Вэрсальская мірная дамова 1919 году
Вэрсальскі мір | |
Вэрсальская мірная дамова 1919 року | |
Вялікая чацьвёрка (зьлева направа): Дэйвід Лойд Джордж, Віторыё Эмануэле Арлянда, Жорж Клемансо, Ўудра Ўілсан | |
Тып дамовы | Мірная дамова |
---|---|
Падпісаная | 28 чэрвеня 1919 |
· месца | Вэрсаль, Івэлінскі павет, вобласьць Іль-дэ-Франс, Францыя |
Набыла моц | 10 студзеня 1920 |
· умовы | Перадача Нямеччынай Брытанскай імпэрыі большасьці ўладаньняў у Афрыцы; Францыі — Камэруна, Лятарынгіі ды Эльзаса; Японіі — большасьці астравоў у Ціхім акіяне |
Тэрмін дзеяньня | неабмежаваны |
Страціла моц | 1 верасьня 1939 (85 гадоў таму) |
Падпісанты | Гэрман Мюлер Дэйвід Лойд-Джордж, Жорж Клемансо, Сіднэй Саніньё, Саёнзі |
Бакі | Нямеччына Вялікабрытанія Францыя Італія Японія |
Месца захаваньня | Парыж, Францыя |
Статус | скасаваная |
Мовы | ангельская, француская |
Тэкст у Вікікрыніцах: Treaty of Versailles |
Вэрсальская мірная дамова 1919 року — пагадненьне, якое афіцыйна завяршыла Першую сусьветную вайну 1914—1918 рокаў. Падпісаная 28 чэрвеня 1919 року ў Вэрсальскім палацы (Францыя) Злучанымі Штатамі Амэрыкі, Вялікабрытаніяй, Францыяй, Італіяй і Японіяй, а таксама Бэльгіяй, Балівіяй, Бразыліяй, Кубай, Эквадорам, Грэцыяй, Гватэмалай, Гаіці, Хіджазам, Гандурасам, Лібэрыяй, Нікарагуа, Панамай, Пэру, Польшчай, Партугаліяй, Румыніяй, Каралеўствам сэрбаў, харватаў і славенцаў, Сыямам, Чэхаславаччынай і Ўругваем з аднаго боку, і Нямеччынай — зь іншага.
Паводле Пратаколу да Дамовы ўмовы міру набывалі моц пры іх ўхваленьні Нямеччынай ды прынамсі трыма зь пяці галоўных саюзьніцкіх дзяржаваў, у якасьці якіх у прэамбуле па парадку згадваліся Злучаныя Штаты Амэрыкі, Брытанская імпэрыя, Францыя, Італія ды Японія. Дадзеныя агаворкі дазволілі ажыцьцявіць Вэрсальскую дамову насуперак адмове ЗША яе ўхваліць.
Умовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З улікам агаворак аб набыцьці моцы Дамовай, зямельныя ўмовы міру вызначаліся:
- Пунктам 3 яе 27-га Артыкула, што тычыўся вяртаньня Нямеччынай Францыі земляў, заваяваных ў вайне 1870—1871 рокаў;
- Артыкулам 119, паводле якога Нямеччына адмаўлялася ад усіх заморскіх уладаньняў на карысьць галоўных саюзьніцкіх дзяржаваў.
Такім чынам, зямельна мір абумоўліваўся перадачаю Нямеччынай:
- Брытанскай імпэрыі — архіпэлага Бісмарка, поўначы Камэруна, выспы Науру, усходу выспы Новая Гвінэя, заходніх астравоў Самоа, Паўднёва-Заходняй Афрыкі, большай часткі Паўднёва-Ўсходняй Афрыкі ды ўсходу Тогалэнду;
- Францыі — большай часткі Камэруна, Лятарынгіі, захаду Тогалэнду ды Эльзаса;
- Японіі — Каралінскіх, Маршалавых і Марыянскіх выспаў ды астравоў Палаў.
Наступствы для Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле 116-га Артыкула Дамовы Нямеччына пазбаўлялася ўсіх захопленых земляў, што ўваходзілі ў склад былой Расейскай імпэрыі па стане на 1 жніўня 1914 року, ды касавала Берасьцейскую мірную дамову 1918 року з бальшавіцкім урадам Расеі. Такім чынам, праз вызваленьне ад умоваў Берасьцейскага міру расейскія бальшавікі ўпаўнаважваліся на захоп усёй Беларусі. Аднак польска-савецкая вайна прывяла да адпаведнага перадзелу краіны паводле Рыскае мірнае дамовы 1921 року.
Рэпарацыі й абмежаваньні на ўзброеныя сілы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле дамовы ўзброеныя сілы Нямеччыны павінны былі быць абмежаваныя 100 000-ай сухапутнай арміяй; абавязковая вайсковая служба адмянялася, асноўная частка вайскова-марскога флёту, які захаваўся, падлягала перадачы пераможцам, былі таксама накладзеныя жорсткія абмежаваньні на будаўніцтва новых баявых караблёў.
Нямеччыне забаранялася мець многія сучасныя віды ўзбраеньня — баявую авіяцыю, бронетэхніку (за выключэньнем невялікай колькасьці састарэлых машын — браняваных аўтамабіляў для патрэб паліцыі). Нямеччына абавязвалася кампэнсаваць у форме рэпарацыяў страты, панесеныя ўрадамі і асобнымі грамадзянамі краінаў Антанты ў выніку ваенных дзеяньняў (вызначэньне памераў рэпарацыяў ускладалася на асаблівую рэпарацыйную камісію).
3 кастрычніка 2010 году Нямеччына апошнім траншам у 70 мільёнаў эўра завяршыла выплату рэпарацыяў, накладзеных на яе Вэрсальскай мірнай дамовай (269 мільярдаў залатых марак — эквівалент прыкладна 100 тысячаў тон золата). Выплата спынілася пасьля прыходу да ўлады Гітлера і была зноў адноўленая пасьля Лёнданскай дамовы 1953 году.
Тэрыторыі, адарваныя ад Нямеччыны паводле Вэрсальскай дамовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяржавы-набытчыкі | Плошча, км² | Насельніцтва, тыс. чал. |
---|---|---|
Польшча | 43 600 | 2950 |
Францыя | 14 520 | 1820 |
Данія | 3900 | 160 |
Літва | 2400 | 140 |
Вольны горад Данцыг | 1900 | 325 |
Бэльгія | 990 | 65 |
Чэхаславаччына | 320 | 40 |
Усяго | 67 630 | 5500 |