Перайсьці да зьместу

Домавіна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Домавіна»
горн.-сорб. Domowina

Эмблема
Дата ўтварэньня 13 кастрычніка 1912 (112 гадоў таму)
Тып моўнае
Юрыдычны статус грамадзкае аб’яднаньне
Мэта адраджэньне лужыцкай мовы
Штаб-кватэра Паштовая плошча, д. 2[1]
Месцазнаходжаньне Будышын
Каардынаты 51°10′41″ пн. ш. 14°25′44″ у. д. / 51.17806° пн. ш. 14.42889° у. д. / 51.17806; 14.42889Каардынаты: 51°10′41″ пн. ш. 14°25′44″ у. д. / 51.17806° пн. ш. 14.42889° у. д. / 51.17806; 14.42889
Дзейнічае ў рэгіёнах Лужыца
Сяброўства Хаўрусны зьвяз эўрапейскіх народных мяншыняў (Фленсбург, зямля Шлезьвіг-Гальштайн), Таварыства загрожаных народаў (Гётынген, зямля Ніжняя Саксонія), «Пусташа-сажалкавы краявід Верхняй Лужыцы», Міжнародная рада арганізацыі фальклёрных фэстываляў і народнага мастацтва[2]
Афіцыйныя мовы лужыцкая
Старшыня Давыд Статнік
Намесьнікі Гартмут Лейпнэр, Марка Ганчык
Сяброўка Прэзыдыюму Марліса Млынкова[3]
Кіраўніца Юдыта Шоўціна
Асноўныя асобы Марцін Каньчаш (намесьнік кіраўніцы)[4]
Кіроўны орган Саюзнае старшыньства
Зьвязаныя кампаніі Лужыцкая маціца, «Лужыцкі Сокал», Таварыства Кірылы і Мятода
Колькасьць валянтэраў 7300 (2004 год)
Сайт domowina.de

«Домавіна» (горн.-сорб. DomowinaРадзіма) — зьвяз лужыцкіх сэрбаў, заснаваны ў кастрычніку 1912 году ў Воярацах (вобласьць Верхняя Лужыца, зямля Саксонія, Нямеччына).

На 2022 год галаўная сядзіба месьцілася ў Будышыне. Улучала 5 аддзяленьняў і 14 сяброўскіх таварыстваў у Лужыцы, а таксама 8 зьвязаных таварыстваў за мяжой у 5 краінах. Ахоплівала 7300 чалавек. Мела на мэце адраджэньне лужыцкай мовы.

  • Галоўны сход. Складаўся з прадстаўнікоў кожнага сяброўскага аб’яднаньня лужычанаў. Ухваляў гадавы каштарыс і прымаў новыя аб’яднаньні. Кожныя 4 гады абіраў старшыню, ягоных 2-х намесьнікаў і іншых сябраў Саюзнага старшыньства, а таксама склад Рэвізійнага камітэту і Трацейскага камітэту[5].
  • Саюзнае старшыньства. Налічвала да 30 сябраў. Ухваляла выдаткі і ствараць працоўныя групы. Вылучаць прадстаўнікоў на выбары і наймаць супрацоўнікаў[6].
  • Прэзыдыюм. Улучаў старшыню, 2-х намесьнікаў і яшчэ 3-х сябраў, абраных Саюзным старшыньствам[7].

У складзе «Домавіны» дзейнічала камітэтаў: 1) трацейскі, 2) рэвізійны, 3) узнагародаў, 4) адукацыйны, 5) культуры і мастацтва, 6) палітыка-прававых справаў, 7) сувязяў і замежных справаў, 8) зьмяненьня будовы, гаспадаркі і інфраструктуры, 9) унутранага народаўладзьдзя і лужыцкай грамадзянскай супольнасьці[8].

Галаўная сядзіба ў Будышыне (2015 год)

На 2022 году «Домавіна» ўлучала аддзяленьне Ніжняя Лужыца ў Хоцебузе і 4 аддзяленьні ў Верхняй Лужыцы: 1) «Ян Арношт Смолер» (Будышын), 2) «Міхал Горнік» (Хросьціцы), 3) «Гандрый Зэйлер» (Воярацы), 4) «Якуб Лёрэнц-Залескі» (Сьлепа). Таксама налічвалася яшчэ 14 сяброўскіх тварыстваў, сярод якіх былі: 1) «Лужыцкая маціца», 2) Лужыцкае моладзевае таварыства «Павук», 3) Лужыцкае школьнае таварыства, 4) «Лужыцкі Сокал», 5) Лужыцкі культурны турызм, 6) Кола прасоўваньня лужыцкай народнай культуры, 7) Таварыства Кірылы і Мятода, 8) Таварыства прасоўваньня лужыцкага культурна-інфармацыйнага асяродку (ТПЛКІА, Бэрлін), 9) Аб’яднаньне прасоўваньня Лужыцкага народнага ансаблю Будышына, 10) Зьвяз лужыцкіх сьпявацкіх таварыстваў, 11) Зьвяз лужыцкіх рамесьнікаў і прадпрымальнікаў, 12) Зьвяз лужыцкіх студэнтаў, 13) Зьвяз лужыцкіх артыстаў, 14) Дом біскупа Бэна[2].

За мяжой налічвалася 8 зьвязаных таварыстваў: 1) Супольнасьць сяброў Лужыцы (Прага, Чэхія), 2) Польска-сэрбалужыцкае аб’яднаньне «Про Лужыца» (Аполе, Польшча), 3) Польска-сэрбалужыцкае таварыства (Варшава і Ўроцлаў, Польшча), 4) Лужыцкае таварыства Паўднёвай Аўстраліі (Адэлаіда), 5) Таварыства лужыцкай спадчыны Аўстраліі, 6) Тэхаскае таварыства лужыцкай спадчыны (Гідынгз, ЗША), 7) Музэй Тэхаскага таварыства лужыцкай спадчыны (Сэрбін, ЗША), 8) Лужыцкае сяброўска-працоўнае кола (Люхаў, зямля Ніжняя Саксонія)[2].

Дом сходаў у Воярацах, дзе заснавалі «Домавіну»

13 кастрычніка 1912 году Воярацах (вобласьць Верхняя Лужыца, зямля Саксонія, Нямеччына) прадстаўнікі 31-го грамадзкага аб’яднаньня лужычанаў заснавалі ўстанову «Домавіна». Сярод заснавальнікаў адзіным аб’яднаньнем зь Ніжняй Лужыцы была «Лужыцкая маціца». Ініцыятарамі стварэньня «Домавіны» былі Арошт Барт, Гандрый Крона, Юры Сладэньк, Багуміл Швеля, Ян Дворнік, Юры Дэленьк, Аўгуст Ляпшціх, Франк Краль і Міхал Наўка. За мэту ставілася прасоўваньне сяброўскіх аб’яднаньняў «у іх намаганьнях па забесьпячэньні духоўнага і гаспадарчага дабрабыту лужыцкага народу». 9 лютага 1913 году ўхвалілі Статут «Домавіны» і абралі ўправу. Старшынём быў абраны Арошт Барт, які быў дэпутатам Парлямэнту Саксоніі. Да чэрвеня 1913 году ўлік атрымалі 15 лужыцкіх аб’яднаньняў, якія налічвалі 1600 сябраў[9]. Установа прызначалася для пашырэньня лужыцкай мовы і культуры сярод лужычанаў, а таксама дзеля прасоўваньня іншых народных зацікаўленасьцяў лужычанаў. 21 ліпеня 1921 году ўтварылі мясцовыя аддзяленьні ў Будышыне і Каменцы[10]. У 1924 годзе «Домавіна» лучыла вакол сябе 82 мясцовыя аб’яднаньні лужычанаў. У 1931 годзе лік сяброўскіх аб’яднаньняў вырас да 85. «Домавіна» ладзіла канцэрты і дзіцячыя летнікі на лужыцкай мове, а таксама выдавала ноты і п’есы для лужыцкіх хароў. Сярод іншага, «Домавіна» ўваходзіла ў Лужыцкую народную раду, утвораную ў 1925 годзе, якая хадайнічала перад урадам пра навучаньне лужыцкіх дзяцей на роднай мове да роспуску ў 1933 годзе. Ладзіліся сумесныя мерапрыемствы з Лужыцкім гімнастычным таварыствам «Сокал» да яго роспуску пасьля прыходу нацыянал-сацыялістычнага ўраду ў Нямеччыне ў 1933 годзе. Тады ж спынілі выпуск газэты «Сорбскія навіны»[9].

У верасьні 1933 году прадстаўнікі лужыцкіх аб’яднаньняў і нямецкія чыноўнікі падпісалі Дэклярацыю аб ляяльнасьці, што спыніла арышты сябраў «Домавіны»[9]. У сьнежні 1933 году старшынём абралі Паўла Неду, пасьля чаго «Домавіну» пераўтварылі ў Зьвяз лужыцкіх сэрбаў, які займеў сяброўства асобаў[10]. Большасьць прадстаўнікоў лужыцкіх аб’яднаньняў адмовілася ўхваляць прапанаваны нацыянал-сацыялістычнам урадам Статут, паводле якога «Зьвяз лужыцкіх сэрбаў» мелі перайменаваць у «Зьвяз лужыцкамоўных немцаў», а затым у «Зьвяз апекі пра радзіму і лужыцкія звычаі»[9]. 18 сакавіку 1937 году нацыянал-сацыялістычны ўрад Нямецкай дзяржавы забараніў сходы аб’яднаньняў «Домавіны», бо тая пярэчыла анямечваньня лужычанаў[10]. У жніўні 1937 годзе забаранілі большасьць саміх лужыцкіх аб’яднаньняў. У 1941 годзе нацысцкі ўрад Нямеччыны адабраў маёмасьць «Домавіны»[9]. 10 траўня 1945 году «Домавіна» аднавіла дзейнасьць пад старшынствам Яна Цыжа. Савецкая вайсковая адміністрацыя ў Нямеччыне прызнала «Домавіну» ў якасьці «палітычнага, антыфашысцкага і культурнага прадстаўніка ўсяго лужыцкага народу». Лужыцкая народная рада аднавіла дзейнасьць у Празе (Чэхія). У 1946 годзе заснавалі 1-е аддзяленьне «Домавіны» ў Ніжняй Лужыцы[10]. На мясцовых выбарах 1946 году прадстаўнікі ўвайшлі ў сьпіс ад Сацыялістычнай адзінай партыі Нямеччыны. Павал Неда, які вярнуўся на пасаду старшыні, стварыў аддзелы занятасьці, культуры, моладзі і школы[9]. 23 сакавіка 1948 году Парлямэнт Саксоніі ўхваліў Закон «Аб абароне правоў лужыцкага насельніцтва». У 1949 годзе Парлямэнт Саксоніі пацьвердзіў прызнаньне «Домавіны» ў якасьці грамадзкага аб’яднаньня. Урад Брандэнбургу таксама ўхваліў яе дзейнасьць[10]. У 1949-м аддзяленьне «Домавіны» ў Ніжняй Лужыцы, заснаванае ў 1946-м, атрымала ўлік. У 1950-я гады ва Ўсходняй Нямеччыне ўдалося істотна пашырыць лужыцкую культуру і мову сярод лужычанаў, што адчувальна ўмацавала этнічную самасьвядомасьць лужыцкага народу ў наступныя дзесяцігодзьдзі[10]. У школах Саксоніі ўвялі заняткі лужыцкай мовы[10], а таксама законам прадугледзелі дзяржаўнае фінансаваньне лужыцкай культуры. У 1964 годзе зацьвердзілі 7-ы рэглямэнт аб выкананьні, паводле якога ў школах Лужыцы скасавалі абавязковасьць заняткаў лужыцкай мовы, што зьменшыла лік адпаведных вучняў. У 1966 годзе пачалі ладзіць штогадовыя шматдзённыя сьвяты лужыцкай культуры ў 7 гарадах і ў кожнай акрузе. У 1977 годзе Саюзныя зьезды «Домавіны» сталі праходзіць у Хоцебузе[9].

Памятная дошка адновы «Домавіны» 10 траўня 1945 году ў Хросьціцах

«Домавіна» мела 4 акруговыя аддзяленьні ў Верхняй Лужыцы ў Будышыне, Каменцы, Воярацах і Белай Водзе, а таксама 4 аддзяленьні ў Ніжняй Лужыцы ў Хоцебузе, Гродку, Губіне і Каляве. Таксама лужыцкія студэнты ўтварылі ўнівэрсытэцкая аб’яднаньне «Ян Скала»[9]. 17 сакавіка 1990 году Саюзны зьезд ухваліў новы Статут «Домавіны», паводле якога сяброўства ў ёй разам з асобамі змаглі мець і грамадзкія аб’яднаньні. 15 чэрвеня 1991 году Агульны сход ухваліў новую праграму і прыняў у сябры 6 лужыцкіх аб’яднаньняў. Пасьля ўзьяднаньня Нямеччыны ў Канстытуцыі Брандэнбургу і Саксоніі дадалі артыкулы пра абароны і падтрымку лужычанаў. У 1991 годзе стварылі «Домавіна» ўтварыла «Ўстанову лужыцкага народу», каб фінансаваць выданьне газэтаў, кніг і мастацтва на лужыцкай мове. У 1994 годзе ў Брандэнбургу ўхвалілі Закон «Аб павазе правоў лужычанаў». У 1998 годзе «Ўстанова лужыцкага народу» стала юрыдычнай асобай. Яе выдаткі сумесна пакрывалі Саюзны ўрад Нямеччыны на 50 %, урад Саксоніі на 33,3 % і ўрад Брандэнбургу на 16,7 %. У 1998 годзе ў Хоцебузе (вобласьць Ніжняя Лужыца, зямля Брандэнбург) «Домавіна» заснавала дзіцячы садок пад назвай Моўны асяродак «Вітай», дзе 14 дзяцей пачалі навучаць лужыцкай мове. У 1999 годзе Парлямэнт Саксоніі ўхваліў Закон «Аб правах лужычанаў у Вольнай дзяржаве Саксонія». На 2004 год у Брандэнбургу і Саксоніі працавала 6 дзіцячых садкоў «Вітай» на 400 дзяцей і 13 адпаведных лужыцкамоўных групаў. У пачатковай, сярэдняй і старэйшай школах вучні маглі вывучаць лужыцкую мову ў дзьвюхмоўных клясах. Зьвяз лужыцкіх сэрбаў «Домавіна» налічваў каля 7300 сябраў у складзе 5 мясцовых аддзяленьняў і 12 грамадзкіх аб’яднаньняў Лужыцы. «Домавіна» вылучала сваіх прадстаўнікоў на выбары ў мясцовыя парлямэнты і ўрады дзеля пашырэньня культурнай аўтаноміі ў галіне асьветы на лужыцкай мове. Сярод іншага, прасоўвалі ўжытак традыцыяў лужыцкага народу, цярпімасьць да лужыцкай культуры сярод немцаў і парышэньне зносінаў з прадстаўнічымі ўстановамі іншых славянскіх народаў. У Будышыне дзейнічаў Нямецка-лужыцкі народны тэатар і Лужыцкі народны ансамбль[10].

  1. ^ Сувязныя зьвесткі (верх.-луж.) // Зьвяз лужыцкіх сэрбаў «Домавіна», 1 лістапада 2004 г. Праверана 8 траўня 2022 г.
  2. ^ а б в Сяброўскія аддзяленьні і таварыствы (верх.-луж.) // Зьвяз лужыцкіх сэрбаў «Домавіна», 2022 г. Праверана 8 траўня 2022 г.
  3. ^ Сябры Саюзнага старшыньства (верх.-луж.) // Зьвяз лужыцкіх сэрбаў «Домавіна», 2022 г. Праверана 8 траўня 2022 г.
  4. ^ Кіраўніцтва (верх.-луж.) // Зьвяз лужыцкіх сэрбаў «Домавіна», 2022 г. Праверана 8 траўня 2022 г.
  5. ^ Галоўны сход (верх.-луж.) // Зьвяз лужыцкіх сэрбаў «Домавіна», 2022 г. Праверана 8 траўня 2022 г.
  6. ^ Саюзнае старшыньства (верх.-луж.) // Зьвяз лужыцкіх сэрбаў «Домавіна», 2022 г. Праверана 8 траўня 2022 г.
  7. ^ Прэзыдыюм Саюзнага старшыньства (верх.-луж.) // Зьвяз лужыцкіх сэрбаў «Домавіна», 2022 г. Праверана 8 траўня 2022 г.
  8. ^ Камітэты (верх.-луж.) // Зьвяз лужыцкіх сэрбаў «Домавіна», 2022 г. Праверана 8 траўня 2022 г.
  9. ^ а б в г д е ё ж з Пра станаўленьне (верх.-луж.) // Зьвяз лужыцкіх сэрбаў «Домавіна», 2014 г. Праверана 8 траўня 2022 г.
  10. ^ а б в г д е ё ж Славянскі народ у Нямеччыне (верх.-луж.) // Зьвяз лужыцкіх сэрбаў «Домавіна», 1 лістапада 2004 г. Праверана 8 траўня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]