Перайсьці да зьместу

Геральдыка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Гербазнаўства»)
Прыклад гербаў Нямеччыны. 15 стагодзьдзе

Гера́льдыка, гербазна́ўства (ад позьнелацінскага: heraldus — вяшчальнік), спэцыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжаньне, разьвіцьцё, грамадзка-прававое значэньне і фармаваньне герба і інстытут яго карыстаньня. Падзяляецца на тэарэтычную (вывучэньне гербаў) і практычную (стварэньне новых гербаў).

Узьнікненьне гербаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Эмалёвы малюнак на магіле Жафруа Плянтагенэта
Рычард I і шчыт з выявай герба

Разьвіцьцё гербавага мастацтва пачалося ў Эўропе пасьля падзеньня Рымскай Імпэрыі падчас узьнікненьня фэадалізму і арыстакратыі. Лічыцца, што гербы зьявіліся ў 10 стагодзьдзі, а самая старажытная гербавая пячатка была нанесеная на шлюбным дагаворы паміж Кастыльскім інфантам Санча і Вільгельмінай, дачкой Гастона II, віконта Бэарнскага, у 1000 годзе.

Безумоўнае сьведчаньне аб існаваньні гербаў зьяўляецца пасьля крыжовых паходаў. Першае падобнае сьведчаньне — францускі эмалёвы малюнак на магіле Жафруа Плянтагенэта (памёр у 1151 годзе), які быў наданы каралём Англіі Генрыхам I. Першым ангельскім каралём, які меў уласны герб, быў Рычард I Ільвінае сэрца.

Фармаваньне геральдыкі як навукі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стваральнікамі геральдыкі як асобнай галіны ведаў сталі герольды, якія перад пачаткам рыцарскіх турніраў абвяшчалі герб рыцара як доказ яго права на ўдзел у дваябор’і. Значная частка геральдычнага матэрыялу захаваная ў хроніках, паэмах.

З 13 стагодзьдзя ў эўрапейскіх краінах узьнікалі герольдыі — установы, якія займаліся тэарэтычнымі і практычнымі пытаньнямі геральдыкі, зьявілася вялікая колькасьць гербоўнікаў-даведнікаў. Найстарэйшымі помнікамі такога роду зьяўляюцца «Clipearius Theutonicorum» Конрада дэ Муры (1240-я), які зьмяшчае вершаваныя апісаньні 73 гербаў, і геральдычная частка хронікі Мацьвея Парыскага (12441259) з малюнкамі і апісаньнямі гербаў. Да 1250-х гадоў адносяцца «гербавыя калёнкі» «Glover» (Ангельшчына) і «Bigot» (Францыя).

Першыя творы па геральдыцы — вершы і паэмы паэтаў-герольдаў — зьявіліся ў другой палове 13 стагодзьдзя. У 1320 годзе зьяўляецца самы старажытны даведнік па геральдыцы — «Zuricher Wappenrolle» («Цюрыхскі гербоўнік»). А першыя вядомыя тэарэтычныя разважаньні па геральдыцы напісаў італьянскі юрыст Бартола дэ Сасофэрата ў 1356 годзе ў «Tractatus de insigniis et armis». З гэтага часу таксама пачынаюцца «геральдычныя візыты» — інспэкцыйныя паездкі па краінах з мэтаю перапісу заможных родаў, рэгістрацыі гербаў і праверкі іх правамоцтваў.

З разьвіцьцём інстытута герольдаў гербары складаліся пры дварах манархаў, галоўным чынам для правядзеньня рыцарскіх турніраў. З 14 стагодзьдзя распаўсюджваецца ня толькі родавая, але і гарадзкая, карпаратыўная і царкоўная геральдыка.

Геральдыка Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старажытная гістарыяграфія геральдыкі Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб «Пагоня» з надмагільнай пліты Ягайлы
Пячатка віленскага цэху хірургаў 1552 год

Інтэнсіўнае разьвіцьцё геральдыкі ў Вялікім Княстве Літоўскім пачалося пасьля заключэньня Гарадзельскай уніі (1413). Паводле яе ўмоваў 47 найбольш знатных родаў Вялікага Княства атрымалі гербы.

Беларускі герб упершыню апісаны ў працы Яна Длугаша «Insigniarum descripcio» (14641480). У 16-17 стагодзьдзях былі пашыраныя эпіграмы, урачыстыя вершы, прысьвечаныя гербам знатных асобаў і гарадоў (аўтары Андрэй Рымша, Лявон Мамоніч і іншыя). У 17 стагодзьдзі складзены «Гербоўнік рыцарства ВКЛ» Альбэртам Войцэхем Каяловічам, аднак у ім зьмешчаная толькі невялікая частка гербаў шляхты Вялікага Княства.

У гэты ж час распаўсюдзілася гарадзкая геральдыка. Уласныя гербы мелі больш за 100 беларускіх гарадоў. Пра распаўсюджваньне гербаў ваяводзтваў, гарадоў, цэхаў распавядае польскі гісторык Каспар Несецкі ў працы «Herbarz polski». У першым томе гэтага грунтоўнага выданьня зьмешчаныя гербы Вялікага Княства, ваяводзтваў Рэчы Паспалітай. У кароткай даведцы пра кожнае ваяводзтва прыводзіцца дата яго ўтварэньня, называюцца гарады, што ўваходзілі ў яго склад, адзначаецца роля ў палітычным жыцьці Рэчы Паспалітай, пералічаны ваяводы. Даецца таксама апісаньне герба і яго выява.

Пра гербы ваяводзтваў з адзначэньнем герба цэнтральнага гораду гаворыцца ў выданьні Барташа Папроцкага «Аб клейнотах усіх дзяржаў альбо ваяводстваў, што належаць Каралеўству Польскаму і Вялікаму княству Літоўскаму». Акрамя таго, там коратка даюцца зьвесткі пра «Пагоню» як дзяржаўны герб Вялікага Княства (Наваградак, Віцебск, Амсьціслаў і Менск мелі сваім гербам «Пагоню», а Дарагічын быў цэнтрам Падляскага ваяводзтва, гербам якога была «Пагоня» ў белым полі)[1].

Геральдыкі Беларусі ў складзе Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля далучэньня Беларусі да Расейскай імпэрыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, з канца 18 стагодзьдзя беларускай геральдыкай займалася Гербавае аддзяленьне Расейскага сэната. Прыкладаліся намаганьні для зьнішчэньня беларускай гістарычнай геральдыкі шляхам наданьня новых і замены ранейшых гербаў.

Расейская геральдыка пачала разьвівацца толькі ў другой палове 16 стагодзьдзя. У 1672 годзе быў складзены «Титулярник» — рукапіс з партрэтамі ўсіх вялікіх князёў і цароў і з выявамі гербаў 33 зямель, што ўваходзілі ў тытул рускага цара. Афіцыйная рэглямэнтацыя рускіх гербаў пачалася пры Пятры I, калі была заснаваная Герольдыя, якая займалася састаўленьнем родавых і тэрытарыяльных гербаў. У другой чвэрці 18 стагодзьдзя асноўная ўвага зьвярталася на гербы дваранства. Аднак пачалася праца і над гарадзкімі гербамі, што было вызначана спэцыяльным загадам Сэната 1723 году аб стварэньні гербавых пячатак ва ўсіх гарадах Расеі для мясцовых судовых установаў. Але расейская геральдыка была слаба разьвітая, бо на працягу некалькіх стагодзьдзяў прадстаўнікі «вышэйшых сфэраў» Княства Маскоўскага, што знаходзіліся пад татарскай няволяй, вымушаныя былі прымаць татарскія тамгі як свае гербы.

У 1890-я гады стагодзьдзя зьявіліся новыя выданьні па расейскай геральдыцы — два даведачныя дапаможнікі Вінклера, дзе падаюцца здымкі гербаў некаторых дваранскіх родаў і кароткае іх апісаньне, гістарычны нарыс расейскай геральдыкі і атляс гербаў гарадоў, губэрняў, вобласьцяў, афіцыйна зацьверджаных да 1900 году. У 1910-я гады друкуюцца публікацыі Любімава ў часопісах «Русский архив» і «Гербовед». Значныя працы ў галіне геральдыкі ў пачатку другога дзесяцігодзьдзя 20 стагодзьдзя належаць Лукомскаму[1].

Савецкая гістарыяграфія геральдыкі Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У савецкі пэрыяд геральдыка ўспрымалася як ненадзейная ў ідэалягічных адносінах дысцыпліна. Бібліяграфічныя працы ў галіне гербазнаўства доўгі час не вяліся. Толькі ў 1970-я гады пачалі актыўна выкарыстоўваць прапагандысцкія магчымасьці сымболікі. Гэта выклікала рост ліку прац аб савецкіх гербах, якія абагуліў паказальнік «Наш герб и флаг». Прынцыпы адбору матэрыялу былі празьмерна ідэалягізаваныя. Навуковыя працы складалі толькі невялікую частку матэрыялу, затое ў вялікай колькасьці прысутнічалі прамовы Леніна і Брэжнева, артыкулы Маркса, вершы савецкіх паэтаў. Тым ня менш гэта была першая спроба бібліяграфічнага ўліку савецкай геральдыкі.

Вывучэньне геральдыкі, хоць і зь вялікімі тэматычнымі ды і іншымі абмежаваньнямі, працягвалася. Собалева склала разьдзел па геральдыцы і сфрагістыцы ў паказальніку «Библиография трудов по отечественному источниковедению и специальным историческим дисциплинам, изданных в XVIII ст.». У 1968 годзе выйшла кніга Кісялёва і Сперансава «Эмблемы мира и труда (государственные гербы и флаги Советского Союза и союзных республик)»[2].

Сучасная гістарыяграфія геральдыкі Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб «Пагоня»

На рубяжы 1980-х — 1990-х гадоў у Беларусі пачынае актыўна разьвівацца геральдычная бібліяграфія. Узнавіліся спробы рэтраспэктыўнага і бягучага ўліку, павысіліся патрабаваньні да паўнаты даведнікаў. Пашырылася кола выданьняў, што публікуюць працы па геральдыцы.

У сувязі з зацьвярджэньнем у 1990 годзе ў якасьці Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь старажытнага сымбаля «Пагоня», назіраецца новы ўздым у вывучэньні гэтага і іншых старажытных сымбаляў, зьяўляецца шмат вялікіх і цікавых прац.

Заслугоўвае ўвагі праца Анатоля Цітова «Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагодзьдзі», дзе робіцца спроба прасачыць гісторыю герба «Пагоня» ад вытокаў да сёньняшняга дню. Прыводзяцца ўзоры пячатак і іншых іканаграфічных матэрыялаў, на якіх прадстаўлены герб «Пагоня». Аўтар зазначае, што на працэс узьнікненьня герба паўплываў шэраг фактараў, але кожны зь іх паасобку ня быў вырашальным. Спалучэньне іх у гістарычным і этнічным кантэксьце і стала прычынай замацаваньня і ідэнтыфікацыі герба «Пагоня» менавіта зь беларускімі землямі.

Праблема гісторыі і значэньня сымбалю «Пагоня» разглядаецца ў працах Вітаўта Чаропкі «Пагоня — Бог, Радзіма, Народ» і «Сімвалы роднага краю», Усевалада Юргенсона «Эвалюцыя дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага па дадзеных сфрагістыкі і нумізматыкі». Падрабязна пачынае вывучацца гарадзкая геральдыка. Яе стан у канцы 18 стагодзьдзя асьвечаны ў артыкуле Сяргея Расадзіна «„Галантный век“ городской геральдики Беларуси». Праблемам сучаснай гарадзкой геральдыкі прысвечана праца Сяргея Расадзіна і Рыгора Жаўняркевіча — «Новое в городской символике Беларуси».

Буйнейшай працай пакуль застаецца дасьледаваньне геральдыкі Анатоля Цітова «Геральдыка беларускіх местаў».

Вельмі цікавай зьяўляецца праца Сяргея Расадзіна і Аляксандра Міхальчанкі «Гербы і сцягі гарадоў і раёнаў Беларусі», дзе зьмешчаны выявы, апісаньні, а таксама падаецца гісторыя стварэньня гербаў гарадоў і раёнаў Беларусі[3].

У XXI стагодзьдзі пачалося актыўнае вяртаньне і наданьне новых гербаў беларускім гарадам. Так, толькі ў 2006 годзе былі зацьверджаныя гербы і сьцягі гарадоў Мастоў, Ашмянаў, Шчучына, мястэчкаў Вялікай Бераставіцы, Вярэнава і Гальшанаў, а таксама сьцяг Горадні.

  • Цітоў, А. К. Геральдыка Беларусі: (ад пачаткаў - да канца XX ст.). — Менск: Мін. ф-ка каляровага друку, 2007. — 123 с. — ISBN 978-985-454-386-4

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]