Перайсьці да зьместу

Гісторыя Палестыны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Шаблён:Гісторыя Палестыны Палестынскі рэгіён, разьмешчаны на сутыку трох кантынэнтаў, стаў месцам рэлігійных, культурніцкіх, эканамічных і палітычных рознагалосьсяў. Гэта адно зь першых месцаў зьяўленьня чалавека, сельскагаспадарчых стасункаў і цывілізацыі ў цэлым. У бронзавым веку некалькі гарадоў-дзяржаваў тут заснавалі хананейцы, якія напрыканцы эпохі трапілі пад эгіпецкі ўплыў. У жалезным веку ў Палестыне паўсталі два ізраільскія царствы — Ізраіль і Юдэя, толькі паўднёвы бераг рэгіёну належаў філістымлянам. У VIII стагодзьдзі да н. э. рэгіёнам авалодала Асырыя, у 601 да н. э. — Бабілён, у 539 да н. э. — Пэрсія. У 330-я да н. э. Пэрсію заваяваў Аляксандар Вялікі, адгэтуль пачалася эпоха элінізацыі.

У канцы II стагодзьдзя да н. э. большасьць Палестыны захапіла Хасманэйскае царства. Аднак і яно неўзабаве стала васалам Рыму, які анэксаваў яго ў 63 да н. э. У 66 року н. э. жыды Юдэі паднялі паўстаньне супраць акупантаў, тады рымляне разбурылі Ерусалім і Другі Храм. З IV стагодзьдзя, калі Канстантын Вялікі ўвёў у Рымскай імпэрыі хрысьціянства, Палестына стала рэлігійным цэнтрам для пілігрымаў, манахаў і дасьледнікаў. У 636—641 роках Левант заваявалі мусульмане, пасьля чаго зьмяніліся некалькі кіроўных дынастыяў: Рашыды, Амэяды, Абасыды, Тулуніды, Іхшыдыды, Фатыміды, Сэльджукі. У 1099 року крыжакі заснавалі Ерусалімскае каралеўства, якое ў 1187 пала ад Аюбідаў. У канцы 1250-х рокаў пасьля наезду манголаў эгіпецкія мамлюкі цалкам падпарадкавалі Палестыну сабе. У 1516 Асманская імпэрыя заваявала рэгіён, які назвала Сырыяй і кіравала ім пераважна спакойна да XX стагодзьдзя.

У I сусьветную вайну брытанскі ўрад дэкляраваў стварэньне ў Палестыне айчыны для жыдоўскага народу(d) ды заваяваў яе. У 1922 року Ліга Нацыяў надала Вялікабрытаніі мандат на Палестыну. Пасьля гэтага ў рэгіёне пачасьціліся сутычкі арабаў з жыдамі(d), якія пачалі прыбываць у Палестыну з усяго сьвету. У 1947 року Брытанія адмовілася ад мандату, тады Генэральная Асамблея ААН парэкамэндавала падзяліць Палестыну(d) на арабскую і жыдоўскую часткі. Сутычкі вырасьлі тым часам у грамадзянскую вайну(d), бо арабы адмовіліся ад прапанавага ААН рашэньня. У траўні 1948 року жыды абвясьцілі незалежнасьць Дзяржавы Ізраілю, якую адразу ж атакавалі ўсе суседнія арабскія дзяржавы. Ізраіль ня толькі перамог, але яшчэ і заваяваў тэрыторыі, не прадугледжаныя плянам падзелу Палестыны. Вайна прывяла да выгнаньня 700 000 (каля 80%) усіх палестынцаў Ізраілю без магчымасьці вяртаньня. З канца 1940-х рокаў пачалася міграцыя жыдоў з мусульманскіх краінаў(d) у Ізраіль («Алія»), які цягнуўся дзесяцігодзьдзямі.

Па вайне пад арабскім кантролем захаваліся толькі два раёны Палестыны: Заходні бераг ЯрдануУсходнім Ерусалімам), анэксаваны Ярданіяй(d), і Сэктар Газы, акупаваны Эгіптам(d). У 1967 Ізраіль у ходзе Шасьцідзённай вайны захапіў і іх. Тым часам палестынцы здолелі дабіцца міжнароднага прызнаньня празь дзейнасьць Арганізацыі вызваленьня Палестыны (АВП) на чале зь Ясірам Арафатам. У 1993 року Ізраіль і АВП падпісалі ў Осьлё мірнае пагадненьне(d), якое абумоўлівала стварэньне Палестынскай аўтаноміі (ПА) на тэрыторыі сэктару Газы і на заходнім беразе Ярдану (без Усходняга Ерусаліму). Далейшыя мірныя перамовы не здабылі паразуменьня, і між Ізраілем ды палестынцамі зноўку распачаўся канфлікт. На сцэну выйшла ісламісцкая арганізацыя Хамас, якая не прызнае ПА. У 2007 Хамас адваяваў Газу(d) ў Палестынскай аўтаноміі. У 2012 року Дзяржава Палестына (так называе яе ПА) стала дзяржавай-назіральніцай ААН, а разам і права браць удзел у паседжаньнях Генэральнай асамблеі ААН.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]