Перайсьці да зьместу

Гісторыя Вярэнава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Вярэнаў (Воранава) або Балотна — даўняе мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны).

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Вярэнаў упамінаецца ў XVI ст. пад назвай Балотна (Блотна). Паміж 1501—1539 гадамі канцлер Альбрэхт Гаштольд фундаваў тут касьцёл. У 1536 годзе маёнтак Балотна быў у валоданьні намесьніка драгіцкага Я. Давойны, потым ваяводы полацкага С. Давойны. У гэты час тут знаходзіўся цэнтар каталіцкай парафіі, касьцёл меў 5 сялянскіх дымоў.

У 1591 годзе Балотна ўпамінаецца як мястэчка, уладаньне Гаштольдаў у Лідзкім павеце Віленскага ваяводзтва. На мапе Т. Макоўскага (1613) паселішча значыцца як мястэчка. На 1690 год тут быў 61 двор, існавалі касьцёл і карчма, на 1694 год — 24 сялянскія двары, працавалі бровар і пякарня.

У пачатку XVIІІ ст. Балотна перайшло ў валоданьне ваяводы амсьціслаўскага А. Я. Масевіча, які ў 1705 годзе збудаваў тут касьцёл Сьвятога Тадэвуша. У 1720-я Балотна зноў зьмяніла ўладальнікаў: імі сталі прадстаўнікі італьянскага роду Сцыпіёнаў. У гэты час Юзэф Сцыпіён заснаваў маёнтак Вярэнаў, які назваў у гонар сваёй жонкі Вэранікі зь Фірлеяў. Ад гэтага маёнтку вядзе сваю гісторыю сучаснае мястэчка. У 1735 годзе кашталян смаленскі, староста лідзкі Ян Сцыпіён адкрыў тут школу і калегіюм піяраў, дзе выкладалі матэматыку, рыторыку, філязофію (дзейнічала да 1755 году, калі калегіюм перавялі ў Ліду). За Сцыпіёнамі мястэчка стала цэнтрам староства. З 1738 году Вярэнаў стаў цэнтрам парафіяльнай акругі Радунскага каталіцкага дэканату. 3 1742 году паселішча знаходзілася ў валоданьні віленскага біскупа, з 1758 году — стольніка С. Быкоўскага. На 1767 год у мястэчку было 44 будынкі. Мяшчане мелі надзелы ад 0,25 да 0,5 га; 2 млыны. У 1769 годзе Вярэнаў перайшоў у валоданьне Дамініка Александровіча, у гэты час тут было 60 дамоў. Сяляне адбывалі паншчыну 3 дні на тыдзень, плацілі чынш у 30 злотых, давалі дзякла.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Вярэнаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Лідзкім павеце Віленскай губэрні. У 1846 годзе паселішчу пацьвердзілі статус мястэчка. 3 1849 году ў Вярэнаве дзейнічала паштовая станцыя, тут было 29 камплектавых і 9 дадатковых коней. Мястэчка славілася выпечкай пернікаў, абаранкаў і інш. Непадалёк існаваў аднайменны фальварак, дзе дзейнічаў касьцёл і працаваў бровар.

На 1863 год у Вярэнаве было 52 жылыя дамы, на 1865 год — 42 будынкі, дзейнічалі касьцёл, сынагога і юдэйскі малітоўны дом, працавалі 2 гарбарні, 12 крамаў, паштовая станцыя і вадзяны млын; адбываліся таргі ў нядзелі, 4 разы на год праводзіліся кірмашы. У 2-й палове XIX ст. расейскія ўлады зьмянілі назву паселішча на Воранава. У 1884 годзе з уводам у эксплюатацыю чыгуначнай лініі ВільняЛіда ў Вярэнаве адкрылася чыгуначная станцыя. Паводле вынікаў перапісу (1897), у мястэчку працавалі пошта, лекарскі прыёмны пакой, мануфактурная і 24 малочныя крамы, 5 кузьняў і 7 корчмаў, праводзіліся штотыднёвыя таргі; у аднайменным фальварку было 2 двары. У Першую сусьветную вайну зь верасьня 1915 да 5 студзеня 1919 году Вярэнаў займалі нямецкія войскі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Вярэнаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[1].

У красавіку 1919 году Вярэнаў занялі польскія войскі, у ліпені — верасьні 1920 году — мястэчка займалі бальшавікі, потым зноў палякі. Паводле Рыскай мірнай дамовай (1921) Вярэнаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Лідзкага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час у мястэчку быў 161 двор; у фальварку — 8 двароў; на чыгуначным прыпынку — 7 двароў. У 1929 годзе на зварот тутэйшага старасты мястэчку вярнулі гістарычную назву Вярэнаў[2].

У 1939 годзе Вярэнаў увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і стаў цэнтрам раёну. Назву паселішча зноў зьмянілі на Воранава. У гэты час тут працавалі 2 школы (у тым ліку няпоўная сярэдняя школа), дзіцячы сад, раённая лякарня, радзільны дом, раённая амбуляторыя, дом культуры, электрастанцыя (75 кВт), хлебапякарня, МТС, 2 лесапільныя заводы, 3 вадзяныя і 2 паравыя млыны. У Другую сусьветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 11 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 1954 годзе ў Вярэнаве паставілі помнік Сталіну[3]. На 1970 год у мястэчку працавалі сярэдняя, музычная і спартовая школы, школа-інтэрнат, 2 дашкольныя ўстановы, лякарня, 2 бібліятэкі, дом культуры, кінатэатар, хлебакамбінат, малочны завод, камбінат побытава абслугоўваньня, раённае аб’яднаньне «Сельгастэхніка», ПТВ мэханізацыі сельскай гаспадаркі і іншыя. У 1986 годзе пры дапаможнай школе-інтэрнаце пачаў працаваць краязнаўча-этнаграфічны музэй, з 2004 году пры сярэдняй школе — музэй гісторыі мястэчка Вярэнава. У 1981 годзе пры доме культуры пачаў дзейнічаць ансамбль народнай музыкі і песьні «Лявоны», у 1995 годзе — народны вакальны ансамбль «Каляровыя сны», у 1996 годзе — народны духавы аркестар.

  1. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  2. ^ Лаўрэш Л. Лідчына ў 1924—1929 гг. у люстэрку прэсы // «Лідскі летапісец» №1 (69), 2015. С. 54.
  3. ^ Мухляда В. Адкрыццё помніка І. В. Сталіну // Гродзенская праўда. — 1954. — № 114 (2941). — С. 3.