Касьцёл Маці Божай Шкаплернай і кляштар піяраў (Віцебск)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Маці Божай Шкаплернай і кляштар піяраў
| |
Касьцёл Маці Божай Шкаплернай
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Віцебск |
Каардынаты | 55°11′46.7″ пн. ш. 30°11′43.6″ у. д. / 55.196306° пн. ш. 30.195444° у. д.Каардынаты: 55°11′46.7″ пн. ш. 30°11′43.6″ у. д. / 55.196306° пн. ш. 30.195444° у. д. |
Канфэсія | каталіцтва |
Архітэктурны стыль | барока |
Дата заснаваньня | XVIII стагодзьдзе |
Касьцёл Маці Божай Шкаплернай і кляштар піяраў | |
Касьцёл Маці Божай Шкаплернай і кляштар піяраў на Вікісховішчы |
Касьцёл Маці Божай Шкаплернай і кляштар піяраў — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Віцебску. Знаходзіўся ў Задзьвіньні, на рагу Полацкай і Піярскай вуліцаў[a]. Дзеяў да 1833 году. Твор архітэктуры барока.
Комплекс Віцебскага піярскага кляштару складаўся з касьцёла, кляштарнага корпуса, службовых пабудоваў і мура з брамай. Па гвалтоўнай ліквідацыі кляштару ў другой палове XIX ст. расейскія ўлады зруйнавалі кляштарны корпус, у 1950-я гады савецкія ўлады зруйнавалі касьцёл.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паміж 1751 і 1753 гадамі Андрэй і Ганна (з Лапаў) Сьвірскія перадалі айцам-піярам пляцы ў Віцебску і збудавалі драўляныя касьцёл і кляштар. Пазьней на кляштар ахвяравалі Пацеі, Міклаевічы, Мікошы. У 1762 годзе скончылася будаваньне мураванага касьцёла паводле праекту архітэктара Юзэфа Фантаны[1].
Піяры ўтрымлівалі пры кляштары школу з 5 клясаў, дзе выкладалі польскую і лацінскую мовы, арытмэтыку, геаграфію, гісторыю, геамэтрыю, фізыку, паэзію, рыторыку, права, філязофію. Навучаліся ў школе задарма. Пры калегюіме існаваў канвікт (інтэрнат). Навучэнцы ставілі тэатральныя пастаноўкі: у 1765 годзе — трагедыю Ю. Кушаля «Артаксар»[2].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Віцебск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і калегіюм працягвалі дзеяць. У 1785 годзе на просьбу Рыгора Пацёмкіна калегіюм перавялі ў Дуброўна, у 1799 годзе — вярнулі ў Віцебск. У 1822 годзе калегіюм перавялі ў Полацак, дзе на яго базе стварылі вышэйшую піярскую вучэльню. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1833 годзе расейскія ўлады гвалтоўна ліквідавалі кляштар. Касьцёл перадалі лютэранскай грамадзе, кляштарныя будынкі — зруйнавалі.
У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў будынак касьцёла перабудавалі: дадалі аб’ём з боку галоўнага фасаду.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За савецкім часам улады зачынілі кірху. У Другую сусветную вайну помнік атрымаў нязначныя пашкоджаньні.
У 1950-я гады савецкія ўлады зруйнавалі касьцёл.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцёл — 2-вежавая 1-нэфавая крыжова-купальная базыліка з паўкруглай апсыдай і бакавымі закрысьціямі. Вежы завяршаліся фігурнымі купаламі. Над сяродкрыжжам узвышаўся вялікі купал. У касьцёле было 6 вокнаў, у барабане купала — 4.
Усярэдзіне касьцёла падлога была з цэглы, у закрысьціях — з дошак. На адной зь вежаў віселі званы і быў уваход на хоры, дзе стаяў арган на 9 галасоў. Інтэр’ер аздаблялі тры алтары: Маці Божай Шкаплернай, Езуса Хрыста і Сьвятога Язэпа[3].
Насупраць калегюіму стаяў будынак канквікта з ганкам, збудаваны на мураваным падмурку з дрэва, ашаляваны і накрыты гонтам. У ім знаходзілася 12 пакояў і вялікая заля, прызначаная музэю. У асобным пакоі разьмяшчалася бібліятэка, якая налічвала 1900 тамоў. Непадалёк ад канквіта стаяла афіцына.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычная графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Ю. Пешка, каля 1800 г.
-
1830 г.
-
1830 г.
-
У. Баярскі, 1884 г.
Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1860-я гг.
-
С. Юркоўскі, 1866—1867 гг.
-
С. Юркоўскі, 1883—1885 гг.
-
1897 г.
-
С. Юркоўскі, 2-я пал. XIX ст.
-
1909 г.
-
1915 г.
-
да 1918 г.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ На месцы дома пад адрасам вуліца Камсамольская № 9/22
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Kałamajska-Saaed M. Rosyjskie plany klasztorów skasowanych w roku 1832. T. 1. — Warszawa, 2021. S. 1079.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 136.
- ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак А — Я. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7
- Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.