Вітаўка (Мікалаеў)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Ві́таўка, Ві́таўтаў, Ві́таўтава — колішняе места, памежная фартэцыя Вялікага Княства Літоўскага, цяпер гістарычная мясцовасьць украінскага места Мікалаева[1]. Знаходзіцца за 12 км на поўдзень ад цэнтру Мікалаева, у Карабельным мескім раёне.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Вітаўт (імя)

Паводле францускага лінгвіста-германіста Раймонда Шмітляйна, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў, імя Вітаўт ёсьць дакладнай фанэтычнай транскрыпцыяй старагерманскай формы Witold (упамінаецца ў 828 годзе)[2]. На тоеснасьць імя Вітаўт з германскім імём Witold (Witolt), вядомым за шмат гадоў да зьяўленьня літоўскага вялікага князя, а таксама на сьведчаньне атаясамліваньня гэтых імёнаў — адпаведную германскаму імю лацінізацыю імя Вітаўта (Witoldus) — зьвяртае ўвагу польскі лінгвіст Юзэф Рэчэк(d)[3]. Тым часам сярод паноў Малдаўскага княства пашырылася імя Витолтъ (цалкам адпаведнае германскаму Witolt), якое прыйшло ў Малдову не зь Вялікага Княства Літоўскага. Прытым гэтая форма імя ў малдаўскім пісьменстве адзначаецца раней за яе зьяўленьне ва ўкраінскім пісьмовых крыніцах[4].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па перамозе вялікага князя літоўскага Альгерда ў бітве на Сініх Водах (цяперашняя рака Сінюха каля места Першамайску) ў 1362 року сучасная Мікалаеўшчына амаль цалкам увайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, што прынесла волю мясцоваму рускаму насельніцтву.

За часамі княжаньня Вітаўта паўднёвыя стэпы ВКЛ хутка распрацоўваліся ды засяляліся. Для ўмацаваньня межаў дзяржавы вялікі князь будаваў замкі ды фартэцыі, для гандлю — мытні й новыя месты. У 1399 року на левым беразе Бускага ліману ён заснаваў места Вітаўку з замкам (фартэцыяй) і мытняй для кантролю гандлю з татарамі. Пазьней у месьце збудавалі вадаправод і заклалі вялізны сад.[5] Згодна з мапай францускага інжэнэра Бапляна (XVI ст.) у Вітаўцы існаваў манастыр.[6]

На мяжы XV і XVІ стагодзьдзяў Вітаўтаву фартэцыю захапіла Турэччына. Новыя валадары дадалі да першапачатковай назвы места турэцкае слова «гаммані», якое мае значэньня «лазьня», «купальня», «фантан». Гэта тлумачыцца тым, што ў Ключаноўскім яры, на якім месьціцца паселішча, было багата крыніцаў добрай вады[7].

Згодна з Кючук-Кайнарджыйскай мірнай дамовай 1774 року гэтыя землі ўвайшлі ў склад Расейскай імпэрыі, назва Вітальд-Гаммані (па-турэцку: Vitold Hammani[6]) была скарочаная і прыстасаваня да расейскай і ўкраінскай моваў — Вітаўка. У месьце заснавалі шпіталь, дзе лекаваліся гаючай вадой з крыніцаў ды мясцовымі травамі. Тут стаялі часткі Бускага егерскага корпусу пад камандаваньнем Міхаіла Кутузава.

Ад 1789 року камандзір Наваросіі Рыгор Пацёмкін перайменаваў Вітаўку ў Богаяўленск. У месьце збудавалі царкву Яўленьня Гасподняга. Тут жа Пацёмкін пабудаваў сабе дом, у які пастаянна вяртаўся, нават калі ён быў па справах у Хэрсоне.

Архітэктар Іван Староў распрацаваў генэральны плян забудовы Богаяўленску. Галяндзкі архітэктар Вікенці Ванрэзант таксама браў удзел у плянаваньні і забудовы места. Тут пабудавалі канатную і парусныя фабрыкі, заснавалі першую ў Расейскай імпэрыі школу практычнага земляробства і садоўніцтва прафэсара М. Ліванава, пасадзілі дзяржаўны сад з амаль 20 000 пладовых і дэкаратыўных дрэваў. Р. Пацёмкін выказваў жаданьне быць пахаваным менавіта тут, але па волі расейскай імпэратрыцы быў пахаваны ў Хэрсоне.

У Богаяўленску была замеская рэзыдэнцыя адміралаў Чарнаморскага флёту, адміралцейства якога знаходзілася ў Мікалаеве. Богаяўленск быў адміралцейскім вайсковым паселішчам ў 17901861 роках.

У 1938 року Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету РСФСР пераназваў Богаяўленск у Кастрычніцкае. Ад 1962 року назва места атрымала ўкраінскае гучаньне — Жаўтнэвае.

22 сьнежня 1973 року места Жаўтнэвае Жаўтнэвага раёну ўлучылі ў склад Мікалаева ў наваствораны Карабельны мескі раён.

У наш час у даўняй Вітаўцы знаходзіцца вялізны прамысловы комплекс. Тут працуюць Мікалаеўскі гліназёмны завод, суднабудаўнічы завод «Акіян», піўзавод «Янтар», завод «Сельмаш».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ю. А. Мицик. Рецензія на: Сапожников И. В., Сапожникова Г. В. Запорожские и черноморские казаки в Хаджибее и Одессе. — Одесса, 1998. — 271 с; Сапожников І. В. Матеріали з історичної географії дельти Дунаю. — Іллічевськ, 1998. — 71 с. // Часопис запорізького наукового товаріства ім. Я. Новицького «Південна Україна». Випуск № 4, 1999. С. 272—274 [1]
  2. ^ Schmittlein R. Les noms d’eau de la Lituanie (suite) // Revue internationale d’onomastique. Nr. 3, 1964. P. 168.
  3. ^ Acta Baltico-Slavica. Nr. 8. — Warszawa, 1973. S. 211.
  4. ^ Юркенас Ю. О появлении сочетания al вместо дифтонга au в литовских древних личных именах // Kalbotyra. Vol. XV, 1967. С. 55.
  5. ^ Мейер А. Повествовательное, землемерное и естественное описание Очаковской земли. СПб., 1794.
  6. ^ а б Светлана Бойчук. Народы мира в географии и культуре Николаевской земли. Часть II
  7. ^ Добровольський О. А. Литовська топоніміка на Миколаївщині (XV ст.) [2](недаступная спасылка) // Наукові праці. Науково-методичний журнал. Випуск: 1, Том: 4. ISSN 1609-7742

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]