Зарыян Даленга-Хадакоўскі
Зарыян Даленга-Хадакоўскі | |
па-польску: Zorian Dołęga Chodakowski | |
Дата нараджэньня | 4 красавіка 1784[1] або 7 (18) красавіка 1784 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 17 (29) лістапада 1825[2] (41 год) |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | |
Занятак | археоляг, гісторык |
Псэўданімы | Zorian Dołęga Chodakowski[3] |
Зарыя́н Дале́нга-Хадако́ўскі (сапраўднае імя — Ада́м Чарно́цкі; 24 сьнежня, паводле іншых крыніцаў 7 (15) красавіка 1784[4], маёнтак каля вёскі Гайна Менскага павету Менскага ваяводзтва, цяпер Лагойскі раён Менскай вобласьці — 17 (29) лістапада 1825, сяло Пятроўскае Цьвярской губэрні, цяпер Цьвярской вобласьці) — беларускі археоляг, фальклярыст, этнограф, дыялектоляг.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адам Чарноцкі паходзіў са шляхецкай сям’і. У 1801 годзе скончыў Слуцкую павятовую вучэльню. У 1801—1804 гадах праходзіў юрыдычную практыку ў Наваградку. У 1805 годзе здаў экзамэны па юрыспрудэнцыі і атрымаў патэнт на права кіраваньня маёмасьцю. Працаваў аканомам у маёнтку графа Юзэфа Несялоўскага, прыватным адвакатам у Менску. Арыштаваны царскімі ўладамі 24 сакавіка 1809 году за выказаную ў прыватным лісьце прыхільнасьць да антыпрыгоньніцкіх ідэяў Напалеона. Пасьля 7 месяцаў зьняволеньня ў Петрапаўлаўскай крэпасьці быў пазбаўлены шляхецтва і накіраваны жаўнерам у Омск. У 1811 годзе ў Бабруйску імітаваў утапленьне; уцёк у Варшаву, уступіў у францускую армію. Менавіта пасьля паразы Напалеона мусіў хавацца і ўзяў псэўданім «Даленга-Хадакоўскі».
У 1813—1818 гадах падарожнічаў па Беларусі, Польшчы, Украіне; працаваў у архівах і бібліятэках; дасьледаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім павеце, каля Бярэсьця, Гомелю, Магілёва, рабіў запісы фальклёру, абрадаў, мясцовых дыялектаў. 14 сьнежня 1818 году ўпершыню ў Беларусі атрымаў ад Віленскага ўнівэрсытэту адкрыты ліст (дазвол) на права раскопак. У 1818 годзе выдаў сваю галоўную працу «Пра славяншчыну да хрысьціянства», якая прынесла яму шырокую вядомасьць. У 1819 годзе стаў чальцом-карэспандэнтам Варшаўскага Таварыства сяброў навук, сябрам Пецярбургскага Вольнага таварыства аматараў расейскай славеснасьці; у 1820 годзе — Маскоўскага Таварыства гісторыі і старажытнасьцяў расейскіх. Адным зь першых абгрунтаваў ідэю славянскай агульнасьці ў дагістарычны час. У 1820—1821 гадах, атрымаўшы дапамогу Міністэрства народнай асьветы Расеі, арганізаваў дасьледныя паездкі па Поўначы Расеі. Апошнія рокі жыцьця правёў у Цьвярской губэрніі, дзе ўладкаваўся аканомам маёнтку. Большасьць ягоных працаў засталіся неапублікаванымі, частка загінула. Запісы беларускага фальклёру (да 500 песень) знаходзяцца ў архіве, у тым ліку ў Санкт-Пецярбургу.
Асноўныя працы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Пра славяншчыну да хрысьціянства» (1818).
У працы ўпершыню паказаныя старажытнаславянскі побыт, культуру й народную творчасьць у дахрысьціянскі пэрыяд.
- «Дасьледаваньні адносна расейскай гісторыі» (1819).
Крытыка некаторых тэзаў Карамзіна і ўдакладненьне фактаў з гісторыі Беларусі.
- Чатырохтомнік «Слоўнік назваў гарадзішчаў і ўрочышчаў» (1844).
Паводле Г. А. Каханоўскага, у ім налічваецца каля 200 пунктаў на тэрыторыі Беларусі.
- «Праект навуковага падарожжа па Расеі для вытлумачэньня старажытнай славянскай гісторыі» (1820) і «Гістарычная сыстэма Хадакоўскага» (1838).
У працы прыведзена абрунтаваньне археалягічнай тэорыі гарадзішчаў, вызначаныя прынцыпы збору фальклёру і дыялектнай лексікі. Таксама ў ёй была паказаная тэрыторыю пашырэньня беларускай мовы і ўпершыню ў славістыцы прадэманстраваная роля тапанімікі ў гістарычных дасьледаваньнях.[5] Л. А. Малаш-Аксамітава назвала дасьледніка «першым беларускім мовазнаўцам, фальклярыстам, археолягам і этнографам».
Даленга-Хадакоўскі лічыцца заснавальнікам гістарычнай геаграфіі ў Беларусі. Ён першым пачаў складаць «Славянскую геаграфію». Таксама дасьледнік першым узяўся за вывучэньне старажытных шляхоў зносінаў. Са спасылкай на гістарычныя крыніцы прасачыў на беларускіх землях перавалачныя дарогі з Кіева ў Полацак, Прыпяцкі водны шлях.
Фальклёрны архіў З. Даленгі-Хадакоўскага паралельна са зборам сэрба Вука Караджыча — першы і найбагацейшы збор фальклёру славянскіх народаў паводле колькасьці запісаў і паводле велічыні ахопленай тэрыторыі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Енциклопедія історії України (укр.) — Київ: Наукова думка, 2003. — ISBN 966-00-0632-2
- ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #123844118 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
- ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ ДАЛЕНГА-ХАДАКОЎСКІ Зарыян Якаўлевіч // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 489
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аксамітаў А. С., Малаш Л. А. З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З. Я. Даленгі-Хадакоўскага. Мн., 1991.
- Малаш, Леаніла. Піянер славяназнаўства // Далэнга-Хадакоўскі, Зарыян. Выбранае. Мн., 2007. С. 5—36.
- ДАЛЕНГА-ХАДАКОЎСКІ Зарыян Якаўлевіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.
- Нарадзіліся 4 красавіка
- Нарадзіліся ў 1784 годзе
- Нарадзіліся 18 красавіка
- Нарадзіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім
- Памерлі 29 лістапада
- Памерлі ў 1825 годзе
- Памерлі ў Расеі
- Выпускнікі Слуцкай гімназіі
- Нарадзіліся 24 сьнежня
- Нарадзіліся ў Лагойскім раёне
- Беларускія археолягі
- Беларускія фальклярысты
- Беларускія этнографы
- Беларускія славісты
- Памерлі ў Цьвярской вобласьці