Гісторыя Горвалю
Горваль — даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.
Старажытнасьць і раньняе Сярэднявечча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вынікі археалягічных дасьледаваньняў паказваюць, што першае паселішча людзей на месцы Горвалю існавала ў часы першабытнага грамадзтва. У цэнтры вёскі археолягі выявілі стаянку, якая адносіцца да позьняга пэрыяду каменнага веку — нэаліту (4-е — 3 тысячагодзьдзі да н. э.). За 1,5 км на поўдзень ад Горвалю знаходзіцца гарадзішча-2. Яно адносіцца да жалезнага веку — мілаградзкай (VII — II стагодзьдзі да н. э.) і зарубінецкай (II ст. да н. э. — II ст. н. э.) культур.
У пэрыяд раньняга Сярэднявечча (V — IX стагодзьдзі) адбылося паўторнае засяленьне гарадзішча-2. Паводле археалягічных зьвестак, умацаванае паселішча на гэтым гарадзішчы і побач зь ім існавала ўжо ў XII—XIII стагодзьдзях. Апроч таго, да раньняга Сярэднявечча таксама належыць курганны могільнік (30 насыпаў) за 0,3 км на ўсход ад сучаснай вёскі.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Горваль як літоўскі горад зьмяшчаецца ў «Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», складзеным, відаць, у Кіеве ў канцы XIV ст. (захаваўся ў летапісах XV ст.). У гэты час Горваль выдзяліўся ў якасьці цэнтру самастойнай воласьці, якая ахоплівала абодва берагі Дняпра і Бярэзіны.
За вялікім князем Вітаўтам Горвалем валодаў ваявода віленскі В. Манівід, потым, відаць, ягоныя сын і ўнук. Па згасаньні роду Манівідаў Горваль — дзяржаўнае ўладаньне. У 1503 годзе ў дамове паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княства Літоўскім паселішча называецца мястэчкам. Пад 1510 годам Горваль значыцца як цэнтар воласьці на гасьцінцы Бабруйск — Чарнігаў. У 1528 годзе яна перайшла ў карыстаньне дзяржаўцу горвальскаму Б. Шалуху, потым да вялікай княгіні Боны. У 1535 годзе Горваль зруйнавалі і спалілі маскоўскія захопнікі. У XVI—XVIII стагодзьдзях на ўсходняй ускраіне, на правым беразе ракі, існаваў замак. З 1543 году Горваль знаходзіўся ў валоданьні Сангушкаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў ён увашоў у склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва.
З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у лістападзе 1654 году Горваль спалілі ўкраінскія казакі Залатарэнкі, які знаходзіліся на службе ў маскоўскага гаспадара. Пазьней Горваль перайшоў да Віленскага капітулу (упамінаецца як ягоны маёнтак з 1698 году). На 1731 году маёнтак Горваль налічваў 294 дымы. Пад 1784 годам у мястэчку ўпамінаецца царква, аднайменны маёнтак складаўся з 13 вёсак і 5 слабодаў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Горваль апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Рэчыцкім павеце Менскай губэрні. Канфіскаваны ў ліку маёнткаў каталіцкай царквы, з 1835 году знаходзіўся ў валоданьні Халадоўскіх. Дзейнічала драўляная царква Сьвятой Тройцы (у ёй захоўваліся мэтрычныя кнігі ад 1792 году), капітальна адрамантаваная ў 1851 годзе. На 1858 год у мястэчку было 126 двароў, на 1859 год — 85[1].
3 1861 году Горваль стала цэнтрам воласьці. У 1864 годзе тут адкрылася народная вучэльня. У 1882 годзе маёнтак набыў Г. Мэнгдэн, а праз 6 гадоў — Зубаў. На 1885 год у склад Горвальскай воласьці ўваходзіла 15 паселішчаў з 471 дваром; працавала паштовая кантора. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, існавалі царква, 2 малітоўныя дамы, народная вучэльня, прыстань, хлебазапасны магазын, 21 крама, гандлёвы рад, заезны двор, карчма. На стромкім беразе Бярэзіны разьмяшчалася сядзіба, якую ад мястэчка аддзялялі парк і фруктовы сад.
У сьнежні 1905 году адбылося Горвальскае выступленьне сялянаў. За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе мястэчка занялі нямецкія, а ў 1920 годзе, за часам польска-савецкай войны — польскія войскі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Горваль абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1926 годзе Горваль вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну і сельсавету (з 4 жніўня 1927 году ў Рэчыцкім раёне, з 2 красавіка 1959 году ў Глыбаўскім сельсавеце). У гэты час у вёсцы працавалі пачатковая школа і школа-сямігодка, хата-чытальня, лякарня, аддзяленьне спажывецкай каапэрацыі, сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства, паравы млын.
На 1940 год у Горвалі было 360 двароў, на 1993 год — 138 двароў, на 2004 год — 101 гаспадарка.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 379.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.