Грындэкс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 56°55′13″ пн. ш. 24°11′47″ у. д. / 56.92028° пн. ш. 24.19639° у. д. / 56.92028; 24.19639

«Грындэкс»
лат. Grindeks
Тып акцыянэрнае таварыства
Лістынг на біржы РФБ: GRD1R
Заснаваная 1946
Заснавальнікі Міністэрства харчовай прамысловасьці Латвійскай ССР
Уласьнікі Кіраў, Ганна і Філіп Ліпманы (92%)[1]
Краіна Латвія
Разьмяшчэньне Рыга
Адрас Латгальскае прадмесьце, ваколіца Шкіротава, вул. Крустпілса, д. 53[2]
Ключавыя фігуры Юрыс Хмяльніцкіс[3], Кіраў Ліпман[4]
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя лекі
Абарачэньне 141,4 млн эўра (2019 год)[5]
Апэрацыйны прыбытак 13,8 млн эўра (2019 год)
Чысты прыбытак 12,9 млн эўра (2019 год)
Лік супрацоўнікаў 1422 (2019 год)
Матчына кампанія холдынг «Ліплат»
Даччыныя кампаніі «Талінскі фармацэўтычны завод» (Эстонія), «Хёхст-Біётыка Фарма» (Славаччына)
Аўдытар «Біндэр-Дыйкер-Отэ» (Бэльгія)[6]

«Грындэкс» — фармацэўтычнае прадпрыемства Латвіі, заснаванае ў 1946 годзе ў якасьці «Заводу вітамінаў і гармонаў».

На 2020 год прадпрыемства пераважна выпускала лекі для крывяносных ссудзінаў («Мілдранат»), сэрца і цэнтральнай нэрвовай сыстэмы (снатворнік «Сомнолс»), а таксама лекі ад ракуФторафур»). У 2019 годзе за мяжу паставілі 93% лекаў, пераважна ў 27 краінаў Эўразьвязу, Расею, ЗША, Канаду, Японію і Віетнам[7]. «Грындэксу» належалі 2 даччыныя прадпрыемствы ў Латвіі — АТ «Калцэкс» і ТАА «Праекты жыльлёвага кіраваньня», а таксама па адным у Славаччыне і Эстоніі — ТАА «Хёхст-Біётыка Фарма» (Марцін) і АТ «Талінскі фармацэўтычны завод». Гандлёвыя прадстаўніцтвы працавалі ў 6 краінах Азіі — Азэрбайджане, Армэніі, Грузіі, Казахстане, Кыргыстане і Ўзбэкістане, а таксама ў 5 краінах Эўропы — Беларусі (Менск, вул. Энгельса, д. 34а), Летуве, Малдове, Украіне і Эстоніі[8]. У працоўні распрацоўкі налічвалася 60 супрацоўнікаў, якія распрацоўвалі лекавыя рэчывы і формы, ажыцьцяўлялі іх стандартызаваньне і ацэнку інтэлектульнай уласнасьці, клінічнае дасьледаваньне і леканагляд[9].

Лекі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Таблеткі «Альпразалам»

На 2020 год АТ «Грындэкс» вырабляла безрэцэптурныя лекі 8 відаў: 1) 4 болеспатольнікі «Аса» (ацэтысалецылавая кісьля), «Ібупрафен», «Парацэтамол» і «Форсіюм»; 2) слабільныя таблеткі «Бісакадыл» і таблеткі «Лаперамід» ад паносу для страваваньня і кішачніка; 3) сыропы «Бромгексін» супраць макроты ў горле і «Рынадэкс» супраць насмарка для дыхальных шляхоў; 4) мазі «Віпрасал», «Капсікам» і «Ортафлекс» для цягліцаў і суставаў; 5) крэм і мазь «Рэкрэол» для скуры, 6) шампунь «Міканісал» супраць грыбка на галаве; 7) таблеткі «Флюрадэкс» супраць карыеса зубоў; 8) крэм «Тэрбітал» супраць грыбка на ступнях. Таксама выпускалі плястыр «Капсікам», касмэтычны крэм «Гумісол» для ног і суставаў, актываваны вугаль і 3 харчовыя дадаткі «Апілак», «Гэрбастрэс» для сну і «Ляктабекс»[10]. У 2019 годзе найбольшыя продажы прыпадалі на болеспатольнік «Ібупрафен», сыроп «Рынадэкс» супраць насмарка, мазі «Віпрасал» і «Капсікам» для цягліцаў і суставаў[11]. Сярод рэцэптурных лекаў налічвалася 11 відаў: 1) для сэрца, 2) супраць раку, 3) супраць інфэкцыяў, 4) для кішачніка і страваваньня, 5) для родаў і пасьляродавага пэрыяду, 6) супраць запаленьня, 7) мясцовыя анэстытыкі (абясчульвальнікі), 8) для сну, 9) заспакаяльнікі, 10) болеспатольныя мазі і гелі, 11) для нэрвовай сыстэмы[12]. Сярод іх найбольшыя продажы прыпадалі на капсулы «Мілдранат» для сэрца, ампулы «Аксытацын» пасьля родаў, таблеткі «Рыспаксол» пры шызафрэніі, мазь «Сульфаргін» пры апёках, таблеткі «Фторафур» ад раку страўнікава-кішачнага тракту і малочнай залозы, «Цыкладол» пры хваробе Паркінсана і снатворнік «Сомнолс»[13]. Урэшце «Грындэкс» выпускаў 15 лекавых рэчываў: гідрахлярыд атыпамэзолю, бортэзоміб, дэзамінааксытацын, гідрахлярыд дэтамідыну, гідрахлярыд дэксмэдэтамідыну, дропэрыдол, мэзылят іматынібу, гідрахлярыд мэдэтамідыну, аксытацын, гідрахлярыдфасфат рылмэнідыну, тэгафур, тыягуанін, ксылязанін, гідрахлярыд ксылязаніну і зопіклон[14].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1946 годзе Міністэрства харчовай прамысловасьці Латвійскай ССР заснавала ў Рызе «Завод вітамінаў і гармонаў», які перадало Латвійскай акадэміі навук (ЛАН). Першапачаткова завод выпускаў піўныя дрожджы, соевую падліву, сумесі мікраэлемэнтаў, шыпшынавы сыроп і харчовыя канцэнтраты. У 1957 годзе яго пераўтварылі ў «Досьледны завод вітамінаў» пры Інстытуце арганічнага сынтэзу ЛАН. Распрацоўку лекаў узначаліў Саламон Гілер. У 1959 годзе пачалі выпускаць фэнілін супраць тромбаў, фуразалідон і фураданін супраць мікробаў, а таксама тыётэфу супраць раку. У хімічным цэху стварылі ўчастак таблетаваньня. У 1964 годзе Рэгіна Жук, Маргерс Лідака і Саламон Гілер распрацавалі фторафур супраць раку, які пачалі вырабляць на заводзе ў 1966 годзе. За 1960-я гады распрацавалі 30 лекаў. У 1972 годзе завод пачаў пастаўляць фторафур японскім прадпрыемствам «Іскра» і «Тайхо». У 1975 годзе сталі выпускаць мілдранат супраць разрыву сэрца, які ў 1970 годзе распрацаваў Іварс Калвіньш. У 1985 годзе завод паглынуў «Рыскі завод мэдычных прэпаратаў», што прывяло да пашырэньня асяродка дасьледаваньняў і 3-х працоўняў: 1) арганічнага сынтэзу, 2) мадэляваньня, 3) аналізу і стандартызаваньня. Кіраўніком заводу стаў Валдзіс Якабсон, які заставаўся на пасадзе да 2007 году. У 1980-я гады на заводзе распрацавалі 60 лекаў, зь якіх 17 пад арыгінальнымі патэнтамі. У выніку на завод прыпала распрацоўка кожнага 4-га новага лека ў СССР. 11 кастрычніка 1991 году завод перайменавалі ў прадпрыемства «Грындэкс» у гонар 1-га латыскага фармацэўта Давыда Грындэля. 25 жніўня 1997 году «Грындэкс» пераўтварылі ў публічнае акцыянэрнае таварыства, паі якога ў ходзе прыватызацыі набылі звыш 6000 чалавек. У сакавіку 1998 году «Грындэкс» набыў 55% паёў «Талінскага фармацэўтычнага заводу» (Эстонія). 1 чэрвеня 1998 году паі прадпрыемства разьмясьцілі на Рыскай фондавай біржы. У 2007 годзе распрацавалі рыспаксол супраць шызафрэніі і адчынілі працоўню маштабаваньня лекаў ды ўчастак крышталізаваньня мілдранату на 250 тонаў за год. Адначасна запусьцілі новую вытворчасьць лекавых формаў на 1,5 млрд таблетак і 500 млн капсулаў за год. У 2008 годзе стварылі аксастрол супраць раку грудзей. У 2011 годзе адчынілі вытворчасьць урсадэаксіхолевай кісьлі (УДХК), якой лечаць хваробы жоўцевых шляхоў. У 2012 годзе «Грындэкс» набыў славацкае ТАА «Хёхст-Біётыка» (ХБМ) і адчыніў участак мазяў і геляў. У 2015 годзе прадпрыемства стала пастаўшчыком аксытацыну для Сусьветнай арганізацыі здароўя (Швайцарыя)[15].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Акцыянэры (рас.) // АТ «Грындэкс», 9 ліпеня 2019 г. Праверана 27 красавіка 2020 г.
  2. ^ Зьвяжыцеся з намі (рас.) // АТ «Грындэкс», 2020 г. Праверана 27 красавіка 2020 г.
  3. ^ Управа (рас.) // АТ «Грындэкс», 2020 г. Праверана 27 красавіка 2020 г.
  4. ^ Рада (рас.) // АТ «Грындэкс», 2020 г. Праверана 27 красавіка 2020 г.
  5. ^ Зводная фінансавая справаздача АТ «Грындэкс» за 2019 год (лат.) // АТ «Насдак Балтыкі», 28 лютага 2020 г. Праверана 27 красавіка 2020 г.
  6. ^ Зводная фінансавая справаздача АТ «Грындэкс» за 2018 год з адзнакай незалежнага аўдытара (лат.) // АТ «Насдак Балтыкі», 30 красавіка 2019 г. Праверана 27 красавіка 2020 г.
  7. ^ Пра «Грындэкс» (рас.) // АТ «Грындэкс», 2020 г. Праверана 27 красавіка 2020 г.
  8. ^ Будова (рас.) // АТ «Грындэкс», 2020 г. Праверана 27 красавіка 2020 г.
  9. ^ Дасьледаваньне і распрацоўка (анг.) // АТ «Грындэкс», 2020 г. Праверана 27 красавіка 2020 г.
  10. ^ Вырабы (рас.) // АТ «Грындэкс», 2020 г. Праверана 27 красавіка 2020 г.
  11. ^ Найзапатрабаваныя вырабы (рас.) // АТ «Грындэкс», 2020 г. Праверана 27 красавіка 2020 г.
  12. ^ Рэцэптурныя лекі (рас.) // АТ «Грындэкс», 2020 г. Праверана 27 красавіка 2020 г.
  13. ^ Найзапатрабаваныя рэцэптурныя лекі (рас.) // АТ «Грындэкс», 2020 г. Праверана 27 красавіка 2020 г.
  14. ^ Дзейныя лекавыя складнікі (анг.) // АТ «Грындэкс», 2020 г. Праверана 27 красавіка 2020 г.
  15. ^ Гісторыя (рас.) // АТ «Грындэкс», 2020 г. Праверана 27 красавіка 2020 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Грындэкссховішча мультымэдыйных матэрыялаў