Перайсьці да зьместу

Рымская імпэрыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Рымская Імпэрыя»)
Рымская імпэрыя
лац. Imperium Romanum
грэц. Βασιλεία Ῥωμαίων

27 да н. э.—395
 

Сьцяг Рымскай імпэрыі Герб Рымскай імпэрыі
Сьцяг Герб
Месцазнаходжаньне Рымскай імпэрыі

Тэрыторыя Рымскай імпэрыі ў 117 годзе, падчас найбольшага пашырэньня

Афіцыйная мова лацінская, грэцкая
Сталіца Рым
Форма кіраваньня зьмяшаная, абсалютная манархія

Рымская імпэрыя (па-лацінску: Imperium Romanum) — апошні пэрыяд у існаваньні Старажытнага Рыму, які пачаўся ў 27 годзе да н. э. з часоў панаваньня Аўгуста і скончыўся пры падзеньні Рыму ў 476 годзе. Таксама да Рымскай імпэрыі часам адносяць Бізантыйскую імпэрыю, якая стала адной са спадкаемцай Рымскай імпэрыі. Бізантыя праіснавала да 1453 году. У часы росквіту Рымская імпэрыя аб’ядноўвала ў сваіх межах заходнюю і паўднёва-ўсходнюю часткі Эўропы, Малую Азію, узьбярэжжа Паўночнай Афрыкі, Сырыю, Палестыну.

Горад Рым быў найбуйнейшым у сьвеце з каля 100 году да н. э. да 400 году н. э. А каля 500 году такой жа веліччы дасягнуў Канстантынопаль, які на той момант стаў сталіцай Усходняй Рымскай імпэрыі[1][2]. Насельніцтва імпэрыі ў гэты час павялічылася да прыкладна 50—90 мільёнаў чалавек, што прыкладна складала 20% насельніцтва сьвету на той час[3]. 500-гадовы пэрыяд Рымскай рэспублікі, якая папярэднічаў імпэрыі, быў моцна дэстабілізаваны ў выніку сэрыі грамадзянскіх войнаў і палітычных канфліктаў, у ходзе якіх Юліюс Цэзар быў прызначаны адвечным дыктатарам, а потым забіты паводле змовы ў 44 годзе. да н. э. Пасьля гэтага грамадзянскія войны працягваліся ажно да поўнай перамогі Актавіяна Аўгуста, прыёмнага сына Цэзара, над Маркам Антоніюсам і Клеапатрай у бітве пры Акцыюме ў 31 годзе да н. э. і анэксіі Эгіпту. Актавіян атрымаў неабмежаваную ўладу і ў 27 годзе да нашай эры Рымскі сэнат афіцыйна дараваў яму тытул Аўгуста, то бок імпэратара, што азначала сканчэньне эпохі Рымскай рэспублікі.

Рымская імпэрыя была адной з самых магутных у эканамічным, культурным, палітычным і вайковым пляне дзяржавай свайго часу. Гэта была адна з самых вялікіх імпэрыяў у сусьветнай гісторыі. Падчас найвялікшага росквіту за часам Траяна тэрыторыя імпэрыі ахоплівае 5 млн км²[4]. Такі працяглы час існаваньня і магнутнасьць дзяржавы забясьпечылі шырокі ўплыў лацінскай і грэцкай моваў, культуры, рэлігіі, вынаходзтваў, архітэктуры, філязофіі, права і формаў праўленьня на нашчадкаў імпэрыі. На працягу ўсяго эўрапейскага Сярэднявечча, шматразова былі зробленыя спробы нават усталяваць пераемніцтва Рымскай імпэрыі. З дапамогай эўрапейскага каляніялізму пасьля Рэнэсансу дзяржаваў-нашчадкаў імпэрыі, грэка-рымская і юдэйска-хрысьціянская культуры пашырылася ў сусьветным маштабе, што згуляла вырашальную ролю ў разьвіцьці сучаснага сьвету.

Экспансія Рымскай рэспублікі і Рымскай Імпэрыі

Рым пачаў пашырэньне неўзабаве пасьля заснаваньня рэспублікі ў VI стагодзьдзі да н. э., хоць яна і не пашыралася за межы Апэнінскага паўвострава да III стагодзьдзя да н. э. Рымская рэспубліка не была нацыянальнай дзяржавай у сучасным сэнсе гэтага слова, а зьяўлялася па сутнасьці сеткай гарадоў з рознай ступеньню незалежнасьці ад рымскага сэнату і правінцыяў, якія знаходзяцца ў падпарадкаваньні да вайсковых камандзіраў. Краіна кіравалася штогод абіранымі магістратамі ў спалучэньні з сэнатам[5].

Рым пакутаваў ад шэрагу ўнутраных канфліктаў, замоваў і грамадзянскіх войнаў з канца II стагодзьдзя да н. э. і далей, у той час як рэспубліка значна пашырылася за межы сучаснай Італіі. Гэта быў пэрыяд крызы ў Рымскай рэспубліцы. У 44 годзе да н. э. Юліюс Цэзар стаў на кароткі час бестэрміновым дыктатарам, але неўзабаве быў забіты. Фракцыя ягоных забойцаў была выгнаная з Рыму і атрымала паразу ў бітве пры Філіпах у 42 г. да н. э. ад войску, на чале якога стаяў Марк Антоніюс і прыёмны сын Цэзара Актавіян. Паводле дамовы паміж хаўрусьнікамі Марк Антоніюс і Актавіян падзялілі рымскі сьвету паміж сабой, аднак у хуткім часе сустрэліся на поле бою. Войска Актавіяна перамагло войска Марка Антоніюса і Клеапатры ў бітве пры Акцыюме ў 31 годзе да н. э. У 27 годзе да н. э. сэнат і народ Рыму ўхвалілі Актавіяна на пасадзе «прынцэпса» («першага грамадзяніна»), надаўшы яму фактычна тытул імпэратара. Хоць старая канстытуцыйная практыка засталася на месцы і слова рэспубліка ўсё яшчэ прысутнічала ў назве краіны, Актавіян Аўгуст фактычна меў неабмежаваную ўладу ў Рыме[6]. Аднак, паколькі ягонае панаваньне скончыла стагодзьдзе грамадзянскіх войнаў і нестабільнасьці, ён зь лёгкасьцю здолеў захаваць уладу манарха. За часам панаваньня Актавіяна ўзьнік новы канстытуцыйны лад, і, такім чынам, пасьля ягонай сьмерці Тыбэрыюс быў абраны ў якасьці новага імпэратара. Пэрыяд наступных 200 гадоў пасьля Аўгуста традыцыйна разглядаецца як Pax Romana (бел. Рымскі сьвет). На працягу гэтага пэрыяду згуртаванасьць імпэрыі да цэнтру спрыяла ступені сацыяльнай стабільнасьці і эканамічнага росквіту, што Рым ніколі раней не адчуваў. Паўстаньні ў правінцыях сталі рэдкасьцю, але здушвалі бязьлітасна і хутка, калі яны адбыліся[7]. 60 гадоў габрэйска-рымскіх войнаў ў другой палове I стагодзьдзя і ў першай палове I стагодзьдзя былі выключнымі па сваёй працягласьці і гвалту.

У I—II стагодзьдзях ажыцьцяўлялася паступовая экспансія — захоп рэшты Пірэнэйскага паўвострава (яго паўночнай часткі), Альпаў, Эгіпту. Палітыку экспансіі працягваў прадстаўнік дынастыі Юліяў-Кляўдыяў Тыбэрыюс (14 па 37 год н. э.). Ён спрабаваў умацаваць імпэратарскую ўладу, знайсьці падыход да Сэнату. Прадстаўнік дынастыі Антанінаў Марк Ульпіюс Траян (98—117) павёў войскі на тэрыторыі ад Карпатаў да Днястру і ў Азію да Чырвонага мора.

На захопленых тэрыторыях засноўваліся правінцыі — усталёўваўся рымскі грамадзкі і эканамічны лад. Імпэратар Канстантын Вялікі (305—337) зрабіў хрысьціянства дзяржаўнай рэлігіяй імпэрыі і перанёс сталіцу ў Канстантынопаль, чым заклаў падмурак пазьнейшаму разьдзяленьню імпэрыі на Заходнюю і Ўсходнюю часткі (Бізантыйская імпэрыя). У гісторыі палітычнага ладу Рымскай імпэрыі выдзяляюць два пэрыяды — прынцыпат (31—285 гады) і дамінат (285—324 гады). У 395 годзе пасьля сьмерці імпэратара Тэадосіюса I імпэрыя канчаткова разьдзялілася на дзьве, прычым Усходняя Рымская імпэрыя праіснавала да 1453 году.

  1. ^ Morris, Ian (October 2010) «Social Development». Stanford University.
  2. ^ Morris, Ian (2010) «Why the West Rules—For Now», New York: Farrar, Straus and Giroux. ISBN 978-0-374-29002-3.
  3. ^ Kremer, M. (1993). «Population Growth and Technological Change: One Million B.C. To 1990». The Quarterly Journal of Economics. 108 (3): 681—716.
  4. ^ Turchin, Peter; Adams, Jonathan M.; Hall, Thomas D (2006). «East-West Orientation of Historical Empires». Journal of world-systems research. 12 (2): 222.
  5. ^ Potter, David S., ed. (2009). «A Companion to the Roman Empire». John Wiley & Sons. — С. 179. — ISBN 978-1-4051-9918-6.
  6. ^ Syme, Ronald (1939) «The Roman Revolution». Oford: Oxford University Press. — С. 3–4.
  7. ^ Boatwright, Mary T. (2000) «Hadrian and the Cities of the Roman Empire». Princeton University Press. — С. 4.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]