Перайсьці да зьместу

Васіль Пятровіч Шаранговіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Васіль Шаранговіч (мастак)»)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Шаранговіч.
Васіль Пятровіч Шаранговіч
На адкрыцьці выставы да 85-годзьдзя Гаўрылы Вашчанкі ў Нацыянальным мастацкім музее Беларусі
Дата нараджэньня 14 студзеня 1939(1939-01-14)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 31 сьнежня 2021(2021-12-31) (82 гады)
Месца пахаваньня
Адукацыя Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут
Месца вучобы
Занятак партрэт, пэйзаж, натурморт
Месца працы
Сябра ў Беларускі саюз мастакоў
Жанры партрэт і пэйзаж
Плынь рэалізм[d]
Узнагароды
Народны мастак Беларускай ССР Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларускай ССР Заслужаны дзяяч культуры Польшчы Дзяржаўная прэмія БССР

Васі́ль Пятро́віч Шаранго́віч (14 студзеня 1939, в. Качаны, цяпер Мядзельскі раён, Менская вобласьць — 31 сьнежня 2021[1]) — беларускі мастак. Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі. Пляменьнік першага сакратара ЦК КПБ Васіля Шаранговіча.

Мастацкі канвэрт Рэспублікі Беларусь 2014 году. Жывапіс Васіля Шаранговіча

Нарадзіўся ў вёсцы Качаны (цяпер Мядзельскі раён), у сям’і каваля.

Першай настаўніцай жывапісу для Васіля была маці, якая сама марыла стаць мастачкай, ды ня мела магчымасьці. Прафэсійныя навыкі Васіль Пятровіч атрымоўваў, навучаючыся ў Мазалеўскага, Лейтмана, Пасьлядовіча.

Пасьля заканчэньня Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту (1966) Васіль Шаранговіч працаваў у выдавецтве «Беларусь», у 1967—1998 гг. выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў (у 1972—1989 гг. загадчык катэдры, у 1986—1989 гг. прарэктар, у 1989—1997 гг. рэктар). З 1997 па 2009 г. займаў пасаду дырэктара Музэю сучаснага выяўленчага мастацтва. Цяпер гэтую пасаду займае ягоная дачка — мастацтвазнаўца Натальля Васілеўна Шаранговіч.

Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі. Творчасьці ўласьцівыя разнастайнасьць графічных тэхнік і стылявых прыёмаў, выразны малюнак, эмацыйнасьць і глыбокая зьмястоўнасьць вобразаў.

Працы ў кніжнай графіцы адметныя тонкім разуменьнем структуры і ладу літаратурнага твора, паглыбленай пранікнёнасьцю ў псыхалёгію пэрсанажа, вострым пачуцьцём гармоніі элемэнтаў афармленьня кнігі: «Віленскія камунары» М. Гарэцкага (1965), «3 майго летапісу» Я. Коласа, «Дзесяць дзён, якія скаланулі сьвет» Дж. Рыда (абедзьве 1967), «Мая Беларусь» Т. Хадкевіча, «Збор твораў» М. Багдановіча (т. 1—2, усе 1968), «Зямля навагрудская, краю мой родны…» А. Міцкевіч, «Салавей» З. Бядулі (абедзьве 1969), «У. І. Ленін» У. Маякоўскага (1970), «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» А. Талстога (1971), «Вершы» Я. Коласа (1972), «Сорак трэці» І. Навуменкі (1974), «Паэмы» (1978) і «Адвечная песьня» (1981) Я. Купалы, «Споведзь сэрца» А. Бялевіча (1978), «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча (1985, 1998), «Старыя беларускія хронікі» У. Караткевіча (1988), «Новая зямля» Я. Коласа (2002).

Рэквіем людзкой мужнасьці і стойкасьці ў гады Другой сусьветнай вайны, увасобленыя строгімі сродкамі графікі, гучыць у цыкле моцных паводле экспрэсіі гравюр «Памяці вогненых вёсак» (1979—1985). У станковых работах шырока выкарыстоўвае нацыянальныя мастацкія традыцыі, сымболіку і мэтафару, у многіх творах адчувальна паэтызацыя чалавечага быцьця зь яго прыгажосьцю й драматызмам, калізіямі, што дасягаецца своеасаблівасьцю ракурсаў калярыту, рытмічнай арганізацыі прасторы: «Сьмерць Гражыны» (паводле А. Міцкевіча, 1970), «Партрэт Ф. Скарыны» (1971), «Ганчар» (1973), «А хто там ідзе» (1976), сэрыі «Край нарачанскі» (1972—75), «Блякада. 1943 год» (1974), трыпціх «Дзе крыўда адвечная сьпела» (1982) і інш.

Памёр 31 сьнежня 2021 году. За два дні перад гэтым пайшла з жыцьця ягоная жонка Галіна, колішняя супрацоўніца выдавецтва «Мастацкая літаратура».

За больш чым сорак гадоў творчасьці мастак праілюстраваў больш за шэсьцьдзясят кніг, палова зь якіх адзначаная на ўсесаюзных і рэспубліканскіх конкурсах, у тым ліку чатырма дыплёмамі і мэдалямі Францішка Скарыны. У 1986 за нізку гравюраў «Памяці вогненых вёсак» Васіль Шаранговіч быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі і бронзавым мэдалём трыянале «Майданэк-85» у Польшчы.