Беларуская Вікіпэдыя (афіцыйная)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Беларуская Вікіпэдыя афіцыйным правапісам
Wikipedia-logo-v2-be.svg
URL be.wikipedia.org
Слоган Свабодная энцыкляпэдыя
Alexa рэйтынг ? (2020 год)
Камэрцыйны? не
Тып энцыкляпэдыя
Рэгістрацыя неабавязкова
Даступныя мовы беларуская (афіцыйны правапіс)
Уладальнік Фундацыя «Вікімэдыя»
Аўтар Юры Тарасевіч
Пачатак працы 27 сакавіка 2007 (13 гадоў таму)
Прыбытак няма
Бягучы стан дзейны

Беларуская Вікіпэдыя афіцыйным правапісам (афіц. Беларуская Вікіпедыя) — разьдзел Вікіпэдыі афіцыйным правапісам беларускай мовы, заснаваны ў сакавіку 2007 року пасьля рашэньня моўнага падкамітэту фундацыі Wikimedia.

Пры яго стварэньні беларускую Вікіпэдыю, якая ад заснаваньня ў 2004 годзе стваралася на беларускай мове «тарашкевіцаю»[a], перанесьлі з паддамэна трэцяга ўзроўню «be» ў «be-x-old»[1]. Яе адрас «be.wikipedia.org» заняў перанесены з інкубатару разьдзел, ствараны «афіцыйным правапісам» беларускай мовы. Ад гэтага часу суіснуюць абедзьве вэрсіі беларускай Вікіпэдыі.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З моманту ейнага стварэньня ў 2004 року беларуская Вікіпэдыя вялася «тарашкевіцаю», праз пэўны час да яе далучыліся і прыхільнікі «афіцыйнага правапісу». Пэўны час удзельнікі суіснавалі разам, пішучы артыкулы кожны сваім правапісам, аднак яны жадалі таксама мець і адпаведны інтэрфэйс, таму вырашылі аддзяліцца[2].

3 жніўня 2006 року ў гэтак званым інкубатары паўстаў беларускі разьдзел афіцыйным правапісам[3]. Ужо 25 жніўня ягоныя ўдзельнікі падалі запыт на стварэньне новага разьдзелу Вікіпэдыі[4], аднак па выніках галасаваньня ім было ў гэтым адмоўлена[2][4].

4 сьнежня 2006 року беларускія ўдзельнікі вікіінкубатару падалі новы запыт на стварэньне разьдзелу Вікіпэдыі афіцыйным правапісам[5]. За гэты час правілы падачы заявак на адкрыцьцё новых разьдзелаў былі зьмененыя, і рашэньне пра іхняе стварэньне прымалася не галасаваньнем, а рашэньнем фундацыі «Вікімэдыя»[2].

27 сакавіка 2007[6] згодна з рашэньнем моўнага падкамітэту фундацыі Wikimedia дамэн «be.wikipedia.org» быў аддадзены ўдзельнікам Вікіпэдыі афіцыйным правапісам, на яго былі перанесеныя ўсе створаныя артыкулы з інкубатару (на той час іхняя колькасьць складала 3565[1]). Больш за 6000 артыкулаў, створаных з моманту заснаваньня беларускай Вікіпэдыі, якія дагэтуль знаходзіліся на дадзеным адрасе, зьніклі, што выклікала немалое зьдзіўленьне карыстальнікаў[2]. Пазьней, аднак, было паведамлена, што яны перанесеныя на новы дамэн «be-x-old.wikipedia.org», які адгэтуль займае Вікіпэдыя «клясычным правапісам» беларускай мовы. Прыхільнікі «афіцыйнага правапісу» нават зьмясьцілі на галоўнай старонцы адмысловае паведамленьне пра тое, што цяпер артыкулы «тарашкевіцай» знаходзяцца па новым адрасе, а «be.wikipedia.org» адгэтуль ствараецца «ў нарматыўнай беларускай мове»[7].

Паводле некаторых зьвестак, прычынаю перамяшчэньня разьдзелаў стала адсутнасьць асобнага ISO-коду для «тарашкевіцы»[8]. Празь месяц Адміністрацыя адрасовае прасторы Інтэрнэту ўвяла для гэтага варыянту правапісу асобны тэг «be-tarask»[9], аднак у Вікіпэдыі да восені 2015 року[10] захоўвалася дамэнная прыстаўка «be-x-old».

Скандал[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Што маецца на ўвазе пад выразам «скандал, спрычынены стварэньнем разьдзелу Вікіпэдыі афіцыйным правапісам», няхай лепей патлумачаць ягоныя непасрэдныя ўдзельнікі. Усё, што я здолеў знайсьці — гэта гнеўныя камэнтары ды звады на вэб-бачыне «Нашай Нівы» пад артыкулам Зьмітра Панкаўца «Вікіпэдыі тарашкевіцай больш не існуе»[2] ды ў абмеркаваньні артыкулу «Скандал у беларускай Вікіпэдыі» на Generation.by[11], а таксама пададзены ў фундацыю «Вікімэдыя» запыт на закрыцьцё разьдзелу «be.wikipedia.org» ды пераносу яго пад іншую назву з адначасовым вяртаньнем на стары адрас разьдзелу «тарашкевіцай»[12]. Ён, аднак, пасьля непрацяглага абмеркаваньня быў заархіваваны без падвядзеньня вынікаў[13].

Пачынальнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прагляданасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прагляды паводле краіны[14]
Беларусь
  
24.6%
Нямеччына
  
24.6%
ЗША
  
22.4%
Францыя
  
8.0%
Кітай
  
5.7%
Канада
  
3.2%
Сынгапур
  
3.1%
Украіна
  
2.4%
Расея
  
2.0%
Польшча
  
1.6%
Іншыя
  
2.4%

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назва «Беларускі клясычны правапіс» зьявілася толькі ў 2005 року пасьля выданьня групай мовазнаўцаў збору правілаў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Даша Слабчанка. (7 красавіка 2008) Вікіпэдыя і Вікіпедыя: год суіснаваньня пасьля падзелу. Generation.byПраверана 20 лістапада 2014 г.
  2. ^ а б в г д Зьміцер Панкавец. Вікіпэдыі тарашкевіцай больш не існуе // Наша Ніва, 27 сакавіка 2007 г. Праверана 20 лістапада 2014 г.
  3. ^ Першае рэдагаваньне старонкі Wp/be Wikimedia Incubator. Фундацыя Вікімэдыя (3 жніўня 2006). Праверана 11 лістапада 2013 г.
  4. ^ а б Requests for new languages/Wikipedia Belarusian Wikimedia Meta-Wiki. Фундацыя ВікімэдыяПраверана 11 лістапада 2013 г.
  5. ^ а б Requests for new languages/Wikipedia Belarusian normative Wikimedia Meta-Wiki. Фундацыя ВікімэдыяПраверана 11 лістапада 2013 г.
  6. ^ Incubator:Site creation log Wikimedia Incubator. Фундацыя ВікімэдыяПраверана 11 лістапада 2013 г.
  7. ^ Галоўная старонка па стане на 20:05‎ Вікіпэдыя афіцыйным правапісам. Фундацыя Вікімэдыя (27 сакавіка 2007). Праверана 11 лістапада 2013 г.
  8. ^ Беларускамоўная Wikipedia — у цэнтры скандалу(рас.) IT.TUT.BY. TUT.BY (28 сакавіка 2007). Праверана 11 лістапада 2013 г.
  9. ^ IANA Language subtag registry(анг.). Internet Assigned Numbers Authority. Праверана 11 лістапада 2013 г.
  10. ^ Вікіпэдыя:Гісторыя#2015
  11. ^ Скандал у беларускай Вікіпэдыі Форум. Generation.byПраверана 11 лістапада 2013 г.
  12. ^ Appeal deletion of be.wikipedia.org Wikimedia Meta-Wiki. Фундацыя Вікімэдыя (28 сакавіка 2007). Праверана 11 лістапада 2013 г.
  13. ^ Talk:Language committee: розьніца паміж вэрсіямі Wikimedia Meta-Wiki. Фундацыя Вікімэдыя (17 траўня 2007). Праверана 11 лістапада 2013 г.
  14. ^ Wikimedia Visitor Log Analysis Report — Page Views Per Wikipedia Language — Breakdown (анг.)