выходзіў на вуліцу бакавымі 3-павярховымі рызалітамі з фігурнымі барокавымі франтонамі. Знаходзіўся з правага боку ад касьцёла.
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Старая графіка
Н. Орда, 1864—1876 гг.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Ярашэвіч А. Смілавіцкі кляштар місіянераў // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 2. С. 604.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; маст. І. Бокі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.